Ксёндз Тадэвуш
ДАЙЧЭР Працяг Божая Моц патрабуе слабасці чалавека Бог, набліжаючыся да чалавека, робіць яго слабым. Такім чынам, Ён робіць іначай, чым мы сабе ўяўляем. Табе здаецца, што гэта ты рухаешся да Яго і што ў гэтым руху ты павінен станавіцца ўсё больш моцным, усё лепш даваць сабе рады. Тым часам, гэта Ён набліжаецца да цябе і, набліжаючыся, робіць цябе слабейшым — ці фізічна, ці псіхічна, ці духоўна. Ён робіць гэта для таго, каб мець магчымасць пасяліцца ў табе са сваёю моцаю, таму што менавіта твая слабасць вызваляе месца для Ягонай моцы. Тады, калі ты слабы, ты не можаш давяраць сабе, не можаш спадзявацца на сябе, і тады ёсць шанец звярнуцца да Бога і пажадаць абаперціся на Яго. Ты так часта ўцякаеш ад гэтай найвялікшай ласкі, ласкі слабасці, а яшчэ ж святы Павел пісаў: «Моц дасканаліцца ў слабасці. Найахвотней жа буду хваліцца маімі слабасцямі, каб пасялілася ўва мне моц Хрыста. (...) Бо калі я слабы, тады моцны» (пар. 2 Кар 12, 9–10). Твая моц і сіла рана ці позна павінны аслабнуць. На самай справе няма тваёй сілы, бо яна з’яўляецца дарам – дарам, які ты сабе прысвойваеш, таму ён павінен быць у цябе забраны. Святы Максіміліян Кольбэ падчас многіх сваіх незвычайных апостальскіх падарожжаў адчуваў сябе бездапаможным. Часта клімат быў вельмі неспрыяльны для яго хворых лёгкіх, ён таксама дрэнна пераносіў цяжар заморскіх падарожжаў і вільгаць, з-за якой іншы раз не мог дыхаць. Аднак усё гэта не спыніла яго імкнення абвяшчаць валадарства Беззаганнай Панны Марыі па ўсім свеце, хоць неадначасова здавалася, што ён нават гадзіны не пражыве на караблі. Мажліва, ён звяртаўся тады да Марыі: «Я, хіба, не вытрываю гэтай гадзіны падарожжа, як жа буду пашыраць Тваё валадарства?». А яго ж слабасць была ўсёю ягонаю сілаю. Калі Бог пажадае паслугавацца табою, то толькі па тваёй слабасці. Калі ты спрабуеш быць апосталам з пачуццём сваёй сілы і моцы, то непазбежна становішся «антызнакам». Людзі не хочуць тваёй сілы, тваёй уласнай моцы, бо яна прыніжае іх. Пан Бог, жадаючы ўчыніць цябе знакам і паслугавацца табою, не патрабуе тваёй сілы, а наадварот, патрабуе тваёй слабасці. Гэтая думка вельмі яскрава выказана яшчэ ў Старым Запавеце на прыкладзе Гедэона (Суд 7, 1–8.10). У праціўніка Гедэона было 135-тысячнае войска, а ў самога Гедэона — 32 тысячы воінаў, г. зн. у чатыры разы менш. Аднак у гісторыі здараліся перамогі і пры такой дыспрапорцыі. Таму для Пана Бога гэтая дыспрапорцыя нязначная. Ён загадвае Гедэону зменшыць колькасць воінаў. Пры першай спробе гэтая колькасць скарачаецца з 32 да 10 тысяч. Цяпер войска Гедэона памяншаецца ў 13 разоў. У гісторыі стратэгіі пры такой дыспрапорцыі перамогі не здаралася, але чалавек яшчэ мог бы прысвоіць перамогу сабе і прыпісаць яе ўласнай геніяльнасці. Гедэон, такім чынам, усё яшчэ занадта моцны, ён яшчэ можа разлічваць на свае сілы. Бог выпрабоўвае яго яшчэ раз — патрабуе скараціць гэтыя 10 тысяч да 300 чалавек. І цяпер сітуацыя ператвараецца невядома ў што — у трагедыю ці ў камедыю. Сапраўды, смешна ісці з такою колькасцю воінаў супраць ворага, які колькасна ў 450 разоў мацнейшы. У гэтым выпадку перамагчы можа ўжо толькі Бог, а не Гедэон. І Гедэон пойдзе з гэтаю жменяю людзей і пераможа. Дзякуючы гэтай дыспрапорцыі, якая нашмат пераважае, у яго не будзе нават спакусы, каб прыпісаць перамогу сабе. Уся гэтая сітуацыя такая абсурдная, нібы Пан Бог гаворыць з усмешкаю: «Бачыш, Гедэон, ты хацеў перамагчы дзякуючы свайму ўменню і сіле войска. Глядзі, засталося ў цябе 300 чалавек на 135 тысяч варожага войска. І што ты цяпер скажаш?». Гедэон даверыўся Пану і атрымаў перамогу, якой не ведала яшчэ гісторыя. Пан складвае свой скарб у крохкі гліняны посуд, каб не намі, а моцаю Божаю было здзейснена ўсё, што мы робім (пар. 2 Кар 4, 7). Бог пазбавіў Гедэона яго чалавечай сілы, учыніў яго малым і слабым, – зрабіў тое, што з чалавечага пункту гледжання падаецца абсурдам. Нешта падобнае можа здарыцца і ў тваім жыцці. Калі ёсць у табе такія 32 тысячы элементаў чалавечай моцы, то Пан Бог зробіць з гэтага спачатку 10 тысяч, а потым 300. Вось тады ты станеш сапраўды вельмі слабым, амаль што нежывым, і менавіта такі — слабы — зможаш перамагаць. Гэта будуць перамогі не тваёю сілаю, але сілаю Бога. |