Ксёндз Тадэвуш Дайчэр Разважанні аб веры (Працяг.)
Малады чалавек, які, здавалася, быў адкрыты на Бога, быў, аднак, нявольнікам гэтага свету, нявольнікам свайго багацця і свайго грамадскага становішча. Святы Лука гаворыць, што ён быў «зверхнікам», г. зн. займаў нейкую важную пасаду (гл. Лк 18,18). Усе гэтыя даброты могуць стаць паміж чалавекам і Богам, могуць быць такою вялікаю перашкодаю, што такому чалавеку будзе вельмі цяжка збавіцца. Прывязанасць да гэтага свету, да таго, што стварыў Бог (а гэта з'яўляецца толькі Ягоным дарам, а не Ім самім), можа, знявольваючы нас, не толькі перашкодзіць, але нават зрабіць немагчымым нашае збаўленне. У сваім падарожжы ў Сан Джаванні Ратондо я сустрэў навукоўца, які таксама ехаў да айца Піо, каб папрасіць благаслаўлення для сваёй працы. Ён прыехаў з двума выдадзенымі тамамі гэтай працы, якую назваў сваёй opus vitae — справаю жыцця. Падчас споведзі ён паказаў айцу Піо сваю працу і папрасіў у яго благаслаўлення. Рэакцыя айца Піо была ашаламляльнай, перш за ўсё — велізарнае здзіўленне: «Гэта і ёсць opus vitae — справа твайго жыцця?» Ён узяў у рукі тыя два тамы і яшчэ раз паўтарыў:«Дык гэта і ёсць твая opus vitae, — значыць, шэсцьдзесят гадоў ты жыў дзеля таго, каб напісаць дзве гэтыя кніжкі, такою была мэта твайго жыцця? — амаль крычаў айцец. — Гэта твая opus vitae, дзеля гэтага ты жыў? А дзе ж твая вера?» Потым айцец Піо палагаднеў, нібы заўважыў недасведчанасць гэтага чалавека, і лагодна запытаў: «Ты, хіба, вельмі шмат прыклаў намаганняў для гэтай справы? Напэўна, было шмат бяссонных начэй, шмат пакладзена здароўя. Ага, быў інфаркт. I ўсё гэта менавіта дзеля амбіцый, каб стварыць сваю opus vitae. Глядзі, — працягваў ён далей, — што значаць розныя куміры, прывязанасці. Калі б ты рабіў тое ж самае, але для Бога, то ўсё было б інакш. Ты ж усё прысвоіў, гэта была твая opus vitae, твая ўласная справа». Закончылася гэтая споведзь таксама ў стылі айца Піо. Ён зноў павысіў голас: «Калі толькі з гэтым прыйшоў, то va via — з лёгкім ветрам». Айцец Піо быў, як кажуць італьянцы, rude, г.зн. суровы, але за гэтаю суровасцю крылася вялікая любоў да кожнага чалавека, да кожнага, хто прыходзіў спавядацца. Гэта быў чалавек, які любіў а любоў валодае сілай. Гэта дзякуючы ягонай любові тая ашаламляльная гутарка-споведзь стала сапраўды пераломным момантам у жыцці вучонага. Ён сапраўды пачаў інакш думаць, інакш глядзець на свет. Абрагам, айцец нашай веры, атрымаў цудоўны дар — у глыбокай старасці ў яго нарадзіўся сын. Для Абрагама гэта было надзвычайнае шчасце, ён атрымаў самы вялікі чалавечы скарб — сына, нашчадка. Бацькі, звычайна, прысвойваюць сабе дзяцей, мажліва, і Абрагам паддаўся гэтай спакусе. Аднак, калі Бог пажадаў, каб ён аддаў свайго сына, Абрагам згадзіўся. Ён згадзіўся таксама аддаць атрыманы дар самым трагічным для сябе чынам. A што было б, калі б Абрагам не захацеў аддаць свайго сына, калі б ён узбунтаваўся, будучы перакананы, што жаданне Бога занадта бязлітаснае? Што б тады сталася? Ісаак загінуў бы. Няважна, якімі былі абставіны ягонай смерці, — ці памёр бы ён ад хваробы, загінуў у бітве ці ў дарозе, ці растузалі б яго дзікія звяры. Ён быў бы забраны ў Абрагама, бо ён тады стаў бы паміж Абрагам і Богам. Ісаак стаў бы тады для Абрагама перашкодаю ў яго поўным адданні сябе Богу ў веры. He аддаўшы сына, Абрагам прысвоіў бы яго. Прысваенне ж дару заўсёды з'яўляецца знішчэннем яго, ударам, скіраваным супраць сябе самога і супраць дару. Аддаючы сына, Абрагам не толькі знайшоў яго, але, акрамя гэтага, атрымаў шматразова памножаны дар — ласку святасці, у якой удзельнічаў і сын. Абрагам і Ісаак — гэта першыя святыя патрыярхі Старога Запавету. AveMaria № 5/2008 |