Практычная дапамога ў малітве Словам

 

Уступ

Падчас кожнай святой Імшы ў літургіі Божага слова Касцёл прапануе нам Евангелле. Не заўсёды мы слухаем яго. Часам таму, што нас проста няма на Эўхарыстыі. А часам таму, што, нават калі і прысутнічаем на ёй, наша стомленасць, унутраны разлад ці недахоп засяроджання чыняць тое, што не чуем Евангелле, размінаемся з ім.


У гэты час Добрая Навіна з’яўляецца скарбам, які схаваны пад «раллёю» нашай штодзённасці. Калі яго адкрываем — становіцца святлом ля нашых ног, хлебам, які насычае нас, крынічнай вадою, якая наталяе смагу, светачам, які асвятляе шлях, жыццёвымі правіламі, якія вучаць распазнаваць і выбіраць паміж дабром і злом, паміж Божым і чалавечым мысленнем


Каб так адбылося, Евангелле павінна пастаянна сустракацца з нашым розумам і сэрцам. Асабліва з сэрцам! Евангелле можа дасягнуць яго, калі маем магчымасць затрымацца, слухаць, медытаваць і разважаць атрыманае Слова. Не аднойчы мы імкнёмся да гэтага, але ў нас не атрымліваецца. Шукаем дапамогі, гіда, які прывядзе нас да сэрца тэксту і дапаможа дапасаваць да яго ўласнае жыццё.


«Малітва Евангеллем кожны дзень» — гэта практычная дапамога ў малітве Словам. Прапаную ўступы да медытацый і разважанні Евангелля на перыяд Адвэнту. Заахвочваю да штодзённай малітвы Евангеллем з сённяшняга дня, якое чытаюць у Касцёле адпаведна календару чытанняў літургічнага года.

Форма ўступаў вельмі простая, мае характар «імпульсаў», «накіроўваючых пунктаў», якія робяць больш лёгкім паглыбленне ў Слова. Яны былі падрыхтаваныя такім чынам, каб быць даступнымі для усіх, хто хоча маліцца Евангеллем, незалежна ад ўзроўня біблійнай падрыхтоўкі. Аўтар свядома адмаўляецца ад славеснага аналізавання сэнсу тэксту, засяроджваючы ўвагу на здабыцці сэнсу духоўнага. Ён часта звяртаецца да ўяўлення чытача, каб той уключыў у малітву свае пачуцці і стаў не толькі назіральнікам, але таксама ўдзельнікам здарэнняў, апісаных у Евангеллі.


Мэта адна — адшукаць у евангельскім тэксце ключавыя пасланні, якія і будуць падставай для медытацыі Слова, а таксама жыцця ім у штодзённасці — як святочнай, так і звычайнай. Прапанаваныя ва ўступах заахвочванні, думкі і пытанні павінны дапамагчы зразумець Божае слова, услухацца ў яго і зведаць яго моц у штодзённым жыцці.


Гэта не лёгка — маліцца і жыць Словам так, каб медытацыя магла напоўніць увесь наш дзень, а не толькі час, вызначаны для яе. Найцяжэй захоўваць разважанае Слова ва ўмовах штодзённасці, перапоўненай працай, рознымі здарэннямі, здзіўленнямі і напружаннем.


Шлях малітвы Евангеллем на працягу дня


Вось пяць крокаў, з якіх складаецца шлях малітвы Евангеллем на працягу дня. Утвараюць яны духоўную дынаміку, якая будзе дапамагаць кантактаваць cа Словам на працягу ўсяго дня.

Таму «Малітва Евангеллем кожны дзень» прапануе дарогу «пяці крокаў», размеркаваных на цэлы дзень так, каб пачутае Слова распачынала і завяршала пражыты дзень, а таксама пранікала і асвячала падзеі, сустрэчы, якімі напоўнена наша штодзённасць.


Прапанаваная дарога павінна дапамагчы добра выконваць нашы абавязкі і адначасова трываць у цеснай сувязі са Словам так, каб нашы намеры, рашэнні і ўчынкі мы чэрпалі з крыніцаў Евангелля.

                              
Першы крок: аб чым прашу (выражэнне духоўнага жадання)


Вельмі часта нам цяжка засяродзіцца, каб з увагай паслухаць Божае слова падчас Эўхарыстыі. У нас шмат напружання і рассеяных думак. Мы вельмі засяроджаныя на саміх сабе. Цяжка нам тады пачуць Слова, якое скіроўвае да нас Бог. Толькі тады, калі чуем Слова ўсім сваім целам: розумам, сэрцам і воляй, зможа яно абудзіць у нас унутраныя памкненні і жаданні. Першы крок на шляху малітвы Евангеллем — заахвочванне падрыхтавацца да таго, каб слухаць Слова


У гэтым можа дапамагчы практыка чытання Евангелля вечарам, перад новым днём, у атмасферы цішыні і ўнутранай вольнасці ад заняткаў і паспешлівасці


Падрыхтоўка павінна заключацца ва ўважлівым чытанні Евангелля, каб насыціць яго зместам свой розум, свае пачуцці і волю. Важна, каб пасля духоўнага насычэння зместам Евангелля акрэсліць сабе канкрэтную просьбу аб плёне медытацыі над Евангеллем. «Прасіць Бога, Пана нашага, аб тым, чаго хачу і прагну» (св. Ігнацый Лаёла)


Аўтар прапануе канкрэтную просьбу — духоўнае жаданне. Гаворка ідзе пра тое, каб просьба, узнікшая вечарам, суправаджала нас увесь наступны дзень. Добра, калі акрэсліш духоўнае жаданне непасрэдна перад сном, а таксама раніцай — адразу, як прачнешся. Усё гэта, што змешчана ў першым кроку, павінна нам дапамагчы адкрыцца на Евангелле — перад тым, як заснём і распачнём новы дзень, — так, каб Божае слова запоўніла нашае сэрца і пасялілася сярод таго, чым мы жывём і што запаўняе нашыя думкі..

                              Другі крок: уступ да працяглай малітвы і асабістая медытацыя


Для таго, каб Слова жыло ў нас і стала святлом, якое асвятляе сцяжынкі дня, не дастаткова толькі выслухаць Евангелле і абудзіць у сабе жаданне жыць яго зместам. Слова трэба палюбіць і з любоўю захоўваць у сваім сэрцы. Гэта не магчыма без нашага шчырага адказу, бо Слова, пачутае ў нядзелю, нават пры найлепшых інтэнцыях, можа страціць яснасць. Яго згасяць дзённыя клопаты ці штодзённыя абавязкі.

Духоўныя жаданні, якія былі абуджаны Словам, павінны выхоўвацца асабістай і працяглай малітвай. Патрэбна ўвага, якая можа распаліць у нас толькі асабістая малітва. Таму прапануецца вярнуцца да Евангелля праз асабістую працяглую малітву. У якасці дапамогі мы прапануем пункты для медытацыі над Евангеллем. Важна, каб вярнуцца да зместу Евангелля і вызначыць не менш за 30 хвілін на асабістую медытацыю.

Яшчэ большы плён для таго, хто моліцца, дало б вяртанне на працягу дня да той самай медытацыі. Пажадана хоць хвіліну «смакаваць» яе плёны, яшчэ глыбей трываць у змесце, які падчас медытацыі найбольш усхваляваў наш розум, сэрца і волю.


Трэці крок: захоўванне і разважанне Слова,

якое найбольш узрушыла мяне падчас медытацыі


Падчас малітвы трэба дазволіць Слову дакрануцца і ўзрушыць глыбіню нашага нутра. Шчырае адкрыццё на дзеянне Слова дазволіць выявіцца найбольш утоеным памкненням нашага сэрца. Слова дапаможа нам адкрыць спосаб мыслення і ацэньвання, нашыя звычкі і інтэнцыі, якімі кіруемся пры прыняцці рашэнняў. Таму трэба свядома затрымацца над Словам, якім Бог найбольш моцна ўзрушыў нашае сэрца, захаваць яго і разважаць у сваім нутры. Пры захоўванні і разважанні Слова належыць звярнуць увагу на пазітыўныя і негатыўныя памкненні, якія бываюць вельмі балючымі і часта будуюць у нас жаданне ўцячы ад іх.

Трэба старацца перамагчы цяжкасці, назваць памкненні і гучна выказаць іх перад Богам. Гаворка ідзе пра тое, каб погляд на жыццё ў святле Слова быў вельмі канкрэтным, каб дайшоў да здарэнняў, паставаў і напружанняў, з якіх складаецца штодзённае жыццё (св. Аўгустын)


Гэта дапаможа выйсці па-за ўласны абмежаваны погляд на сябе і свае справы так, каб кожныя нашыя думкі, пачуцці, жэсты і планы былі ўкаранёныя і знаходзілі натхненне ў Слове, захаваным у сэрцы. Усё дзеля таго, каб штодзённасць была ўзбагачана і ачышчана Словам, якое збаўляе, пранікае нашае нутро і адкрывае нас на выкананне Божай волі


Вялікай дапамогай у захоўванні Слова ў сэрцы можа быць практыка запісу ўрыўкаў Святога Пісання ва ўласны духоўны дзённік. Дастатковым будзе кароткі запіс таго, што найбольш узрушыла нас і выявіла асабістыя намеры нашага сэрца. Такім чынам глыбока перажытае і запісанае Слова стане натхненнем на працягу дня. Будзе дапамагаць у перажыванні і ацэнванні штодзённасці.


Вопыт і рашэнні, якія нараджаюцца пад уплывам разважанага Слова, трэба замяняць на «раптоўна выражаную малітву сэрца». Гаворка ідзе пра кароткую малітоўную формулу (напрыклад: «Пане, насычай мяне сваёй любоўю»), якую можна прамаўляць у цішыні або ўголас ці нават толькі ў думках. Важна тое, каб прамаўляць яе не спяшаючыся, з усведамленнем прысутнасці Бога. Малітва сэрца, якая вымаўляецца трывала і з любоўю ў розныя хвіліны дня, учыніць так, што наш адказ на Божае слова стане жывым і ўмацуецца ў знешніх праявах.

Дзякуючы запісам духоўнага дзённіка гэты адказ прыме форму асабістага «малітоўніка», які ўзнік пад уплывам сустрэчаў са Словам, да якога можна вяртацца ў залежнасці ад унутраных патрэбаў.

                                              
Чацвёрты крок: вячэрні час перад Богам


Асабліва важны момант дня — вечаровы час перад Богам. Менавіта вечарам, калі дзень паволі падыходзіць да канца, з перспектывы мінулага часу можна ўбачыць, як праяўляецца моц Слова і як выконвалася Яно ў нашым асабістым жыцці. Толькі вечарам Слова, якое распачынала наш дзень, паказваецца ясна і зразумела, бо жыве і дзейнічае ў канкрэтных падзеях жыцця людзей (А. Цэнціні). Вечаровы час перад Богам належыць грунтаваць на 4-х пунктах асабістай малітвы:

·        у сардэчным дыялогу расказаць Пану аб хвілінах, у якіх спазнаў Яго асаблівую любоў;

·        гледзячы на свае пачуцці, думкі, жаданні і пераходзячы ад здарэння да здарэння дня, паглядзець, як адказваў я на Слова;

·        выказаць Богу сваю ўдзячнасць, распазнаць і перапрасіць Яго за выбар і ўчынкі, у якіх не адказваў на Яго Слова;

·        паўтарыць малітву сэрца, якая была плёнам ранішняй медытацыі.

 

                                              Пяты крок: дзяленне Божым словам


Пяты крок можна рэалізаваць у залежнасці ад магчымасцяў, якія прыносіць дзень. Аднак гэты крок варта падкрэсліць. Прапанаваная малітва Евангеллем з аднаго боку заахвочвае да індывідуальнага духоўнага намагання ў разуменні Слова штодня, з другога — можа быць дапамогай ў сустрэчы з іншымі асобамі і дзяленнем Словам, напрыклад, у канцы тыдня. Такая сустрэча са Словам, у супольнасці, можа мець выключнае значэнне. Пасля асабістага адкрыцця на Слова, пасля працяглай малітвы ў святле Слова, сустрэча ў групе можа нарадзіць асаблівыя плёны для яе ўдзельнікаў.


Асобы, якія зведалі вопыт сустрэчаў са Словам у штодзённасці, выхоўвалі і развівалі яго ў сабе, могуць стаць для сябе сапраўднымі сведкамі евангельскіх падзеяў. Практыку дзялення Словам можна перажыць таксама ў таварыстве другой асобы. (...) Вялікай духоўнай карысцю, а нават абавязковай практыкай з’яўляецца дзяленне плёнамі малітвы з уласным духоўным кіраўніком, паводле супольна вызначаных сустрэч. Духоўнае таварыства дапамагае нам зрабіць аб’ектыўнай нашую малітву Словам, распазнаваць Божыя натхненні і прымаць рашэнні, якія будуць адпавядаць Яго волі.

* **

Адзін старажытны манах, які ўпадабаў практыку lectio divina, заахвочвае нас: «Затрымай тое, што ўжо маеш у руцэ, трымай і часта дакранайся — доўга і з любоўю — да Слова Жыцця: чытай і ізноў чытай Кнігу Жыцця, якую чытае Езус і якая сама з’яўляецца Езусам. Накіруйся да яе... Надай сабе аблічча твайго Жаніха, Пана нашага Езуса Хрыста... Яго Слова — агонь... Адпачывай падчас гэтага занятку». Няхай нашыя сустрэчы са Словам Бога заўсёды суправаджае клімат увагі і любові. Няхай Евангелле надасць сапраўдны смак нашай штодзённасці.

Айцец Крыштаф Вонс SDS

 

 

 

 

Hosted by uCoz