МАЛІТВЫ ВЯЧЭРНІЯ
У імя Айца і Сына і Святога Духа. Амінь.
Госпадзі, Іісусе Хрысце, Сыне Божы, дзеля малітваў Прачыстае Твае Маці, прападобных і баганосных айцоў нашых і ўсіх святых, памілуй нас. Амінь.
Слава Табе, Божа наш, слава Табе.
Цару Нябесны, Уцяшыцелю, Духу ісціны, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцця Падацелю, прыйдзі і ўсяліся ў нас, і ачысці нас ад усякай нечыстаты, і спасі, Добры, душы нашы.
Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны, памілуй нас. (Тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу, і цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
Прасвятая Троіца, памілуй нас; Госпадзі, ачысці грахі нашы; Уладару, прабач беззаконні нашы; Святы, наведай і ацалі немачы нашы дзеля імя Твайго.
Госпадзі, памілуй. (Тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу, і цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
Ойча наш, Які ёсць у нябёсах! Няхай свяціцца імя Тваё, няхай прыйдзе Царства Тваё, няхай будзе воля Твая як на небе, так і на зямлі. Хлеб наш надзённы дай нам сёння; і даруй нам даўгі нашы, як і мы даруем даўжнікам нашым; і не ўвядзі нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
Трапары Памілуй нас, Госпадзі, памілуй нас; бо, ніякага апраўдання не знаходзячы, гэтую малітву Табе як Уладару мы, грэшныя, прыносім: памілуй нас.
Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу.
Госпадзі, памілуй нас, бо мы на Цябе спадзяемся1; не загневайся на нас вельмі і не ўспамінай беззаконняў нашых, а паглядзі і цяпер, як міласэрны, і збаў нас ад ворагаў нашых; бо Ты Бог наш і мы людзі Твае, усе — стварэнне рук Тваіх і імя Тваё прызываем.
І цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
Міласэрнасці дзверы адчыні нам, благаславенная Багародзіца, каб мы, маючы надзею на Цябе, не загінулі, а каб пазбавіліся праз Цябе ад бед, бо Ты — спасенне роду хрысціянскага.
Госпадзі, памілуй. (12 разоў)
Малітва 1-я, святога Макарыя Вялікага, да Бога Айца Божа вечны і Цару ўсяго стварэння, Ты спадобіў мяне дажыць да гэтай гадзіны; прабач мне грахі, што я зрабіў ў гэты дзень учынкам, словам і думкаю, і ачысці, Госпадзі, прыгнечаную маю душу ад усякай нечыстаты плоці і духу. І дай мне, Госпадзі, у гэтую ноч спакойны сон, каб, устаўшы з майго ўбогага ложа, я рабіў угоднае прасвятому імені Твайму ва ўсе дні жыцця майго і перамагаў ворагаў, якія нападаюць на мяне, плоцкіх і бясплотных. І пазбаў мяне, Госпадзі, ад марных думак, якія апаганьваюць мяне, і ад нячыстых жаданняў. Бо Тваё ёсць царства, і сіла, і слава — Айца, і Сына, і Святога Духа цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
Малітва 2-я, святога Антыёха, да Госпада Уседзяржыцелю, Слова Айца, Ты, будучы Сам дасканалым, Іісусе Хрысце, дзеля вялікай міласэрнасці Тваёй ніколі не пакідай мяне, раба Твайго, а заўжды ўва мне заставайся. Іісусе, добры Пастыру Тваіх авечак, не аддай мяне мяцежнаму змею і на волю сатаны не пакінь мяне, бо насенне пагібелі ёсць ува мне. Ты ж, Госпадзі Божа пакланяемы, Цару Святы Іісусе Хрысце, ахавай мяне ў час сну незгасальным святлом — Духам Тваім Святым, Якім Ты асвяціў Сваіх вучняў. Дай, Госпадзі, і мне, недастойнаму рабу Твайму, спасенне Тваё на ложы маім: прасвятлі розум мой святлом разумення святога Евангелля Твайго, душу — любоўю да Крыжа Твайго, сэрца — чысцінёю слова Твайго, цела маё — Тваімі пакутамі бясстраснымі, думку маю Тваёю пакорлівасцю ахавай і падымі мяне ў належны час, каб я славасловіў Цябе. Бо Ты найбольш праслаўлены з Беспачатным Тваім Айцом і з Прасвятым Духам на векі. Амінь.
Малітва 3-я, да Прасвятога Духа Госпадзі, Цару Нябесны, Уцяшыцелю, Духу ісціны, змілуйся і памілуй мяне, грэшнага раба Твайго, і адпусці мне, недастойнаму, і прабач ўсё, чым я саграшыў перад Табою сёння як чалавек, а нават і не як чалавек, а горш за скаціну, вольныя мае грахі і міжвольныя, свядомыя і несвядомыя, тыя, што з-за маладосці і ад злога каварства, і тыя, што ад запальчывасці і з-за нядбаласці. Можа, імем Тваім я кляўся або зняважыў яго ў думках сваіх; або каго папракнуў; або ўзвёў на каго паклёп у гневе сваім, або каго засмуціў, або з-за чагосьці загневаўся; або няпраўду сказаў, або заўчасна спаў, або жабрак прыйшоў да мяне, і я пагрэбаваў ім; або брата майго засмуціў, або пачынаў сваркі, або каго асудзіў; або ўзвышаў сябе, або ганарыўся, або загневаўся; або калі я стаяў на малітве, розум мой злом свету гэтага захапляўся, або хітрыя думкі я меў; або аб`ядаўся, або апіваўся, або бяздумна смяяўся; або злое задумаў, або, дасканаласць чужую ўбачыўшы, пазайздросціў у сэрцы, або непрыстойнае гаварыў, або з граху брата майго пасмяяўся, тады як мае саграшэнні незлічоныя; або пра малітву не дбаў, або іншае што нядобрае зрабіў, не помню, бо ўсё гэта і больш яшчэ зрабіў я. Памілуй мяне, Творца мой і Уладару, панурага і недастойнага раба Твайго, і даруй мне, і адпусці, і прабач мне, як Добры і Чалавекалюбны, каб спакойна лёг, заснуў і адпачыў я, блудны, грэшны і акаянны, і каб пакланіўся і апеў, і праславіў найпачэснейшае імя Тваё з Айцом і Адзінародным Яго Сынам цяпер і заўсёды, і на векі. Амінь.
Малітва 4-я, святога Макарыя Вялікага Што Табе прынясу або чым Табе аддзячу, многашчодры Бессмяротны Цару, шчодры і чалавекалюбны Госпадзі, за тое, што мяне, які лянуецца служыць Табе і нічога добрага не зрабіў, Ты давёў да канца гэтага мінулага дня, скіроўваючы да пакорнасці і спасення душу маю? Будзь міласцівы да мяне, грэшнага, які не мае ніякага добрага ўчынку, аднаві прапашчую маю душу, апаганеную незлічонымі саграшэннямі і адхілі ад мяне ўсе думкі ліхія гэтага бачнага жыцця. Прабач, адзіны Бязгрэшны, мае саграшэнні, якімі перад Табою я саграшыў у гэты дзень свядома і несвядома, словам, і ўчынкам, і думкаю, і ўсімі маімі пачуццямі. Ты Сам, ахінаючы, захавай мяне ад усякага варожага нападу Бажњственнаю Тваёю ўладаю, і невымоўным чалавекалюбствам, і сілаю. Ачысці, Божа, ачысці безліч грахоў маіх. Будзь ласкавы, Госпадзі, вызваліць мяне з пасткі нячыстага, і спасі пакутную маю душу, і ахіні мяне святлом аблічча Твайго, як прыйдзеш у славе, і цяпер дай мне сном без асуджэння заснуць, і ахавай думкі раба Твайго ад летуцення і збянтэжанасці, і ўсё сатанінскае дзеянне адгані ад мяне, і прасвятлі духоўныя вочы майго сэрца, каб не заснуў я смяротным сном. І пашлі мне Ангела міру, ахоўніка і настаўніка душы і целу майму, каб ён ратаваў мяне ад ворагаў маіх; каб, устаўшы з пасцелі маёй, я прынёс Табе ўдзячныя малітвы. О, Госпадзі, пачуй мяне, грэшнага і ўбогага воляю і сумленнем раба Твайго; дай мне, як устану, навучацца слову Твайму, і нядбаласць дэманскую далёка адгані ад мяне праз Тваіх Ангелаў; каб я благаслаўляў імя Тваё святое, і праслаўляў, і славіў Прачыстую Багародзіцу Марыю, Якую Ты даў нам, грэшным, для заступніцтва; прымі ж Тую, што моліцца за нас; бо ведаю, што Яна пераймае Тваё чалавекалџбства і маліцца не перастае. Яе заступніцтвам, і Пачэснага Крыжа знаменнем, і дзеля ўсіх святых Тваіх убогую душу маю зберажы, Іісусе Хрысце, Божа наш, бо Ты Святы і найбольш праслаўлены на векі. Амінь.
Малітва 5-я Госпадзі Божа наш, у чым я саграшыў у гэты дзень словам, учынкам і думкаю, Ты, як Добры і Чалавекалюбны, прабач мне. Спакойны сон і ціхамірны падай мне. Ангела Твайго ахоўніка пашлі, каб ён ахінаў і аберагаў мяне ад усякага зла, бо Ты – ахоўнік душ і цел нашых, і Табе славу ўзносім – Айцу, і Сыну, і Святому Духу цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
Малітва 6-я Госпадзі, Божа наш, у Якога мы веруем і Чыё імя больш за ўсякае імя прызываем, падай нам пры адыходзе да сну палёгку для душы і цела і засцеражы нас ад усякага летуцення і ад бруднай сладастраснасці; спыні памкненне страсцей, пагасі полымя пажаднасці цялеснай. Дай нам захоўваць цнатлівасць ва ўчынках і ў словах; каб, праводзячы дабрадзейнае жыццё, мы не пазбавіліся абяцаных Тваіх даброт, бо Ты благаславёны на векі. Амінь.
Малітва, святога Іаана Златавуста (24 малітвы, па колькасці гадзін дня і ночы) 1. Госпадзі, не пазбаў мяне нябесных Тваіх даброт. 2. Госпадзі, збаў мяне ад вечных мук. 3. Госпадзі, розумам ці думкаю, словам ці ўчынкам саграшыў я, прабач мне. 4. Госпадзі, збаў мяне ад ўсякага няведання і забыцця, і маладушнасці, і скамянелае нячуласці. 5. Госпадзі, збаў мяне ад усякае спакусы. 6. Госпадзі, прасвятлі маё сэрца, азмрочанае ліхою пажаднасцю. 7. Госпадзі, я, як чалавек, саграшыў, Ты ж, як Бог шчодры, памілуй мяне, бачачы немач душы маёй. 8. Госпадзі, пашлі благадаць Тваю ў дапамогу мне, каб я праславіў імя Тваё святое. 9. Госпадзі Іісусе Хрысце, запішы мяне, раба Твайго, у кнізе жыцця і падай мне добры скон. 10. Госпадзі Божа мой, хоць я і нічога добрага не зрабіў перад Табою, але дай мне па благадаці Тваёй пакласці добры пачатак. 11. Госпадзі, акрапі сэрца маё расою благадаці Тваёй. 12. Госпадзі неба і зямлі, памяні мяне, грэшнага раба Твайго, паскуднага і нячыстага, у Царстве Тваім. Амінь.
1. Госпадзі, у пакаянні прымі мяне. 2. Госпадзі, не пакінь мяне. 3. Госпадзі, не ўвядзі мяне ў напасць. 4. Госпадзі, дай мне думку добрую. 5. Госпадзі, дай мне слёзы, і памяць пра смерць, і замілаванне. 6. Госпадзі, дай мне жаданне спавядацца ў грахах маіх. 7. Госпадзі, дай мне пакорлівасць, цнатлівасць і паслухмянасць. 8. Госпадзі, дай мне цярпенне, велікадушнасць і лагоднасць. 9. Госпадзі, усялі ў мяне корань дабра – страх Твой – у сэрца маё. 10. Госпадзі, спадобі мяне любіць Цябе усёю душою маёю і розумам і выконваць ва ўсім волю Тваю. 11. Госпадзі, ахавай мяне ад ліхіх1 людзей, і ад дэманаў, і ад страсцей, і ад усякае іншае неналежнае рэчы. 12. Госпадзі, Ты ведаеш, што робіш Ты, як жадаеш, няхай будзе воля Твая і ўва мне, грэшным, бо Ты благаславёны на векі. Амінь.
Малітва 8-я, да Госпада нашага Іісуса Хрыста Госпадзі Іісусе Хрысце, Сыне Божы, дзеля найпачњснейшай Маці Тваёй, і бясплотных Тваіх Ангелаў, а таксама Прарока, Прадцечы і Хрысціцеля Твайго, боганатхнёных апосталаў, светлых і слаўных перамогамі мучанікаў, прападобных і баганосных айцоў і па малітвах ўсіх святых збаў мяне ад цяперашняга нападу дэманскага. О, Госпадзі мой і Творца, Ты не хочаш смерці грэшніка, а хочаш, каб ён перамяніўся і жыў; зрабі перамену і ўва мне, акаянным і недастойным; вымі мяне з пашчы згубнага змея, гатовага паглынуць мяне і звесці жывым у пекла. О, Госпадзі мой, уцеха мая, Ты дзеля мяне, няшчаснага, у тленную плоць адзеўся, вызвалі мяне з бяды і падай уцеху няшчаснай душы маёй. Натхні сэрца маё выконваць наказы Твае, і пакінуць нядобрыя справы, і атрымаць блажэнства Тваё; на Цябе, Госпадзі, я спадзяюся, таму спасі мяне.
Малітва 9-я, да Прасвятой Багародзіцы, Пятра Студзійскага Да Цябе, Прачыстай Божай Маці, прыпадаючы, я, акаянны, малюся: Ты ведаеш, Царыца, што я безупынна грашу і гняўлю Сына Твайго і Бога майго, і хаця шматразова каюся, але лжывым перад Богам аказваюся, і каюся са страхам: ці не паразіць мяне ўжо Гасподзь, а потым зноў тое самае раблю; ведаючы гэта, Уладычыца мая Спадарыня Багародзіца, малџ, каб Ты памілавала, каб умацавала і добрае рабіць каб дапамагла мне. Бо Ты ведаеш, Уладычыца мая Багародзіца, што я цалкам ненавіджу мае ліхія ўчынкі і ўсім разуменнем люблю закон Бога майго; але не ведаю, Спадарыня Прачыстая, чаму я люблю тое, што ненавіджу, і ад добрага адступаю. Не дапускай, Прачыстая, каб мая воля здзяйснялася, бо нягодная яна, а няхай будзе воля Сына Твайго і Бога майго: няхай Ён мяне спасе і наставіць на розум, і дасць благадаць Святога Духа, каб ад гэтага часу я пакінуў ліхія справы і далей жыў па запаведзях Сына Твайго, Якому належыць усякая слава, пашана і ўлада з Беспачатным Яго Айцом, і Прасвятым, і Добрым, і Жыватворчым Яго Духам цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
Малітва 10-я, да Прасвятой Багародзіцы. Добрага Цара Добрая Маці, Прачыстая і Благаславенная Багародзіца Марыя, міласць Сына Твайго і Бога нашага пашлі на пакутную маю душу і Тваімі малітвамі скіруй мяне на добрыя справы, каб астатні час жыцця майго я пражыў беззаганна і з Тваёй дапамогай знайшоў рай, Багародзіца Дзева, адзіная Чыстая і Благаславенная.
Малітва 11-я, да святога Ангела ахоўніка Ангеле Хрыстоў, ахоўнік мой святы і апякун душы і цела майго, усё мне прабач, чым я саграшыў ў гэты дзень, і ад усякай хітрасці ворага, які супраць мяне ідзе, збаў мяне, каб ніякім грахом не ўгнявіў я Бога майго; маліся ж за мяне, грэшнага і недастойнага раба, каб зрабіць мяне дастойным добрасці і міласці Усесвятое Троіцы, і Маці Госпада майго Іісуса Хрыста, і ўсіх святых. Амінь.
Кандак Багародзіцы Табе, найвышэйшай Ваяводзе, у гонар перамогі мы, збаўленыя ад бед рабы Твае, Багародзіца, падзяку ўзносім; Ты ж, маючы моц непераможную, ад усякіх нас бед вызваляй, каб мы ўсклікалі да Цябе: радуйся, Нявеста, Якая засталася Дзеваю. Найслаўнейшая Вечнадзева, Маці Хрыста Бога, прынясі нашу малітву Сыну Твайму і Богу нашаму, каб Ён спас праз Цябе душы нашы. Усё спадзяванне маё на Цябе ўскладаю, Маці Божая, захавай мяне пад покрывам Тваім. Багародзіца Дзева, не пагарджай мною грэшным, які патрабуе Тваёй дапамогі і Твайго заступніцтва, бо на Цябе спадзяецца душа мая, і памілуй мяне.
Малітва святога Іаанікія Спадзяванне маё — Айцец, прыстанішча маё — Сын, покрыва маё — Дух Святы; Троіца Святая, слава Табе. Дастойна ёсць сапраўды ўблажаць Цябе, Багародзіцу, заўжды Блажэнную і Найчысцейшую, і Маці Бога нашага. Пачэснейшую за Херувімаў і непараўнальна слаўнейшую за Серафімаў, што непарушанаю нарадзіла Бога Слова, Існую Багародзіцу, Цябе велічаем.
Слава Айцу, і Сыну, і Святому Духу, і цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь.
Госпадзі, памілуй. (Тройчы)
Госпадзі Іісусе Хрысце, Сыне Божы, дзеля малітваў Прачыстай Тваёй Маці, прападобных і баганосных айцоў нашых і ўсіх святых памілуй нас. Амінь.
Малітва святога Іаана Дамаскіна Уладару Чалавекалюбны, ці не цяпер ужо ложа гэтае мне будзе труною? Ці няшчасную маю душу Ты асвятліш яшчэ святлом дня? Вось, труна перада мною стаіць; вось, смерць чакае мяне. Суда Твайго, Госпадзі, я баюся, і мукі бясконцай, але зла рабіць не перастаю: Цябе, Госпада Бога майго, я заўжды гняўлю, і Прачыстую Тваю Маці, і ўсе Нябесныя сілы, і святога Ангела ахоўніка майго. Ведаю, Госпадзі, што няварты я чалавекалюбства Твайго, а варты ўсялякага асуджэння і мукі. Але, Госпадзі, хачу я ці не хачу – спасі мяне. Бо калі праведніка Ты спасеш, няма тут нічога вялікага, і калі чыстага памілуеш, няма нічога дзіўнага, бо яны вартыя міласці Тваёй. А вось на мне грэшным праяві дзіўную міласць Тваю, у гэтым пакажы чалавекалюбства Тваё, і няхай мая заганнасць не перавысіць Тваёй невымоўнай добрасці і міласэрнасці, і як Ты хочаш, так упарадкуй жыццё маё.
Потым, кланяючыся да зямлі, кажы: Кланяюся Табе, Прасвятая Троіца, Адзінасутная, Жыватворчая і Нераздзельная, Ойча, і Сыне, і Святы Духу: верую ў Цябе і, вызнаючы, слаўлю, дзякую, шаную, высока ўзношу Цябе і малю: памілуй мяне, нягоднага раба Твайго. (Тройчы. Тры паклоны) Кланяюся Табе, Прасвятая Багародзіца; Народжаным Табою Ты паказала нам святло ісціннае, Царыца неба і зямлі, Надзея безнадзейных, Памочніца нядужым і Хадайніца за ўсіх грэшных. Ты мяне ахавай і абарані ад усіх бед і нястач душэўных і цялесных, і будзь мне, малюся, заступніцай усясільнымі Тваімі малітвамі. (Паклон) Прасвятая Уладычыца Багародзіца, прымі гэтае малое маленне і прынясі яго Сыну Твайму і Богу нашаму, каб Ён спас і прасвятліў дзеля Цябе душы нашы. (Паклон) Усе нябесныя чыны – Серафімы, Херувімы, Прастолы, Гасподствы, Сілы, Улады, Начальствы, Архангелы і Ангелы – маліцеся Богу за мяне, грэшнага; я малюся і ўмаляю вас. (Паклон) Святы вялікі Іаане, Прарок, Прадцеча і Хрысціцелю Гасподні, які пакутаваў дзеля Хрыста і набыў адвагу да Уладара, памаліся за мяне, грэшнага, каб я спасся Тваімі малітвамі. (Паклон) Святыя Божыя апосталы, прарокі, мучанікі, свяціцелі, поснікі, прападобныя, праведныя, пустэльнікі, чарнарызцы, патрыярхі і ўсе святыя, якія пакутавалі дзеля Хрыста і набылі адвагу да Уладара, маліцеся за мяне, грэшнага, каб я спасся вашымі малітвамі. (Паклон) Святы Іаане Златавусты з Васіліем Вялікім, Грыгорыем Багасловам і Цудатворцам Мікалаем, і з ўсімі святымі іерархамі, памажыце і памілуйце мяне малітвамі і заступніцтвам вашым перад Богам. (Паклон) Святыя свяціцелі рускія Міхаіле, Пётра, Аляксіе, Іона, Філіпе і Ермагене са святымі цудатворцамі і пакутнікамі, рускімі князямі Раманам і Давідам, і са святым роўнаапостальным князем Уладзімірам, маліце Бога за мяне, грэшнага. (Паклон) Прападобныя і баганосныя айцы нашы Антоніе і Феадосіе, Яўфіміе, Феакцісце, Сава, Ануфрые, Варсанофіе, Паісіе, Паўле Просты, Марк і ўсе прападобныя, маліце Бога за мяне, грэшнага. (Паклон) Усе святыя жанчыны – міраносіцы, мучаніцы, прападобныя і дзевы, якія Хрысту дастойна паслужылі, са святою вялікамучаніцаю Варвараю, маліце Бога за мяне, грэшнага. (Паклон) Непераможная і Бажэственная сіла Пачэснага і Жыватворнага Крыжа Гасподняга, не пакінь мяне, грэшнага, а сілаю тваёю ахавай мяне ад усякае спакусы, душэўнае і цялеснае. (Паклон) Прачыстая Уладычыца Багародзіца, спадзяванне ўсіх хрысціян, паколькі іншага спадзявання і надзеі няма ў мяне, акрамя Цябе, Найчысцейшая Уладычыца мая Спадарыня Багародзіца, Маці Хрыста, Бога майго: таму памілуй і збаў мяне ад усіх бед маіх і ўмалі міласцівага Сына Свайго і Бога майго, каб Ён памілаваў акаянную душу маю і збавіў мяне ад вечных мук, і спадобіў мяне Царства Свайго. (Паклон)
Святы Ангеле, ахоўнік мой, ахіні мяне крыламі тваёй добрасці і адгані ад мяне ўсякае ліхое дэманскае ўздзеянне, і малі Бога за мяне, грэшнага. (Паклон) Прасвятлі вочы мае, Хрысце Божа, каб я ніколі не заснуў смяротным сном, каб ніколі не сказаў вораг мой: я перасіліў яго. Слава Айцу і Сыну, і Святому духу. Заступнікам душы маёй будзь, Божа, бо я хаджу пасярод пастак многіх; вызвалі мяне з іх і спасі мяне, Добры, бо Ты Чалавекалюбны. І цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь. Найслаўнейшую Божую Маці і Свяцейшую за святых Ангелаў будзем нязмоўкла апяваць сэрцам і вуснамі, вызнаючы Яе Багародзіцай, бо Яна сапраўды нарадзіла нам Бога ўцялесненага і моліцца безупынна за душы нашы.
Перахрысціся і гавары малітву Пачэснаму Крыжу: Няхай уваскрэсне Бог і рассеюцца ворагі Яго, і няхай бягуць ад аблічча Яго тыя, хто ненавідзіць Яго. Як знікае дым, так няхай знікнуць; як растае воск ад агню, так няхай згінуць дэманы перад абліччам тых, хто любіць Бога і асяняе сябе знаменнем Крыжа і радасна прамаўляе: радуйся, Найпачэснейшы і Жыватворны Крыж Гасподні, ты праганяеш дэманаў сілаю на табе распятага Госпада нашага Іісуса Хрыста, Які сышоў у пекла і знішчыў сілу дыявала, і даў нам цябе, Крыж Свой Пачэсны, для прагнання ўсякага супастата. О, Найпачэснейшы і Жыватворны Крыж Гасподні! Дапамагай мне са Святою Спадарыняю Дзеваю Багародзіцаю і з усімі святымі на векі. Амінь.
Або коратка: Засцеражы мяне, Госпадзі, сілаю Пачэснага і Жыватворнага Твайго Крыжа і захавай мяне ад усякага зла. Малітва Аслаб, адпусці, прабач, Божа, правіны нашы, вольныя і міжвольныя, зробленыя ў словах і ўчынках, свядома і несвядома, удзень і ўначы, розумам і думкаю, — усё нам прабач, як Добры і Чалавекалюбны.
Малітва Ненавіснікам і крыўдзіцелям нашым прабач, Госпадзі Чалавекалюбны. Дабрачынцам дабро ўчыні. Братам і сваякам нашым задаволь іх прашэнні, якія вядуць да спасення, і дай ім жыццё вечнае. Нядужых наведай і ацаленне ім дай. Тымі, што на моры, кіруй. Падарожным спадарожнічай. Праваслаўным хрысціянам дапамажы ў барацьбе. Тым, хто служыць нам і мілуе нас, грахоў адпушчэнне дай. Тых, што запаведалі нам, недастойным, маліцца за іх, памілуй па вялікай Тваёй міласці. Памяні, Госпадзі, раней спачылых айцоў і братоў нашых і ўпакой іх там, дзе ззяе святло аблічча Твайго. Памяні, Госпадзі, братоў нашых паланёных і вызвалі іх ад усякае бяды. Памяні, Госпадзі, ахвярадаўцаў і дабрачынцаў у святых Тваіх цэрквах, задаволь іх прашэнні, якія вядуць да спасення, і дай ім жыццё вечнае. Памяні, Госпадзі, і нас, прыгнечаных, і грэшных, і недастойных рабоў Тваіх, і прасвятлі наш розум святлом пазнання Цябе, і скіруй нас на шлях запаведзяў Тваіх па малітвах Прачыстай Уладычыцы нашай Багародзіцы і Вечнадзевы Марыі і ўсіх Тваіх святых, бо Ты благаславёны на векі вякоў. Амінь.
Спавяданне грахоў штодзённае Спавядаю Табе, Госпаду Богу майму і Тварцу, у Святой Троіцы Адзінаму, славімаму і пакланяемаму Айцу, і Сыну, і Святому Духу, усе мае грахі, якія зрабіў я ва ўсе дні жыцця майго, і ў кожную гадзіну, і ў цяперашні час, і ў мінулыя дні і ночы, учынкам, словам, думкаю, аб’ядзеннем, п`янствам, тайнаядзеннем, пустаслоўем, маркотаю, лянотаю, пярэчаннем, непаслухмянасцю, паклёпамі, асуджэннем, нядбайнасцю, самалюбствам, сквапнасцю, крадзяжамі, падманам, атрыманнем нячыстых прыбыткаў, хабарніцтвам, хцівасцю, зайздрасцю, гневам, злапамятнасцю, нянавісцю, карысталюбствам і ўсімі маімі пачуццямі: зрокам, слыхам, нюхам, смакам, дотыкам і іншымі маімі грахамі, як душэўнымі, так і цялеснымі, якімі я Цябе, Бога майго і Тварца, угнявіў і бліжняга майго пакрыўдзіў; шкадуючы аб гэтым, я прызнаџ сябе вінаватым перад Табою, Богам маім, і маю жаданне пакаяцца; толькі, Госпадзі Божа мой, памажы мне, са слязьмі пакорліва малю Цябе; мінулыя саграшэнні мае міласэрнасцю Тваёю прабач мне і вызвалі ад усіх іх, што я выказаў перад Табою, бо Ты Добры і Чалавекалюбны.
Калі адыходзіш да сну, гавары: У рукі Твае, Госпадзі Іісусе Хрысце, Божа мой, аддаџ дух мой. Ты ж мяне благаславі, Ты мяне памілуй і жыццё вечнае дай мне. Амінь. |