ШКОЛА МАЛІТВЫ

 

Бог гаворыць праз Евангелле

Паводле парадаў Мішэля К’юіста

 

     Часам здаецца, што твая малітва — гэта размова з самім сабой. Сам звяртаешся да сябе і сам сабе адказваеш, і ніколі не ўпэўнены, ці гэта словы Божыя, ці твае ўласныя. Бог, безумоўна, мае свае шляхі і можа ўчыніць так, што будзе гаварыць з табой вельмі асабіста і выразна, але зазвычай ты маеш сумнівы ў распазнаванні аўтара твайго ўнутранага голасу і натхнення. Калі ты хочаш мець упэўненасць, што пачутае табой паходзіць ад Бога, маліся простымі словамі Бібліі. Касцёл перакананы ў тым, што Бог пакінуў яму і сваё Цела, і сваё Слова. Езус у Эўхарыстыі жыве, а ў Евангеллі гаворыць. Значыць, трэба наблізіцца да Евангелля гэтак жа, як да Эўхарыстыі; можаш пастаянна яднацца са Словам, яно ніколі не вычарпаецца, «бо жывое слова Божае» (пар. Габр 4,12). Таму малітва хрысціяніна павінна найперш быць малітвай евангельскай.

Задумайся над тым, колькі ў тваёй асабістай малітве праўдзівага евангельскага слова Бога. Параўнай прапорцыі паміж уласнай гаварыльняй на малітве і слуханнем Божага слова. Калі толькі ты сам гаворыш, а не слухаеш Божага слова, то твая малітва — сапраўдная адарацыя самога сябе. Таму вучыся маліцца з Бібліяй у руках і на першым этапе біблійнай малітвы памятай пра два важныя правілы.

 

Найперш  проста  рэгулярна  чытай

 

     Калі ты скардзішся на маўчанне Бога, то гэта таму, што не ўслухоўваешся ў Евангелле. У Евангеллі Бог размаўляе з табой. Для закаханага чалавека шчасце даваць каханай пазнаць яго. Гэтаксама і Бог, які любіць чалавека бязмежнай любоўю, дае яму пазнаць сябе праз Святое Пісанне. Ці рэгулярна і ці ўважліва ты слухаеш голас Езуса? Ці можаш сабе ўявіць, што ты пакінуў бы чытанне ліста ад блізкага чалавека на «потым»? Дык чаму тады трымаеш у шафе альбо на паліцы Евангелле і не адкрываеш яго, калі молішся? У цябе ёсць ліст ад Сына Божага! Падчас кожнай малітвы падумай, што табе сказаў сёння Хрыстус. Чытай Біблію рэгулярна. Калі рэгулярна чытаеш нейкую газету, табе абавязкова становіцца блізкай яе пазіцыя.

 

Потым  падключыся  да  лініі

 

     Навошта падымаць тэлефонную трубку, калі тэлефон не падключаны да лініі? Навошта разгортваць Евангелле, калі найперш не памолішся, каб праз веру падключыцца да Божай лініі. Хрыстус гаворыць не гэткай самай мовай, як і ты, таму табе часам цяжка Яго зразумець. Ты гаворыш пра эфектыўнасць, а Ён гаворыць пра крыж; ты кажаш пра багацце, Ён кажа, практыкуючы ўбоства. Згадзіся адвярнуцца ад свайго спосабу бачання і падключыся да Божай лініі. He сустрэнеш і не зразумееш Пана, калі папярэдне не папросіш Айца, каб вёў цябе, а Духа Святога, каб тлумачыў табе.

 

                                                                                 Падрыхтавала Ірына Жарнасек

Ave Maria № 9 (161) 2008

 

ШКОЛА МАЛІТВЫ

 

Маліцца і любіць

Паводле катэхезы святога Яна Марыі Віяннэя

 

Благаслаўлёным абавязкам і заданнем чалавека

з'яўляюцца малітва і любоў. Маліцца і любіць — вось

у чым шчасце чалавека на зямлі.

 

Цяжка зразумець

 

     Калі чалавек мае чыстае, з'яднанае з Богам сэрца, яго напаўняюць шчасце і радасць, якія яго нібы асвятляюць. У гэтым цесным яднанні Бог і чалавечая душа — нібы адначасова растопленыя кавалкі воску, якія ўжо ніхто не зможа раздзяліць. Гэтае яднанне Бога з бедным стварэннем немагчыма ні з чым параўнаць, немагчыма і зразумець.

 

Без нашых заслугаў

 

     Мы не заслугоўваем дару малітвы. Але добры Бог дазволіў, каб мы з ім размаўлялі. Чалавечае сэрца малое, але малітва пашырае яго і робіць здольным любіць Бога. У хвіліны шчырае малітвы тое, што нас прыгнятае, знікае, нібы снег ад  гарачага сонца. Ёсць такія людзі, якія здольныя, нібы рыбы ў хвалях, цалкам патануць у малітве. Адбываецца гэта з імі таму, што яны ўсім сэрцам адданыя Богу. У іх сэрцы няма раздваення. Святы Францішак з Асізі і святая Калета бачылі нашага Пана і размаўлялі з Ім так, як мы размаўляем паміж сабой.

 

Пакланіцца Яму

 

     А як жа часта людзі прыходзяць у касцёл і не ведаюць, чаго яны туды ідуць. Яны яшчэ і не вырашылі нават, што ім папрасіць у Пана! Але ж калі мы ідзем да кагосьці, то заўсёды добра ведаем, чаго ідзем. Чаму ж тады мы так лёгка ставімся да нашай сустрэчы з самім Богам?! Ды зусім не абавязкова іншы раз і прасіць, трэба толькі ведаць, што ідзем да Яго, бо не можам не ісці. Таму, калі мы ідзем у касцёл, каб пакланіцца Пану ўсім сэрцам і душою проста з той прычыны, што моцна любім Яго, мы атрымаем усё, чаго прагнем. Калі толькі папросім з жывой верай і чыстым сэрцам.

 

Падрыхтавала Ірына Жарнасек

Ave Maria № 10 (163) 2008

 

Hosted by uCoz