ВЕРА — ВЯЛІКІ ДАР АД ПАНА БОГА

 

         Папершае, вера — гэта ласка. Гэта дар ад Пана Бога, абсалютна бескарысны, які мы нічым не заслужылі. Гэта азначае, што першы крок заўсёды робіць Пан Бог. Ён першы выходзіць насустрач чалавеку. Ён сам дае сябе пазнаць, Ён сам аб’яўляецца, заклікае, запрашае. Вера чалавека з’яўляецца заўсёды адказам на Божы заклік. Больш за тое, дзеянне Бога, Яго ласка заключаецца таксама і ў тым, што Ён знутры пабуджае чалавека, надзяляе яго здольнасцямі, расплюшчвае яму вочы на прыняцце аб’яўленай праўды. Таму мы, як апосталы, павінны часта заклікаць: «Пане, дадай нам веры», а значыць, маліцца аб ласцы веры і дзякаваць за яе. Часам хтосьці кажа, што не верыць, бо не атрымаў ласкі веры. Аднак часцей за ўсё такое сцвярджэнне з’яўляецца апраўданнем уласнай ляноты і бяздзейнасці.

     Неабходна выразна падкрэсліць, што для Бога важна, каб мы былі збаўленыя, таму Ён рознымі спосабамі выходзіць нам насустрач, заклікае, шукае праз людзей, падзеі, Касцёл, сакрамэнты, Божае слова, а таксама праз унутраныя натхненні. Да кожнага чалавека Пан Бог прыходзіць іншым шляхам. «Бог (...) хоча, каб усе людзі былі збаўленыя і дайшлі да пазнання праўды», — чытаем мы ў Пасланні св. Паўла да Цімафея (1 Цім 2, 4). Аднак узнікае пытанне: як прымірыць дзеянне Божай ласкі з чалавечай свабодай? На гэтую тэму напісаны не адзін тэалагічны трактат, але, адказваючы коратка, можна сказаць, што ласка не дзейнічае як прымус. Дабро, якое навязваецца, нельга назваць дабром. Вера, будучы плёнам дзеяння Бога, заўсёды застаецца свабодным волевыяўленнем чалавека. Яна з’яўляецца адказам чалавека на Божую праўду і Божую любоў. Памятаю, як мяне вучылі на катэхезе, што верыць азначае прызнаваць за праўду тое, што Бог аб’явіў, а Касцёл навучае прымаць як вераванне. І ўсё ж вера — гэта не толькі прыняцце Божай праўды, але таксама давер да Пана Бога: важна не толькі верыць у Бога, але і цалкам даверыць сябе Богу.

     Касцёл ніколі не заяўляў, што некаторыя людзі пазбаўлены ласкі, а значыць, будуць мець вечнае асуджэнне. Гэта б супярэчыла праўдзе пра Бога, які ёсць Любоў. Зразумела, шмат людзей не вераць у Бога, аднак нельга казаць, што яны цалкам пазбаўлены ласкі веры. Гледзячы з боку на жыццё іншых людзей, мы ніколі не ведаем да канца гісторыі іх веры альбо нявер’я. Адно пэўна, што Бог хоча іх збаўлення і дае ім ласку ў такой ступені, каб яны дайшлі да збаўлення. Другі Ватыканскі Сабор навучае: «Божы Провід не адмаўляе таксама ў неабходнай для збаўлення дапамозе тым, хто без уласнай правіны ўвогуле не дайшоў яшчэ да выразнага пазнання Бога і спрабуе, не без Божай ласкі, весці сумленнае жыццё. Бо тое, што ёсць у іх з дабра і праўды, Касцёл успрымае як падрыхтоўку да Евангелля і як дадзенае ім Тым, Хто чалавека асвячае, каб, урэшце, яны атрымалі жыццё» (Дагматычная канстытуцыя аб Касцёле, 16).

     Як жа ў такім выпадку разумець прыведзеныя аўтаркаю пытання словы з Евангелля паводле святога Яна? Думаю, што гэтыя словы Езуса стануць больш зразумелыя, калі мы прачытаем чарговы сказ гэтага фрагмента з Евангелля: «А суд у тым, што святло прыйшло на свет, але людзі больш палюбілі цемру, чым святло, бо ўчынкі іхнія былі дрэннымі» (Ян 3, 19). Такім чынам, тут Езус не кажа пра Апошні Суд. Яго прыйсце на свет з’яўляецца пачаткам суду. Чалавек бачыць у сабе дабро і зло дзякуючы сустрэчы з Хрыстом. Той, хто ўцякае ад гэтага святла, калі-небудзь усё роўна будзе асуджаны, гэта значыць, што ён з усім сваім жыццём стане перад Хрыстом на Апошнім Судзе. У працытаваным тэксце гаворка ідзе пра кагосьці, хто атрымаў ласку сустрэчы з Хрыстом і свядома адварочваецца ад Яго або хоча захаваць нейтралітэт Пілата, умываючы рукі.

    Але ці дастаткова для збаўлення адной толькі веры? Вера — гэта не толькі ўпэўненасць у існаванні Бога. Вера — гэта цэласная пазіцыя, яна пераносіцца на ўвесь стыль жыцця, на выбар, які мы робім штодзённа, і г. д. Яна становіцца дарогаю жыцця. У гэтым сэнсе св. Якуб пісаў, што «вера без учынкаў мёртвая сама па сабе» (Як 2, 17). Такой «мёртвай» веры для збаўлення недастаткова, а веры жывой павінна быць як мага больш.

 а. Артур Папроцкі CSMA


 

Hosted by uCoz