Пальмовая нядзеля

Касцёл, падрыхтаваны саракадзённым велікапосным пакаяннем, у Пальмовую нядзелю пачынае перажываць цэнтральную таямніцу хрысціянскай веры — пасхальную таямніцу смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста. У гэты дзень на ўспамін уваходу Хрыста ў Ерузалем для здзяйснення пасхальнай таямніцы адбываецца працэсія або ўрачысты ўваход перад святой Імшою, а таксама асвячаюцца галінкі пальмаў і іншых дрэваў. Гэта могуць быць таксама галінкі аліўкавых дрэваў або, як здаўна прынята ў нас, вярбы (адсюль выводзіцца папулярная назва свята — Вербная нядзеля).

Гэтая традыцыя грунтуецца на евангельскім апісанні месіянскага ўваходу Хрыста: «У той час мноства людзей, якія прыйшлі на свята, калі пачулі, што Езус ідзе ў Ерузалем, узялі пальмовая галінкі і выйшлі Яму насустрач, усклікаючы: Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана, Валадар Ізраэля!» (пар. Ян 12, 12-13). Пальмовая нядзеля прысвечана асабліваму разважанню пра муку Пана і непасрэдна рыхтуе нас да перажывання яе ў літургічных абрадах Вялікага тыдня. Евангельскае апісанне мукі Езуса Хрыста і Яго смерці на крыжы чытаецца ў гэты дзень на кожнай святой Імшы.

Нядзеля Змёртвыхпаўстання (Уваскрасення) Пана.

Вялікдзень – найбольш распаўсюджаная ў нашым народзе назва асноўнага і найстаражытнейшага хрысціянскага свята Змёртвыхпаўстання (Уваскрасення) Пана, якое адзначалася ўжо першымі хрысціянамі.

Свята з’яўляецца рухомым (яно не прыпадае на нейкую пэўную дату) і ў лацінскім Касцёле адзначаецца ў першую нядзелю пасля першай веснавой поўні (пасля дня раўнадзенства). Калі ж на гэты самы дзень прыпадае і юдэйскае свята Пасхі, то святкаванне Вялікадня пераносіцца на наступную нядзелю. Ад таго, на які дзень прыпадае Вялікдзень, залежыць, калі ў гэтым годзе будуць адзначацца іншыя рухомыя святы: Унебаўшэсце, Спасланне Духа Святога, свята Божага Цела і ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

Першая ўрачыстая святая Імша ў нядзелю традыцыйна распачынаецца працэсіяй, у якой нясуць Найсвяцейшы Сакрамэнт і фігуру ўваскрослага Хрыста. Гэта так званая рэзурэкцыя (ад лац. уваскрасенне).

На Вялікдзень існуе звычай благаслаўлення традыцыйных велікодных страваў: хлеба (печыва), мяса, вяндліны, солі, а таксама фарбаваных яек (пісанак), якія з’яўляюцца неад’емным атрыбутам святочнага стала.


Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова..

 

Hosted by uCoz