РАЗВАЖАННІ АБ ВЕРЫ

Вера як удзел у жыцці Бога

   Чым ёсць вера? Тэалагальная цнота веры характарызуецца незвычайнай складанасцю. У пададзеных тут разважаннях гаворка ідзе пра вызначэнне рэчаіснасці веры не з пункту гледжання дагматычнай тэалогіі, а ў значэнні тэалогіі духоўнага жыцця. Вера Новага Запавету з’яўляецца адказам чалавека на аб’яўленне Бога ў Езусе Хрысце. Яна з’яўляецца ўдзелам у жыцці Бога, спазнаннем Божага жыцця ў нас, якое дазваляе нам бачыць саміх сябе і навакольную рэчаіснасць як бы вачыма Бога. Яна азначае магчымасць прытуліцца да асобы Езуса Хрыста – нашага Настаўніка, Пана, Прыяцеля; азначае магчымасць абаперціся на Хрыста – надзейную скалу нашага збаўлення, – а таксама азначае даверыцца Яго бясконцай моцы і бязмежнай любові.

З прычыны чалавечай бездапаможнасці вера становіцца няспыннымі пошукамі ратунку ў невычэрпнай міласэрнасці Бога і чаканнем ад Яго усяго (пар. G. Thils, Saintete chretienne, 359).

     Святы Тамаш з Аквіна гаворыць, што вера набліжае нас да Божага пазнання. Бо, удзельнічаючы ў жыцці Бога, мы пачынаем бачыць і ацэньваць усё як бы Яго вачыма – omnia quasi oculo Dei intuemur (In Boeth. de Trinitate, qu. 3, a.1).

     Удзел у Божым жыцці праз веру ўчыняе так, што мы становімся новымі людзьмі, атрымліваем новае разуменне рэчаіснасці, новае бачанне як Бога, так і навакольнай зямной рэчаіснасці. Праз веру ў зямной рэчаіснасці мы пачынаем заўважаць дзеянне першапрычыны – Бога. Мы заўважаем Ягоную прысутнасць і дзеянне як ў сабе, так і ў свеце прыроды або гісторыі. Мы заўважаем, што гэта Ён аўтар, Ён Творца ўсяго, а тое, што мы пазнаем толькі як людзі, па-свецку, не з’яўляецца поўнаю рэчаіснасцю, што гэта – толькі чыста знешняе бачанне, бачанне толькі другасных прычын, якімі Бог паслугоўваецца.

     Вера – гэта цнота, якая робіць магчымым кантакт з Богам і з’яўляецца фундаментам звышнатуральнага жыцця. Паколькі вера знаходзіцца каля самых асноваў усялякай звышнатуральнай актыўнасці, усё дзеецца праз яе. Актыўнасць звышнатуральнага жыцця вызначаюць станоўчыя якасці і недахопы нашай веры. Цяжкасці ў звышнатуральным жыцці заўсёды звязаны з слабасцю веры. Яна з’яўляецца асноўнаю цнотаю, паколькі дае нам магчымасць удзельнічаць у Божым жыцці. Вера – гэта ўдзел у думцы Бога, гэта як бы звышнатуральны розум, размешчаны ў натуральных сілах душы, які робіць нас здольнымі думаць так, як думае Бог, – і пра саміх сябе, і пра ўсё, да чаго мы маем дачыненне. Па гэтай прычыне, верыць – азначае ўзгадняць сваю думку з Яго думкаю і атаясамліваць сябе з Яго думкаю.

     Розніца паміж натуральным пазнаннем і пазнаннем праз веру заключаецца не ў розніцы ўзроўню, але ў яе сутнасці. Вера дае еднасць з Божаю думкаю і ўнутраны ўдзел у святле, у якім Бог пазнае Самога Сябе. У гэтым сэнсе яна вядзе да кантэмпляцыі, з’яўляецца ўводзінамі ў будучае пазнанне Бога ў вечнасці.

     Як толькі мы праз веру ўваходзім у жыццё Бога, у жыццё Езуса Хрыста, то адразу праз веру Бог нараджае ў нас сваё ўласнае жыцццё. Мэта нашае веры – думаць так, як Езус Хрыстус, каб мы дазволілі Яму, – які праз веру жыве ў нас, – паслугоўвацца намі, думаць у нас, жыць унутры нас.

     Дзякуючы веры ўнутры нас можа адбыцца цалкавітая змена ранейшага спосабу бачання, мыслення, адчування, перажывання. Вера змяняе нашую ментальнасць, загадвае нам ставіць Бога заўсёды на першае месца, клапаціцца пра тое, каб усё нашае жыццё было скіравана на Яго, інтэрпрэтаваць свет у Божым святле. Тады ўсе нашыя меркаванні, думкі, жаданні і надзеі будуць азораны святлом веры. І так рэалізуецца камунія веры, якая дасягне сваёй паўнаты толькі ў любові.

     Створаны навакольны свет, у якім мы жывем, з’яўляецца формаю голасу, які прамаўляе да нас. Калі наша вера слабая, голас гэты становіцца прычынаю нашай няўважлівасці, адцягвае нас ад Бога і канцэнтруе на сабе. З узрастаннем веры адбываецца зваротны працэс. Тады знешні свет пачынае прамаўляць нам пра Бога, сканцэнтроўвае нас на Богу, прыцягвае да Яго, становіцца знакам Яго прысутнасці, дапамагае завязаць з Ім кантакт, становіцца для нас месцам сустрэчы з Ім.

     Вера робіць цябе здольным пераадольваць фальшывыя ўяўленні, бачыць першапрычыну важней за другасныя прычыны. Яна дазваляе ўбачыць, што ўсё тое, што дзеецца навокал, не адбываецца сілаю чалавека. Вера дае табе магчымасць у кожным стварэнні знаходзіць сляды Бога. Яна дае табе магчымасць заўважаць у з’явах і падзеях выраз волі Божай, заўважаць здарэнні як дотык Бога.

Распазнаванне любячай Прысутнасці

     Кожны момант нашага жыцця прасякнуты Прысутнасцю, якая любіць і адорвае. Жыць вераю – гэта азначае ўмець убачыць гэтую Прысутнасць, якая любіць нас і пастаянна адорвае. Дзякуючы веры Хрыстус паступова становіцца святлом, якое асвятляе ўсё жыццё чалавека, асвятляе свет. У жыцці сваіх вучняў Ён становіцца жывою дзейснаю Прысутнасцю. Кожная хвіліна жыцця прыносіць нам Яго прысутнасць.

     Час – гэта Прысутнасць, напісаная з вялікай літары, – прысутнасць Хрыста ў нашым жыцці, асабістая прысутнасць Бога, што аб’яўляецца як Той, які чагосьці чакае ад нас. Бог аб’яўляецца нам праз сваю волю. А што з’яўляецца Яго воляю? Заўсёды – нашае дабро, таму што Бог ёсць Любоў. Кожная хвіліна твайго жыцця – гэта момант сустрэчы з гэтаю Прысутнасцю, якая любіць цябе. Хтосьці сказаў, што час – гэта сакрамэнт сустрэчы чалавека з Богам. У гэтым значэнні кожная хвіліна – евангельскі талент, паколькі з’яўляецца Прысутнасцю, якая да нечага заклікае. Пан Бог з кожнаю хвілінаю, – лёгкай ці цяжкай – звязвае ласку. Святы Павел гаворыць, што мы ў Богу жывем, рухаемся, існуем (пар. Дз 17, 28). Значыць, ад Яго атрымліваем дар існавання, але таксама і дар дыхаць, спажываць ежу, дар сяброўства, – дар кожнага моманту жыцця.

     Сцвярджэнне св. Тэрзсы ад Дзіцятка Езус, што ўсё з’яўляецца ласкаю (пар. «Zeszyt żółty», 36), азначае, што ўсё, што здараецца ў тваім жыцці, звязана з нейкаю формаю ласкі. Бог прыходзіць да цябе ў форме дару, у форме ласкі, у форме закліку – у гэтым значэнні ўсё ёсць ласкаю. Бог хоча, каб усё для цябе станавілася «капіталам» дабра. Ён нават са зла імкнецца «выцягнуць» дабро. Зло не можа быць ласкаю, але Бог у сваёй усемагутнасці і бясконцай міласэрнасці можа «выцягнуць» дабро таксама і з яго. Вынікі зла могуць даць плён у форме вялікага шанца навяртання. Такім чынам, «усё з’яўляецца ласкаю» і ўсё ёсць талентам, таму што пастаянна і ўсюды Пан дае табе шанец. Выключна важна, каб ты паверыў у гэтую Прысутнасць, якая пастаянна і рознымі спосабамі дэманструе сябе.

     Як сказаў кардынал Стэфан Вышынскі, кожная хвіліна нашага жыцця прыносіць любоў. Ласка з’яўляецца выразам любові, значыць, кожная хвіліна звязана з любоўю Бога, таму што звязана з Яго ласкаю. Нават тады, калі ты грашыш, Хрыстус знаходзіцца пры табе і любіць цябе. Калі б ты памятаў пра гэта, калі б паверыў, што ты пастаянна заглыблены ў міласэрнай любові Бога, які ніколі цябе не пакідае, – несумненна, не ўпаў бы.

     Усё, што з табою здараецца, звязана з любоўю любячага цябе Бога, з Яго жаданнем дабра для цябе. Ён прысутнічае ў тваім жыцці незалежна ад таго, што ты робіш. Час – гэта сакрамэнт твайго спаткання з Богам і Яго міласэрнасцю, з Яго любоўю да цябе і імкненнем да таго, каб усё магло паслужыць для твайго дабра, каб кожная твая віна станавілася «шчасліваю віною». Калі б ты так успрымаў кожную хвіліну свайго жыцця, то ў табе нараджалася б спантанная малітва. Гэта была б пастаянная малітва, бо Пан жа ёсць пры табе пастаянна і пастаянна цябе любіць. Кожная хвіліна твайго жыцця прасякнута любоўю гэтай Прысутнасці, якая пастаянна цябе ахінае.

Сляды Бога ў свеце

     Вера дазваляе нам усюды заўважаць сляды дзеяння Бога, дазваляе разумець, што Ён прысутны ўнутры нас, у нашым духоўным, псіхічным, фізічным жыцці. Калі ты навучышся бачыць Бога ўсюды, твая малітва стане малітваю веры, будзе малітваю не толькі словамі, але таксама малітваю позірку, захаплення светам, малітваю ўдзячнасці за ўсё, чым Бог цябе адорвае.

     Дзякуючы веры мы робім адкрыццё, што людзі з’яўляюцца толькі ўяўнымі пратаганістамі (пратаганіст – галоўная дзейная асоба ў мастацкім творы, пераважна ў драме. – Заўв. пер.) гісторыі, што на самай справе сам Бог – галоўны яе пратаганіст. Прысутнасць Бога ў гісторыі датычыць падзей як у сферы палітыкі, грамадскіх, гаспадарчых справаў, так і нашых сямейных ці прафесійных справаў. Ён прысутны ўсюды і ад Яго ўсё залежыць. У Яго руцэ складзены лёс кожнага з нас, а таксама лёс народаў і свету.

     Усё гэта мы пазнаем дзякуючы веры, якая нараджае ў нас унутраны спакой, спакой, які выплывае з веры, з усведамлення, што Той, які ёсць бясконцаю моцаю і бясконцаю любоўю, усё трымае ў сваіх поўных міласэрнасці далонях, што Ён усё вядзе са сваёю бясконцаю мудрасцю і любоўю да мэты. Вера дае нам пачуццё бяспекі, спакой і ўпэўненасць, што мы пастаянна атуленыя любоўю Бога. Вера – гэта іншае бачанне свету, іншае бачанне асабліва таго, што здаецца цяжкім. Вера дае нам магчымасць пазнаваць Бога ў з’явах прыроды, у якой мы пастаянна можам адкрываць сляды Яго дзеяння, сляды Яго клопату пра нас і пра навакольны свет.

     Чалавекам вялікай веры, які ўсюды распазнаваў сляды Бога, з’яўляецца святы Францішак з Асізі. Якая ж незвычайная вера праменіць з паставы Францішка, які моліцца словамі: Будзь пахвалёны, Пане, праз брата нашага месяц і сёстры нашыя зоркі. Будзь пахвалёны, Пане, праз брата нашага вецер і праз паветра.

      Ці надаралася табе калі-небудзь, як ты ішоў лугам ці лесам, абвеяны ветрыкам, заўважыць у тым ветрыку дотык Бога? Калі так, то ёсць у табе нешта ад веры святога Францішка з Асізі, які ўсюды бачыў праяўленне дзеяння Бога. Будзь пахвалёны, Пане, праз брата нашага вецер; будзь пахвалёны, які ёсць у гэтым ветры. Будзь пахвалёны праз асвяжаючае нас паветра, якім мы можам дыхаць, бо Ты – нашае дыханне і нашае паветра.

     Усё сыходзіць ад Пана – ясныя дні і пахмурныя, дрэннае надвор’е таксама з’яўляецца Яго надвор’ем. Жывая вера дазваляе нам спасцігаць Божая цуды ў навакольным свеце і ў нашай звыклай штодзённасці. Нават дождж і слота з’яўляюцца цудам Бога, учыненым для нас. Дождж, які, напэўна, неаднойчы прамачыў цябе да апошняй ніткі, таксама з’яўляецца дотыкам Пана. Калі заўважыш тое, то гэта будзе тваёю малітваю веры.

     Будзь пахвалёны, Пане, праз нашую сястру ваду. П’ючы яе, наталяючы смагу, асабліва у спякоту, ты можаш убачыць прысутнасць Пана. На жаль, мы не прызвычаеныя да такога бачання свету. А ў гэтай жа звычайнай штодзённасці можна ўбачыць Бога, які гэтаю вадою асвяжае нас і робіць вільготнымі нашыя, можа, зусім сасмяглыя і сухія вусны. Ён ёсць у гэтай вадзе. Усведамленне такой прысутнасці – гэта пастава веры. Таму святы Францішак нагадвае нам, чым ёсць гэтая «сястра вада» – сімвалам прысутнасці і дзеяння Бога.

Ксёндз Тадэвуш ДАЙЧЭР

 

Hosted by uCoz