Чаму трэба спавядацца
Святы Ян Багаслоў нагадвае нам: «Калі кажам, што не маем граху, — ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды» (пар. 1 Ян 1, 8). Новае жыццё, атрыманае праз сакрамэнты хрысціянскага ўтаямнічання — хрост, канфірмацыю і Эўхарыстыю, не выключыла ані крохкасці і слабасці чалавечай натуры. ані яе схільнасці да граху. Таму споведзь з'яўляецца вялікім дарам міласэрнага Бога, бо Ён дае нам яе ў сваім Касцёле як дасканалы лек для душы і дзейсную дапамогу на шляху да збаўлення. Хрыстус устанавіў сакрамэнт пакаяння для ўсіх грэшнікаў — членаў Яго Касцёла, і перш за ўсё для тых, хто пасля хросту ўчыніў цяжкі грэх і такім чынам згубіў ласку хросту і парушыў адзінства Касцёла. Споведзь дае ім новую магчымасць навярнуцца і зноў атрымаць ласку апраўдання. Няма аніводнага граху, нават найцяжэйшага, якога святы Касцёл не мог бы адпусціць. Хрыстус, які памёр за ўсіх, жадае, каб у Яго Касцёле брамы прабачэння заўсёды былі адчынены для кожнага, хто адварочваецца ад граху.
Як часта трэба спавядацца
Усім вернікам Касцёл наказвае спавядацца прынамсі раз у год. Разам з тым трэба памятаць, што кожны хрысціянін пакліканы Богам да дасканаласці і да святасці: «Будзьце ж дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш нябесны» (пар. Мц 5,48). Таму належыць імкнуцца заўсёды прабываць у стане асвячальнай ласкі і не адкладаць паяднання з Богам і Касцёлам пасля смяротнага граху. Нават калі ўдаецца ўнікаць смяротных грахоў, пажадана спавядацца не радзей чым раз у месяц, і асабліва перад вялікімі касцёльнымі святамі. Перад важнымі жыццёвымі падзеямі, напрыклад, па дасягненні паўналецця, перад прыняццем сакрамэнтаў сужэнства, канфірмацыі ці намашчэння хворых, або ў цяжкай хваробе можна здзейсніць генеральную споведзь, гэта значыць зрабіць рахунак сумлення з усяго свайго жыцця або з яго працяглага перыяду і вызнаць усе свае грахі, якія ўдасца ўзгадаць.
Хто прымае споведзь
Хоць грахі можа прабачыць толькі Бог, аднак, звяртаючыся да апосталаў, Хрыстус даверыў ім служэнне паяднання: «Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца» (пар. Ян 20, 23). Наступнікі апосталаў — біскупы і іх супрацоўнікі, святары — працягваюць гэтае служэнне. Толькі святары, якія атрымалі ад касцёльных уладаў права спавядаць, могуць адпускаць грахі ў імя Езуса Хрыста. Усе святары, біскупы і Папа таксама прыступаюць да гэтага сакрамэнту. Касцёл запэўнівае, што кожны святар, які прымае споведзь, абавязаны пад страхам строгага пакарання захоўваць абсалютную таямніцу адносна вызнаных перад ім грахоў. Ён таксама не можа выкарыстоўваць звесткі з жыцця тых, хто каецца, пра якія даведаўся на споведзі. Гэтая таямніца не дапускае ніякіх выключэнняў і называецца «пячаткай сакрамэнту », бо тое, што было вызнана перад святаром, застаецца «запячатаным» сакрамэнтам. У адпушчэнні грахоў святары і сакрамэнты — гэта толькі прылады, якімі Пан наш Езус Хрыстус, адзіны Творца і Даўца нашага збаўлення, жадае карыстацца, каб здымаць з нас нашыя правіны і спасылаць нам ласку апраўдання. Споведзь можа адбывацца толькі пры непасрэдным кантакце таго, хто спавядаецца, са святаром. Забаронена споведзь па тэлефоне, праз Інтэрнэт і г. д.
Якія ўмовы добрай споведі
Каб споведзь была добрай, гэта значыць сапраўднай, трэба захаваць пяць наступных умоваў: І.Рахунак сумлення — трэба дакладна даследаваць стан сваёй душы з часу апошняй сапраўднай споведзі. 2.Жаль за грахі — трэба шчыра шкадаваць за ўсе свае грахі. З.Цвёрдае пастанаўленне выправіцца — трэба цвёрда вырашыць зрабіць усё, што ў чалавечых сілах, каб у далейшым пазбягаць усялякага граху. 4.Шчырая споведзь — трэба вызнаць перад святаром усе смяротныя грахі. 5.Выкананне прызначанай пакуты і задаволенне Богу і бліжняму за ўчыненую крыўду — трэба выканаць пакуту, прызначаную спаведнікам, а таксама выправіць шкоду такім чынам, як гэта будзе вызначана на споведзі. |