ШКОЛА  МАЛІТВЫ

Чытаючы Біблію

Паводле парадаў Энца Б’янкі з «Малітоўнага чытання Св. Пісання: Малітва Слову»

 Святое Пісанне — гэта зварот Бога да чалавека, заклік асабіста пазнаваць Бога, з’яднацца з Хрыстом і жыць для Яго, а не для сябе.

Пісанне перадае нам слова Божае, таму яго трэба пазнаваць з дапамогаю Духа Святога, прыступаць да яго і чытаць яго ў веры, як Слова, што ідзе ад Бога і вядзе да Бога.

 Прасі Духа Святога

Першае і асноўнае, што павінен зрабіць кожны вернік, які прыступае да малітоўнага чытання, — прасіць, каб Дух Божы асвяціў яго для таго, каб была магчымаю сустрэча з Панам. Гільём з Сен-Цьеры павучаў: «Пісанне патрабуе, каб яго чыталі ў тым жа Духу, у якім яно было напісана». Малітоўны характар Бібліі азначае, што чытанне здзяйсняецца ўдваіх — чалавекам і Духам. Але для гэтага патрэбна яшчэ і вялікая пакора, якая дапаможа нам забыць пра саміх сябе.

 Забудзь пра сябе

Вядома, патрэбна намаганне, каб адысці ад засяроджанасці на сваіх уласных думках, пастарацца адкінуць усялякі эгацэнтрызм і глядзець толькі на Бога, шукаць толькі Яго аднаго. «Да Цябе, Пане, узношу душу маю», — усклікае псальміст, а мы, сучасныя вернікі, на Літургіі: «Угору сэрцы!» Святы Аўгустын пісаў пра гэта: «Сэрца ўзносіцца не так, як цела: целам каб падняцца, трэба перамяніць месца; сэрцу ж дастаткова перамяніць волю».

 Будзь уважлівым слухачом

Уважлівым трэба быць не толькі да паведамлення, але і да Таго, Хто яго абвяшчае (Марыя Магдалена была настолькі ўважлівай да Садоўніка, да таго, як Ён паклікаў яе па імені, што сумела распазнаць прысутнасць Пана і ўбачыць Езуса — гл. Ян 20, 15–16). У таямнічым дыялогу з Богам ад нас найперш патрабуецца быць уважлівымі слухачамі. Толькі тады паміж вернікам і Словам узнікне глыбокая і таямнічая сувязь.

Не павінна быць ніякай рассеянасці пры слуханні Слова, бо «хто няўважліва слухае, — папярэджваў Цэзары Арэлацкі, — той будзе вінаваты гэтак жа, як і той, хто па нядбайнасці выпусціў бы з рук на зямлю Цела Пана».

Калі мы просім Духа, калі падрыхтоўваем сябе для Яго, то, несумненна, нам будзе дадзена святло, неабходнае для чытання.

Падрыхтавала
Ірына Жарнасек

 

Hosted by uCoz