Што такое грэх

 

Грэх — гэта праступак супраць праўды, розуму, чыстага сумлення; гэта недахоп сапраўднай любові да Бога і бліжняга з-за заганнай прывязанасці да некаторых дабротаў. Ён раніць чалавечую натуру і парушае добрыя адносіны паміж людзьмі.

     Святы Аўгустын вызначае грэх як «слова, дзеянне ці жаданне, якое супярэчыць спрадвечнаму закону ».

     Папа Ян Павел II у апостальскай адгартацыі Reconciliatio et Paenitentia, прысвечанай сакрамэнту паяднання, паглыбляе катэхетычнае вызначэнне граху: «Грэх — гэта выключэнне Бога са свайго жыцця, разрыў адносінаў з Ім праз супраціўленне Яго запаведзі, праз суперніцтва з Ім, падманлівае імкненне быць „як Ён".

     Найбольш унутранай і змрочнай сутнасцю граху з'яўляецца непаслухмянасць у адносінах да Бога, у адносінах да Яго закону, маральнай нормы, якую Ён даў чалавеку, упісаўшы яе ў чалавечае сэрца і пацвердзіўшы ды ўдасканаліўшы праз Аб'яўленне. Грэх — гэта непаслухмянасць чалавека, які актам сваёй волі не прызнае Божага кіраўніцтва ў сваім жыцці, прынамсі ў пэўны яго момант, калі ён парушае Яго закон».

     Корань граху знаходзіцца ў сэрцы чалавека, у яго свабоднай волі, а выяўляецца грэх у думках, словах, учынках і нават у бяздзеянні — у нашых занядбаннях. Да таго ж, мы нясем адказнасць за грахі іншых людзей, калі непасрэдна і дабравольна ў іх удзельнічаем; прымушаем або раім грашыць, а таксама ўхваляем, падтрымліваем ці замоўчваем грэх; не перашкаджаем грашыць, калі мы абавязаныя зрабіць гэта, або абараняем тых, хто чыніць зло.

     Належыць адрозніваць грахі паводле іх цяжкасці. Традыцыя Касцёла, грунтуючыся на Святым Пісанні, адрознівае грэх смяротны ад граху штодзённага.

     Смяротны грэх разбурае любоў у сэрцы чалавека цяжкім парушэннем закону Божага; ён адварочвае чалавека ад Бога, які з'яўляецца яго канчатковай мэтай і найвышэйшым дабром, і прымушае яго аддаць перавагу нейкім іншым дабротам ніжэйшага ўзроўню. Штодзённы грэх не разбурае любові, але абражае і раніць яе.

 

     Смяротным з'яўляецца такі грэх, які датычыць сур'ёзнай матэрыі і, акрамя таго, учынены цалкам свядома і цалкам дабравольна. Сур'ёзнасць матэрыі вызначаецца дзесяццю запаведзямі. Безумоўна, цяжкасць розных грахоў адрозніваецца: напрыклад, забойства цяжэйшае за крадзеж, а злачынства, накіраванае супраць бацькоў, цяжэйшае, чым супраць чужога чалавека. Поўная ўсвядомленасць азначае веданне чалавекам грэшнага характару ўчынку, яго супярэчнасць закону Божаму. Пад дабравольнасцю маецца на ўвазе згода настолькі свабодная, што яе можна лічыць асабістым выбарам чалавека. Смяротны грэх так называецца таму, што ён цягне за сабою страту любові і пазбаўляе асвячальнай ласкі. Ён парушае ў чалавеку асноўны жыццёвы прынцып, якім з'яўляецца любоў, і такім чынам выклікае неабходнасць новай ініцыятывы Божай міласэрнасці і навяртання сэрца, што звычайна здзяйсняецца ў сакрамэнце пакаяння і паяднання. He выкуплены пакаяннем і Божым прабачэннем, смяротны грэх вядзе да выключэння з Хрыстовага Валадарства і вечнай смерці ў пекле.

     Штодзённы грэх мы здзяйсняем тады, калі не захоўваем меры, прадпісанай нам маральным законам адносна лёгкай матэрыі, або калі не падпарадкоўваемся маральнаму закону адносна сур'ёзнай матэрыі, але не зусім свядома ці дабравольна. Такі грэх можа быць выпраўлены чалавечымі намаганнямі з дапамогай Божай ласкі. I хоць ён не пазбаўляе нас асвячальнай ласкі, прыязнасці Божай, любові і шчасця вечнага, аднак заслугоўвае часовай кары

 

Hosted by uCoz