Скіруйма позірк на Марыю

Ружанцовыя разважанні

Чарговая серыя ружанцовых разважанняў, падрыхтаваная па ініцыятыве Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў год Слугі Божага Яна Паўла ІІ, адкрывае перад намі невычэрпныя скарбы рэлігійнай думкі Вялікага Папы. Разважанні, складзеныя з тэкстаў катэхез Яна Паўла ІІ, прысвечаных Найсвяцейшай Панне Марыі, пакліканы дапамагчы ў малітоўнай медытацыі ўдзельнікам ружанцовых набажэнстваў, што традыцыйна адбываюцца ў касцёлах у кастрычніку.

1. Уступ: Скіруйма позірк на Марыю

Паступова заканчваецца год, прысвечаны памяці Слугі Божага Яна Паўла ІІ. Надыходзіць кастрычнік — месяц, калі мы асаблівым чынам прысвячаем час ружанцовай малітве, якую так моцна любіў і цаніў Вялікі Папа. Кожны дзень у нашых парафіяльных супольнасцях, у сем’ях ці індывідуальна мы будзем разважаць пра таямніцы з жыцця Езуса і Марыі. Для таго, каб нашыя разважанні былі больш плённымі, у гэтым годзе жадаем паглыбіць іх, звярнуўшыся да вучэння Святога Айца Яна Паўла ІІ, якое заключана ў яго марыйных катэхезах. Таму скіруем наш позірк на Марыю, якая дасканалым чынам ажыццяўляе святасць Касцёла і з’яўляецца ўзорам для кожнага з нас.

«Цудоўная справа, якую Створца здзейсніў у Марыі, дае мужчынам і жанчынам магчымасць адкрыць нябачныя да гэтага часу вымярэнні свайго лёсу. Гледзячы на Маці Пана, жанчыны змогуць лепш зразумець сваю годнасць і веліч сваёй місіі. Мужчыны таксама — у святле Дзевы Марыі — могуць атрымаць больш поўнае і больш ураўнаважанае бачанне сваёй тоеснасці, сям’і і грамадства.

Марыйная дактрына можа ўказаць і на разнастайныя спосабы, дзякуючы якім жыццё ласкі паглыбляе духоўную прыгажосць жанчыны. У той час, калі жанчынаў бессаромна выкарыстоўваюць і ўспрымаюць як прадметы, пазбаўленыя годнасці, што служаць задавальненню нізкіх інстынктаў, Марыя пацвярджае высакародны сэнс жаноцкай прыгажосці, якая з’яўляецца дарам і адлюстраваннем прыгажосці Бога.

Праўда ў тым, што дасканаласць жанчыны — так, як яна поўнасцю рэалізуецца ў Марыі, — можа здавацца, на першы погляд, звышнатуральнай з’явай, якую немагчыма наследаваць, прыкладам занадта ўзнёслым, каб яго можна было рэалізаваць. Сапраўды, адзіная ў сваім родзе святасць Той, якая з самага пачатку атрымала прывілею беззаганнага зачацця, часам лічылася непераадольнай перашкодай.

А між тым асаблівая святасць Марыі ні ў якім выпадку не з’яўляецца перашкодай на шляху наследавання Пана, і, згодна з Божымі планамі, яна павінна заахвочваць усіх хрысціянаў адкрывацца на асвячальную моц ласкі Бога, для якога няма справаў немагчымых. У Марыі ўсе пакліканы да поўнай веры ў Божую ўсемагутнасць, якая перамяняе сэрцы і вядзе іх да поўнай рэалізацыі паклікання ў адпаведнасці са збаўчым планам любові» (Ян Павел ІІ, Катэхезы. Марыя, 29.11.1995 г.).

2. «Поўная ласкі»

Анёльскае прывітанне «Радуйся», якім распачынаецца апісанне Звеставання, заклікае да радасці, спасылаючыся на прароцтва Старога Запавету, скіраванага да «Дачкі Сіёна»: «Весяліся ад радасці, дачка Сіёна, радуйся, дачка Ерузалема: вось, Цар твой ідзе да цябе, праведны і ратавальны, лагодны, (...) абвесціць мір народам» (Зах 9, 9–10). Калі Арханёл Габрыэль звяртаецца да Дзевы з Назарэта, ён найперш вітае Яе, а пазней называе «поўнаю ласкі». Марыя павінна радавацца перадусім з тае прычыны, што Бог Яе любіць і напоўніў ласкаю, каб Яна стала Маці Божай! Вера Касцёла і вопыт святых навучаюць, што ласка з’яўляецца крыніцай радасці, і што сапраўдная радасць паходзіць ад Бога. У Марыі, як і ў хрысціянах, Божы дар абуджае глыбокую радасць.

«Поўная ласкі» — гэта імя Марыі перад Богам, бо, паводле сведчання евангеліста Лукі, Анёл вымаўляе яго перад іменем «Марыя», падкрэсліваючы такім чынам галоўны, з пункту гледжання Пана, аспект індывідуальнасці Дзевы з Назарэта.

У Старым Запавеце Яхвэ аб’яўляе веліч сваёй любові па-рознаму і ў розных абставінах. З пачатку Новага Запавету ў асобе Марыі бескарыслівасць Божай міласэрнасці дасягае сваіх вышыняў. У Ёй дасягае вяршыні выключная прыхільнасць Бога ў адносінах да выбранага народа, а асабліва да пакорных і ўбогіх.

Касцёл, які корміцца Божым словам і вопытам святых, заахвочвае вернікаў, каб скіроўвалі свой позірк на Маці Адкупіцеля і адчувалі сябе, як Яна, любімымі Богам. Марыя заклікае наследаваць Яе пакору і ўбоства, каб, ідучы за Яе прыкладам і дзякуючы Яе заступніцтву, маглі трываць у Божай ласцы, якая асвячае і перамяняе сэрцы.

(08.05.1996)

3. Марыя як узор святасці

Касцёл заўсёды прызнаваў Марыю святой і свабоднай ад усялякага граху ці маральнай недасканаласці. Спецыяльная прывілея, дадзеная Богам «цалкам святой», дазваляе нам захапляцца цудоўнымі справамі, якія здзейсніла ў Яе жыцці ласка. Ён таксама нагадвае нам, што Марыя заўсёды і поўнасцю належала Пану, а таксама тое, што ніякая недасканаласць ніколі не парушыла дасканалай гармоніі паміж Ёю і Богам.

Усе ўсведамляюць, што пацвярджэнне надзвычайнай прывілеі, удзеленай Марыі, выразна сведчыць пра тое, што збаўчае дзеянне Хрыста не толькі вызваляе, але таксама захоўвае ад граху. Гэтае вымярэнне захавання ад граху, што ва ўсёй паўнаце праяўляецца ў Марыі, прысутнічае ў збаўчым дзеянні, праз якое Хрыстус вызваляе ад граху, даючы чалавеку таксама ласкі і сілы, неабходныя для пераадолення ўплыву граху на яго жыццё.

На Марыю — першую адкупленую Хрыстом, якая атрымала гэтую прывілею і якая ні на момант не была падданая ўладзе зла і граху, — хрысціяне глядзяць як на дасканалы ўзор і ікону гэтай святасці, да дасягнення якой з дапамогаю ласкі Пана яны пакліканы ў сваім жыцці. Зямны лёс Марыі пазначаны пастаянным і глыбокім узрастаннем веры, надзеі і любові, таму Яна з’яўляецца для вернікаў таксама светлым знакам Божай Міласэрнасці і бяспечна вядзе іх да вяршыняў евангельскай дасканаласці і святасці.

(19.06.1996)

4. Марыя вядзе за сабою на шляху веры

Марыя перад намі прайшла шлях веры: паверыўшы пасланню Анёла, Яна першая і дасканалым чынам прыняла таямніцу Уцелаўлення. Яе жыццё веры распачынаецца яшчэ да перажывання боскага мацярынства, а потым развіваецца і паглыбляецца ўвесь час Яе зямной вандроўкі. Гэта вера мужная, якая ў хвіліну звеставання давяраецца абяцанню, з чалавечага пункту гледжання немагчымаму, а ў Кане схіляе Езуса да таго, каб Ён учыніў першы цуд, і прыводзіць да аб’яўлення Яго месіянская моцы. Марыя вучыць хрысціянаў перажываць веру як выпрабаванне, якое падштурхоўвае да намагання і актыўнасці і якое на кожным этапе жыцця і ва ўсіх сітуацыях патрабуе мужнасці і настойлівасці.

З верай Марыі звязана Яе паслухмянасць Божай волі. Яна верыла ў Божае слова, таму магла поўнасцю прыняць яго ў сваім жыцці, а праяўляючы пакорлівасць у адносінах да найвышэйшага замыслу Бога, Яна згадзілася на ўсё, чаго чакалі ад Яе ў Вышыні. Такім чынам, прысутнасць Марыі ў Касцёле заахвочвае ўсіх вернікаў штодзённа ўслухоўвацца ў Божае слова, каб дзякуючы гэтаму яны маглі бачыць у падзеях кожнага дня план любові, і верна супрацоўнічаць у яго рэалізацыі.

Такім чынам Марыя вучыць супольнасць веруючых глядзець у будучыню з поўным давярэннем сябе Богу. У асабістым вопыце Марыі надзея атрымлівае ўсё новыя аргументы. З хвіліны звеставання спадзяванні старажытнага Ізраэля канцэнтруюцца на Божым Сыне, уцелаўлёным у дзявоцкім улонні Марыі. Яе надзея ўзмацняецца ў больш позні перыяд утоенага жыцця і публічнай дзейнасці Езуса. Дзякуючы вялікай веры ў слова Хрыста, які прадказаў, што ўваскрэсне на трэці дзень, Марыя не зламілася нават перад абліччам трагедыі крыжа: Яна нязменна верыла ў спаўненне месіянскай справы, непахісна чакаючы — пасля цемры Вялікай Пятніцы — раніцы Уваскрасення.

(22.11.1995)

5. Марыя — узор дзявоцтва

Рашэнне захаваць дзявоцтва, якое гучыць у словах Марыі падчас звеставання, традыцыйна лічыцца крыніцай і натхненнем хрысціянскай практыкі дзявоцтва ў гісторыі Касцёла. Анёл не патрабуе ад Марыі, каб Яна захоўвала цнатлівасць, — гэта Марыя па сваёй уласнай волі выказвае намер захаваць дзявоцтва. У гэтым рашэнні праяўляецца Яе выбар любові, які вядзе Яе да поўнага прысвячэння сябе Богу праз цнатлівае жыццё.

Падкрэсліваючы спантаннасць рашэння Марыі, мы не павінны забывацца пра тое, што крыніцай кожнага паклікання з’яўляецца ініцыятыва Бога. Выбіраючы жыццё ў дзявоцтве, маладая дзяўчына з Назарэта адказвала на ўнутранае пакліканне, гэта значыць на натхненне Духа Святога, які паказваў Ёй значэнне і каштоўнасць дзявоцкага дару самой сябе. Ніхто не можа прынесці такога дару, калі не адчувае сябе пакліканым і калі не атрымаў ад Духа Святога неабходных святла і моцы.

Вялікія справы, якія Бог і сёння здзяйсняе ў сэрцы і ў жыцці шматлікіх маладых людзей, адбыліся найперш у душы Марыі. Таксама ў сённяшнім свеце, нягледзячы на моцнае ўздзеянне культуры, якая часта з’яўляецца павярхоўнай і скіравана на спажывальніцтва, шмат маладых людзей прымаюць заклік, які нясе ім прыклад Марыі, і ахвяруюць сваю маладосць Богу і служэнню братам. Такое рашэнне з’яўляецца не столькі адмовай ад чыста чалавечых каштоўнасцяў, але, хутчэй, выбарам больш узнёслых каштоўнасцяў. Выбар жыцця ў цнатлівасці абгрунтаваны, урэшце, жаданнем цалкам аддаць сябе Хрысту.

Цнатлівае жыццё Марыі абуджае ва ўсім хрысціянскім народзе ўшанаванне дару чыстасці, а таксама жаданне, каб гэты дар распаўсюджваўся ў Касцёле як знак першаснасці Бога над усялякай іншай рэчаіснасцю і як прадвесце будучага жыцця. Будзем разам дзякаваць Богу за тых, хто і ў нашыя дні велікадушна прысвячае сваё жыццё Божаму Валадарству праз дар цнатлівасці.

(07.08.1996)

6. Цнатлівая еднасць Марыі і Юзафа

Евангелле паводле святога Лукі называе Марыю «дзевай» і дадае, што Яна была «заручана з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда» (Лк 1, 27). Гэтыя звесткі, на першы погляд, здаюцца супярэчлівымі. Аднак трэба адзначыць, што тып сужэнства, які пад уплывам Духа Святога выбіраюць Марыя і Юзаф, зразумелы адзіна ў кантэксце збаўчага плану і глыбокай духоўнасці. Канкрэтная рэалізацыя таямніцы Уцелаўлення патрабавала беззаганнага зачацця, якое б падкрэслівала Божае паходжанне Хрыста, а адначасова патрабавала сям’і, якая магла б запэўніць нармальнае развіццё асобы Дзіцяці.

Менавіта ў перспектыве ўдзелу ў таямніцы Уцелаўлення Слова Юзаф і Марыя атрымалі ласку супольнага перажывання харызмы цнатлівасці і дару сужэнства. Камунія цнатлівай любові Марыі і Юзафа, хоць яна і з’яўляецца выключэннем, звязаным са здзяйсненнем таямніцы Уцелаўлення, была, аднак, сапраўдным сужэнствам.

Цяжкасць у разуменні ўзнёслай таямніцы іх сужэнскай камуніі прывяла да таго, што некаторыя сцвярджалі, нібыта Юзаф быў мужчынам у пажылым узросце і лічылі яго хутчэй апекуном, чым абраннікам Марыі. Тым часам неабходна было б выказаць меркаванне, што ён не быў старым чалавекам, але яго ўнутраная дасканаласць, якая з’яўлялася плёнам ласкі, прывяла яго да перажывання з цнатлівым пачуццём сужэнскіх адносінаў з Марыяй.

Бацькоўства Юзафа, хоць яно і не ахоплівала нараджэння патомства, было бацькоўствам сапраўдным, а не ўяўным. Хрысціяне заўсёды прызнавалі, што Юзаф жыў у глыбокай камуніі з Марыяй і Езусам, і меркавалі, што таксама ў хвіліну смерці ён спазнаў суцяшэнне дзякуючы іх чуллівай прысутнасці. З гэтай трывалай хрысціянскай традыцыі ў шматлікіх мясцінах развілося спецыяльнае набажэнства да Святой Сям’і і святога Юзафа, Апекуна Адкупіцеля. Як вядома, Папа Леў XIII абвясціў святога Юзафа Апекуном усяго Касцёла.

(21.08.1996)

7. Паслухмяная слуга Пана

Словы, якія Марыя вымаўляе падчас звеставання — «Вось Я, слуга Пана, няхай Мне станецца паводле твайго слова» — указваюць на характэрную рысу юдэйскай рэлігійнасці. У пачатку Старога Запавету Майсей адказвае на пакліканне Пана, называючы сябе слугой. Калі надыходзіць час Новага Запавету, Марыя таксама адказвае Богу актам свабоднай паслухмянасці і свядомага даручэння сябе Яго волі, выказваючы поўную гатоўнасць стаць «слугою Пана».

«Поўная ласкі» Марыя называе сябе «слугою Пана» і жадае ўчыніць усё, каб дасканалым чынам споўніць служэнне, якога Бог чакае ад свайго народа. Словы «вось Я, слуга Пана» прадказваюць Таго, які скажа пра сябе: «Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх» (Мк 10, 45). Такім чынам, Дух Святы будуе ўнутраную гармонію паставаў Маці і Сына, якая дазваляе Марыі ва ўсёй паўнаце рэалізаваць мацярынскую ролю ў адносінах да Езуса і спадарожнічаць Яму ў Яго місіі Слугі.

У жыцці Езуса воля служэння прадстаўляецца як элемент пастаянны і нечаканы: бо, як Сын Божы, Ён мог бы патрабаваць, каб іншыя Яму служылі. Тым часам Езус супрацьстаіць ментальнасці эпохі і не хоча, каб Яму служылі, але сам жадае служыць ажно да поўнага аддання свайго жыцця ў справе адкуплення.

Таксама Марыя — хоць Яна ўсведамляе, што Ёй дадзена высокая годнасць, — у адказ на звеставанне Анёла спантанна называе сябе «слугой Пана». У гэтае служэнне ўключаецца таксама жаданне служыць бліжняму, на што ўказвае сувязь паміж эпізодамі звеставання і адведзінаў: папярэджаная Анёлам, што Альжбета неўзабаве народзіць сына, Марыя адправілася ў падарожжа і «паспяшыла» ў горад Юды, каб прапанаваць дапамогу сваячцы, якая рыхтавалася да нараджэння дзіцяці (Лк 1, 36). Такім чынам Марыя паказвае хрысціянам усіх часоў узнёслы прыклад служэння.

(04.09.1996)

8. Таямніца адведзінаў як прадказанне місіі Збаўцы

Расказваючы пра адведзіны, Лука паказвае нам, як ласка ўцелаўлення, што найперш напоўніла Марыю, прыносіць цяпер збаўленне і радасць у дом Альжбеты. Збаўца людзей, утоены ва ўлонні сваёй Маці, удзяляе дар Духа Святога, аб’яўляючы сябе ўжо з першых хвілінаў сваёй прысутнасці на зямлі.

У Евангельскім тэксце гаворыцца таксама пра тое, што Марыя «паспяшыла» ў падарожжа. Кантэкст Евангелля паводле св. Лукі, здаецца, указвае, што і акрэсленне «ў горную краіну» з’яўляецца нечым значна большым, чым проста тапаграфічнымі звесткамі, паколькі выклікае думку пра абвяшчальніка Добрай Навіны, апісанага ў Кнізе прарока Ісаі: «Якія прыгожыя на гарах ногі пасланца, які абвяшчае мір, які нясе радасць і абвяшчае збаўленне, які кажа Сіёну: Валадарыць Бог твой!» (Іс 52, 7). Асабліва знамянальным з’яўляецца, урэшце, сам накірунак падарожжа Найсвяцейшай Панны: ён вядзе з Галілеі ў Юдэю — так, як праходзіў місійны шлях Езуса.

Сапраўды, адведзінамі Альжбеты Марыя як бы прадказвае місію Езуса, а супрацоўніцтвам з самага пачатку свайго мацярынства са збаўчай справай Сына становіцца ўзорам тых членаў Касцёла, якія адпраўляюцца ў дарогу, каб несці святло і радасць Хрыста людзям усіх краінаў і ўсіх часоў.

Калі Марыя наведвае маці Яна Хрысціцеля, Яна прыносіць ёй Хрыста, які ўдзяляе Духа Святога. Гэтую Яе ролю, як пасрэдніцы, падкрэсліваюць словы самой Альжбеты: «Калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася ад радасці дзіцятка ва ўлонні маім». Дзеянне Марыі, злучанае з дарам Духа Святога, становіцца своеасаблівым прадказаннем Пяцідзесятніцы, умацоўваючы сувязь супрацоўніцтва, пачатак якому дало ўцелаўленне і якое будзе праяўляцца ва ўсёй Божай справе збаўлення.

(02.10.1996)

9. У «Магніфікаце» Марыя праслаўляе вялікія Божыя справы

У гімне «Magnificat» Марыя славіць вялікія справы, якія здзейсніў у Ёй Бог. Гімн гэты з’яўляецца адказам Дзевы на таямніцу звеставання; Анёл заклікаў Яе да радасці, таму цяпер Марыя радуецца ў Богу, сваім Збаўцы. Крыніцай гэтай радасці з’яўляецца асабістае перажыванне дабрыні Бога, які ласкава ўзглянуў на Яе, звычайную дзяўчыну з Назарэта, і паклікаў быць Маці Месіі.

Словы «благаслаўляць Мяне будуць усе пакаленні» спасылаюцца на той факт, што Альжбета першая назвала Марыю «благаслаўлёнай». У гімне заключана смелае прадказанне таго, што гэтая слава будзе распаўсюджвацца ўсё далей, і што яна ніколі не скончыцца.

«Вялікае ўчыніў мне Усемагутны, а імя Яго святое. І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне над тымі, хто Яго баіцца». Бог з’яўляецца не толькі Усемагутным, для якога няма нічога немагчымага, як засведчыў Габрыэль, але таксама Міласэрным, які ўмее праявіць дабрыню і захаваць вернасць у адносінах да кожнага чалавека.

«Паказаў моц сваёй правіцы, рассеяў тых, хто пыхлівыя сэрцам. Скінуў магутных з трону і ўзвысіў пакорных. Дабром галодных насыціў, а багатых ні з чым адправіў». Праз такое мудрае бачанне гісторыі Марыя дапамагае нам адкрыць прынцыпы таямнічага Божага дзеяння. Бог дзейнічае насуперак логіцы гэтага свету і спяшаецца на дапамогу ўбогім і нікчэмным, выступае супраць багатых і магутных зусім нечаканым спосабам, насычае дабром пакорных, якія Яму давяраюць сваё жыццё.

У канцы гімн апявае спаўненне абяцанняў і Божую вернасць у адносінах да выбранага народа: «Прыняў свайго слугу Ізраэля, памятаючы пра сваю міласэрнасць...». Асыпаная Божымі дарамі, Марыя ў стане зірнуць па-за сваю асабістую гісторыю; Яна разумее, што гэтыя дары з’яўляюцца праявай міласэрнасці, якую Бог аказвае ўсяму свайму народу. У Марыі Бог спаўняе сваё абяцанне, даючы сведчанне вернасці і незвычайнай шчодрасці.

(06.11.1996)

10. Марыя і нараджэнне Езуса

Падзея нараджэння, апісаная проста, паказвае, як Марыя дзейсна ўдзельнічае ў тым, што ў Ёй адбываецца: «І нарадзіла Сына свайго першароднага, і спавіла Яго, і паклала ў яслі». Тое, што адбываецца з удзелам Марыі, з’яўляецца вынікам Яе паставы, поўнай гатоўнасці супрацоўнічаць з Божым планам; доказ гэтай гатоўнасці Яна дала ўжо падчас звеставання, кажучы «няхай мне станецца паводле твайго слова!».

Вопыт нараджэння дзіцяці Марыя перажывае ва ўмовах вострага ўбоства. Яна не можа даць Божаму Сыну нават таго, што звычайна маці запэўніваюць сваім нованароджаным дзецям, вымушаная пакласці Яго «ў яслі», у часовую калыску, якая не адпавядае годнасці «Сына Найвышэйшага».

Адкінуты «сваімі», Езус быў прыняты пастухамі, людзьмі простымі і нікчэмнымі ў вачах гэтага свету, якіх Бог, аднак, выбраў як першых адрасатаў Добрай Навіны аб нараджэнні Збаўцы. Звестка пра нараджэнне Езуса з’яўляецца для іх — як была для Марыі ў хвіліну звеставання — вялікім знакам ласкавасці Бога ў адносінах да людзей.

Спеў Анёлаў — «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі», можна таксама перакласці «людзям, якіх Ён палюбіў», — аб’яўляе пастухам тое, што Марыя выказала ў сваім гімне «Magnificat»: нараджэнне Езуса — гэта знак міласэрнай любові Бога, які асаблівым чынам аб’яўляецца людзям убогім і пакорным.

На заклік Анёла пастухі адказваюць спантанна і з энтузіязмам: «Пойдзем у Бэтлеем і паглядзім, што там сталася і пра што абвясціў нам Пан». Іх пошукі не аказваюцца дарэмнымі, бо «знайшлі Марыю і Юзафа, і Немаўля». Зразумелае жаданне пастухоў — пасля незвычайнай сустрэчы з Маці і Сынам расказаць, «што было абвешчана ім пра гэтае Дзіця», указвае абвяшчальнікам Евангелля ўсіх часоў на ўзнёслы сэнс і нават неабходнасць глыбокай духоўнай сувязі з Марыяй, калі яны хочуць лепш пазнаць Езуса і пераказваць з радасцю Яго Добрую Навіну аб збаўленні.

(20.11.1996)

11. Маці Бога

Кантэмпляцыя таямніцы нараджэння Збаўцы прывяла хрысціянскі народ да таго, што ён не толькі звяртаецца да Найсвяцейшай Дзевы як да Маці Езуса, але прызнае ў Ёй таксама Маці Бога.

Абвяшчаючы Марыю «Маці Бога», Касцёл жадае такім чынам пацвердзіць, што Яна — «Маці Уцелаўлёнага Слова, якое з’яўляецца Богам». Такім чынам, Яе мацярынства не датычыцца ўсёй Тройцы, але толькі другой Яе Асобы — Сына, які ў хвіліну Уцелаўлення прыняў ад Яе чалавечую натуру. Мацярынства — гэта міжасобасныя адносіны; маці не з’яўляецца маці толькі ў цялесным вымярэнні, маці фізічнай істоты, якая паходзіць з яе ўлоння, але з’яўляецца маці асобы, якую нараджае. Так Марыя, паколькі паводле чалавечай прыроды нарадзіла Езуса, які ёсць Боскай Асобай, з’яўляецца Маці Бога.

Абвяшчаючы Марыю «Маці Бога», Касцёл вызнае ў адным гэтым выразе сваю веру ў адносінах да Сына і да Маці. У Маці Божай Касцёл бачыць, з аднаго боку, гарантыю рэальнасці ўцелаўлення, бо, як сцвярджае святы Аўгустын: «Калі б Маці была ўяўнай, уяўным было б і цела (...), уяўнымі былі б раны змёртвыхпаўстання». З іншага боку, Касцёл з захапленнем сузірае і з праслаўленнем ушаноўвае незвычайнае ўзвышэнне Марыі Тым, які пажадаў быць Яе Сынам. Выраз «Маці Бога» ўказвае на Божае Слова, якое ва ўцелаўленні прыняло прыніжэнне чалавечага стану, каб узвысіць чалавека да годнасці Божага дзіцяці. Аднак у той жа час гэты тытул у святле цудоўнай годнасці, дадзенай Дзеве з Назарэта, указвае на годнасць жанчыны і на веліч яе паклікання. Таму што Бог ставіцца да Марыі як да асобы вольнай і адказнай: Ён здзяйсняе ў Ёй уцелаўленне свайго Сына толькі тады, калі Яна выказала на гэта сваю згоду.

Няхай жа вернікі давяраюцца Той, якая, будучы Маці Бога, можа выпрасіць у свайго Боскага Сына ласку «выбаўлення ад злых прыгодаў» і вечнае збаўленне.

(27.11.1996)

12. Выхавацельніца Божага Сына

Хоць нараджэнне Езуса адбылося праз справу Духа Святога і з Дзевы Маці, аднак, як і ў выпадку ўсіх людзей, яму папярэднічала зачацце, перыяд цяжарнасці і роды. Акрамя таго, мацярынства Марыі не абмежавалася толькі біялагічным працэсам нараджэння, паколькі Яна, як іншыя маці, у значнай ступені прычынілася таксама да ўзрастання і развіцця Сына.

Маці — гэта не толькі тая, якая нараджае дзіця, але тая, якая яго даглядае і выхоўвае. Можна нават сказаць, што выхаванне, у адпаведнасці з Божым планам, з’яўляецца натуральным працягам нараджэння дзіцяці. Марыя — Маці Божая не толькі таму, што зачала і нарадзіла Божага Сына, але таксама таму, што Яна спадарожнічала Яму ў Яго чалавечым сталенні. Асаблівыя дары, якімі Бог напоўніў Марыю, чынілі Яе здольнай да спаўнення ролі маці і выхавацельніцы. У канкрэтных сітуацыях кожнага дня Езус мог у Ёй знайсці ўзор паводзінаў і прыклад дасканалай любові да Бога і братоў.

Нешматлікія дэталі, якія падае нам Евангелле, не дазваляюць цалкам спазнаць і ацаніць спосабы педагагічных паводзінаў Марыі ў адносінах да Яе Боскага Сына. Безумоўна, гэта Яна, разам з Юзафам, уводзіць Езуса ў абрады і прадпісанні закону Майсея, вучыць маліцца Богу псальмамі, знаёміць з гісторыяй народа Ізраэля, галоўнай падзеяй якой быў зыход з Егіпта. Ад Яе і ад Юзафа Езус пераняў навык наведвання сінагогі і штогадовай пілігрымкі ў Ерузалем у перыяд Пасхі. Такім чынам, Марыя і Юзаф з’яўляюцца ўзорам для ўсіх выхаваўцаў. Яны падтрымліваюць іх у вялікіх цяжкасцях, якія сёння сустракае сям’я, і ўказваюць шлях глыбокага і эфектыўнага гадавання дзяцей. Іх вопыт у выхаванні з’яўляецца беспамылковым арыенцірам для хрысціянскіх бацькоў, якія ва ўсё больш складаных і больш цяжкіх умовах павінны служыць інтэгральнаму асобаснаму развіццю сваіх дзяцей так, каб яны вялі жыццё, якое годна чалавека і адпавядае Божаму плану.

(04.12.1996)

13. Ахвяраванне Езуса ў святыні

Апісваючы ахвяраванне Езуса ў святыні, святы Лука звяртае ўвагу на Яго месіянскае прызначэнне. Непасрэднай мэтай падарожжа Святой Сям’і з Бэтлеема ў Ерузалем з’яўляецца, паводле тэксту Лукі, спаўненне прадпісанняў Закону: «Калі мінулі дні іх ачышчэння паводле Закону Майсея, бацькі Езуса прынеслі Яго ў Ерузалем, каб прадставіць перад Панам, як напісана ў Законе Пана, што кожнае першароднае дзіця мужчынскага полу павінна быць прысвечана Пану; каб прынесці ў ахвяру, як сказана ў Законе Пана, пару туркавак або два галубкі».

Праз гэты жэст Марыя і Юзаф паказваюць, што яны вырашылі верна захоўваць паслухмянасць Божай волі, адмаўляючыся ад усялякіх прывілеяў. Іх прыбыццё ў ерузалемскую святыню становіцца актам кансэкрацыі Богу, здзейсненым у месцы, дзе Ён прысутнічае. Марыя, якая па прычыне свайго ўбоства збіралася прынесці ў ахвяру туркавак або галубкоў, на самай справе ахвяруе сапраўднае Ягнё, якое адкупіць чалавецтва.

У святыні Юзаф і Марыя сустракаюць Сімяона, «чалавека праведнага і пабожнага, які чакаў суцяшэння Ізраэля». Сімяон, прыклад чалавека, які адкрываецца на Божае дзеянне, «натхнёны Духам», прыходзіць у святыню, дзе сустракае Езуса, Юзафа і Марыю. Калі ён бярэ Дзіцятка на рукі, то славіць Бога: «Цяпер адпускаеш слугу Твайго, Валадару, паводле слова Твайго, у супакоі». Як чалавек, які сімвалізуе Стары Запавет, Сімяон спазнае радасць сустрэчы з Месіяй і адчувае, што дасягнуў мэты свайго жыцця, таму можа прасіць Найвышэйшага, каб адарыў яго супакоем у вечнасці.

Ахвяраванне з’яўляецца як бы сустрэчай надзеі Ізраэля з Месіяй. Можна тут таксама ўбачыць прароцкае прадказанне сустрэчы чалавека з Хрыстом. Яно магчыма дзякуючы Духу Святому, які абуджае ў сэрцы чалавека жаданне такой збаўчай сустрэчы і дапамагае ў яго рэалізацыі. Нельга таксама забыцца пра ролю Марыі, якая перадае Дзіцятка святому старцу Сімяону. Па волі Божай менавіта Маці ахвяруе Езуса людзям.

(11.12.1996)

14. Дванаццацігадовага Езуса знаходзяць у святыні

Як апошнюю старонку апавяданняў пра дзяцінства Езуса евангеліст Лука прадстаўляе эпізод пілігрымкі дванаццацігадовага Езуса ў ерузалемскую святыню. Гаворка ідзе пра асаблівую падзею, якая пралівае святло на доўгія гады Яго ўтоенага жыцця ў Назарэце.

Праз гэты эпізод Езус падрыхтоўвае сваю Маці да таямніцы адкуплення. На працягу трох драматычных дзён, падчас якіх Сын адлучаецца ад іх, каб застацца ў святыні, Марыя разам з Юзафам перажываюць прадвесце трыдуума Яго мукі, смерці і ўваскрасення. Дазваляючы сваёй Маці і Юзафу адправіцца ў дарогу ў Галілею, не інфармуючы іх аб сваім намеры застацца ў Ерузалеме, Езус уводзіць іх у таямніцу таго цярпення, якое вядзе да радасці, і такім чынам папярэджвае будучае прадказанне сваёй мукі перад вучнямі.

Паводле апавядання Лукі, на зваротным шляху ў Назарэт Марыя і Юзаф — пасля цэлага дня дарогі, — заклапочаныя і занепакоеныя лёсам свайго дзіцяці Езуса, дарэмна шукалі Яго сярод сваякоў і знаёмых. Яны вярнуліся ў Ерузалем і, знайшоўшы Езуса ў святыні, здзівіліся, убачыўшы, як «Ён сядзеў сярод настаўнікаў, слухаючы іх і пытаючыся ў іх». Езус паводзіць сябе незвычайна. І, безумоўна, адшуканне Яго ў святыні на трэці дзень з’яўляецца для бацькоў адкрыццём іншага аспекту, звязанага з Яго асобай і місіяй.

Такім чынам, з’яўляецца першы элемент у ланцугу падзеяў, якія дапамагуць Марыі паступова пераадольваць натуральную ролю, вызначаную Ёй мацярынствам, каб аддацца служэнню місіі свайго боскага Сына. У ерузалемскай святыні, падчас гэтай прэлюдыі сваёй збаўчай місіі, Езус яднае з сабою сваю Маці. Адгэтуль Яна будзе не толькі Той, якая Яго нарадзіла, але будзе Жанчынай, якая ўласнай паслухмянасцю плану Айца зможа супрацоўнічаць у таямніцы адкуплення. Такім чынам, Марыя, захоўваючы ў сваім сэрцы падзею як знамянальную, уваходзіць у новае вымярэнне свайго супрацоўніцтва ў збаўленні.

(15.01.1997)

15. Марыя ва ўтоеным жыцці Езуса

Евангеллі перадаюць нам нешматлікія і скупыя звесткі пра тыя гады, якія Святая Сям’я пражыла ў Назарэце. Аднак можна меркаваць, што атмасфера згоды і спакою, якая панавала ў назарэцкім доме, а таксама жаданне споўніць Божы план уносілі надзвычайную і непаўторную глыбіню ў сувязь, якая існавала паміж Маці і Сынам. Свядомасць спаўнення задання, даручанага Ёй Богам, надавала самы глыбокі сэнс штодзённаму жыццю Марыі. Простыя і пакорныя хатнія абавязкі набывалі для Яе асаблівую каштоўнасць, бо Яна перажывала іх як служэнне на карысць місіі Хрыста.

Прыклад Марыі нясе святло і надзею ўсім жанчынам, якія выконваюць свае штодзённыя абавязкі выключна ў цішыні хатняй атмасферы. Гэта заняткі пакорныя, ціхія, які ўвесь час паўтараюцца і якія часта цэняцца недастаткова. Аднак доўгія гады, перажытыя Марыяй у назарэцкім доме, паказваюць заключаныя ў іх велізарныя рэсурсы сапраўднай любові, а, значыць, збаўлення. Бо прастата жыцця столькіх хатніх гаспадынь, якая перажываецца як місія служэння і любові, у вачах Пана набывае надзвычайную каштоўнасць.

Аднак можна сказаць, што ў жыцці Марыі ў Назарэце не дамінавала манатоннасць. Праз пастаянны кантакт з падрастаючым Езусам Яна старалася спасцігаць таямніцу свайго Сына ў кантэмпляцыі і адарацыі. Святы Лука кажа: «А Марыя захавала словы Божыя, разважаючы ў сэрцы сваім».

Як асяроддзе ўзрастання веры і надзеі назарэцкі дом становіцца месцам вялікага сведчання любові. Любоў, якую Хрыстус жадае распаўсюджваць у свеце, запальваецца найперш і палае ў Сэрцы Маці; менавіта сямейны ачаг падрыхтоўвае да абвяшчэння Евангелля Божай любові. Мы запрошаныя да таго, каб глядзець на Назарэт і, сузіраючы таямніцу ўтоенага жыцця Езуса і Дзевы, абдумаць таямніцу нашага жыцця, якое, як нагадвае святы Павел, «схавана з Хрыстом у Богу». Часта гаворка ідзе пра жыццё пакорнае і ўтоенае ад свету. Аднак гэтае жыццё, фармаванае «ў школе» Марыі, можа выявіць нечаканую моц збаўлення, выпраменьваючы любоў і спакой Хрыста.

(29.01.1997)

16. Марыя як узор цішыні і пакоры

Прыклад Марыі дазваляе Касцёлу лепш зразумець каштоўнасць маўчання. Маўчанне Марыі не з’яўляецца толькі стрыманасцю ў мове, але перадусім гэта мудрае ўменне вяртацца ў думках і глядзець вачыма веры на таямніцу Уцелаўлёнага Слова і на падзеі Яго зямнога жыцця.

Менавіта гэтае маўчанне, якое сведчыць аб прыняцці Слова, гэтую здольнасць разважаць пра таямніцу Хрыста Марыя перадае веруючаму народу. У шумным і поўным супярэчлівых сігналаў свеце Яе сведчанне ўказвае нам на каштоўнасць духоўна багатага маўчання і заахвочвае да кантэмпляцыі.

Марыя сведчыць пра каштоўнасць пакорнага і ўтоенага жыцця. Звычайна ўсе дамагаюцца, а часта проста патрабуюць, каб ім дазволілі ў поўні праявіць сваю вартасць і свае добрыя якасці. Для ўсіх важнай з’яўляецца павага і пашана з боку іншых. У Евангеллях некалькі разоў узгадваецца пра тое, што Апосталы жадалі заняць першыя месцы ў Валадарстве і спрачаліся, хто з іх найбольшы, і Езус нават быў вымушаны ў сваёй навуцы гаварыць пра неабходнасць пакоры і служэння. Марыя ж ніколі не жадала пашаны ці атрымання выгады па прычыне прывілеяванага становішча, Яна заўсёды імкнулася спаўняць Божую волю, жыць у згодзе са збаўчым планам Айца.

Тым, хто нярэдка змагаецца з цяжарам жыцця, на першы погляд пазбаўленага значэння, Марыя паказвае, якую вялікую каштоўнасць можа мець жыццё, калі яно прасякнута любоўю Хрыста і братоў.

(22.11.1995)

17. Марыя на вяселлі ў Кане Галілейскай

У першым цудзе, які ўчыніў Хрыстус, Айцы Касцёла ўбачылі глыбокі сімвалічны сэнс, лічачы ператварэнне вады ў віно прадвесцем пераходу ад Старога Запавету да Новага. У Кане Галілейскай вада ў збанах, прызначаная, паводле прадпісанняў закону, для юдэйскага ачышчэння, становіцца новым віном вясельнай гасціны, што з’яўляецца сімвалам канчатковага паяднання Бога з чалавецтвам.

Акрамя таго, прысутнасць Хрыста ў Кане аб’яўляе збаўчы план Бога ў адносінах да сужэнства. У гэтай перспектыве недахоп віна можна трактаваць як параўнанне з недахопам любові, які, на жаль, часта пагражае адзінству маладых. Марыя просіць Езуса зрабіць нешта для дабра ўсіх сужэнцаў, якіх толькі любоў, угрунтаваная ў Богу, можа захаваць ад нявернасці, непаразумення і падзелаў. Ласка сакрамэнту дае сужэнцам вялікую сілу любові, якая можа ўмацаваць іх у вернасці таксама ў цяжкіх абставінах.

Больш за тое, цуд у Кане Галілейскай мае глыбокі эўхарыстычны сэнс. Здзяйсняючы яго напярэдадні свята юдэйскай Пасхі, Езус выяўляе намер прыгатаваць сапраўдную пасхальную гасціну — Эўхарыстыю. Такім чынам Марыя, дзякуючы якой Езус прысутнічаў на вяселлі, атрымлівае цуд новага віна, якое прадвяшчае Эўхарыстыю — найбольшы знак прысутнасці Яе ўваскрослага Сына сярод вучняў.

Завяршаючы аповед пра першы цуд Езуса, які стаў магчымым дзякуючы нязломнай веры Маці ў Яе Боскага Сына, евангеліст Ян гаворыць: «паверылі ў Яго вучні Ягоныя».

У Кане Галілейскай Марыя дае пачатак шляху веры Касцёла. Яе трывалае заступніцтва таксама дае надзею тым, хто часам адчувае «маўчанне Бога». Яно з’яўляецца для іх заахвочваннем мець непахісную надзею, заўсёды давяраючы дабрыні Пана.

(26.02.1997)

18. Удзел Марыі ў жыцці і служэнні Сына

Пачатак місіі Езуса быў звязаны таксама з Яго аддаленнем ад Маці, якая не заўсёды суправаджала Сына ў Яго падарожжах па шляхах Палестыны. Езус свядома выбраў адыход ад Маці і адмовіўся ад сямейнага цяпла — такі вынік можна зрабіць на падставе патрабаванняў, якія Ён ставіць перад сваімі вучнямі, заклікаючы іх ісці за Ім і прысвяціць сябе абвяшчэнню Божага Валадарства.

Можна меркаваць, што Марыя, хоць і не была разам з Езусам у Яго місіянерскіх падарожжах, сачыла за тым, як праходзіць апостальская дзейнасць Яе Сына, з любоўю і непакоем атрымліваючы весткі пра Яго прапаведніцтва з вуснаў тых, хто з Ім сустракаўся.

Разлука не азначала аддаленне сэрцаў, а таксама не перашкаджала Маці духоўна спадарожнічаць Сыну, захоўваць Яго вучэнне і разважаць над ім, падобна як Яна рабіла гэта падчас скрытага жыцця ў Назарэце. Вера давала Ёй магчымасць зразумець сэнс словаў Езуса раней за вучняў і лепш за іх, бо яны часта не разумелі Яго вучэння, а асабліва таго, што датычылася Яго будучай мукі.

Марыя, здалёк назіраючы за падзеямі, звязанымі з дзейнасцю Яе Сына, удзельнічае ў Яго трагедыі, калі Ён адчувае, што частка выбранага народа не прыняла Яго. Гэтае непрыманне, якое праявілася ўжо падчас Яго наведання Назарэта, становіцца ўсё больш бачным у словах і адносінах кіраўнікоў народа. (...) Пераносячы гэтыя выпрабаванні з вялікаю годнасцю і ў таямніцы, Марыя разам з Езусам кіруецца ў Ерузалем і саўдзельнічае ў справе адкуплення, усё больш з’яднаная з Ім у веры, надзеі і любові.

Такім чынам Найсвяцейшая Панна становіцца прыкладам для тых, хто прымае слова Хрыста. З моманту звеставання верачы Божаму закліку і цалкам звязваючы сябе з Асобаю Сына, Яна вучыць нас з даверам прыслухоўвацца да Збаўцы, каб адкрыць у Ім Божае слова, якое перамяняе і аднаўляе нашае жыццё. Яе прыклад заахвочвае нас, каб мы прынялі выпрабаванні і цярпенні, звязаныя з захаваннем вернасці Хрысту, памятаючы пра благаслаўленні, якія Ён абяцаў тым, хто слухае і выконвае Яго слова».

(12.03.1997)

19. Марыя — надзвычайная Саўдзельніца адкуплення

Саўдзельніцтва Марыі ў справе адкуплення на працягу стагоддзяў было прадметам разважанняў Касцёла, які імкнуўся як мага глыбей зразумець Яе сувязь з адкупляльнаю ахвяраю Хрыста. Ужо святы Аўгустын прыпісваў Панне Марыі тытул «саўдзельніцы» адкуплення: гэты тытул падкрэслівае, што Марыя дзейнічала ў еднасці з Хрыстом Адкупіцелем і падпарадкоўвалася Яму.

У адносінах да Марыі тэрмін «саўдзельніца» набывае асаблівае значэнне. Супрацоўніцтва хрысціянаў са справаю збаўлення адбываецца пасля падзеі на Кальварыі, плён якой яны імкнуцца распаўсюджваць паўсюль праз малітву і ахвяру. Марыя ж удзельнічала ў гэтай падзеі, калі яна адбывалася; удзельнічала як Маці, а таму Яе ўдзел ахоплівае ўсю збаўчую справу Хрыста. Толькі Яна была такім чынам з’яднаная з адкупляльнаю ахвяраю, якая прынесла збаўленне ўсім людзям. З’яднаная з Хрыстом і падпарадкаваная Яму, Марыя была Яго Саўдзельніцаю, каб атрымаць ласку збаўлення для ўсяго чалавецтва.

Асаблівая роля саўдзельніцы, якую адыграла Панна Марыя, грунтуецца на Яе Божым мацярынстве. Нараджаючы на свет таго, хто павінен быў здзейсніць адкупленне чалавека, кормячы Яго, ахвяруючы Яго ў святыні, церпячы разам з Ім у хвіліны агоніі на крыжы, Яна сапраўды асаблівым чынам саўдзельнічала ў справе Збаўцы. Хоць Божае пакліканне да саўдзелу ў справе збаўлення скіравана да кожнага чалавека, удзел Маці Збаўцы ў адкупленні чалавецтва — гэта факт адзінкавы і непаўторны.

Хоць Марыя адыгрывае такую выключную ролю, збаўленне прызначана таксама і для Яе. Марыя — першая збаўленая, адкупленая Хрыстом «найдасканалейшым чынам у таямніцы беззаганнага зачацця і напоўненая ласкаю Святога Духа».

Таму мы можам з даверам звяртацца да Найсвяцейшай Панны і прасіць у Яе дапамогі, усведамляючы тую асаблівую ролю, якую даверыў Ёй Бог — ролі Саўдзельніцы адкуплення, якую Яна спаўняла ўсё сваё жыццё, а асабліва каля падножжа крыжа.

(09.04.1997)

20. «Жанчына, вось сын Твой»

Згадваючы, што каля крыжа Езуса стаяла Марыя і іншыя жанчыны, святы Ян гаворыць: «Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў: Жанчына, вось сын твой. Потым сказаў вучню: Вось Маці твая».

Гэтыя надзвычай хвалюючыя словы (...) адкрываюць самыя глыбокія пачуцці паміраючага Хрыста і маюць вялікае значэнне для хрысціянскай веры і духоўнасці. Звяртаючыся ў апошнія хвіліны свайго зямнога жыцця да маці і да вучня, якога любіў, укрыжаваны Месія ўсталёўвае новыя повязі любові паміж Марыяй і хрысціянамі.

Згаданыя словы, якія раней трактаваліся толькі як выраз сыноўняй любові Езуса да Маці, будучыню якой Ён даручыў улюбёнаму вучню, выходзяць далёка за звычайную неабходнасць вырашыць сямейную праблему. Сапраўды, уважлівае прачытанне тэксту, у якім апісваецца ўзаемнае даручэнне адно аднаму вучня і Маці, здзейсненае Езусам, ставіць нас перад адным з найважнейшых фактаў, якія дапамагаюць зразумець ролю Найсвяцейшай Панны ў гісторыі збаўлення.

На самай справе словы паміраючага Езуса паказваюць, што Яго першым намерам было не даручэнне Марыі Яну, а даручэнне вучня Марыі і вызначэнне Ёй новай мацярынскай місіі. Апрача таго, зварот «жанчына», які Езус ужыў таксама ў Кане Галілейскай, каб адкрыць Марыі новую якасць Яе быцця Маці, паказвае, што словы Збаўцы не з’яўляюцца праяваю звычайных сыноўскіх пачуццяў, а адносяцца да значна больш высокіх каштоўнасцяў.

Словы Езуса «Вось Сын Твой» ператвараюць у жыццё іх глыбокі сэнс, прызначаючы Марыю Маці Яна і ўсіх вучняў, якія атрымаюць дар Божай ласкі. Езус на крыжы не абвясціў фармальна ўсеагульнага мацярынства Марыі, а ўстанавіў канкрэтную мацярынскую сувязь паміж Ёю і ўлюбёным вучнем. У гэтым выбары Пана відаць клопат пра тое, каб гэтае мацярынства не трактавалася адвольна, але каб яно паказвала глыбока асабістыя адносіны Марыі з кожным хрысціянінам.

Няхай кожны з нас менавіта дзякуючы гэтай канкрэтнасці ўсеагульнага мацярынства Марыі зможа пазнаць у Ёй сваю ўласную Маці, з даверам даручаючы сябе Яе матчынай любові.

(23.04.1997)

21. «Вось Маці твая»

Даручаючы Яна Марыі, Езус гаворыць такія словы: «Жанчына, вось сын Твой». Потым з вышыні крыжа Ён звяртаецца да ўлюбёнага вучня і кажа: «Вось Маці твая». Гэтымі словамі Ён абвяшчае Марыі вяршыню Яе мацярынства: як Маці Збаўцы Яна з’яўляецца таксама Маці збаўленых, усіх членаў Містычнага Цела Сына. Марыя ў маўчанні прымае гэтае найвышэйшае ўзвелічэнне свайго мацярынства ласкі, бо свой адказ веры Яна ўжо дала сказаным у момант звествавання словам «так». Езус не толькі наказвае Яну з любоўю клапаціцца пра Марыю, а даручае яму Яе, каб ён прыняў Марыю як сваю Маці. (...)

Пашана, якую Касцёл аддае Марыі, — гэта не толькі плён спантаннай ініцыятывы вернікаў, якія бачаць надзвычайную значнасць Яе асобы і веліч Яе ролі ў справе збаўлення, але яна грунтуецца таксама на волі Хрыста. Словы «Вось Маці твая» азначаюць, што Езус жадаў абудзіць у вучнях любоў і давер да Марыі, ведучы іх да прыняцця Яе як Маці — Маці кожнага верніка.

У школе Марыі яны набываюць глыбокае веданне Хрыста і вучацца ўсталёўваць з Ім унутраныя і трывалыя адносіны любові. Яны таксама адкрываюць радасць даручэння сябе мацярынскай любові Маці, жывучы як Яе любячыя і паслухмяныя дзеці.

Безліч марыйных санктуарыяў, раскіданых па ўсім свеце, з’яўляецца сведчаннем вялікіх справаў, здзейсненых з дапамогаю ласкі праз заступніцтва Марыі, Маці Пана і нашай Маці. Таксама сучасныя людзі, прыцягнутыя Яе дабрынёю, звяртаюцца да Яе і дзякуючы гэтаму сустракаюць Езуса — Збаўцу і Валадара свайго жыцця.

Асабліва бедныя, спакутаваныя душою, тыя, хто перажывае цяжкасці ў адносінах з блізкімі, пазбаўленыя матэрыяльных дабротаў, знаходзячы ў Маці Божай прытулак і суцяшэнне, адкрываюць, што сапраўдным багаццем для ўсіх з’яўляецца ласка навяртання і наследавання Хрыста.

Няхай усе змогуць адкрыць у словах Езуса «Вось Маці твая» заклік да таго, каб прыняць Марыю як Маці і адказаць як сапраўдныя дзеці на Яе матчыну любоў.

(07.05.1997)

22. Маці, якая суперажывае

Марыя паўстае перад хрысціянамі ўсіх часоў як тая, хто глыбока суперажывае цярпенні чалавецтва. Гэтае суперажыванне не заключаецца толькі ў блізкасці пачуццяў, а выяўляецца ў канкрэтнай і дзейснай дапамозе чалавецтву, якое пакутуе ад беднасці матэрыяльнай і маральнай.

Касцёл, ідучы па слядах Марыі, павінен мець такія самыя адносіны да бедных і ўсіх, хто церпіць на зямлі. Мацярынскі клопат, з якім Маці Хрыста схіляецца над слязамі, пакутамі і цяжкасцямі людзей усіх часоў, павінен заахвочваць хрысціянаў памнажаць канкрэтныя і бачныя сведчанні любові, якая дазволіць пакорным і церпячым нашага часу стаць удзельнікамі абяцанняў і надзеі новага свету, народжанага з Пасхі.

Акрамя таго, любоў і прывязанасць людзей да Маці Езуса сягае па-за бачныя межы Касцёла і абуджае ў сэрцах жаданне паяднання. Марыя як Маці жадае адзінства ўсіх сваіх дзяцей. Яе прысутнасць у Касцёле з’яўляецца заклікам да захавання аднадушнасці сэрцаў, якая панавала ў першай супольнасці, а праз гэта таксама да шукання шляхоў адзінства і міру паміж усімі людзьмі добрай волі. Заступаючыся за нас перад сваім Сынам, Марыя просіць ласкі адзінства чалавечага роду, каб мы маглі будаваць цывілізацыю любові, пераадольваючы тэндэнцыі да падзелаў, спакусы помсты і нянавісці, а таксама падступную схільнасць да насілля. Матчына ўсмешка Марыі, якую так часта можна ўбачыць на марыйных абразах, аб’яўляе паўнату ласкі і супакою, якую Яна хоча падзяліць з намі. Гэтае аб’яўленне духоўнага супакою надае Касцёлу радаснае аблічча.

(22.11.1995)

23. Марыя і ўваскрасенне Езуса Хрыста

Пасля таго, як Езуса паклалі ў магілу, Марыя адзіная падтрымлівае агонь веры, рыхтуючыся прыняць радасную і неспадзяваную вестку пра ўваскрасенне. Чаканне, якім была напоўнена Вялікая Субота, — гэта адзін з найбольш велічных момантаў у гісторыі веры Маці Божай: у цемры, якая ахінула сусвет, Яна цалкам давярае сябе Богу жыцця і, разважаючы над словамі Сына, з надзеяй чакае поўнага здзяйснення Божых абяцанняў.

Марыя — вобраз і ўзор Касцёла, які чакае Уваскрослага і сустракае Яго разам з групаю вучняў падчас велікодных з’яўленняў, таму слушна выказваецца меркаванне, што Яна асабіста сустрэлася з уваскрослым Сынам, і дзякуючы гэтаму змагла браць поўны ўдзел у пасхальнай радасці.

Найсвяцейшая Панна Марыя ў Вялікую Пятніцу была на Кальварыі, а ў дзень Пяцідзесятніцы ў Вячэрніку. Напэўна, Яна была таксама прывілеяванаю сведкаю ўваскрасення Хрыста, а значыць, удзельнічала ва ўсіх істотных момантах пасхальнай таямніцы. Прымаючы ўваскрослага Хрыста, Марыя сімвалізуе і апярэджвае чалавецтва, якая бачыць паўнату сваёй рэалізацыі ў паўстанні з памерлых.

У велікодны перыяд хрысціянская супольнасць звяртаецца да Маці Пана з заклікам да радасці: Regina caeli, laetare. Alleluia! — «Каралева неба, радуйся, аллелюя». Такім чынам яна ўзгадвае радасць Марыі ўваскрасенню Езуса, праводзячы паралель са словам «радуйся», якое скіраваў да Яе Анёл у момант звеставання, каб Яна стала «прычынаю радасці» для ўсіх людзей.

(21.05.1997)

24. Марыя і дар Святога Духа

Разважаючы пра жыццёвы шлях Дзевы Марыі, ІІ Ватыканскі Сабор згадвае Яе прысутнасць у супольнасці, якая чакала Пяцідзесятніцы. Падчас малітвы ў Вячэрніку, прабываючы ў глыбокай еднасці з апосталамі, з некалькімі жанчынамі і з «братамі» Езуса, Маці Пана заклікае дар Святога Духа для сябе і для ўсёй супольнасці.

У хрысціянскай супольнасці малітва Марыі мае асаблівае значэнне: яна спрыяе прыйсцю Святога Духа, прымушаючы Яго дзейнічаць у чалавечых сэрцах і ў свеце. Падобна да таго, як ва ўцелаўленні Дух Святы сфармаваў у Яе ўлонні фізічнае цела Хрыста, так цяпер у Вячэрніку той самы Дух сыходзіць, каб ажывіць Яго містычнае Цела.

Сузіраючы магутнае заступніцтва Марыі, якая чакае Святога Духа, хрысціяне ўсіх часоў, ідучы па доўгай і цяжкай дарозе да збаўлення, часта просяць Яе заступніцтва, каб атрымаць яшчэ больш шчодрыя дары Суцяшальніка.

Адказваючы на малітву Марыі і супольнасці, сабранай у Вячэрніку ў дзень Пяцідзесятніцы, Святы Дух дае Ёй і ўсім прысутным паўнату сваіх дароў і здзяйсняе ў іх глыбокую перамену, каб яны маглі распаўсюджваць Добрую Навіну. Маці Хрыста і вучні атрымліваюць новую моц і новы апостальскі запал, які павінен служыць росту Касцёла. У самой Марыі прыйсце Святога Духа чыніць, што Яна можа здзяйсняць сваё асаблівае духоўнае мацярынства праз прысутнасць, прасякнутую любоўю і сведчаннем веры.

Пры нараджэнні Касцёла Марыя перадае вучням неацэнны дар — свае ўспаміны пра ўцелаўленне, дзяцінства, утоенае жыццё і місію боскага Сына, і дзякуючы гэтаму дапамагае лепш Яго пазнаць і ўмацоўвае веру хрысціянаў.

Мы нічога не ведаем пра дзейнасць Марыі ў першым Касцёле, аднак можна дапусціць, што таксама і пасля Пяцідзесятніцы Яна працягвала весці скрытае і сціплае, але чуйнае і дзейснае жыццё. Асветленая Духам Святым і пад Яго кіраўніцтвам Яна аказвала моцны ўплыў на супольнасць Хрыстовых вучняў.

(28.05.1997)

25. Успенне Багародзіцы

У выказванні пра канец зямнога жыцця Марыі Сабор, карыстаючыся паняццямі з булы, у якой фармулюецца догмат Унебаўзяцця, сцвярджае: «Беззаганная Дзева, захаваная вольнаю ад усялякай плямы першароднай віны, завяршыўшы шлях зямнога жыцця, з целам і душою была ўзятая ў нябесную хвалу». У гэтай фармулёўцы дагматычная канстытуцыя Lumen gentium не выказваецца на тэму смерці Марыі.

Ці магчыма, каб Марыя з Назарэта зведала ў сваім целе драму смерці? У выніку разважання пра прызначэнне Марыі і Яе адносіны да Боскага Сына здаецца слушным адказ, які сцвярджае: калі памёр Хрыстус, цяжка было б адмаўляць смерць Яго Маці.

Праўдаю з’яўляецца тое, што ў Аб’яўленні смерць паказана як кара за грэх. І хоць Касцёл абвяшчае, што Марыя была захаваная ад першароднага граху моцаю асаблівай Божай прывілеі, гэта не азначае, што Яна атрымала таксама і цялесную несмяротнасць. Маці не большая за Сына, які прыняў смерць, надаючы ёй новае значэнне і ператвараючы яе ў прыладу збаўлення.

Новы Запавет не згадвае пра акалічнасці смерці Марыі. Гэтае маўчанне схіляе да меркавання, што яна наступіла звычайным чынам і не заслугоўвае таго, каб спецыяльна пра гэта пісаць. Калі б гэта было не так, ці ж магла б вестка пра гэта не дайсці да сучаснікаў і нейкім чынам да нас?

У некаторых Айцоў Касцёла мы знаходзім апісанне эпізоду, калі Езус прыходзіць у хвіліну смерці Маці, каб правесці Яе ў нябесную хвалу. Такім чынам яны паказваюць смерць Марыі як падзею любові, якая прывяла Яе да сустрэчы з Боскім Сынам, каб падзяліць Яго несмяротнае жыццё. Напрыканцы зямнога існавання Яна зведала жаданне расстання з целам, каб назаўжды быць з Хрыстом.

Спазнанне смерці ўзбагаціла асобу Панны Марыі: беручы ўдзел ва ўсеагульным лёсе людзей, Яна можа больш дзейсна атуляць сваім духоўным мацярынствам тых, хто перажывае апошнюю хвіліну жыцця.

(25.06.1997)

26. Унебаўзяцце Марыі

Догмат Унебаўзяцця пацвярджае, што цела Марыі пасля Яе смерці было праслаўлена. Уваскрашэнне целаў усіх людзей адбудзецца ў канцы свету, а праслаўленне цела Марыі ў выніку выключнай прывілеі адбылося ўжо раней.

Разважаючы над таямніцаю Унебаўзяцця Марыі, можна зразумець план Провіду адносна чалавечага роду: пасля Хрыста, Уцелаўлёнага Слова, Марыя — першы чалавек, у якім здзейсніўся эсхаталагічны ідэал, як прадвесце паўнаты шчасця, якое, згодна з абяцаннем, атрымаюць выбраныя праз уваскрашэнне целаў.

Ва Унебаўзяцці Марыі мы можам заўважыць жаданне Бога ўзвысіць жанчыну. Перад абліччам знявагі і прыніжэння, якія часта церпіць у сучасным грамадстве асабліва жаночае цела, таямніца Унебаўзяцця кажа нам пра звышнатуральнае прызначэнне і пра годнасць кожнага чалавечага цела, пакліканага Богам да таго, каб стаць прыладаю святасці і ўдзельнікам Яго хвалы.

Марыя ўвайшла ў хвалу, таму што прыняла ў сваім дзявочым улонні і сэрцы Божага Сына. Углядаючыся ў Яе, хрысціянін вучыцца адкрываць каштоўнасць уласнага цела і берагчы яго як святыню Бога, якая чакае ўваскрашэння. Таму Унебаўзяцце — прывілея, якую атрымала ў дар Маці Божая, — мае вялізнае значэнне для жыцця і прызначэння чалавецтва.

Узятая ў нябесную хвалу, Марыя цалкам прысвячае сябе справе збаўлення, каб мець магчымасць адарыць кожнага чалавека шчасцем, якое атрымала Яна сама. Яна — Каралева, якая раздае ўсё, што мае, дзелячыся перадусім жыццём і любоўю Хрыста.

(09.07.1997)

27. Каралева сусвету

У народнай пабожнасці існуе зварот да Марыі як да Каралевы. Сабор, нагадваючы пра Унебаўзяцце Марыі «з целам і душою ў нябесную хвалу», тлумачыць, што Яна была «узвялічана Панам як Каралева усяго, каб больш прыпадобніцца да свайго Сына, Валадара валадароў, а таксама Пераможцы граху і смерці».

Сапраўды, ужо з V стагоддзя Ёй прыпісваецца тытул Каралевы. Гэтым яшчэ адным выразам прызнання Яе надзвычайнай годнасці хрысціянскі народ пажадаў узвысіць Яе вышэй за ўсе стварэнні, падкрэсліваючы Яе ролю і значэнне ў жыцці кожнага чалавека і ўсяго свету.

Статус Каралевы, безумоўна, не замяняе статусу Маці: каралеўская годнасць Марыі з’яўляецца дадатковай, звязана з Яе асаблівай мацярынскай місіяй і проста выражае ўладу, якую Яна атрымала для выканання гэтай місіі. Таму хрысціяне з даверам глядзяць на Марыю Каралеву, што не толькі не змяншае, а, хутчэй, умацоўвае іх сыноўскі давер да той, якая з’яўляецца іх Маці праз ласку. Больш за тое, апека Марыі Каралевы над людзьмі можа быць поўнасцю дзейснай дзякуючы Яе ўзвелічэнню да хвалы праз Унебаўзяцце.

Адсюль можна зрабіць выснову, што Унебаўзяцце спрыяе поўнай еднасці Марыі не толькі з Хрыстом, але і з кожным з нас. Марыя з намі, таму што Яе стан хвалы дае Ёй магчымасць суправаджаць нас у штодзённым жыцці на зямлі. Такім чынам услаўлены стан Марыі зусім не аддаляе Яе ад нас, а дазваляе Ёй быць заўсёды побач з людзьмі і атуляць іх апекаю. Марыя ведае пра ўсё, што адбываецца ў нашым жыцці, і падтрымлівае нас у жыццёвых цяжкасцях сваёй матчынай любоўю.

(23.07.1997)

28. Заступніцтва Маці Божай

Марыя з’яўляецца Маці чалавецтва праз ласку. Тут, на зямлі, па жаданні Божага Провіду Марыя стала Маці і Карміцелькай боскага Адкупіцеля, высакароднай сяброўкай і пакорнаю слугою Пана адрозным ад усіх іншых чынам. Праз жэсты, тыповыя для кожнай маці, пачынаючы з найпрасцейшых і аж да самых складаных, Марыя дабравольна супрацоўнічае ў справе збаўлення чалавецтва, прабываючы ў глыбокай і трывалай гармоніі са сваімі боскім Сынам.

Гэтае супрацоўніцтва Марыі грунтавалася на евангельскіх цнотах паслухмянасці, веры, надзеі і любові, а таксама адбывалася пад уздзеяннем Святога Духа. Нагадвае таксама, што менавіта дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву Марыя атрымала дар усеагульнага духоўнага мацярынства: з’яднаная з Хрыстом у справе збаўлення, якая з’яўляецца таксама духоўным адраджэннем чалавецтва, Яна становіцца Маці ўсіх людзей, адроджаных да новага жыцця.

Падчас свайго зямнога жыцця Марыя вельмі непрацяглы час магла здзяйсняць сваё духоўнае мацярынства адносна Касцёла. Аднак гэтая Яе функцыя праявілася ва ўсёй паўнаце пасля Унебаўзяцця і будзе працягвацца праз вякі ажно да канца свету. Менавіта таму да Благаслаўлёнай Дзевы Касцёл звяртаецца тытуламі Заступніцы, Апякункі, Памочніцы, Пасрэдніцы. Гэтыя азначэнні, створаныя вераю хрысціянскага народа, дапамагаюць лепш зразумець натуру ўплыву Маці Хрыста на жыццё Касцёла і паасобных вернікаў.

Як Маці, Марыя абараняе сваіх дзяцей і ахоўвае іх ад шкодных наступстваў іх уласных грахоў. Як Маці і Пасрэдніца Марыя прадстаўляе Хрысту нашыя жаданні і просьбы і перадае нам Божыя дары, няспынна заступаючыся за нас. Хрысціяне заклікаюць Марыю, верачы ў Яе матчыну любоў, бо Яна бачыць патрэбы дзяцей і гатова неадкладна прыйсці ім на дапамогу, асабліва калі ад гэтага залежыць іх вечнае збаўленне.

(24.09.1997)

29. Малітва да Марыі

Культ Марыі няспынна развіваўся на працягу стагоддзяў. (...)

Першая вядомая марыйная малітва адносіцца да ІІІ стагоддзя і пачынаецца словамі «Тваёй абароне аддаемся, святая Багародзіца». Аднак з XIV стагоддзя самай распаўсюджанай малітвай хрысціянаў да Найсвяцейшай Панны з’яўляецца «Вітай, Марыя».

Гэтая малітва, якая нагадвае першыя словы, скіраваныя да Марыі Анёлам, уводзіць вернікаў у сузіранне таямніцы Уцелаўлення. Таксама традыцыйная малітва «Анёл Панскі» запрашае да разважання над таямніцаю Уцелаўлення, заахвочваючы хрысціяніна браць прыклад з Марыі ў розныя гадзіны дня, пераймаючы Яе гатоўнасць да здзяйснення Божага плану збаўлення. Гэтая малітва дазваляе нам як быццам нанава перажыць вялікую падзею ў гісторыі чалавецтва — уцелаўленне, пра якое гаворыць кожная «Вітай, Марыя».

У марыйнай пабожнасці асаблівае месца заняў Ружанец, які праз шматразовае паўтарэнне малітвы «Вітай, Марыя» вядзе да сузірання таямніцаў веры. Таксама і гэтая простая малітва, ажыўляючы любоў хрысціянскага народа да Маці Божай, яшчэ больш выразна скіроўвае марыйную малітву да яе сапраўднай мэты — праслаўлення Хрыста. У народнай пабожнасці Ружанец часта дапаўняюць літаніі, а найбольш вядомай з іх з’яўляецца літанія, якую прамаўлялі ў санктуарыі ў Ларэта, што так і называецца «ларэтанскай». Вельмі простыя звароты літаніі дапамагаюць засяродзіць увагу на асобе Марыі, каб убачыць духоўнае багацце, якім адарыла Яе любоў Айца.

Як сведчаць шматлікія тытулы, нададзеныя Марыі, і бясконцыя пілігрымкі ў марыйныя санктуарыі, давер вернікаў да Маці Езуса пабуджае іх звяртацца да Яе ў штодзённых патрэбах. Верныя ўпэўненыя, што Яе матчына сэрца не можа застацца абыякавым да матэрыяльнай і духоўнай беднасці Яе дзяцей. Такім чынам малітва да Маці Божай, заахвочваючы да даверу і нязмушанасці, уносіць у духоўнае жыццё атмасферу радасці і дапамагае вернікам ісці наперад патрабавальнаю дарогаю Благаслаўленняў.

(05.11.1997)

30. Маці Касцёла

Хоць тытул «Маці Касцёла» замацаваўся за Марыяй дастаткова позна, ён выяўляе Яе мацярынскую повязь з Касцёлам, пра якую гаворыцца ўжо ў некаторых тэкстах з Новага Запавету. У момант звеставання Марыя атрымлівае пакліканне выказаць сваю згоду на прыйсце месіянскага Валадарства, што адбудзецца разам з узнікненнем Касцёла. У Кане Галілейскай Марыя прыспешвае Сына, каб Ён паказаў сваю месіянскую ўладу, і праз гэта Яна аказвае вырашальны ўплыў на ўмацаванне веры першай супольнасці вучняў і садзейнічае ўсталяванню Божага Валадарства, «зародкам» і «пачаткам» якога з’яўляецца Касцёл. На Галгофе, яднаючыся з ахвяраю Сына, Марыя робіць у справу збаўлення свой мацярынскі ўнёсак, які прымае форму балючых родаў — нараджэння новага чалавецтва. Звяртаючыся да Марыі са словамі: «Жанчына, вось сын Твой», Укрыжаваны абвяшчае Яе Маці не толькі апостала Я2на, але таксама і ўсіх іншых вучняў. Сам евангеліст, сцвярджаючы, што Езус павінен быў памерці, «каб рассеяных дзяцей Божых сабраць у адно», паказвае, што нараджэнне Касцёла з’ яўляецца плёнам адкупляльнай ахвяры, з якою Марыя злучана повяззю мацярынства. Святы евангеліст Лука адзначае прысутнасць Маці Езуса ў першай супольнасці ў Ерузалеме. Такім чынам ён падкрэслівае ролю Марыі як Маці Касцёла, які нараджаецца, аналагічную Яе ўдзелу ў нараджэнні Адкупіцеля. Таму мацярынскае вымярэнне становіцца асноватворным элементам адносінаў Марыі з новым Народам адкупленых.

Тытул «Маці Касцёла» адлюстроўвае такім чынам глыбокую ўпэўненасць хрысціянаў, якія бачаць у Марыі не толькі Маці Хрыста, але таксама і Маці верных. Тая, каго лічаць Маці збаўлення, жыцця і ласкі, Маці збаўленых і Маці жывых, па праву была абвешчана Маці Касцёла.

(17.09.1997)

31. Маці адзінства і надзеі

Як сведчаць пра гэта разнастайныя праявы культу, ушанаванне Марыі з’яўляецца важным элементам еднасці паміж католікамі і праваслаўнымі. У заключнай частцы канстытуцыі Lumen gentium Сабор заклікае даверыць Марыі справы адзінства хрысціянаў: «Няхай усе хрысціяне неадступна просяць Маці Бога і Маці людзей, каб Яна, якая сваімі малітвамі падтрымала першыя крокі Касцёла, таксама і цяпер у небе, узвышаная па-над усімі святымі і Анёламі, у Супольнасці ўсіх святых заступалася перад сваім Сынам».

Падобна, як у першай супольнасці прысутнасць Марыі спрыяла адзінству сэрцаў, якая ўмацоўвалася і станавілася бачнай дзякуючы малітве, гэтак жа і больш глыбокая еднасць з той, каго святы Аўгустын называе «Маці адзінства», калісьці дазволіць хрысціянам радавацца такому жаданаму дару экуменічнага адзінства.

Мы нястомна ўзносім малітвы да Найсвяцейшай Панны, каб так, як напачатку Яна падтрымлівала ў дарозе хрысціянскую супольнасць, з’яднаную ў малітве і абвяшчэнні Евангелля, таксама сёння сваім заступніцтвам вымаліла паяднанне і поўнае адзінства ўсіх, хто верыць у Хрыста.

Марыя, Маці людзей, добра ведае патрэбы і жаданні чалавецтва. Да Яе з просьбаю аб заступніцтве асабліва звяртаецца Сабор, «да таго часу, пакуль усе сем’і народаў, як тых, што носяць ганаровае найменне хрысціянскіх, так і тых, што яшчэ не ведаюць свайго Збаўцу, не аб’яднаюцца шчасліва ў супакоі і згодзе ў адзін народ Божы на хвалу Найсвяцейшай і непадзельнай Тройцы».

Мір, згода і адзінства — прадмет надзеі Касцёла і чалавецтва — здаюцца яшчэ далёкімі. Аднак яны з’яўляюцца дарам Святога Духа, якога трэба няспынна прасіць, беручы прыклад з Марыі і ўскладаючы надзею на Яе заступніцтва.

Марыя ўжо дасягнула вечнага шчасця, бо «паверыла, што збудуцца словы, сказаныя Ёй ад Пана», і цяпер Яна спадарожнічае вернікам і ўсяму Касцёлу, каб сярод радасцяў і клопатаў цяперашняга жыцця былі ў свеце сапраўднымі прарокамі надзеі, якая не можа ашукаць.

(12.11.1997)

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

 

Hosted by uCoz