ШКОЛА МАЛІТВЫ За вiгiлiйным сталом На святочным стале, засланым белым абрусам, пад якім у знак таго, што Езус нарадзіўся ў беднай стаенцы, сярод хатніх жывёлаў, ляжыць пахкае сена, на галоўным месцы — Евангелле, аплаткі, свечкі. Адно месца пры стале вольнае — на ўспамін пра тых, каго няма побач з намі, а таксама як знак гатоўнасці прыняць у дом любага госця. Вігілійную вячэру распачынаем каляднай песняй. Дзеці запальваюць калядную ёлку. Бацька альбо маці пачынае малітву: У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн. На стале запальваецца свечка са словамі: Святло Хрыста. Усе адказваюць: Дзякуем Пану Богу. Уступныя словы да Евангелля прамаўляе бацька альбо маці: Больш за дзве тысячы гадоў таму на свет прыйшоў Езус Хрыстус, Сын Божы, чаканы Збаўца. Пра гэта расказвае нам Евангелле ад святога Лукі. ЧЫТАННЕ ЕВАНГЕЛЛЯ (Лк 2, 1 – 14) Пасля слухання Божага слова ўсе спяваюць калядку. СУПОЛЬНАЯ СЯМЕЙНАЯ МАЛІТВА Бацька альбо маці прамаўляе просьбы, усе далучаюцца словамі: Выслухай нас, Пане. Божа, наш Ойча, у гэтую ўрачыстую гадзіну праслаўляем Цябе і дзякуем за ноч, у якую Ты паслаў нам свайго Сына Езуса Хрыста, нашага Пана і Збаўцу. 1.Удзялі нашай сям’і дару любові, згоды і спакою. Цябе просім... 2.Адары нашых суседзяў, сяброў і знаёмых спакоем гэтай ночы. Цябе просім... 3.Суцеш усіх самотных, хворых, бедных, бяздомных, галодных і ўмацуй іх Добрай Навіной гэтай святой ночы. Цябе просім... 4.Просім Твайго благаслаўлення для нашай Бацькаўшчыны. Цябе просім... 5.Нашых памерлых (пералічыць імёны) адары шчасцем і святлом Тваёй хвалы ў вечнасці. Цябе просім... Усе разам моляцца Ойча наш, Вітай, Марыя, Хвала Айцу... Бацька альбо маці: Езу, Марыя, святы Юзаф — святая сям’я з Назарэта — апякуйся нашай сям’ёй. ДЗЯЛЕННЕ АПЛАТКАМ Бацька альбо маці: А цяпер у духу любові і прабачэння падзелімся аплаткам — хлебам любові. Адкрыем нашыя сэрцы для таго, каб іх магла запоўніць любоў Нованароджанага Хрыста. Няхай Ён заўсёды будзе з намі! Бацька альбо маці першыя, а потым і ўсе астатнія дзеляцца аплаткам, віншуюць адзін аднаго са святам, кажуць пажаданні, а таксама просяць прабачэння за былыя непрыемнасці. Пад канец вячэры сумесна спяваюцца калядкі. ЗАКЛЮЧНАЯ МАЛІТВА Дзякуем Табе, Божа, наш добры Ойча, за гэтую супольную сямейную вячэру, за гэты благаслаўлёны вечар. Дзякуем за ўзаемную любоў і за тое, што Ты нагадваеш нам: Твой Сын стаў у гэтую ноч нашым Братам і Збаўцам. Хвала Табе навекі. Амэн. Ave Maria\№12(152) 2007 |