Разважанні аб веры (Працяг)
Убоства Хрыста Вера як праяўленне духоўнага ўбоства знаходзіць свой ідэал у жыцці і асобе Езуса. Быць убогім — азначае быць залежным.У жыцці Езуса Хрыста мы бачым тры моманты, калі Яго ўбоства дасягае крайняй мяжы, калі Ён — Бог —становіцца цалкам залежны і паўстае ў сваёй бездапаможнасці, нібы ў паразе: гэта Бэтлеем, Кальварыя і Найсвяцейшы Сакрамэнт. Калі быць убогім азначае быць залежным, то Езус стаў цалкам залежны ўжо ў Бэтлееме, дзе была бездапаможнасць і нават, можна сказаць, была параза, бо Езуса не прынялі свае, і Ён вымушаны быў нарадзіцца ў нечалавечых умовах. Кожны раз, калі ты адчуваеш сябе слабым і ў нечым бездапаможным, ты ўдзельнічаеш у бездапаможнасці Езуса. Кальварыя — гэта другая сітуацыя прыніжэння Хрыста, якая ўражвае сваёю выразнасцю. Тут Ён таксама нічым не можа сабе дапамагчы, бо Яго рукі, тыя рукі, якія благаславілі натоўпы людзей, прыбітыя цяпер да крыжа, проста крывавяць. Ён не можа паслугавацца нагамі, бо тыя ногі, якія раней неслі ўсюды любоў і Добрую Навіну, цяпер прыбітыя цвікамі. Езус на Кальварыі пазбаўлены ўсяго. Крыж — гэта праяўленне шаленства любові Бога. Тут прыніжэнне Езуса дасягае мяжы. Яшчэ адным праяўленнем прыніжэння Езуса з'яўляецца Найсвяцейшы Сакрамэнт (Эўхарыстыя). Тут таксама прысутнічаюць бездапаможнасць і параза, падобная да таго, як бездапаможнасцю і паразаю, — зразумела, чыста знешняю, — была Кальварыя. У Найсвяцейшым Сакрамэнце Езус маўчыць таксама і тады, калі людзі звяртаюцца да Яго. У табэрнакулюме Ён прыніжаны настолькі, што чалавек можа Яго выняць і перанесці, куды захоча, можа Яго прыняць, але можа таксама зняважыць. Такім чынам, чалавек можа зрабіць з Ім усё, што захоча, у поўным сэнсе гэтага слова: усё, што захоча. I тут заключана ашаламляльная таямніца прыніжэння і ўбоства Хрыста, Ягонай поўнай адданасці Самога Сябе чалавеку. Тры сітуацыі — Бэтлеем, Галгота, Найсвяцейшы Сакрамэнт — гэта тыя моманты, калі любоў Езуса сапраўды даходзіць ажно да шаленства, ажно да крайняга ўбоства. Але менавіта дзякуючы гэтаму шаленству і гэтаму ўбоству Езус дае табе Адкупленне, дае табе веру. Для свету, які хоча бачыць Бога ў паўнаце Ягонай моцы, маўчанне Бога, Яго бездапаможнасць, Яго «параза» з'яўляюцца скандалам. Крыж быў і ўсё яшчэ застаецца абурэннем для няверуючых, але для тых, хто паверыў, ён з'яўляецца найвышэйшаю сілаю. Твой крыж у сэнсе прыніжэння і ўбоства вызваляе ў табе месца для ласкі — для ласкі веры. Ксёндз Тадэвуш Дайчэр |