ШКОЛА МАЛІТВЫ

Як спасцігнуць сэнс цярпення

Цярпенні мінаюць, калі спасцігнеш іх сэнс.

Віктор Франль


 
          Кожны з нас нясе свой крыж. Часам мы так занятыя цяжарам свайго, што забываем азірнуцца і паглядзець, як іншыя даюць сабе рады. Кожны чалавек церпіць, хоць і ў рознай ступені і ў розных жыццёвых сітуацыях. Цярпенні спадарожнічаюць народзінам чалавека, сталенню і старасці.

Навошта?

          Як мы вучымся ў жыцці любіць, гэтак жа мусім вучыцца і цярпець. Калі мы без надрыву дадзім сабе рады з невялікім болем, гэта дапаможа нам потым вытрываць і большы. Калі ты хочаш знайсці сэнс у цёмных сітуацыях, павінен найперш сам спрабаваць вытрываць і перамагчы сітуацыю, якая цябе нішчыць. І ніхто не зробіць гэта за цябе. Але калі сапраўды будзеш да гэтага імкнуцца, то Божая ласка дапаможа табе выбрацца з цёмнага тунэлю цярпенняў. Два элементы — Божая ласка і чалавечы высілак — дапамогуць табе прыняць і перацярпець выпрабаванні, не губляючы сілы духу. Ласка, якая заўсёды здзіўляе і захапляе, — гэта канкрэтнае дзеянне Бога. Прысутнасць Святога Духа ў нашым жыцці змушае нас верыць у ласку і цуды Пана Бога.

Адносна іншых

          Найлепшая пазіцыя, якую мы можам заняць адносна чыйгосьці цярпення, маўклівая прысутнасць. Магчыма, твая прысутнасць пры хворым і ціхая малітва за яго стане пачаткам працэсу ягонага аздараўлення, які вымагае часу. Хрысціяне вераць у Божы Провід, а не ў наканаванне. Вераць, што выкананне Божай волі прынясе ім благаслаўленне. Вера вучыць іх, што яны ўдзельнічаюць у цярпеннях Хрыста за збаўленне свету.

          Кантэмпляцыя крыжа Езуса Хрыста дае нам узор цярпення і дапамагае шукаць сэнс у нашых цярпеннях. Святы Павел напісаў, што праз наш удзел у цярпеннях Хрыста мы прычыняемся да збаўлення ўсіх людзей: «Цяпер радуюся ў цярпеннях за вас» (Клс 1, 24).

Хрысціянская таямніца

          Божая прысутнасць не аддаляе ад нас цярпенняў, а дапамагае нам натуральна ставіцца да сітуацыі, якую мы не можам змяніць. Прарок Міхей казаў: «Хоць сяджу ў цемры, Пан — маё святло», а Ёў сведчыў: «Свяціў мне лямпаю над галавой. З Яго святлом я ішоў у цемры» (Ёў 29, 2 – 3).

          Цярпенне не абавязкова мусіць быць злом, яно можа стаць прыладаю асабістага духоўнага росту. Хрыстус не абяцаў нам лёгкага жыцця без цярпенняў, але запэўніў, што мы не застанемся самотнымі ў цяжкіх сітуацыях. Ягонае навучанне і прыклад зямнога жыцця дапамогуць нам знайсці адвагу несці наш крыж.

          Таму перастанем пытаць, чаму мы церпім, а замест гэтага дазволім цярпенню праэкзаменаваць нас. Бо няма ярчэйшага святла за тое, якое бярэ свой пачатак у цемры. І няхай нам дапаможа ў гэтым малітва: ціхая, трывалая, настойлівая. Тады ж, калі нашым вуснам будзе цяжка гаварыць альбо шаптаць словы, няхай малітвай стане наш позірк, звернуты на крыж.

Паводле разважанняў
кс. Лео Міссінэ
«Як спасцігнуць сэнс цярпення»

ШКОЛА МАЛІТВЫ

 

Ад смутку — да радасці

 

Паводле разважанняў пра Уваскрасенне Пана

 святой Уршулі Ледахоўскай

 

Марыя  Магдалена  стаяла  каля  грабніцы  і  плакала...

 

     Чаму ты плачаш, Магдалена? Яна плача, бо не можа жыць без свайго Пана, бо журыцца без Яго душа, бо цэлы свет без Яго зрабіўся для яе цемрай і смуткам.

     А я?.. Ці з такой жа сілай люблю Езуса? Калі губляю Яго праз свае грахі і адступніцтвы, ці бягу да Яго, каб наноў адна-віць маю повязь з Ім?

Ягонаму крыжу давяраю свой боль і горыч, але ці веру ўсім сэрцам, усім розумам маім, што разам з Ім магу ўвао крэснуць?

 

Любоў дае сілы

     Любоў дае сілу і адвагу, дае гатоўнасць для выканання найцяжэйшых заданняў... Ці ёсць у маім сэрцы гэты прыгожы дар любові? Езусу патрэбны адданыя ды ахвярныя душы, гатовыя ісці за Ім і выконваць Яго заданні без агаворак, без азірання на сваё ўласнае «я».

     Езу, змілуйся нада мною! Дай мне любоў моцную, як смерць, гатовую на ўсё дзеля Цябе, мой Пане!

 

Быць  вучнем  Настаўніка

     Ад Яго, якога напачатку палічыла садоўнікам, Магдалена пачула адно толькі слова: «Марыя». Пазналатой голас, не падманула яе сэрца — гэта быў Настаўнік... Яна зразумела, што Езус убачыў яе сум, што Ён, які ведае тайнікі нашых сэрцаў, адчуў яе самоту, боль, што раніў беднае сэрца пасля таго як не стала побач Настаўніка. Ён зразумеў гэта і паклікаў яе па імені. I сум замяніўся на радасць.

     Пане, будзь маім Настаўнікам, а я няхай заўсёды буду Тваім вучнем, бо хачу ў Цябе вучыцца, як жыць і як любіць. Пане, прагну выконваць Тваю волю, хоць бы яна і балесна мяне ўкрыжоўвала. Бо веру, што пасля настане ўваскрашэнне. Ты — маё заўсёднае святло, а асабліва ў тыя хвіліны, калі з розных бакоў падступяцца да мяне ноч і цемра, калі сэрца шукае дарогі і без Цябе нічога не бачыць...

 

Ці разумею сваё шчасце?

     Магдалена мела за шчасце слухаць Езуса пры жыцці, яна выбірала для сябе гэтую прыгожую частку — вучыцца ў Хрыста. Мой Настаўнік, ці разумею я, як Магдалена, усё шчасце магчымасці знаходзіцца каля ног Тваіх? Няхай хвіліны, праведзеныя каля ног Пана, будуць найпрыгажэйшымі ў нашым жыцці. Але памятайма яшчэ і пра тое, што Езус пакуль яшчэ не заклікае нас да вечнага адпачынку Так, як Ён наказаў Магдалене, і нас таксама запрашае да апостальскай працы. Дык жа будзем слухацца Яго так, як яна! Ідзем да гэтае працы і працуйма самааддана, рупліва, адважна, ахвотна, бо і праца — гэта таксама любоў, гімн любові душы ў гонар дарагога Настаўніка!

 

Камунія з Езусам

     Ці падобны я хоць трохі да Магдалены ў яе прыгожай любові да Езуса? Ці спяшаюся да святой Камуніі з радасцю ў сэрцы, у якое прыдзе сам мой Пан і Настаўнік? Ці разумею, што святая Камунія і святая Імша могуць даць мне сілы для выканання найцяжэйшых заданняў?

Езу Уваскрослы! Навучы мяне любіць Цябе так, як святая Магдалена! Навучы сумаваць і шукаць Цябе так, як Магдалена! Учыні, Пане, каб Твае вучні былі здольныя і прыкладныя ў гэтым навучанні.

Ave Maria № 3 (155) 2008

 

Hosted by uCoz