ШКОЛА МАЛІТВЫ

З Божай ласкай трэба ўмець супрацоўнічаць

Малітоўныя парады святой Кацярыны Сіенскай

     Хто з нас не жадаў бы дасягнуць такога стану на малітве, каб цалкам акунуцца ў Бога? На жаль, тут мы сустракаем шмат перашкодаў. Нашыя думкі часта кудысьці адлятаюць, а мы, занятыя імі, так часта і не патрапляем засяродзіцца на размове з Панам Богам. Дык трэба часцей прасіць Святога Духа пасылаць нам ласку засяроджанасці на малітве. Аднак варта памятаць, што з гэтай Божай ласкай чалавек павінен умець таксама супрацоўнічаць. Якім павінна быць нашае супрацоўніцтва са Святым Духам, каб мы маглі дасягаць найбольшай засяроджанасці? Святая Кацярына Сіенская дае дзве важныя парады: трэба ўсведамляць любоў Бога да нас, а таксама нястомна «чытаць» крыж Хрыста.

Агонь любові — найлепшая абарона ад «мухаў»

     Мухі і іншая жамяра могуць часта прыносіць чалавеку прыкрасць. І хоць вялікай шкоды яны зрабіць не могуць, але здольныя знерваваць ды адцягнуць ягоную ўвагу на сябе. Гэтак жа і на малітве. Калі пачынаем маліцца, мы пастаянна штосьці прыгадваем, у нашай галаве пралятае шмат малаважных думак. Гэта такія «мухі», якіх пасылае д’ябал, каб адцягнуць нашую ўвагу ад Бога. Найбольш яны затрымліваюцца там, дзе душа летняя. Злыя думкі ўцякаюць ад тых, чыё сэрца палае любоўю да Бога. Уцякаюць, як сляпні ад чыгунка з варам. Нават калі яны і наведваюць душу, то пасля таго, як убачаць, што ў ёй ёсць жар Божае любові, хутка адлятаюць. Таму чалавек на малітве найперш павінен распаліць у сабе агонь любові да Бога, павінен таксама усвядоміць, як і Пан Бог моцна яго любіць. Пачынаючы малітву, падумай напачатку пра вялікую Божую любоў да людзей і спрабуй сам запалаць гэткай жа любоўю да Бога.

Маліся перад крыжам і чытай крыж

     Кацярына Сіенская была непісьменная і не магла дапамагаць сабе на малітве тэкстамі з малітоўніка альбо разважаннямі з кніг святых людзей. Кнігай малітвы быў для яе крыж. Яна імкнулася заўсёды маліцца перад Укрыжаваным Хрыстом і казала, што гэтую кнігу Бог напісаў для нас не чарніламі, а крывёю. Крыж і ўкрыжаванае на ім цела Хрыста дапамагалі ёй устанаўліваць цесную і дасканалую сувязь з Богам. Святая Кацярына, аднак, падкрэслівала, што кнігу крыжа не можа чытаць той, хто закаханы ў самога сябе. Крыж — гэта такі малітоўнік, які вымагае не ведаў, а волі. Кожны, хто глядзіць на крыж, наўрад ці скажа, што ён не можа штосьці прачытаць на ім, адзінай перашкодай можа быць толькі тое, што ён не хоча гэтага. Таму варта маліцца, узіраючыся на крыж Хрыста. Гэта можа быць крыж у капліцы, дома, крыж, які вернік носіць на шыі, альбо крыжык на ружанцы. Узіранне на крыж вельмі хутка прыносіць плён малітоўнай засяроджанасці. Узіраючыся на крыж, цяжка думаць пра сябе. Больш хочацца думаць тады пра Бога.

Ave Maria\№5(145)

ШКОЛА МАЛІТВЫ

Цалкам належаць Богу — як Марыя

Паводле св. Людвіка Марыі Грыньёна дэ Манфора

     Чым большых дароў мы прагнем атрымаць ад Бога, тым больш павінны прыкласці намаганняў дзеля гэтага. Найбольшым Божым дарам з’яўляецца Мудрасць. Няма іншага спосабу атрымаць Божыя дары, як толькі праз малітву. Малітва — гэта канал, праз які Бог удзяляе людзям свае ласкі, асабліва ласкі Мудрасці. Не знаходзіць Бога той, хто не шукае, не атрымлівае ад Бога той, хто не просіць, моцна і настойліва. Не чакай ад Бога вялікіх дароў, калі твая малітва да Яго скупая і мізэрная. Мусіш цалкам належаць Богу, а не аддаваць Яму толькі з таго, чаго ў цябе зашмат. Бо часам нават малітва — толькі маленькі фрагмент твайго жыцця. Ты цалкам жывеш для свету, а калі ўжо што ў цябе застаецца, то аддаеш тое Богу. А ты цалкам павінен належаць Богу, а не свету. Калі ты цалкам належыш свету, то і чакай ад свету дароў. Калі ж цалкам будзеш належаць Богу, то ад Бога можаш спадзявацца на ўсялякія ласкі. Прыгледзься да сваёй малітвы, і яна дазволіць табе ўбачыць, каму ты належыш больш — Богу альбо свету.

Малітва — моцная прага Бога, а не звыклы капрыз

     Езус Хрыстус — гэта ўсё, што вы можаце і чаго павінны прагнуць. Ён з’яўляецца той адзінаю Перлінаю, дзеля якой, каб яе купіць, павінныя прадаць усё, што маеце. Гэтая Перліна ўтоеная ў малітве. Калі ты не прагнеш малітвы, гэта азначае, што не прагнеш той Перліны. Малітва — гэта моцная і шчырая прага Бога, а не звыклы капрыз. Маліцца — значыць пастаянна мець адчыненыя дзверы для Езуса Хрыста. Гэта пастаянна прасіць Яго прыйсці, гэта дазволіць Яму ўстанавіць паміж Ім і намі стасункі блізкасці, стасункі яднання і любові. Гаворка не пра тое, каб ты на малітве прыглядаўся да сябе і ацэньваў, ці задаволены ты сам сабою, але каб забыўся пра сябе, каб стаў «пусты» і «адкінуў» сябе, цалкам ачысціў сэрца і зрабіў месца для Бога. Не паводзь сябе на малітве, як капрызнае дзіця, але як праўдзівы сын Божы, бо малітва — гэта не твой асабісты капрыз, але вялікі шанец для камуніі з Усемагутным Богам.

Хочаш знайсці Божую ласку — знайдзі Марыю

     Удасканальваць малітву — гэта пастаянна наноў шукаць сродкаў, якія дазволяць атрымаць ад Бога поўню Ягоных ласкаў. Самым дасканалым сродкам, які адкрывае нам доступ да Бога, з’яўляецца малітва праз заступніцтва Марыі. Яна цалкам належала Яму і таму найлепш можа навучыць нас цалкам належаць Богу. Дазволім, каб Святы Дух перамяняў нас пад наглядам Марыі. Будзем жа разважаць пра Яе, каб Яна ад нашага імя разважала пра Бога. Нідзе створаная істота не сустракае Бога так блізка і нідзе так прапарцыянальна сваёй слабасці, як у Марыі

Ave Maria\№6-7 (146-147) 2007

 

 

Hosted by uCoz