ШКОЛА МАЛІТВЫ Стары і заўсёды новы Ружанец Мала знойдзецца вернікаў, якія не моляцца рэгулярна на ружанцы. Малітва гэтая вельмі старажытная, авеяная легендамі, паданнямі, цудамі. Вядомыя выпадкі, калі людзі не расставаліся з ружанцам у ваеннае ліхалецце і потым сцвярджалі, што менавіта ён выратаваў іх ад пагібелі. А колькі ружанцаў зрабілі католікі ў сталінскіх лагерах з хлебнага мякішу і колькі пры небяспецы вобыску... з’елі іх! Калі б усе тыя ружанцы — з хлеба, фасолі, дроту, арабіны, жалудоў, арэхаў — сабралі аднойчы разам — атрымалася б вельмі прыгожае сведчанне веры! Ён вельмі дарагі нам, наш ружанец. Але цяпер прыслухаемся да голасу нашчадка святога Дамініка, якому, паводле Традыцыі, сама Маці Божая падала ружанец. Чаму Ружанец дарагі для дамініканаў? Напэўна таму, што ў сэрцы дамініканскай багаслоўскай традыцыі існуе імкненне да простага. Святы Тамаш Аквінскі казаў, што мы не можам зразумець Бога, таму што Бог вельмі просты, і гэта перавышае нашае разуменне. Нам часта даводзіцца выходзіць за межы складанага, каб дасягнуць простага. Да сапраўднай прастаты сэрца і яснага погляду мы можам дайсці толькі паступова, з Божае ласкі набліжаючыся да асляпляльнай прастаты Бога. Ружанец сапраўды вельмі просты, але мудрай і глыбокай прастатой, да якой мы імкнемся і ў якой знаходзім спакой. Вітай, Марыя — гісторыя кожнага чалавека Кожная малітва Вітай Марыя нагадвае пра асабісты шлях, які трэба прайсці кожнаму з нас ад нараджэння да смерці. Яна нагадвае нам пра тры моманты жыцця, у якіх мы цалкам упэўненыя: мы нарадзіліся, цяпер жывем і калі-небудзь памрэм. Менавіта на гэтым адрэзку часу ў нас ёсць магчымасць сустрэць Бога і атрымаць збаўленне. Словы Анёла кажуць нам, што Божае благаслаўленне робіць нас здольнымі прыносіць плён і кожны з нас у сваім асабістым нараджэнні — благаслаўлёны плод улоння. Гэта благаслаўленне новых пачынанняў, ласка абнаўлення. Але Ружанец нагадвае нам яшчэ і пра тое, што мы перажываем цяпер. Цяпер — гэта час, калі нам так патрэбныя спачуванне і міласэрнасць. Цяпер — гэта час, які нам трэба пражыць у поўным няведанні таго, колькі нам давядзецца чакаць Божага Валадарства. І ў хвіліну смерці нашай... Перад абліччам смерці хрысціяне моляцца на ружанцы. Калі чалавек сам ужо не здольны гэтага рабіць, за яго моляцца іншыя. І колькі ж такіх выпадкаў, калі на апошняе Амэн гэтай малітвы чалавек спакойна адыходзіў у вечнасць! Таямніцы Ружанца — гісторыя збаўлення Таямніцы Ружанца можна параўнаць з «Сумай тэалогіі» святога Тамаша. Яны па-свойму распавядаюць, як усё прыходзіць ад Бога і да Яго вяртаецца. Бо кожная таямніца Ружанца — гэта частка адзінай таямніцы нашага Адкуплення ў Езусе Хрысце. Чалавеку важна бачыць сваё жыццё ўключаным у вялікую таямніцу Божага плану. Асобна ўзятая мая гісторыя не мае сэнсу. Асабістая Вітай Марыя павінна знайсці сваё месца ў таямніцах Ружанца. Таму Ружанец прапануе нам поўную раўнавагу, якая неабходна нам, калі мы шукаем сэнс жыцця, як на індывідуальным узроўні, так і на калектыўным. Паўтарэнне Часта кажуць, што Ружанец вельмі падобны да традыцыйных усходніх малітваў і што пастаяннае паўтарэнне адных і тых жа словаў здольнае ажыццявіць глыбокае пераўтварэнне ў сэрцы. Сапраўды, молячыся на ружанцы, мы не заўсёды думаем пра Бога. Але гэта таксама можа несці дабро. Бо калі мы так молімся, то памятаем, што Пан Бог сапраўды ёсць побач, а мы знаходзімся ў Яго прысутнасці. Мы паўтараем малітву Анёла: «Пан з Табою». Гэта малітва Божай прысутнасці. Калі мы збіраемся з сябрамі, то не думаем пра іх, але проста радуемся, што яны ёсць побач. Таму ў часе Ружанца не будзем высільвацца, каб думаць пра Бога. Наадварот, будзем проста радавацца словам Анёла, звернутым да ўсіх нас: «Пан з Табою». І будзем безупынна паўтараць адны і тыя ж словы з радасцю невычэрпнасці жыццёвых сілаў Божых дзяцей, якія радасным сэрцам успрымаюць Добрую Навіну. Паводле Цімаці
Рэдкліфа, ШКОЛА МАЛІТВЫ Пад пошум распранутых дрэваў... Лістападаўская малітва асаблівая. У той час, калі зямля скідае з сябе рэшту лістоты і замірае ў чаканні сцюжы, калі яна робіцца не такой прыгожай, аголенай і безабароннай, пад пошум распранутых дрэваў на зямлі трывае малітва жывых за памерлых. Малітва, якая нас, жывых, лучыць з тымі, што ўжо адышлі ў вечнасць, каго мы ведалі і любілі пры жыцці і з кім развіталіся да часу нашай сустрэчы ў вечнасці. Ці верыш у вечнае жыццё? Той, хто верыць у Хрыста, ведае, што жыццё чалавека не заканчваецца з ягонай смерцю. Жыццё працягваецца за яе парогам, у вечнасці. І калі чалавек верыць у вечнае жыццё, ён пастараецца зрабіць усё магчымае, каб яно было шчаслівым. Чым мы можам дапамагчы нашым памерлым? Не роспачным плачам, не дарагім помнікам на магіле, хоць бы ён і быў самы шыкоўны, — адно малітвай. Бескарыслівай, настойлівай малітвай любові за тых, хто некалі, даўно ці нядаўна, жыў на гэтай зямлі, а цяпер знаходзіцца ў іншым свеце. У гэтай малітве праяўляецца і наша вера ў лучнасць святых, у прызначэнне чалавека да вечнага жыцця. Святая Імша за памерлых Прыгожая і мудрая традыцыя — ахвяроўваць за памерлых сваю малітву ў часе Эўхарыстыі. Святы апостал Павел навучае, што той, хто спажывае Цела і Кроў Хрыста, мае вечнае жыццё. Спажываючы Цела і Кроў Езуса Хрыста ў інтэнцыі памерлых, мы можам дапамагчы ім дасягнуць неба. Святую Імшу можна ахвяроўваць за нядаўна памерлых, напрыклад, у гадавіну смерці, таксама і за тых, хто адышоў з гэтага свету вельмі даўно, і нават за тых, каго мы асабіста не ведалі, але чулі ад іншых людзей гісторыю іх жыцця. Асабліва важна маліцца за тых, за каго ніхто не моліцца. На могілках Хіба што найбольш шчырай малітва за нашых памерлых бывае на могілках, калі чалавек схіляецца над месцам вечнага спачыну дарагіх яму людзей. Запалена свечка, калышыцца яе язычок у такт словам «Анёла Панскага» альбо якой іншай малітвы — жывы просіць у Бога літасці да таго, хто ўжо не можа прасіць за сябе, не можа штосьці выправіць. У такія хвіліны ёсць магчымасць адчуць сябе вельмі блізка з тым чалавекам. Вядома, гэта магчыма толькі тады, калі на могілкі пойдзеш самотна, не спяшаючыся, калі там будзеш думаць не пра тое, што яшчэ трэба зрабіць сёння, а пра тых, хто там спачывае. Чуванне Лістападаўская малітва вучыць чалавека ўсведамляць, што Пан Бог можа прыйсці па яго самога і паклікаць у вечнасць у любую хвіліну. Найчасцей Ён робіць гэта нечакана. З чым станеш ты перад Ім? Можа, пакуль яшчэ ёсць час, трэба штосьці выправіць, не адкладваць ужо больш на потым, на заўтра, а зрабіць тое сёння? Малітва за нашых памерлых вучыць нас не баяцца няўхільнага надыходу смерці, а проста ўсведамляць, што калі гэта здарыцца і ў нашым жыцці, мы адыдзем не ў змрочны ды роспачны нябыт, а ў абяцанае нам самім Панам Богам жыццё вечнае. Яно можа быць вельмі прыгожым, радасным, шчаслівым. І гэта пакуль што залежыць таксама і ад нас. Ave Maria\№11(151) 2007 |