Ружанец Ружанец (на лаціне rosarium – ружавы кветнік) – пэўны спосаб малітвы, паслядоўнасць якой адлічваецца, нібы па пялёстках ружы, што разгортваецца ярусамі па пяць малітваў у кожным. Мы накшталт вянка з ружаў пляцём вянок з малітваў, каб прынесці яго Божай Маці. Малітва гэта спалучаная з роздумам пра падзеі з жыцця Езуса і Панны Марыі, што ўтвараюць чатыры часткі Ружанца – радасныя таямніцы,балесныя таямніцы, таямніцы святла і хвалебныя. Сам спосаб малітвы прыйшоў з хрысціянскага Усходу, дзе з'явіўся прыкладна ў ІІІ ст. Кожная асобная малітва (паклон) адзначалася вузельчыкам на вяроўцы. Праз пяць стагоддзяў ён прыйшоў на Захад, дзе атрымаў лацінскую назву Pater noster (ад першых словаў малітвы Ойча наш..., адсюль і беларускія «пацеркі»). Сучасная форма Ружанца ўсталявалася ў 1470-х гадах праз дамініканцаў Алана Рупскага і Якуба Шпрэнгера і была ўпершыню надрукаваная ў 1481 г. У 1520 г. яна была асвечаная папам Львом Х і названая Ружанцам Найсвяцейшай Панны Марыі. Актуальнасць ружанцовай малітвы для нашага часу падкрэсліў Папа Ян Павел ІІ. У 2002 г. Святы Айцец выдаў апостальскі ліст Rosarium Virginis Mariae, у якім Святы Айцец запрасіў нанова адкрыць Ружанец і дапоўніў яго новаю часткаю – таямніцамі святла, звязанымі з публічнаю дзейнасцю Хрыста. Ружанец – «вянок ружаў» – нібы з найлепшых кветак сплецены з найдаражэйшых малітваў: Ойча наш..., якой навучыў нас сам Пан Езус, і Вітай, Марыя..., якою віталі Марыю Божы пасланец Арханёл Габрыэль і святая Альжбета, маці Яна Хрысціцеля. Ружанец - гэта падвойная малітва: малітва сэрца і розуму, малітва разважання і адначасова вусная малітва. Яе сутнасцю з‘яўляецца разважанне над 20-цю падзеямі з жыцця Езуса і Марыі, якія мы называем «таямніцамі». 20 таямніцаў ружанца падзелены на чатыры часткі: радасную, святла, балесную і хвалебную. Звычайна вернікі адгаворваюць адну частку ў дзень у наступным парадку: Радасныя
таямнiцы - у
панядзелак i суботу; Спосаб малiтвы на ружанцы
О, Марыя, без граху першароднага зачатая, малiся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае.
Радасныя
таямніцы Бог выбраў Марыю на Маці Збавіцеля. Богу падабаліся Яе пакора і прастата. Яна была гатовая выканаць волю Нябеснага Айца. Марыя гаворыць: «Вось я, слуга Пана Бога, няхай жа мне станецца паводле Твайго слова». Пасля гэтых слоў адбываецца цуд: Уцелаўленне Божага Слова моцай Святога Духа. Божая воля павінна быць асноўным прынцыпам майго жыцця. Мне трэба накіраваць усе мае сілы на яе выкананне, таксама і тады, калі мне гэта будзе цяжка. Я хачу, як Марыя, заўсёды адказваць Богу: «Так!». Ойча
наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая...
О, мой Езу... Калі Марыя стала Маці Збавіцеля, яна неадкладна накіравалася да сваёй сваячніцы Альжбеты і дапамагала ёй у штодзённай працы. У сваёй паслузе Марыя прыносіць Божае благаславенне. Знакам праўдзівага Божага духа з‘яўляецца шчыры і радасны клопат пра іншых. Праз бескарыслівую дапамогу бліжнім я таксама буду імкнуцца трываць у справе збаўлення. Ойча
наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая...
О, мой Езу... У Бэтлеемскім гроце прыходзіць на свет Збавіцель. Ні ў адным доме не знайшлося месца для Святой Сям‘і. Пан прыходзіць да сваёй уласнасці, але людзі не прымаюць Яго. Марыя і Юзаф зносяць усё без нараканняў і скаргаў. Яны ахвяруюць Богу свае цярпенні: стамляльную дарогу, убоства, непрызнанне, пакінутасць і абыякавасць да сябе з боку іншых. Тут, у Бэтлееме, Святая Сям'я вучыць мяне ахвярнасці. Я буду цярпліва зносіць розныя нястачы і памятаць пра тое, што «багатаму цяжка ўвайсці ў Божае Валадарства». Ойча
наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая...
О, мой Езу... Марыя, заўсёды гатовая да ахвяры, простая і паслухмяная, ахвяруе Збавіцеля ў святыні. Яе жыццё цалкам накіраванае да Бога; у ёй няма ніякай палавінчатасці і ашчадлівасці ў адносінах да Яго. Багародзіца вучыць мяне быць верным Богу нават тады, калі паслухмянасць яго наказам патрабуе ад мяне вялікай самаахвярнасці. Я буду пазбягаць ўсялякай упартасці, пярэчанняў і слоў, нязгодных з Божай воляй. Ойча
наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая...
О, мой Езу... Як жа трывожылася Марыя, шукаючы свайго Сына! Тое, што Езус застаўся ў святыні, прычыніла Ёй вялікае цярпенне. Знайшла Яго з вялікай радасцю. І я магу, учыніўшы грэх, страціць Езуса. Тады я павінен шукаць Яго ў Касцёле, слухаць Ягоныя словы, узмоцнена маліцца і ў сакрамэнце Пакаяння зноў паяднацца з Ім. Няхай памяць пра гэтую таямніцу аберагае мяне ад духоўнай ляноты і смяротнага граху. Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...
Балесныя таямніцы 1. Малiтва Езуса Ў Гэтсэманi «Будучы ў смяротным змаганні, Езус даўжэй маліўся; і стаўся пот Ягоны як каплі крыві, збягаючай на зямлю» (Лк 22, 44). Езус, упаўшы на калені, моліцца, а перад Ім - грахі ўсіх людзей: няўдзячнасць, нявернасць, здрады... Усе гэтыя грахі, а ў тым ліку і мае, Езус бярэ на сябе. У тую страшную ноч усе Яго пакінулі. Але Марыя моліцца разам са сваім Сынам. Яна адзіная, вольная ад усялякага граху, няспынна будзе дапамагаць і мне, каб я, успаможаны ласкай Хрыста, перамагаў грэх. Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу... 2. Бiчаванне Езуса «Тады Пілат узяў Езуса і загадаў бічаваць Яго» (Мк 15, 6). Езус зносіць жахлівыя цярпенні падчас бічавання. Жаўнеры не маюць літасці і бічамі разрываюць Найсвяцейшае цела Збавіцеля. Ён пакутуе за грахі людской пажадлівасці і распусты. Хрыстус, Божы Сын, народжаны з Найсвяцейшай Дзевы Марыі, дазваляе знявечыць Сваё нявіннае цела. Прашу ў Цябе, Езусе, праз малітвы Тваёй Маці, Беззаганнай Панны, чысціні цела і душы для мяне, нашых сем‘яў, дзяцей і моладзі. Езусе, захавай нас ад згоршванняў, дай ласку перамогі ў змаганні за захаванне цнатлівасці. Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу... 3. Укаранаванне цернем «Жаўнеры, сплёўшы вянок з церняў, узлажылі Езусу на галаву і апранулі Яго ў чырвонае адзенне. І падыходзілі да Яго і казалі: Будзь прывітаны, Кароль Жыдоўскі. І білі Яго па шчоках» (Ян19, 2). Пан Езус прымае ўсё гэта, каб сваёй пакорай адплаціць Богу за нашыя пыху і самаўзвышэнне. Ён з‘яўляецца праўдзівым Валадаром неба і зямлі, з‘яўляецца таксама Каралём майго сэрца, таму Яму належыць усялякая пашана і хвала. Эгаізм і пыху немагчыма прымірыць з Валадарствам Хрыста. Праз заступніцтва Марыі, Тваёй маці, прашу Цябе, Езусе, дай мне ласку пакоры і паслухмянасці, а таксама ласку самаадрачэння і панавання над маімі пачуццямі. Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу... 4. Крыжовы шлях «Несучы крыж для сябе, Езус выйшаў на тое месца, якое завецца Кальварыя, а па-жыдоўску Галгота» (Ян 19, 17). З любові да людзей Езус бярэ крыж на плечы і нясе яго на месца, прызначанае для ўкрыжавання. Дарогай Ён некалькі разоў падае і падымаецца. Марыя, напоўненая мацярынскай любоўю, ідзе за Сынам і церпіць разам з Ім. Калі мяне спасцігнуць цярпенні і горыч сэрца, я таксама павінен ціха ісці сваім крыжовым шляхам і несці следам за Збавіцелам свой крыж. Я не маю права заламацца, але павінен адважна, як і Марыя, наследаваць Хрыста. Калі я ўпаду, Езусе, дапамажы мне падняцца! Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу... 5. Укрыжаванне і смерць Езуса «Езус усклікнуў моцным гoлaсaм: Oйчa, у рукi Твaе aддaю дух мой. І пасля гэтых слоў скaнaў» (Лк 23, 46). На Галгоце Езус склаў у ахвяру за нас Сваё жыццё. Надышла хвіліна нашага адкуплення. Марыя, з‘яднаная са сваім Сынам, стала Суадкупіцельніцай людзей. Тут, пад крыжом, я дзякую Табе, Збавіцель, за Тваю любоў. Я буду старацца захаваць удзячнасць і любоў да святароў, бацькоў, выхавацеляў, якія супрацоўнічаюць з Табой, каб чын збаўлення прыносіў плён. Павяраю Табе, Езусе, таксама ўсіх паміраючых. Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу...
Таямніцы Святла 1. Хрост Пана Езуса ў рацэ Ярдан «І сталася, у тыя дні прыйшоў Езус з Назарэта Галілейскага і быў ахрышчаны Янам у Ярдане. (...) І стаўся голас з неба: Ты ёсць Сын мой умілаваны, Цябе Я ўспадабаў» (Мк 1,9.11) Сваю месіянскую дзейнасць Езус Хрыстус пачынае з хросту ў водах Ярдана. Ужо тут Ён бярэ на свае плечы цяжар людскога граху і будзе несці яго праз крыжовую муку аж да смерці. Ужо тут Ён пачынае споведзь з грахоў усяго чалавецтва так, быццам гэта Яго ўласныя грахі. Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу... 2. Езус аб”яўляе сябе на вяселлі ў Кане «Сказаў Езус: Напоўніце збаны вадою. І напоўнілі аж да верху. І сказаў ім Езус: Чэрпайце цяпер і занясіце маршалку. Гэты пачатак цудаў учыніў Езус у Кане Галілейскай і аб”явіў сваю славу; і ўверылі ў яго вучні ягоныя» (Ян2,7.8а.11). Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу... 3. Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання «Пасля таго, як быў выданы Ян, прыйшоў Езус у Галілею, прапаведуючы Евангелле Божае. І казаў: Час настаў і наблізілася Валадарства Божае, кайцеся і верце ў Евангелле» (Мк1,14-15) Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу... 4. Перамяненне Пана на гары Табор «Езус узяў Пятра, Якуба і Яна, брата ягонага, і завёў іх асобна на высокую гару. І перамяніўся перад імі: і заяснеў воблік ягоны як сонца, а адзенне яго зрабілася белае як снег» (Мц 17,1-2) Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу... 5. Устанаўленне Эўхарыстыі «А калі яны вячэралі, Езус узяў хлеб, благаславіў, ламаў і даў вучням сваім, кажучы: Бярыце і ешце, гэта Цела маё. І ўзяўшы келіх, учыніў падзяку і даў ім, кажучы: Піце з яго ўсе: гэта ёсць Кроў мая новага запавету» (Мц 26,26-28а). Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу... Хвалебныя таямніцы 1. Змёртвыхпаўстанне Хрыста «Няма Яго тут, бо ўваскрос, як сказаў» (Лк24, 6). Перад намі Уваскрэслы Хрыстус, Пан жыцця і смерці. Яго Змёртвыхпаўстанне выявіла Ягоную Боскасць, паставіла пячатку пад нашым адкупленнем і ўзмоцніла нашую веру. Марыя, якая на Галгоце не пахіснулася ў веры, бачыць Змёртвыхпаўстанне Хрыста. Яна праз выпрабаванні майго жыцця давядзе і мяне да свайго ўслаўленага Сына. Аднак я не павінен хістацца ў веры, я не маю права паўтараць ранейшыя грахі. Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу... 2. Унебаўшэсце Езуса Хрыста «Калі Езус благаславіў Апосталаў, адышоў ад іх і ўзняўся ў неба. Яны ж, пакланіўшыся, вярнуліся ў Ерузалем з вялікай радасцю» (Лк 24,51-52). Хрыстус, Валадар сусвету, узыходзіць у неба. Выканаўшы справу, даручаную Айцом, Езус вяртаецца да Яго. Аднак Ён не забываецца пра тых, каго адкупіў. Езус рыхтуе для іх жыллё ў небе. Я таксама спадзяюся быць у ліку збаўленых. У гэтым мне дапаможа Найсвяцейшая Маці, а я буду асцерагацца ўсялякага граху. Буду маліцца таксама за маіх памерлых блізкіх, каб Хрыстус як найхутчэй прыняў іх у нябесную айчыну. Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу... 3. Спасланне Святога Духа «І стаўся раптам з неба шум, як бы надыходзячага сільнага ветру, і напоўніў увесь дом... І паказаліся ім як бы вогненныя языкі, і спачыў на кожным з іх. І ўсе напоўніліся Духам Святым» (Дз 2, 2). Касцёлам кіруе і распараджаецца Святы Дух. Чым цясней мы злучаны з Касцёлам, тым глыбей, дзякуючы дапамозе Святога Духа, узрастаем у Хрысце. У шчырай малітве я дзякую за дары Святога Духа і асабліва прашу за моладзь, каб асвечаная Святым Духам, правільна расчытала сваё пакліканне. Няхай Марыя і ўва мне ўзмацняе любоў да Касцёла і клопат пра яго развіццё. Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу... 4. Унебаўзяцце Найсвяцейшай Дзевы Марыi «Благаславёнай будуць называць Мяне ўсе народы» (Лк 1, 48). Для Марыі настала радасная хвіліна расстання з гэтым светам. Пасля заканчэння жыцця на зямлі, Яна з душой і целам была ўзятая ў неба. Каб мая смерць была шчаслівай, я павінен рыхтавацца да яе на працягу ўсяго майго жыцця. Гэтага нельга адкладваць на апошнюю хвіліну. Марыя, прашу ў Цябе найважнейшай ласкі, каб некалі быць разам з Хрыстом і Табой у небе. Прыйдзі па мяне ў хвіліну смерці і пасля зямнога выгнання акажы мне ласку бачыць благаславёны плод улоння Твайго, Езуса, майго Пана. Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу... 5. Укаранаванне Найсвяцейшай Дзевы Марыi Ў небе «Благаславёныя ціхія, бо яны заўладаюць зямлёю» (Мц 5, 5). Марыя - наша Каралева, Валадарка зямлі і неба. Яна дзеліць са сваім Сынам Яго каралеўскую хвалу. Марыя, заўсёды ціхая і верная служка Пана, горача прагне, каб Каралеўства Яе Сына пашыралася. Няхай прагненне Марыі будзе і маім прагненнем. У гэтай таямніцы я прашу за людзей, якія жывуць нязгодна з Божым правам, каб выпрасіць для іх ласку вяртання да дабра і прабывання ў ім. Ойча наш... Вітай, Марыя (10) ... Хвала Айцу... О, Марыя, без граху пачатая... О, мой Езу... Літанія да Найсвяцейшай Дзевы Марыі... |