БРЭВІАРЫЙ (ЛІТУРГІІ ГАДЗІНАЎ)

     Спеў хвалы, які вечна ўзносіўся да неба, прыйшоў у наш свет праз Аб’яўленне, поўня якога была дадзена Збаўцам і Першасвятаром нашым Езусам Хрыстом. Заснаваны Ім Касцёл пастаянна і верна захоўваў дар малітвы на працягу стагоддзяў і ўзбагаціў яго цудоўнай разнастайнасцю. Яшчэ на пачатку хрысціянства Боскае Служэнне (г.зн. сутачны цыкл усталяваных Касцёлам малітваў) было важным дадаткам да Эўхарыстычнай Ахвяры, якая з’яўлялася вяршыняю хрысціянскага культа. Збор тэкстаў Святога Пісання, гімнаў і малітваў, якія выкарыстоўваліся падчас набажэнстваў на працягу сутак, называліся Гадзінамі, у Сярэднявеччы іх сталі называць Брэвіярыем. Час ад часу Касцёл пераглядаў яго, уносячы розныя змены. Так, у выніку рэформы, якой у сярэдзіне мінулага стагоддзя пасадзейнічаў Другі Ватыканскі Сабор, у 1970 г. Святым Айцом Паўлам VІ быў зацверджаны новы тэкст Брэвіярыя – Літургія гадзінаў.

     Літургія гадзінаў – гэта малітва, якая ўзносіцца ад усяго люду Божага і такім чынам паказвае еднасць Касцёла. Чытанне гэтай малітвы – абавязак біскупаў, святароў і манахаў. Паводле правілаў, чытанне Літургіі гадзінаў не ўваходзіць у абавязак свецкіх, у адрозненне ад святароў і законнікаў, якім прадпісана кожны дзень індывідуальна або ў супольнасцях чытаць малітвы на працягу дня. Аднак Касцёл не забараняе, а наадварот заахвочвае свецкіх людзей самастойна чытаць Літургію гадзінаў у больш спрошчанай і кароткай форме.

     На працягу дня звычайна адбываюцца чатыры набажэнствы сутачнага цыкла: заклікі, ютрань, дзённая малітва, нешпары, малітва на заканчэння дня. Псальмы, гімны, малітвы і іншыя тэксты кожнай гадзіны часта суаднесены з адпаведнаю гадзінаю сутак. Той, хто моліцца, сузірае таямніцы тварэння і збаўчага Божага Провіду нібы праз прызму чаргавання гадзінаў, руху свяцілаў, змены дня і ночы.

     Молячыся ютрань (лац. prima – частка Брэвіярыя, раняшняя малітва), якую папярджваюць заклікі, веруючыя асвячаюць новы дзень, просячы Божага благаслаўлення на выкананне розных спраў, і такім чынам даручаюць іх Богу.

     Дзённыя малітвы (лац. tertia) адлюстроўваюць старажытную традыцыю маліцца на працягу дня. Звычайна ў гэты час адбываецца малітоўны ўспамін тых падзей, канкрэтныя гадзіны якіх пазначаны ў Новым Запавеце, – перадусім пакутаў Езуса Хрыста на Галгофе. У эпоху Збаўцы ў Юдэі было прынята дзяліць светлую пару дня на гадзіны, з якіх на сярэдзіну дня прыпадала трэцяя, шостая і дзевятая (у пераліку на цяперашні час гэта адпавядае 9 гадзінам раніцы, поўдню і тром гадзінам дня).

     Далей ідзе пасляпаўдзённая малітва – гэтак званая nona (лац. 9-я гадзіна дня, г.зн. 3 гадзіны пасля абеда), чацвёртая частка з малых брэвіярных гадзінаў.

     Нешпары (лац. vesperas – вячэрня, vesper – вечар) чытаюцца з надыходам вечара як падзяка за ўсе дары, якія даў Бог на працягу дня.

     Потым чытаюцца малітвы на заканчэнне дня або камплета (лац. completio – завяршэнне, сканчэнне). Зазвычай камплета чытаецца перад сном. У гэты час робяць рахунак сумлення і просяць прабачэння ў Бога за грахі.

     Асноўную частку тэксту кожнай літургічнай гадзіны складаюць псальмы і спевы са Старога і Новага Запавету. Іх спяваюць або чытаюць тыя, хто моліцца. Псальму і спеву папярэднічае антыфона (гр. antifonos – той, хто адказвае), кароткі рэфрэн, якім распачынаецца і заканчваецца псальм. Антыфона чытаецца альбо спяваецца папераменна паміж харамі.

Ave Maria  №4(107) 2004

 

Hosted by uCoz