АСНОЎНЫЯ МАЛІТВЫ НАБАЖЭНСТВА ПЕРШЫХ СУБОТАЎ МЕСЯЦА Ружанец перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі О Марыя, праз набажэнствы першых суботаў месяца прагну перапрасіць за пяць відаў знявагаў і абразаў Твайго Беззаганнага Сэрца. Прымі гэтае маё перапрашэнне за блюзнерствы, скіраваныя супраць Твайго Беззаганнага Зачацця, Твайго Дзявоцтва і Твайго Божага Мацярынства. Ахвяруючы Табе гэтае маё перапрашэнне, прашу прабачэння для тых, хто не прызнае Цябе за Маці ўсяго чалавецтва і хто сее ў сэрцах дзяцей абыякавасць, пагарду і нават нянавісць да Цябе. Урэшце прагну перапрасіць за знявагі, прычыненыя Табе тымі, хто апаганьвае Твае святыя выявы. Жадаючы суцешыць Тваё Беззаганнае Сэрца і дасягнуць спаўнення маіх просьбаў, прагну цяпер згаварыць гэты святы Ружанец. Адгаворваецца 5 таямніцаў, як пры звычайнай малітве на ружанцы. У чарговых дзесятках ружанца пасля кожнай малітвы Вітай, Марыя чытаецца просьба: 1. Захавай і памнож у нас веру ў
Тваё Беззаганнае Зачацце. Малітва на заканчэнне Каралева Ружанца святога, наша Фацімская Пані! Дзякую Табе за дапамогу, якую Ты мне аказала. Тваё Фацімскае пасланне – гэта праява Мацярынскай любові. Ты прагнеш усіх уратаваць і кожнага хочаш правесці на Неба. Хвала і праслаўленне Айцу і Сыну, і Духу Святому за гэтую поўную велічы Каралеву Неба, за Яе Фацімскае пасланне і за выслухоўванне нашых просьбаў. Амэн.
Сёння звяртаюся да Цябе, о мая Маці Нябесная, каб ахвяраваць Табе перапрашэнне за ўсе знявагі, учыненыя Твайму Беззаганнаму Сэрцу. Так шмат людзей, абыякавых да Цябе, халодных, няўдзячных і нават адкрыта варожых. Так шмат людзей супраціўляецца прывілеям, якія дае Табе Бог. Многія абражаюць і зневажаюць Цябе, засмучаючы Цябе і Твайго Боскага Сына сваім грэшным жыццём. Гэтае ігнараванне і несправядлівасць напаўняюць Тваё Сэрца горыччу і раняць Яго, як вострыя церні. О, калі б, аддаючы Табе пашану і выказваючы яшчэ большую любоў, я мог выправіць усё тое, што Табе калі-небудзь прычынілі і пастаянна прычыняюць праявы неразумнасці, абыякавасці і злосці! Але пры сваёй абмежаванасці і слабасці, выкарыстоўваючы толькі ўласныя магчымасці, я не здольны гэта ўчыніць, але ўсё змагу праз Твайго Боскага Сына. Паглядзі, вось я ў святой Камуніі прыняў у сваё сэрца Адзінароднага Сына Спрадвечнага Айца, Сына, народжанага з Твайго ўласнага ўлоння! Пасяліўся Ён ува мне і ўсяго сябе мне аддаў. Цяпер я ахвярую Яго Твайму зраненаму Сэрцу, каб суцешыць і ашчаслівіць Яго. Гэты струмень любові, які выліваецца з Яго Боскага Сэрца, няхай разліецца ў Тваім Сэрцы. Няхай усю Цябе напоўніць і ўзрадуе, дазваляючы забыць пра ўсю тую несправядлівасць, якую Табе ўчынілі людзі. Няхай гэтае Боскае Сэрца стане для Цябе перапрашэннем, пашанаю, адданасцю і невычэрпнаю крыніцаю суцяшэння. Да гэтай глыбокай пашаны далучаю свае поўныя даверу просьбы. Так, як калісьці было Табе даверана зямное жыццё Хрыста, так цяпер разлі з Неба апеку над Яго Містычным Целам – святым Касцёлам. Выпрасі для ўсяго чалавецтва гэтыя чатыры вялікія ласкі, на якія разлічваў Святы Айцец Ян Павел II, абапіраючыся на набажэнства да Твайго Беззаганнага Сэрца, а менавіта: ласку міру паміж народамі, свабоды Касцёла, навяртання грэшнікаў і новага росквіту хрысціянскіх дабрадзейнасцяў, асабліва беззаганнасці звычаяў. О Беззаганнае Сэрца, нястомна складай у ахвяры Святой Тройцы гэтае Найсвяцейшае Цела і Кроў Твайго Сына Езуса Хрыста за збаўленне свету, каб быў суцішаны Божы гнеў і каб было здзейснена перапрашэнне за ўсе грахі ўсяго чалавецтва. Амэн. Малітва Анёла з Фацімы Праслаўленнe Бога О Божа мой, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе, давяраю Табе і люблю Цябе. Прашу ў Цябе прабачэння для тых, хто не верыць у Цябе, не праслаўляе Цябе, не давярае Табе і не любіць Цябе. Малітва Анёла з Фацімы да Найсвяцейшай Тройцы О Найсвяцейшая Тройца, Айцец, Сын і Дух Святы. З глыбокаю пакораю хвалу Табе аддаю і ахвярую Табе Найсвяцейшае Цела і Кроў, Душу і Боскасць Пана нашага, Езуса Хрыста, прысутнага на ўсіх алтарах свету, як перапрашэнне за знявагі, святатацтва і абыякавасць, якімі Яго абражаюць. Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі прашу ў Цябе ласкі навяртання бедных грэшнікаў. Малітва Анёла з Фацімы (перапрашaльнaя) О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая Міласэрнасць. (Чытаецца пасля кожнай таямніцы.) Ave Maria\№5(133) 2006 |