Літургічны год

Літургічны год – касцёльны гадавы цыкл, на працягу якога ў святых успамінах ва ўстаноўленыя дні ўшаноўваецца збаўчая справа Хрыста.

«На працягу года Касцёл адкрывае ўсю таямніцу Хрыста, пачынаючы ад Уцелаўлення і Нараджэння аж да Унебаўшэсця, да дня Спаслання Духа Святога, а таксама да чакання благаславёнай надзеі прыйсця Пана. Такім чынам адзначаючы таямніцу Адкуплення, Касцёл адкрывае багацце збавенных спраў і заслугаў свайго Пана. Яны нагадваюць аб сабе пэўным чынам у кожным часе, каб вернікі сустрэліся з імі і атрымалі ласку збаўлення» (SC, 102)*.

Касцёльны літургічны год пачынаецца з першай нядзелі Адвэнту і працягваецца да суботы пасля апошняй звычайнай нядзелі – нядзелі Хрыста Валадара. Літургічны год падзяляецца на перыяды:

Перыяд Адвэнту.

Перыяд Нараджэння Пана.

Звычайны перыяд: ад панядзелка пасля нядзелі Хросту Пана да Папяльцовай серады.

Перыяд Вялікага посту.

Святы Пасхальны Трыдуум.

Велікодны перыяд.

Звычайны перыяд: ад панядзелка пасля Спаслання Духа Святога да першай нядзелі Адвэнту.

* SC – Канстытуцыя пра святую Літургію ІІ Ватыканскага Сабору.

Перыяд Адвэнту

У адпаведнасці з храналагічным падзелам, касцёльны год распачынае Адвэнт, г.зн. перыяд падрыхтоўкі да перажывання таямніцы Уцелаўлення Божага Сына. Ён пачынаецца ў нядзелю паміж 27 лістапада і 3 снежня і доўжыцца да 24 снежня, ахопліваючы чатыры тыдні. У мінулым Адвэнт у розных мясцовых Касцёлах меў розную працягласць. У некаторых законах уведзены 40-дзённы Адвэнт накшталт Вялікага посту. Да сённяшняга дня ў Касцёле св. Амброзія ў Мілане Адвэнт доўжыцца не чатыры, а шэсць тыдняў.

Гэты перыяд дзеліцца на дзве часткі: дні да 16 снежня з’яўляюцца часам радаснага чакання паўторнага прыйсця Хрыста на сканчэнне свету. З 17 да 24 снежня працягваецца падрыхтоўка да ўрачыстасці Нараджэння Пана, якая святкуецца 25 снежня.

Найважнейшыя святы:

8.12. – урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі

Перыяд Нараджэння Пана

Урачыстасць Нараджэння Пана святкуецца 25 снежня. Таямніца Уцелаўлення Божага Сына ў літургіі святкуецца да нядзелі Хросту Пана, да таго часу, калі Касцёл згадвае хрост Езуса ў Ярдане ўслед за ўрачыстасцю Аб’яўлення Пана (6 студзеня), якую традыцыйна называюць святам Трох Каралёў.

Найважнейшыя святы:

25.12. – Нараджэнне Пана

26.12. – свята св. Стэфана; Святой Сям’і

1.01. – урачыстасць Святой Багародзіцы Марыі (абавязковая)

6.01. – урачыстасць Аб’яўлення Пана, Тры Каралі (абавязковая)

 Звычайны перыяд

Найважнейшыя святы:

2.02. – свята Ахвяравання Пана (Грамніцы)

Перыяд Вялікага посту

Вялікі пост – саракадзённы літургічны перыяд падрыхтоўкі да Велікодных святаў, які пачынаецца ў Папяльцовую сераду. На ўзор саракагадовага вандравання, якое, распачаўшыся ў свята Пасхі, прывяло выбраны народ з егіпецкай няволі ў зямлю абяцаную, а таксама па прыкладу самога Хрыста, які сорак дзён прабываў у пустыні, Касцёл рыхтуецца да Пасхальнага Трыдуума. Гэты перыяд звязаны з пакаяннем і аскезай, а таксама асаблівым чынам прысвечаны разважанню над Мукай Пана (пасійныя набажэнствы). У хрысціянскай традыцыі Вялікі пост заўсёды быў звязаны з устрыманнем ад удзелу ў забавах, ад мясных страваў і ад алкаголю. Знешнімі праявамі Вялікага посту з’яўляюцца: фіялетавы колер літургічнага адзення, адсутнасць у Святой Імшы спеву «Аллелюя» і гімна «Хвала на вышынях Богу...», больш сціплае аздабленне касцёлаў, а з пятай нядзелі Вялікага посту – захінутыя фіялетавай тканінай крыжы. [Больш падрабязна >>>]

Вялікі тыдзень – апошні тыдзень перад Вялікаднем, асаблівым чынам прысвечаны разважанню над збавеннай Мукай Пана. Ён пачынаецца ў Пальмовую нядзелю, а завяршаецца ў Нядзелю Змёртвыхпаўстання Пана. Асноўныя літургічныя цэлебрацыі Вялікага тыдня наступныя: у Вялікі чацвер – Імша Вячэры Пана; у Вялікую пятніцу – літургія на ўшанаванне Мукі Пана, падчас якой адбываецца адарацыя святога Крыжа; і, нарэшце, Пасхальная вігілія ў Святую ноч (святы пасхальны Трыдуум).

Найважнейшыя літургічныя дні святы:

Папяльцовая серада (пачатак Вялікага посту)

19.03. – урачыстасць св. Юзафа (абавязковая)

25.03. – урачыстасць Звеставання Пана

Пальмовая нядзеля (пачатак Вялікага тыдня)


Святы Пасхальны Трыдуум

Святы пасхальны Трыдуум – тры дні, прысвечаныя разважанню над апошнімі днямі зямнога жыцця Збаўцы:

Вялікі чацвер Вячэры Пана,

Вялікая пятніца Мукі Пана

Вялікая субота і Пасхальная Вігілія

У гэтыя дні Касцёл у літургічных цэлебрацыях узгадвае муку, крыжовую смерць, пахаванне і ўваскрэсенне Хрыста

[Больш падрабязна >>>]

Велікодны перыяд

Велікодны перыяд – пяцьдзесят дзён ад нядзелі Змёртвыхпаўстання да нядзелі Спаслання Духа Святога, якія святкуюцца з вялікай радасцю, як адзін святочны дзень, нават як «вялікая нядзеля». Асабліва ў гэтыя дні спяваецца Аллелюя. На саракавы дзень пасля Вялікадня адзначаецца свята Унебаўшэсця Пана, а будні пасля Унебаўшэсця да суботы перад Спасланнем Духа Святога рыхтуюць да прыйсця Духа Святога Суцяшальніка (Рымскі Імшал, Агульныя нормы літургічнага года і календара, №№ 22–26).

Найважнейшыя святы

нядзеля Змёртвыхпаўстання (Уваскрасення) Пана

урачыстасць Унебаўшэсця Пана (абавязковая)

урачыстасць Спаслання Духа Святога

Звычайны перыяд

Найважнейшыя святы

урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста (абавязковая)

24.06. – урачыстасць Нараджэння св. Яна Хрысціцеля

29.06. – урачыстасць Святых Апосталаў Пятра і Паўла (абавязковая)

2.07. – урачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай

урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса

6.08. – свята Перамянення Пана

15.08 – урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (абавязковая)

8.09. – свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі

14.09. – урачыстасць Узвышэння Святога Крыжа

1.11. – урачыстасць Усіх Святых (абавязковая)

2.11. – успамін усіх памерлых вернікаў

Асаблівыя набажэнствы на працягу года

Май — месяц Марыі

Чэрвень прысвечаны Сэрцу Езуса

Ружанцовыя набажэнствы

 Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

 

Hosted by uCoz