Вігілійныя сімвалы

      Гэтае  слова   мае   паходжанне   ад   лацінскага   «vigiliare»   і   азначае   начное  чуванне.  У каталіцкім Касцёле так называюць дні, якія папярэднічаюць найважнейшым святам. Але найчасцей гэтае слова мы звязваем з днём перад Божым Нараджэннем. Звычай вігілійнай вячэры з’явіўся ў Беларусі ў ХVІІІ стагоддзі.

Як толькі на небе загарыцца першая вечаровая зорка, уся сям’я збіраецца да стала. Памаліўшыся, усе дзеляцца паміж сабой аплаткам і гавораць прыгожыя пажаданні. Пасля гэтага распачынаецца вігілійная вячэра, якую яшчэ называюць куццёю (ад назвы крупяной кашы — куцці, якая абавязкова павінна быць у гэты вечар на стале). На стол ставяць толькі посныя стравы, але гэта не азначае, што яны могуць быць нясмачныя. Наадварот, у гэты вечар усё смачна, а за сталом пануе вясёлы, узбуджаны настрой. Не забудзьце пакінуць за сталом адно свабоднае месца на той выпадак, калі раптам да вас з’явіцца нечаканы госць, альбо на ўспамін пра таго, каго няма з вамі сёння.

Павячэралі? Цяпер самы час заспяваць калядкі, тыя, якія ўсе ведаюць і любяць. Да Пастэркі ў касцёле яшчэ застаецца крыху часу? Ну, вядома ж, цяпер можна зазірнуць пад калядную елачку і, магчыма, знайсці там для сябе падарунак. Радуемся! Весялімся! Імкнемся зрабіць штосьці прыемнае іншым!

Аплаткі
Па-лацінску «oblatum» — ахвярны дар. Дзелячыся аплаткам, мы ахвяруем іншаму чалавеку нашу ўдзячнасць, прабачэнне, мы дзелімся з ім сваёй дабрынёй. Дзяленне аплаткам пасля прачытанага ўрыўка з Евангелля і малітвы з’яўляецца найважнейшым момантам вігілійнай вячэры.

Белы абрус

Бель вігілійнага абруса нагадвае нам пра бездакорную чысціню алтара, а таксама чысціню нашых сэрцаў, думак і памкненняў у гэты цудоўны вечар.

Сена
Жменя сена пад белым абрусам на стале сімвалізуе яслі, у якіх спаў маленькі Езус у Бэтлееме.

Святочная елка

Звычай прыбіраць цацкамі елку на свята Божага Нараджэння нарадзіўся ў Германіі, але яго так палюбілі дзеці і дарослыя, што ён вельмі хутка распаўсюдзіўся па ўсім свеце. На Беларусі елкі пачалі ўпрыгожваць у ХVІІІ стагоддзі. Елка ставіцца ў нашых дамах у дзень, прысвечаны Адаму і Еве, і нагадвае нам пра райскае дрэва, а таксама пра дрэва жыцця.

Калядкі
Ну, хто не любіць спяваць гэтыя прыгожыя, вясёлыя песні? Дарэчы, іх не пачуеш у нейкі іншы перыяд года, напрыклад, летам. Гэта было б смешна, праўда? Тым часам, каля святочнай елкі альбо ў касцёле пры яслях, у якіх ляжыць Дзіцятка Езус, гэтыя песні проста неабходныя!  Назва  ж  калядак  паходзіць  ад  лацінскага «calendae»  (у старажытным Рыме так называўся першы дзень кожнага месяца).

Падарункі
Езус, які нарадзіўся ў Бэтлееме больш за 2000 гадоў таму, — гэта вялікі дар людзям ад Бога Айца, які так палюбіў свет, што спаслаў у яго свайго адзінароднага Сына. Але ж Дзіцятка Езус таксама атрымаў у Бэтлееме падарункі ад пастушкоў і мудрацоў. Вось, аказваецца, адкуль бярэ пачатак звычай рабіць адзін аднаму падарункі ў ноч Божага Нараджэння!

Ave Maria №12(91) 2002

Глядзі таксама: Нараджэнне Пана

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

 

Hosted by uCoz