РАЗВАЖАННІ АБ ВЕРЫ Ксёндз Тадэвуш
ДАЙЧЭР Немагчыма пазнаць Хрыста без чалавека Для таго, каб наш грэх мог стаць шчасліваю віною, мы павінны спачатку прызнацца ў ім. Святы Ян у сваім Евангеллі перадае нам абяцанне Хрыста, што Святы Дух Суцяшыцель, калі прыйдзе, пераканае свет у граху (пар. Ян 16, 8). Такім чынам, адна з функцый Святога Духа, які сыходзіць на свет, — гэта перакананне нас у нашым граху. Гэта ўступная, асноўная, ласка ва ўнутраным жыцці, якую дае нам Дух Святы, каб мы маглі быць перакананымі ў сваёй грахоўнасці, у тым, што мы грэшнікі. Аднак недастаткова прыняць гэтую першую ласку Святога Духа. Калі б мы пазналі ў сабе толькі рэальнасць граху, то яна магла б нас знішчыць. У сваім жыцці мы толькі згіналіся б пад цяжарам уласнага зла; нашае жыццё было б напоўнена неспакоем, стрэсамі і смуткам. Мы павінны быць адкрыты на наступныя дары Духа, на адкрыццё — праз веру — любові Бога да нас. Папа Ян Павел ІІ у сваёй пропаведзі на плошчы Перамогі ў Варшаве прамовіў памятныя словы: «Бо чалавека немагчыма да канца зразумець без Хрыста. А дакладней, чалавек не можа да канца зразумець самога сябе без Хрыста» (Варшава, 02.06. 1979 г.). Гэта значыць, што, калі ты не заўважаеш, што ў тваё жыццё ўвайшоў Хрыстус, твой вобраз самога сябе абмежаваны, а таму памылковы. Калі Святы Дух пакажа табе, што ты грэшнік, а ты не адкрыеш Хрыста, які цябе любіць, то ты можаш упасці ў роспач. Некаторыя адносіны настолькі важныя для чалавека, што яны нібы ўваходзяць у сутнасць яго самога. Да іх належыць любоў. Мы не можам пазнаць сябе без Хрыста, бо без Хрыста мы не спазнаем, што Пан нас любіць, што Ён нас адкупіў і выбраў. Гэтая выбранасць, гэтая любоў складае істотную частку твайго «я», і ты не можаш ад гэтага адмовіцца. Існуе таксама другая частка вышэйзгаданай ісціны: немагчыма пазнаць Хрыста без пазнання чалавека. Мы не можам зразумець, кім ёсць Бог, не можам паверыць у Ягоную веліч і Яго любоў да нас, калі найперш не адкрыем саміх сябе. Калі б Хрыстус любіў цябе таму, што ты варты любові, то ў гэтым не было б нічога асаблівага. Чалавек, нават няверуючы, таксама здольны любіць таго, хто гэтага варты. Любоў Хрыста, як Божая agape — гэта любоў, якая сыходзіць з вышыні і любіць тое, што не варта, каб яно магло стаць вартым. Чым выразней ты ўбачыш сваю грахоўнасць, чым больш шчыра ты прызнаешся ў ёй, тым лепш адкрыеш Хрыста і паўней у Яго паверыш. Такі парадокс веры — немагчыма пазнаць Хрыста, не пазнаўшы чалавека. Таму можна сказаць, што Хрыста сапраўды пазнаюць толькі святыя, таму што яны глыбока пазналі сябе і ўбачылі бездань уласнай грахоўнасці. Гэта дазволіла ім адкрыць «шаленства» Бога — яны не раз выказвалі гэта ў сваёй малітве, вызнаючы: «Божа, Ты ж звар’яцеў, калі мяне, такога грэшніка, так любіш!» Тут бачны характэрны для кожнага сапраўднага рэлігійнага перажывання момант здзіўлення. Чалавек, які пазнаў, што ён грэшнік, і паверыў у любоў, пачаў заўважаць, што Бог сапраўды «звар’яцеў» у сваёй любові да яго. Як глядзець на уласнае зло Барацьба за веру ў сэнсе працэсу навяртання, уключае ў сябе барацьбу супраць спешкі, неспакою і стрэсаў, і найперш смутку. Смутак з’яўляецца асаблівым праяўленнем любові да сябе, якое падрывае карані веры, карані даверу да Бога. Гаворка ідзе і пра смутак, які з’яўляецца ў цяжкіх сітуацыях зямнога жыцця, калі ў нас нешта забіраюць, калі мы штосьці страчваем, але яшчэ больш — пра смутак з-за духоўных цяжкасцяў, калі мы падаем, калі даходзім да нявернасці. Смутак дзейнічае на нашую веру, як параліч. Пасля ўпадку мы не павінны падаць духам, бо гэтым мы наносім Богу яшчэ большую крыўду, чым самім грахом. Больш за тое, святыя гавораць, што пасля падзення мы можам спадзявацца на яшчэ большыя ласкі, чым да падзення. Барацьба за прыняцце паражэнняў і няўдачаў у нашым жыцці павінна ахопліваць нават самыя дробязныя справы. Святы Максіміліян, гуляючы з братамі ў шахматы, вельмі любіў прайграваць. Гэта было ягонае agere contra, так ён адварочваўся ад самалюбства, каб у поўнай меры звярнуцца да Пана. Старайся ў святле веры так глядзець на ўласную недасканаласць, каб не сумаваць з-за яе: Хрыстус прымае цябе такім, які ты ёсць. Ты можаш ісці да Яго разам з усёю сваёю недасканаласцю і слабасцю. Ён выправіць тое, што ты зрабіў дрэнна, выправіць усе твае недахопы. І тут перад намі ўзнікае незвычайна важная праблема. З аднаго боку, мы павінны не жадаць зла, якое ў нас ёсць, а з другога боку, мы павінны прыняць сябе такімі, якімі мы ёсць. Аднак ты не можаш любіць сваю недасканаласць, ты можаш толькі жадаць яе вынікаў. Яна служыць табе толькі для таго, каб ты мог стаць яшчэ больш пакорным, даверлівым і больш верным Богу. Той факт, што ты ўчыняеш грахі, не павінен цябе здзіўляць. Хутчэй, у духу пакоры ты павінен здзіўляцца, што не падаеш. Калі ты здзіўляешся ці дапускаеш роспач з прычыны грахоўнасці, то гэта значыць, што ты верыў у свае ўласныя сілы замест таго, каб дазволіць Езусу несці цябе на руках. Бо «адзін акт любові, нават неадчутай, — падкрэслівае святая Тэрэза ад Дзіцятка Езуса, — выпраўляе ўсё» (Ліст да Селін, 20.10. 1888 г.). Не трэба «ўпадаць у адчай ад сваіх памылак, — піша святая, — дзеці ж часта падаюць, але яны занадта малыя, каб прычыніць сабе гэтым вялікую шкоду» (Жоўты сшытак, 06.08.1897 г.). Святая Тэрэза з Лізьё вельмі любіла давяраць Езусу свае памылкі і сваю нявернасць. Яна казала, што такім чынам хоча прыцягнуць Яго міласэрнасць, бо Ён жа прыйшоў да грэшнікаў, а не да праведнікаў. Як гэта ўсё важна для нас,тых, хто засмучаецца, калі падае. «Не так важна, мой Езус, калі я кожную хвіліну падаю, — піша святая Тэрэза, — бачу тады слабасць сваю, а для мяне гэта вялікая карысць. Ты, Езу, бачыш тады, якая я слабая і ні на што не здольная, і тады Ты больш схілены несці мяне на руках» (Ліст да Селін, 26.04.1889 г.). З набліжэннем да мэты, якою з’яўляецца Бог, здаецца, што гэтая мэта ўсё больш аддаляецца. Гэта нармальна і правільна. Тэрэза, бачачы, што яна нібы аддаляецца ад Бога, зусім не сумуе з-за гэтага: «Якая я шчаслівая, калі бачу, што я такая недасканалая і мне патрэбна столькі Божай міласэрнасці ў хвіліну смерці» (Жоўты сшытак, 29.07.1897 г.). Калі ты адчувеш сябе грэшным і слабым, то маеш асаблівае права на рукі Езуса, таму што Ён — Добры Пастыр, Ён шукае авечак, якія заблудзіліся, і тых слабых, бездапаможных, якія не паспяваюць за статкам. Дазволь Езусу браць цябе на рукі, дазволь Яму любіць, павер у Ягоную любоў. Для таго, каб ты меў права быць у Яго на руках, ты павінен прыняць паставу пакоры; ты павінен прызнаць, паверыць, што ты грэшны і вельмі слабы. Але разам з тым ты павінен паверыць і ў Ягоную любоў, у тое, што Езус бярэ цябе на рукі менавіта таму, што ты грэшны, слабы і бездапаможны. Вера будзе нараджаць у табе ўдзячнасць за тое, што Ён ніколі не перастае цябе любіць, — цябе, грэшнага, слабога, бездапаможнага — як у фізічным так і ў духоўным жыцці. Пераклад з польскай мовы
|