Адарацыя
Найсвяцейшага Сакрамэнту
Уступная
малітва
С.:
Пане Езу Хрыстэ,
паглядзі літасціва на тых, хто пакорна схіляецца да падножжа Твайго
алтара. Дай нам ласку моцнай веры ў цудадзейную прысутнасць Тваю на гэтым
алтары, каб мы зразумелі, што Ты – наш найлепшы прыяцель і Айцец. Учыні,
каб гэтыя хвіліны адарацыі ўзмацнілі нас у добрых імкненнях і абяцаннях.
Просім, выслухай малітвы нашыя.
Н.:
Літасцівы Збаўца
наш, вось мы стаім сёння перад Табою, нашым Уладаром і найлепшым
прыяцелем. Прыходзім аддаць Табе найглыбейшую пашану і падзякаваць за ўсе
бясцэнныя дабрадзейнасці Твае.
Ахвяруем
Табе гэтыя хвіліны малітвы каля трона Твайго: – за Айца Святога,
біскупа нашага і ўвесь Касцёл святы; – за Айчыну нашу; – за нас
саміх, за бацькоў і за родных нашых, а таксама ў інтэнцыі, у якой кожны з
нас сёння асабліва жадае маліцца.
С.:
Пане Езу,
бясконцая любоў Твая да нас прымусіла Цябе застацца з намі ў Найсвяцейшым
Сакрамэнце. Ты знаходзішся тут – той самы, які хадзіў па свеце, навучаў,
лячыў і так моцна палюбіў чалавека.
Н.: Верым усёй душою,
што Ты, о Езу, знаходзішся на гэтым алтары жывы, хоць укрыты, як Бог і як
Чалавек.
Верым, з
любоўю глядзіш Ты ў гэтую хвіліну на нас, хоць мы не бачым Цябе, і не чуем
голасу Твайго. Верым, што знаходзішся тут дзеля таго, каб мы маглі часта
прыходзіць да Цябе як да найлепшага прыяцеля і Айца. Верым, што ў гэтым
Найсвяцейшым Сакрамэнце прагнеш быць частым узмацненнем душ
нашых.
Ушанаванне
С.: О
Езу, Пане і Божа наш! Верым, што знаходзішся на гэтым алтары і аддаем Табе
паклон у найглыбейшай пакоры і пашане разам з усімі Тваімі святымі і
анёламі. Н.: Кланяемся Табе, о Езу. С.: З нашымі
Анёламі Ахоўнікамі. Н.: Кланяемся Табе, о Езу. С.: З
наймілейшай Маці Тваёй, Найсвяцейшай Паннай Марыяй. Н.:
Кланяемся Табе, о Езу.
Славім Цябе,
благаслаўляем Цябе, дзякуем Табе, ушаноўваем Цябе, о Езу, які з любові да
нас устанавіў Найсвяцейшы Сакрамэнт, каб у ім з намі заўсёды знаходзіцца і
быць штодзённым узмацненнем для душ нашых. Праслаўляем Цябе за гэта,
шануем і дзякуем.
Перапрашэнне
С.: О добры Езу, мы
ўдзячныя Табе за ўсе дабрадзейнасці. Шкадуем, што мы так часта імі
злоўжывалі, прагнем сёння Табе аддзячыць і перапрасіць Цябе:
За
занядбанне і неналежнае чытанне малітваў штодзённых. Н.:
Перапрашаем Цябе, Пане! С.: За вымаўленне без належнай
пашаны імёнаў святых. Н.: Перапрашаем Цябе, Пане! С.:
За непабожныя паводзіны ў касцёле і няўважлівасць падчас святой
Імшы. Н.: Перапрашаем Цябе, Пане! С.: За неналежную
падрыхтоўку да святой Камуніі і абыякавасць пасля прыняцця Цябе ў сэрцы
нашыя. Н.: Перапрашаем Цябе, Пане! С.: За гнеў,
зайздрасць і назалянне іншым. Н.: Перапрашаем Цябе,
Пане! С.: За нясціплыя думкі, жарты і ўчынкі. Н.:
Перапрашаем Цябе, Пане! С.: За грахі ўсіх людзей. Н.:
Перапрашаем Цябе, Пане!
Надзея
С.: Без Тваёй ласкі,
о Езу, мы слабыя, але Ты падасі нам руку дапамогі. Н.: Давяраем
Табе, о Езу! С.: Шмат спакусаў у свеце змагаецца за сэрцы нашыя,
але Ты ўзмоцніш нашу добрую волю. Н.: Давяраем Табе, о
Езу! С.: Абяцаем, што дойдзем калісьці да Цябе. Н.:
Давяраем Табе, о Езу! С.: Найсвяцейшае Сэрца
Езуса! Н.: На Цябе ўскладаем надзею!
Любоў
С.: Пане Езу, Ты
ўмілаваў нас першы, сышоў з нябёсаў і стаўся чалавекам, быў маленькім
дзіцяткам, цярпеў холад, нястачу, бяду. Н.: З любові да
нас. С.: Працай рамесніка зарабляў на сваё жыццё трыццаць гадоў.
Хадзіў па свеце, навучаючы і ўсім чынячы дабро. Н.: З любові да
нас. С.: Дазволіў сябе мучыць, бічаваць, цернем каранаваць; нёс
цяжкі крыж на гару Кальварыю, дазволіў сябе ўкрыжаваць. Н.: З
любові да нас. С.: Але перад смерцю, каб нам аказаць яшчэ
большую любоў, устанавіў Найсвяцейшы Сакрамэнт, застаўся з намі ў постаці
хлеба і знаходзішся на гэтым алтары. Н.: З любові да
нас. С.: О добры Езу, прагнем Цябе за гэта любіць. Н.:
Мы хочам любіць Цябе, як любяць Цябе анёлы і святыя ў небе! С.:
Мы хочам пакласці да ног Тваіх плён працы і дабрадзейнасцяў, годных
Цябе! Н.: Мы хочам быць асвячанымі як найхутчэй! С.:
Мы хочам пакорна прынесці Табе сэрцы нашыя, створаныя на падабенства
Божага Сэрца Твайго. Н.: О добры Езу, не маем нічога, што было б
годным Цябе і што маглі б ахвяраваць Табе, акрамя добрых нашых
пажаданняў. С.: О Езу ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, наш найлепшы
прыяцель і Ойча, усім сэрцам любім Цябе! Н.: О Езу ў
Найсвяцейшым Сакрамэнце, усім сэрцам любім Цябе! Больш за ўсе выгоды,
больш за прыемнасці, больш за саміх сябе, больш за жыццё нашае! Любім
толькі Цябе!
Духоўная
Камунія
С.: О Езу, які
прагнеш быць узмацаваннем душ нашых. Н.: Прыйдзі да нас! Прагнем
прыняць Цябе, сумуем без Цябе, дай нам сябе самога, дай нам ласкі свае,
асвяці і ўмацуй душы нашыя і застанься з намі назаўсёды.
Хвіліна
роздуму – размаўляй з Панам Езусам у сваім сэрцы.
С.:
О Езу, мы Табе належым. Н.: Табе саміх сябе і ўсё, што маем,
аддаем і разам з душою і целам аддаемся Табе навекі.
Просьбы
С.:
Пане Езу Хрыстэ,
Ты сказаў: «Калі чаго ў імя Маё просіце ў Айца, дасць вам» (Ян 16,
23). Н.: Каб мы маглі любіць Цябе ўсё больш. С.:
Памолімся за Айца Святога і ўвесь святы Касцёл, за нашага біскупа і нашу
дыяцэзію, за нашу парафію і нашых святароў. Н.: Ойча
наш... С.: За нашых бацькоў, за родных нашых, выхавацеляў і
настаўнікаў, за ўсіх хворых, засмучаных і пакутуючых, за ўсіх грэшнікаў,
асабліва за тых, якія сёння адыдуць з гэтага свету. Н.: Ойча
наш... С.: За нашу Айчыну і за тых, хто ёю кіруе, за згоду і
супакой між народамі. Н.: Ойча наш... С.: За
ўсіх памерлых, асабліва за памерлых бацькоў і родных нашых. Н.:
Ойча наш... С.: Вечны адпачынак дай ім,
Пане. Н.: А святло вечнае няхай ім свеціць. С.: Няхай
адпачываюць у супакоі. Н.: Амэн.
Адноўлена
18.08.2010 |