ШКОЛА МАЛІТВЫ Святло для душы Паводле гаміліі «Прамалітву» святога Яна Залатавуснага Малітва і размова з Богам — гэта найвышэйшае дабро, крыніца яднання чалавека з Панам. Бо як вочы цела здольныя бачыць у святле, так і дух, паглыблены ў Бога, атрымлівае асвячэнне Яго непадманным святлом. Гаворка тут ідзе, вядома, пра малітву, якая бярэ свой пачатак з глыбіні душы, якая не зводзіцца да вызначаных гадзінаў, але трывае пастаянна, удзень і ўначы. Соль Божай любові Нашы думкі павінны быць звернутыя да Бога не толькі ў часе малітвы словамі, але і тады, калі мы дапамагаем бедным, наведваем хворых і адзінокіх альбо займаемся нейкай іншай дабрачыннай справай. Тады нашыя думкі мусяць таксама яднацца з Богам, каб тое, што мы робім, было запраўленае соллю Божай любові. Дар Божай ласкі Малітва — шаноўная заступніца за нас перад Богам. Яна радуе душу чалавека і супакойвае ягоныя жаданні. Не думай, аднак, што малітва, пра якую я кажу, гэта малітва словамі. Гэта перадусім прагненне, звернутае да Бога, невытлумачальнай прывязанасцю да Яго. Яна паходзіць не ад чалавека, але з’яўляецца дарам Божай ласкі. Таму Апостал і кажа: «Калі мы не ўмеем маліцца так, як трэба, сам Дух заступаецца за нас мальбамі, якія нельга выказаць словамі». Нябесны спажытак Калі Пан удзеліць камусьці дар такой малітвы, той атрымае надзвычайнае багацце і нябесны спажытак, што насычае душу. Хто пакаштуе таго спажытку, той запалае вечным прагненнем Бога, найгарачэйшым агнём, які будзе распаляць ягоны дух. Маючы шчырую малітву, аздабляй свой дом сціпласцю і пакораю, каб ён яснеў святлом справядлівасці. Упрыгожвай яго добрымі ўчынкамі, асвятляй яго вераю і велікадушнасцю. І над гэтым усім няхай узносіцца малітва да Пана. У гэтым прыгожым каралеўскім памяшканні ты прымеш Таго, чый вобраз ужо маеш у святыні сваёй душы, дзякуючы Яго ласцы. Падрыхтавала |