Ксёндз
Тадэвуш ДАЙЧЭР Сеянне недаверу Калі мы аналізуем механізм узнікнення зла ў чалавеку, мы заўважаем, што ў аснове зла ляжыць адсутнасць прастаты і дзіцячага даверу да Бога. Так было з самага пачатку гісторыі чалавецтва, з таго моманту, калі нашыя першыя бацькі былі пастаўлены ў сітуацыю выпрабавання веры. На пачатку чалавечай гісторыі была спроба даверу. Бог як бы задаў чалавеку пытанне: «Ці ты давяраеш Мне? Ці ёсць у тваіх адносінах да Мяне прастата і давер дзіцяці?» Біблейскі тэкст выразна паказвае, што сатана атакаваў чалавека менавіта ў гэтым месцы. Сатана не падгаворвае першых бацькоў непасрэдна да зла, не спакушае непасрэдна да граху. Тое, што ён робіць, — гэта сеянне недаверу. Ён робіць гэта псіхалагічна дасканала, так, як умее рабіць гэта толькі ён. Ён не гаворыць: «Будзьце нявернымі, непаслухмянымі», — не, ён намагаецца ўнушыць нашым прабацькам, што ў Богу няма любові, шчырасці, ісціны. У аснове механізму зла першароднага граху ляжыць сяўба недаверу, які выклікае вялікі псіхалагічны рэзананс. Чалавек, які не давярае, пастаянна адчувае сябе ў небяспецы. Асоба, якой я не давяраю, становіцца для мяне небяспекаю, абуджае ў мяне страх. Грэх недаверу нараджае небяспеку і страх, той страх, пра які так шмат гаворыцца ў псіхалогіі і псіхіятрыі і які так часта з’яўляецца прычынаю чалавечага цярпення. Калі мы не свабодныя ад граху, то не можам вызваліцца і ад таго, што з яго вырастае, — неспакою, страху, пачуцця небяспекі. Нас таксама спакушае гэтая сяўба недаверу. А калі гэта сяўба недаверу да Бога, тады чалавек адчувае сябе, нібы ў замкнёнай клетцы, і жыццё ў такой «клетцы небяспекі» становіцца чымсьці жахлівым. Грэх знішчае чалавека яшчэ і таму, што страх, звязаны з грахом, разбуральны. Такім чынам, у канчатковым выніку небяспека становіцца ўдарам для нас, бо адна з асноўных псіхічных патрэбаў чалавека — гэта патрэба ў бяспецы. Адсюль застаецца толькі крок да сцвярджэння, што страх, з якім мы не змагаемся, з’яўляецца нашаю віною. Хрыстовая справа Адкуплення працягваецца. Мы ўключаныя ў яе праз веру, а яна ахоплівае не толькі наш грэх, але і ўвесь кантэкст, у якім ён учыняецца. Такім чынам наш страх і небяспека таксама становяцца аб’ектам Адкуплення. Езус, паміраючы на Крыжы, адкупіў нас ад страху і небяспекі так, як адкупіў нас ад граху. Усё тваё жыццё павінна быць скіравана на тое, каб як мага больш поўна адкрывацца на адкупленчае дзеянне Хрыста. Бо з Крыжа няспынна плыве ласка, каб ты мог быць збаўлены ад граху, але таксама збаўлены і ад страху. Як змагацца са страхам, які ахоплівае нас? Калі ты будзеш з ім змагацца наўпрост, непасрэдна, то пацерпіш фіяска. Ёсць толькі адзін надзейны шлях: адкрыцца на адкупленчае дзеянне Хрыста з такою вераю, якую мае евангельскае дзіця. Ты павінен паверыць, што Хрыстус адкупіў цябе ад усяго, што табе можа пагражаць, што ты свабодны. Ты павінен сказаць сабе: мне няма чаго баяцца, бо Ён адкупіў мяне і вызваліў ад усяго, я толькі павінен прыняць гэта. Вера — гэта прыняцце, гэта працэс прыняцця адкупленчага дзеяння Хрыста. Калі Пётр праходзіў праз адну з брамаў святыні ў Ерузалеме, ён сустрэў паралітыка, які прасіў міласціну: «Не маю ні срэбра, ні золата, — сказаў тады яму Пётр. — Але тое, што маю, аддаю табе: у імя Езуса Хрыста Назараніна, хадзі!» (гл. Дз 3, 6). І паралітык устаў. Гэты ўбогі паралітык быў бездапаможны, яму заставалася толькі спадзявацца. Але ў яго павінна было быць шмат дзіцячай веры, бо ён атрымаў больш, чым спадзяваўся. Ты, паралізаваны страхам і пачуццём небяспекі, не абавязкова павінен быць аздароўлены адразу, як той паралітык. Гэта будзе залежаць ад глыбіні твае веры, ад таго, ці сапраўды ёсць у табе вера дзіцяці. Тваё ацаленне можа наступіць імгненна, а можа адбывацца паступова. Тады гэтага паралітыка, які сімвалізуе тваю сітуацыю, будзе — з кожным разам вышэй — падымаць рука Хрыста, і так паволі ён будзе ўставаць. Гэтае паступовае нясенне цябе — таксама адкупленчая справа Хрыста. Верыць цяжка, але не верыць — яшчэ цяжэй. Спрабуй як найчасцей усведамляць, што ты не адзін. Пры табе ж ёсць Хрыстус, які цябе адкупіў. Спрабуй супрацьставіць страху, які прыгнятае цябе, дзіцячае пачуццё ўласнай бездапаможнасці. Скажы Езусу: «Я ведаю, што Ты хочаш ачысціць мяне ад гэтай праказы, я ведаю, што ты ўжо адкупіў мяне ад яе». Ці ведаеш ты, што можаш стаць сведкам цуду? Езус жа сказаў: «Калі б вы мелі веру, як зерне гарчыцы, і сказалі гэтай смакоўніцы: з коранем перанясіся ў мора, — яна перанеслася б» (гл. Лк 17, 6). Тады ты пераканаўся б, што вера — якая ў вачах свету ёсць такім мізэрным «нічым», як зернейка гарчыцы, як самае дробнае зернейка, — мае неабмежаваную моц Бога. Ты пераканаўся б, што яна адкрывае цябе на адкупленчую справу Хрыста і цудоўным чынам выганяе страх. Тады б ты нечакана адчуў сябе свабодным чалавекам. Ты пакліканы да свабоды і спакою праз веру, якая адкрывае цябе на Хрыстовае Адкупленне, таму ты павінен нястомна навяртацца да гэтай веры, бо вера — гэта пастаянны працэс. Гэты працэс паглыбляецца праз акты веры, якія часцей за ўсё ўзнікаюць тады, калі нам пагражае нейкая небяспека. Тады, абуджаючы ў сабе акты веры, ты ў любой сітуацыі будзеш, як дзіця, кідацца ў абдымкі любячага Айца. Сутнасць «малога шляху» св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса — гэта сутнасць дзіцяці, свабоднага, дзякуючы дзіцячаму даверу, ад усялякага страху. Калі на пачатку гісторыі чалавецтва ў выніку пасеву недаверу ўзнік грэх, то «малы шлях», які падкрэслівае значэнне даверу і дзіцячай адданасці Богу, з’яўляецца antidotum і як бы дакладнаю антытэзаю таго здарэння. Праграма «малога шляху» ўдарае ў самы корань зла, бо недахоп даверу, гэты пасеў недаверу да Бога, у значнай меры ляжыць у аснове ўсіх тваіх грахоў — і ўсіх тваіх экзістэнцыяльных, псіхічных і, ускосна, таксама фізічных цярпенняў. Калі даверышся Богу — ты падрэжаш карані таго, што цябе знішчае. Павер, што Ён любіць цябе. Выпрабаванне веры першых бацькоў не было занадта цяжкім, але Біблія гаворыць таксама пра жахлівае выпрабаванне, на якое Бог аддаў Абрагама. Ён атрымаў жахлівае заданне: забіць уласнага сына. Тады так лёгка магло прарасці гэтае зерне недаверу: не даверыцца, узбунтавацца. Аднак Абрагам паверыў, даверыўся, нягледзячы на цемру, якая яго абступала. Які ж важны гэты абсалютны давер Богу, дзіцячы давер Таму, каго мы найбольш ранім грахом недаверу. Калі ў тваім жыцці здаралася так, што чалавек, якога ты вельмі любіў, страціў да цябе давер, то ты ведаеш, як гэта балюча. А калі гэта не звычайная сітуацыя чалавечага сяброўства, зраненага недаверам, а сітуацыя бясконцай любові Бога, — які глыбокі боль павінен прычыняць недавер гэтай Любові. Словы «я баюся аддаць Богу ўсё» раняць, як аплявуха, бо ты як бы гаворыш Богу: «Я Табе не веру, не ведаю, што Ты можаш са мною зрабіць». Калі б малое дзіця сказала так сваёй маці, то гэта было б вельмі балюча для яе. Які ж боль адчувае Бог, якога чалавек раніць такім недахопам даверу! Недавер у пэўным сэнсе горшы за грэх, бо ён з’яўляецца коранем і крыніцаю граху. Калі ты не хочаш даверыцца, калі твайму ворагу ўдалося пасеяць у тваім сэрцы недавер, то павінны быць і наступствы — страх, пачуццё небяспекі і звязанае з гэтым цярпенне. І толькі па выніках гэтага зла ты ўбачыш, як далёка адышоў. Цярпенне, страх і небяспека будуць для цябе няспынным заклікам да навяртання. Ты так доўга будзеш несці цяжар страху, пакуль не на вернешся, пакуль не станеш, як дзіця, якое проста аддаецца ў рукі любячага Айца. «Пацыента трэба лячыць так доўга, — піша Л. Шондзі, — пакуль ён не навучыцца маліцца». Гаворка тут не ідзе пра звычайную малітву. Тут гаворыцца пра глыбокую паставу малітвы, пра даверлівую малітву дзіцяці, якое цалкам аддаецца Айцу. Пераклад з польскай
|