ШКОЛА МАЛІТВЫ Яна падоўжыць твой час Паводле разважанняў на кожны дзень
Раней альбо пазней ты адчуеш, што праца, заданне, атрыманае табой ад Бога, перавышае твае сілы. Табе, можа, нават пачне здавацца, што Бог зашмат патрабуе ад цябе. Што тады рабіць? Можаш пратэставаць, адмовіцца ад задання, змяніць яго на выгаднейшае, якое табе будзе больш падабацца. Аднак можаш таксама звярнуцца да Бога і маліцца. Шукай Яго на малітве Чым больш Бог табе даручае, тым больш ты мусіш шукаць Яго на малітве. Людзі, якія ў сваім жыцці зрабілі вельмі шмат, знакамітыя святыя, вельмі шмат таксама і маліліся. Таму, калі ты заўважыш, што ўжо больш не даеш сабе рады, што проста не здольны выконваць свайго задання, гэта менавіта той час, калі ты павінен дазволіць Богу прыняць ужо зробленае табой. А гэта Ён зможа зрабіць праз тваю малітву. Дай Яму месца У малітве ты наладжваеш кантакт з крыніцай любові і сілы. Толькі сам пры гэтым стань збоку і дай месца Богу. Ён хоча дзейнічаць, а ты павінен быць Яго прыладаю для гэтага дзеяння. Гэта істотна ў малітве: даць Богу мажлівасць быць тым, кім Ён ёсць, дазволіць Яму напаўняць нас сваім уласным жыццём. Малітва не памнажае тваіх уласных сілаў, але праз яе ты напаўняешся Божай моцай. А з Яго моцаю ты ўжо зможаш усё. Дасягні глыбейшай рэальнасці Калі ты лічыш, што маеш зашмат працы, калі спяшаешся, бяжыш і не паспяваеш зрабіць тое, што павінен, выйсце для цябе ў тым, каб прысвяціць частку гэтага каштоўнага часу малітве. І тады ты здзіўлена ды шчасліва заўважыш, як час таямнічым чынам пачне... падаўжацца! У малітве ты дасягаеш рэальнасці, глыбейшай за тую, якую ты бачыш і разумееш, той рэальнасці, якая дае табе ўсё патрэбнае для выканання твайго задання. ШКОЛА МАЛІТВЫ У дзень Твайго Нараджэння, Пане... Мы прыходзім да Цябе, Пане, у дзень Твайго Нараджэння. Як тыя пастушкі 2000 гадоў таму, што прыбеглі да Цябе, кіруючыся святлом Бэтлеемскай зоркі. Нас жа паклікала да стаенкі зорка Твайго Евангелля. Верым, што Ты, Дзіцятка, народжаны з Дзевы Марыі і атулены клапатлівай дабрынёй святога Юзафа, чакаеш нас. Па настойлівым закліку Твайго прарока мы выпроствалі свае шляхі да Цябе. Мы зразумелі, што гэтаксама, як Ты прыйшоў тады ў Бэтлееме ў наш свет і прыняў чалавечае цела, так Ты гатовы заўсёды прыходзіць у нашыя душы, калі толькі мы знішчым усе перашкоды на гэтым шляху. Мы стараліся, Пане... І вось стаім перад Табою з сэрцамі, напоўненымі вялікай удзячнасцю, жаданнем праслаўляць Тваё святое Імя, з пакорным перапрашэннем за ўчыненае зло, з просьбай не пакідаць нас... Хрыстэ, Слова Спрадвечнае! Ты прыходзіш на зямлю і апраменьваеш яе радасцю. Напоўні нашыя сэрцы ласкай Тваіх наведзінаў. Езу Хрыстэ! Ты заўсёды выконваў волю Твайго нябеснага Айца. Учыні, каб у кожным доме нашай зямлі беларускай быў праслаўлены Бог. Праз Тваё уцелаўленне, нараджэнне і дзяцінства, праз усё Тваё жыццё, прысвечанае Айцу Нябеснаму, выбаў нас, Пане, ад усялякага зла. Езу! Ты клічаш усіх людзей з цемры да Твайго дзівоснага святла. Няхай жа, Пане, на Тваё святое імя сагнецца кожнае калена. Дапамажы нам стаць адважнымі сведкамі Твайго Евангелля. Наш Збавіцель! Ты праз сваё нараджэнне аб’явіў нам вернасць Бога. Учыні, каб мы верна выканалі свае абяцанні, дадзеныя ў часе нашага хросту. Валадару вякоў! Ты пражыў на зямлі чалавечае жыццё і раздзяліў з людзьмі іх нялёгкую долю. Адары нас, слабых і смяротных, радасцю вечнага жыцця. Пане, людзі чакалі Цябе цягам доўгіх вякоў. Ты не спадмануў іх чакання і прыйшоў да іх у поўні часоў. Аб’яві сваю прысутнасць тым, хто яшчэ не ведае Цябе. Умацуй, Пане, надзею хворых, убогіх, слабых. Прынясі палёгку тым, хто церпіць пераслед, умацуй у веры тых, што сумняваюцца, суцеш тых, што плачуць. Памятай, Пане, пра ўсіх вязняў і тых, што вымушаныя жыць удалечыні ад радзімы. Езу Хрыстэ! Калі Ты нарадзіўся, анёлы абвяшчалі свету Тваю хвалу. Учыні, каб і тыя, што жылі на нашай зямлі раней, і тыя, што жывуць цяпер, праслаўлялі Цябе навекі разам з усім шчаслівым нябесным войскам! ШКОЛА МАЛІТВЫ Калі агорне цёмная
ноч У малітоўным жыцці часта надыходзяць такія хвіліны, калі чалавек адчувае сваю вычарпанасць і няздольнасць наладзіць кантакт з Богам. Такі стан асабліва непакоіць тых, хто да таго меў добры досвед малітвы і адчуваў Божую прысутнасць. Людзі тады пачынаюць дрыжэць ад страху, думаюць, што Бог іх пакінуў. Бог жа, тым часам, дазваляе чалавеку зведаць смак малітвы, бо ягоная ранейшая малітва абапіралася больш на пачуццёвасць, чым на духоўнасць. Чалавек радаваўся, што ён адчуваў Бога, мог знайсці для Яго час і цешыўся кожным словам, прамоўленым ім да Езуса. Малітва, аднак, не можа трымацца толькі на гэткіх пачуццях, бо інакш ніколі не пранікне ў душу чалавека. У часе пераходу ад малітвы пачуццяў да духоўнай кантэмпляцыі Бога чалавека можа агарнуць цёмная ноч малітвы. У чым яе сэнс? У адчуванні, што ранейшая радасць пачынае страчваць смак. Душа тады мучаецца і адчувае разгубленасць. Чалавек працягвае маліцца, але гэта не прыносіць яму ранейшага задавальнення. Ён імкнецца яшчэ больш маліцца, але чым больш моліцца, тым менш адчувае Бога. Чытае адну за адной пабожныя літаніі, а яны не прыносяць суцяшэння. Гэта — знак для душы, што Бог хоча вывесці яе на дарогу кантэмпляцыі. Таму нельга шукаць тых самых спосабаў, што і раней, бо чалавек быў бы тады, як паляўнічы, які хапае звера і выпускае, каб зноў паляваць на яго. Але што рабіць, калі цябе агорне цёмная ноч малітвы? Вось некалькі важных парадаў. Цярпліва трывай і даверся Богу Калі цябе на малітве агорне цемра, павер Богу, што Ён прысутнічае ў гэтай цемры і прагне перанесці тваю душу на глыбейшы ўзровень веры. Цёмная ноч мае сэнс! Гэта не капрыз Бога для таго, каб цябе абцяжарыць. Гэта Яго ласка для таго, каб ты выплыў на глыбіню. Павер, Бог дзейнічае, нягледзячы на тое, што ты гэтага не адчуваеш. Дазволь Яму дзейнічаць, трываючы перад Ім насуперак сваёй чэрствасці і недахопу ранейшага досведу. Даверся Пану, бо гэта Ён вядзе цябе! Не шукай мудрага зместу, але трывай у спакоі Дарма тады імкнешся знайсці тэму для малітоўнай размовы. Бог ужо не хоча, каб ты рабіў у Яго прысутнасці нейкія мудрыя разважанні. Бог хоча, каб ты навучыўся трываць перад Ім, маючы Яго ў сэрцы і ў памяці, без словаў і высілкаў дзеля чалавечай мудрасці. Не думай тады, што ты губляеш час, бо мог бы прачытаць штосьці прыгожае пра Бога. Бог не жадае больш словаў, але хоча твайго сэрца. Перастань высільвацца, бо ўсе твае высілкі непакояць душу, а Бог прыходзіць туды, дзе ёсць спакой. Трывай у спакоі. Перастань маляваць сам сябе і дазволь маляваць Богу З дапамогаю цёмнай начы Пан Бог хоча змяніць твае стасункі з Ім. Дагэтуль ты маляваў Бога сваімі словамі і думкамі. Цяпер Бог хоча маляваць цябе. Дык стань для Яго пакорнай і цярплівай мадэллю. Мадэль, якая пазіруе мастаку, не можа нецярпліва рухацца, бо сапсуе аўтару ягоную працу. Спакойна і нерухома трывай на малітве, і ты створыш Богу ўмовы для таго, каб Ён маляваў прыгажосць тваёй душы. Няхай твая душа цяпер спакойна адпачывае. Тады ты перастанеш маляваць сам сябе, а Бог пачне ствараць з цябе прыгожы духоўны твор. Рубрыку вядзе |