Гісторыя збаўлення

Гісторыя збаўлення

Уся гісторыя чалавечая - гэта гісторыя збаўлення. Мы верым, як вучыць нас таму Святое Пісанне, што Бог - Стварыцель свету і чалавека. Ён стварыў чалавека «па сваім вобразе… стварыў мужчыну і жанчыну» і благаславіў іх: «Пладзіцеся і размнажайцеся, каб залюднілі зямлю і зрабілі яе сабе падуладнаю» (пар. Быц 1, 27-28). Гэта пачатак чалавечай гісторыі, шляхам якое Бог хоча давесці ўсіх, усё чалавецтва да збаўлення і пазнання праўды (пар. 1 Тым 2, 4). І мы чакаем мяжы чалавечай гісторыі, аднаўлення сусвету і збаўлення чалавека, зноў жа, згодна Святому Пісанню, згодна яго апошняй кнізе - Апакаліпсісу святога Яна Багаслова: «І ўбачыў я новае неба і новую зямлю, бо першае неба і першая зямля мінулі… І сказаў Той, што сядзеў на троне: «Вось раблю ўсё новае… Я Альфа і Амега, Пачатак і Канец…» (21, 1. 5-6).

Такім чынам, уся чалавечая гісторыя - гэта гісторыя збаўлення. Бог Усемагутны і Усямоцны, Бог - любячы Айцец, заклікае і вядзе да збаўлення ўсіх людзей і кожнага чалавека. Вядзе чалавека як істоту разумную і вольную, якая шукае свае дарогі…

Так гледзячы на чалавечую гісторыю, мы, аднак, часцей за ўсё не здольныя ўбачыць збаўчае значэнне паасобных здарэнняў, асабліва тых, што прыносяць чалавеку цярпенне, а тым больш, калі здарэнні гэтыя, як нам здаецца, аддаляюць чалавека ад Бога. А іх столькі, што ўся чалавечая гісторыя не раз, здаецца, хутчэй адводзіць ад Бога і збаўлення, чым вядзе да Яго.

На дапамогу прыходзіць Святое Пісанне, якое апавядае нам «святую гісторыю», гісторыю Старога і Новага Запаветаў ад Абрагама да Езуса з Назарэту і Яго апосталаў. Абвяшчае яно збаўчае значэнне апісаных падзеяў, перадусім - смерці і змёртвыхпаўстання Хрыста. Тым самым пралівае святло на ўсю чалавечую гісторыю, як гісторыю збаўлення. Святая гісторыя і яе кульмінацыя - смерць і змёртвыхпаўстанне Езуса Хрыста - робіць усю гісторыю чалавецтва гісторыяй збаўлення. Яна робіць таксама, што ўсе падзеі чалавечай гісторыі, нават самыя трагічныя і, здавалася б, найбольш далёкія ад помыслаў Божых, мы можам прымаць з надзеяй і ўпэўненасцю, што і яны маюць свой сэнс у перспектыве канчатковага збаўлення.

Евангелле

Назва «Евангелле» вядома перш за ўсё як азначэнне чатырох кніг Новага Запавету, што апавядаюць пра жыццё, смерць і змёртвыхпаўстанне Езуса з Назарэту. Па імёнах аўтараў іх называюць Евангеллямі ад Мацвея, Марка, Лукі і Яна. Чатыры Евангеллі - гэта не «біяграфіі» Пана Езуса, якія мелі б на мэце адлюстраваць у некаторай ступені дзень за днём гісторыю Яго жыцця. Паходзяць яны з апостальскага прадказання. Апосталы абвяшчаюць Езуса з Назарэту, пасланніцтва якога Бог пацвердзіў «незвычайнымі ўчынкамі, цудамі і знакамі». Ён быў укрыжаваны, «але Бог уваскрасіў Яго» і ўчыніў «Панам і Месіяй» (пар. Дз 2, 22. 24. 36). Гэта апостальскае прадказанне апісана самімі апосталамі (Мацвеем, Янам) альбо іх вучнямі (Маркам, Лукою) - гэта менавіта і ёсць чатыры Евангеллі.

Аднак назва «евангелле» мае таксама больш агульнае і асноўнае значэнне. Узята яна з грэцкай мовы, у якой «еu» значыць «добра», а «аggello» - «звеставаць». Адсюль «евангелле» азначае «добрая навіна». Габрэйскі адпаведнік гэтага слова - «besora» - з'явіўся ў Кнізе прарока Ісаі, які як добрую навіну прадказвае будучае Вызваленне Ізраіля, збаўленне і Божае Валадарства (пар., напр., 52, 7).

Евангелісты кажуць, што Езус абвяшчаў «Евангелле аб Валадарстве», «Евангелле Божае» альбо проста «Евангелле» (Мц 4, 23; Лк 8, 1; Мк 1, 14-15). Добрая Навіна, якую абвяшчаў Езус, - гэта блізкасць Валадарства Божага. Гэта добрая навіна для ўсіх «убогіх духам», якія чакаюць Божага Валадарства і якім яно належыць (Мц 5, 3). А паколькі Валадарства Божае прыходзіць разам з Езусам праз Яго жыццё, смерць і змёртвыхпаўстанне, таму Евангелле аб Валадарстве Божым з'яўляецца Евангеллем, г.зн. добраю навіною пра Езуса Хрыста. Такімі словамі пачынае сваё Евангелле св. Марк: «Пачатак Евангелля Езуса Хрыста, Сына Божага» (Мк 1, 1).

Такім чынам, абодва значэнні назвы «евангелле» сустракаюцца паміж сабою: Евангелле - добрая навіна аб надыходзе Валадарства Божага становіцца назваю кнігі, якая абвяшчае Уваскрослага.

Езус Хрыстус

Езус Хрыстус, Сын Божы, Збавіцель свету. Езус Хрыстус - гэта значыць: Езус, каторы ёсць Хрыстус, альбо ў перакладзе з грэцкай - Памазанік, Месія, Пасланы Богам Збаўца свету. Прамаўляючы з вераю словы «Езус Хрыстус», мы вызнаем, што Езус ёсць Збаўца. Вызнанне і абвяшчэнне, што Езус з'яўляецца Збавіцелем, складаюць Евангеллі. Яны апавядаюць пра Яго жыццё, смерць і змёртвыхпаўстанне. Пра тое, што Ён нарадзіўся ў Бэтлееме, жыў і працаваў у Назарэце са сваёю маці Марыяй і Юзафам, які лічыўся Яго бацькам. На 30-м годзе жыцця Ён пачаў абвяшчаць Добрую Навіну аб Валадарстве Божым. Дзейнічаў на габрэйскіх землях, у Юдэі і Галілеі. Вёў жыццё вандроўнага настаўніка і прарока, збіраў каля сябе вучняў. «…Хадзіў, робячы дабро і аздараўляючы ўсіх, апанаваных дэманам, бо з Ім быў Бог» (Дз 10, 38).

Рэлігійныя кіраўнікі габрэйскага народу прыгаварылі Яго да пакарання смерцю і прымусілі выдаць абвінаваўчы прысуд рымскага пракуратара Пілата. Езус быў укрыжаваны, але «Бог Яго ўваскрасіў на трэці дзень». Уваскрослы ўказваецца сваім вучням, якія, паверыўшы, становяцца вешчунамі, паколькі «Бог прызначыў Яго суддзёю жывых і памерлых» і «кожны, хто верыць у Яго, атрымае адпушчэнне грахоў праз імя Яго» (пар. Дз 10, 40. 42-43).

Вера ў Езуса як Збавіцеля - ужо вызнанне таго, што Ён не толькі чалавек і што нават не адзін з прарокаў, якія былі ў гісторыі Ізраіля. Езус сам гаворыць пра Бога, што Ён - Айцец Ягоны, які паслаў Яго, для якога Ён жыве і з якім ёсць адно. Адсюль у Новым Запавеце, а пасля ў Касцёле, на ўсеагульных саборах вера ў Езуса Хрыста выразілася ў перакананні, што Ён з'яўляецца чалавекам і разам з тым - Богам, што Ён - адвечны Сын Божы, «Які дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўлення стаўся чалавекам» (Вызнанне веры, сфармуляванае на Нікейскім Саборы ў 325 г.).

Слова Божае

Слова Божае - гэта ў Святым Пісанні другое імя Сына Божага. Яно добра вядомае з пралогу Евангелля ад св. Яна:

«На пачатку было Слова,
і Слова было ў Бога,
і Богам было Слова…»

(Ян 1, 1).

Святы Ян звяртаецца да традыцыі Старога Запавету, які неаднаразова прыгадвае абвешчанае Богам слова і Божую мудрасць. Кніга Быцця гаворыць, што Бог стварыў усё, што існуе, сваім словам. Такім чынам, яно - Божая сіла, яно - дзейснае і стваральнае. Сваё слова Бог кіруе да чалавека, асабліва да прарокаў, каб абвяшчалі яго, як Ягоную волю і абяцанне ўсяму народу абранаму. Сапенцыяльныя Кнігі, асабліва Кніга Лічбаў і Кніга Мудрасці Сіраха прадстаўляюць Мудрасць Божую як першую з Божых стварэнняў, як існуючую «ад вякоў… ад пачатку, перш чым зямля паўстала», як тую, што супрацоўнічае з Богам пры стварэнні свету (пар. Ліч 8, 22-31).

Евангелле святога Яна, абвяшчаючы, што Езус - адвечнае слова Божае, ідзе яшчэ далей. Езус ёсць Слова, праз якое Бог усё стварыў. Ён - Жыццё і Святло людзей. Ён - адрозны ад Бога і разам з тым Ён - у Бога і ёсць Богам. Такім чынам, Слова Божае не было створана. Гэта імя Боскай Асобы.

Хрысціянская традыцыя бачыць у імені Слова шлях да разважання над паходжаннем Сына Божага ад Бога Айца. Бог, будучы духам, нараджае свайго Сына духова. Імя «Слова» дазваляе разумець гэта Божае нараджэнне як акт інтэлектуальны: тварэнне паняцця, прамаўлення слова. Бог Айцец нараджае Сына Божага, прамаўляючы сваё адвечнае, адзінае Слова і ў Ім выяўляе поўнае пазнанне сябе самога.

Пралог Евангелля святога Яна заканчваецца прызнаннем, што адвечнае Слова Божае «стала целам», г.зн. стала чалавекам (Ян 1, 14).

Уцелаўленне

Уцелаўленне - прыняцце асобаю Сына Божага чалавечнасці з Найсвяцейшай Марыі Панны. Такім чынам, сказаць, што Сын Божы ўцелаўліўся, гэта тое ж, што сказаць: Сын Божы стаўся чалавекам. Хоць тэрміна «ўцелаўленне» няма ў Святым Пісанні, ён - відавочная спасылка на вядомыя словы з Евангелля святога Яна: »Слова стала целам і пасялілася між нас» (Ян 1, 14).

Уцелаўленне не азначае, што Бог, альбо таксама Сын Божы, перамяніўся ў чалавека, перастаючы якімсьці чынам быць Богам. Гэта быў бы абсурд. Уцелаўленне, прыняцце Сынам Божым чалавечай прыроды, «постаці слугі», не з'яўляецца якім-небудзь умаленнем велічы і хвалы Бога.

Уцелаўленне не мае ў сабе нічога ўяўнага. Прынятая Сынам Божым чалавечнасць - гэта не пераапрананне Божае і не спосаб аб'яўлення людзям. Сын Божы стаўся сапраўдным чалавекам. Езус, уцелаўлёны Сын Божы, - гэта не Бог, які пасяліўся ў чалавечым целе, але - чалавек, складзены з душы і цела, які, аднак, з'яўляецца асобаю Сына Божага. Уцелаўленне не азначае, што Езус, хоць і часова, але як бы «на пераменку» з'яўляецца Богам і чалавекам, раз выступаючы як Бог, а іншы раз - як чалавек. Езус, уцелаўлёны Сын Божы - адна асоба, асоба Сына Божага ў чалавечай прыродзе. Боская Асоба, якая думае, любіць, адчувае, жыве, як чалавек: чалавечым інтэлектам, чалавечым сэрцам, чалавечымі пачуццямі… Таму гэтае ўцелаўленне інакш называецца асабовым паяднаннем.

Каб увайсці ў таямніцу ўцелаўлення, добра прайсці шляхам апосталаў: разважаць па сінаптычных Евангеллях - ад Мацвея, Марка і Лукі - чалавечае жыццё Езуса ад нараджэння з Найсвяцейшай Марыі Панны да смерці на крыжы і змёртвыхпаўстання. І даходзіць з апосталамі да веры, што Езус - гэта не звычайны чалавек, што Ён - Сын Божы, адно з Айцом і разам з Ім, у Духу Святым - адзін Бог.

Евангелле ад святога Яна напісана пазней за іншыя і ўжо як бы прывучанае да веры ў Езуса - Сына Божага, ідзе адваротнаю дарогаю: ад Бога да чалавека. Калі Езус Сын Божы, то г.зн., што Сын Божы (інакш - Слова Божае) стаўся чалавекам.

А яднаючыся з чалавечнасцю Езуса, Сын Божы пэўным чынам з'яднаўся з кожным чалавекам (КДК 22; Ян Павел ІІ, энц. «Redemptor hominis»).

Маці Божая

На першы погляд азначэнне «Маці Божая» здаецца бессэнсоўным. Бо як Бог можа нарадзіцца, як чалавек можа нарадзіць Бога?

Марыя - маці Езуса-чалавека. Евангелле распавядае пра тое, як, цяжарная, вандравала Яна да дому сваёй сваячкі Эльжбеты, якая таксама чакала дзіця, як пасля ішла са сваім мужам-апекуном Юзафам у Бэтлеем, дзе з'явіўся на свет Езус. На восьмы дзень пасля нараджэння, згодна з Майсеевым законам, хлопец прайшоў абрад абразання, а на саракавы дзень, як першародны сын, быў ахвяраваны ў святыні ерузалемскай. Няма нічога абсурднага і нават, хацелася б сказаць, няма нічога незвычайнага ва ўсім гэтым. Марыя - Маці Езуса з Назарэту (там яны жылі), які пасля, калі пачаў навучаць і рабіць цуды, выклікаў здзіўленне: «Адкуль у Яго гэта? І што за мудрасць дадзена Яму?.. Ці ж гэта не цесля, Сын Марыі?» (Мк 6, 2-3).

Адказ на пытанне, што значыць азначэнне «Маці Божая», якое адносіцца да Марыі, вельмі цесна звязана з адказам на пытанне: хто такі Яе Сын Езус?

Гэта было пытанне, якое часта задавалі сабе слухачы Езуса, сведкі Яго ўчынкаў і, перш за ўсё, самыя блізкія да Езуса Яго вучні-апосталы. Езус быў для іх пастаяннаю загадкаю. Ва ўсім падобны да іх, апрача граху, Ён патрабаваў веры ў сябе, Бога называў сваім Айцом і абвяшчаў, што Ён - адно з Ім. «Сапраўды, чалавек гэты быў Сын Божы» (Мк 15, 39). Патрэбны былі смерць і змёртвыхпаўстанне Езуса, каб толькі тады вучні паверылі, што гэты Езус, пасланніцтва якога Бог пацвердзіў незвычайнымі ўчынкамі, - Пан і Месія, Бог, благаслаўлёны навекі (пар. Дз 2, 27. 36; Рым 9, 5).

Гэту веру - галоўную ў хрысціянстве, - Касцёл абараняў заўсёды ад якіх бы то ні было тэндэнцый да ўмалення. Нікейскі Сабор у 325 г. вызнаваў, што Езус Хрыстус - гэта «Бог з Бога, святло са святла, Бог праўдзівы з Бога праўдзівага, народжаны, а не створаны, адзінасутны Айцу», які дзеля нашага збаўлення «сышоў з неба, і за справаю Духа Святога прыняў цела з Дзевы Марыі і стаўся чалавекам». Эфескі Сабор (431 г.) вызнаў, што Езус, будучы Богам і чалавекам, з'яўляецца кімсьці адным, адною асобаю: Сынам Божым. Будучы маткаю Езуса - чалавека, Панна Марыя - Маці Сына Божага, Маці Бога. Паўтараем: Яна не маці боства (гэта было б абсурдам), Яна - маці чалавека, але чалавек гэты - Сын Божы.

Дачка Сыёну

Дачка Сыёну - гэта адно з імёнаў біблійнага паходжання, якімі хрысціянская традыцыя называе Марыю, Маці Езуса.

Сыён - назва ўзгор'я ў Ерузалеме, якая ўжываецца таксама як найменне ўсяго горада. Дачкою Сыёну называлі ўвесь ізраільскі народ - абранніцу Бога. Вось два тэксты прарокаў, з якіх гэта добра відаць:

«Спявай, Дачка Сыёну!
Узнясі свой радасны вокліч, Ізраіль!
Цешся і весяліся з усяго сэрца,
Дачка Ерузалем!..
Кароль Ізраіля, Пан з табою,
не будзеш баяцца ўжо злога»

(Саф 3, 14-15).

Падобным чынам і другі прарок прадвяшчае радасць Дачцы Сыёну:

«Радуйся вельмі, Дачка Сыёну:
Радасна ўсклікай, Дачка Ерузалем!
Гэта Кароль твой ідзе да цябе,
Справядлівы і пераможны.
Пакорны - едзе на асляняці,
на асляняці, на жарабятку асліцы»

(Зах 9, 9).

На другі тэкст спасылаецца святы Мацвей, які бачыць спаўненне прадказання ва ўрачыстым уездзе Езуса ў Ерузалем перад Яго мукаю і смерцю (пар. Мц 21, 5). Да абодвух тэкстаў звяртаецца таксама Евангелле св. Лукі, гаворачы пра звеставанне Марыі. Словы анёльскага прывітання: «Вітана будзь, поўная ласкі, Пан з Табою» (Лк 1, 28) - гэта даслоўна азначае: «радуйся», «весяліся» (так тлумачыць гэтыя словы каментар у Бібліі Тысячагоддзя - выдавецтва а. палятынаў, Познань - Варшава, 1991 г. - Заўв. пер.). І прычына радасці адпавядае прарочым прадказанням: Пан з Табою, Сын Найвышэйшага, якому Пан Бог дасць трон Яго айца Давіда. А значыць: «Кароль Ізраіля, Пан з Табою», «Кароль твой ідзе да Цябе».

Марыя - увасабленне Народу Божага Старога Запавету, паколькі ў Ёй, у Яе святасці, веры, адданні Богу - сабраліся і дасягнулі свае вяршыні спадзяванні і абранніцтва ўсяго народу ізраільскага. Яна таксама - увасабленне Народу Божага Новага Запавету… Ліст да Габрэяў звяртаецца да веравызнаўцаў Езуса Хрыста: «…вы прыступіліся да гары Сыёну і да места Бога Жывога, да нябеснага Ерузалему… да пасрэдніка Новага Запавету, Езуса…» (12, 22. 24).

Народ Божы, Касцёл названы тут гарою Сыёну, Ерузалемам нябесным. Марыя, Дачка Сыёну, з'яўляецца і яго ўвасабленнем. Каб пасяліцца сярод свайго народу, Пан пасяліўся ў Ёй. І перш чым новы Народ Божы сабраўся ў веры, Яна першая паверыла.

Беззаганнае Пачацце

Беззаганнае пачацце - гэта таямніца вызвалення ад першароднага граху Езусавай Маці з першай хвіліны Яе жыцця. Такім чынам, гаворка тут ідзе пра Яе пачацце, а не пра дзявочае пачацце Ёю Езуса.

Перакананне, якое сыходзіць з веры, што Маці Хрыстова цалкам святая, не кранутая ніякім грахом, знаходзіць сваё выяўленне ў Евангеллі ад св. Лукі, менавіта ў анёльскім прывітанні: «Вітана будзь, поўная ласкі, Пан з Табою» (пар 1, 28). Айцы Касцёла тлумачаць, што Яна - самая чыстая, беззаганная, што Яна некранутая грахом, «новая Ева», «маці ўсіх жывых» (Быц 3, 20). З цягам часу гэта перакананне станавілася ўсё больш канкрэтным: свабода Панны Марыі ад граху значыць, што Яна была свабодная ад усялякага асабістага граху і што была захаваная ад граху першароднага, якім абцяжараны кожны чалавек. Ужо недзе каля ІХ стагоддзя з'яўляецца найперш ва ўсходняй Царкве, а пасля і на Захадзе - свята Яе пачацця, якое было пазней названа святам Беззаганнага Пачацця.

Хоць і беззаганна пачатая, Найсвяцейшая Панна Марыя была адкупленая Сваім Сынам, Езусам, Адкупіцелем усіх людзей. Першародны грэх павінен быў закрануць і Яе, як закранае ўсіх… Збаўчая моц Езуса пашыралася аднак і на тых, што жылі перад Ім, з пачатку свету, як пашыраецца на тых, што будуць жыць пасля Яго, ажно да сканчэння часу. Можна нават сказаць, што Маці Хрыстова была адкупленая больш, чым усе іншыя людзі, паколькі Яна адна была захаваная ад граху, у той час, як усе астатнія ад граху ачышчаюцца.

Трыдэнцкі Сабор (ХVІ ст.) даваў вызначэнне ўсеагульнай веры, калі, абвяшчаючы, што ўсе людзі, якія паходзяць ад Адама, наследуюць пляму першароднага граху, рабіў агаворку, што не хоча гэтым вызначэннем закрануць Найсвяцейшай Панны Марыі.

У палове ХІХ стагоддзя, у 1854 годзе, у той перыяд, калі ў свеце пашыраўся матэрыялізм і ляіцызм, Папа Пій ІХ, ідучы за парадамі ўсяго сусветнага епіскапату, палічыў неабходным урачыста абвясціць, што Беззаганнае Пачацце Найсвяцейшай Панны Марыі належыць да паўнаты Божага Аб'яўлення… «Улічваючы будучыя заслугі Яе Сына, Езуса Хрыста, была Яна з першай хвіліны свайго пачацця захаваная ад усялякай плямы першароднага граху».

«…які пачаўся з Духа Святога»

Евангелле, веравызнанне і хрысціянская традыцыя абвяшчаюць, што Марыя, Маці Езуса Хрыста, пачала і нарадзіла на свет свайго адзінага Сына, застаючыся некранутаю ў сваім дзявоцтве.

Евангелле ад св. Лукі гаворыць, што пры звеставанні Марыя выказвае анёлу пэўнае сумненне: «Як гэта будзе, калі я не знаю мужа?» Звястун адказаў Ёй: »Дух Святы сыдзе на Цябе, і сіла Найвышэйшага ахіне Цябе: вось чаму і тое, што народзіцца Святое, Сынам Божым назавецца» (Лк 1, 34-35). (…)

Гэтаксама Евангелле ад св. Мацвея гаворыць, што пасля заручынаў Марыі з Юзафам «перш чым адбылося вяселле, выявілася, што Яна цяжарная ад Духа Святога» (пар. Мц 1, 18). Цудоўнае прыйсце Езуса на свет, а менавіта Яго нараджэнне з Дзевы Марыі, Евангелле ад св. Мацвея лічыць знакам, што Ён - пасланнік Божы. Споўнілася на Ім прароцтва Ісаі: «Вось Дзяўчына пачне і народзіць Сына; і дадуць Яму імя Эмануэль, гэта значыць, з намі Бог» (пар. Мц 1, 23).

У чым евангелічнае значэнне цнатлівасці? Маральная і рэлігійная каштоўнасць кожнага чалавечага рашэння і кожнай пазіцыі залежыць ад тых матываў, якія іх выклікалі. Цнатлівасць, як парада Езуса Хрыста, што пададзена ў Евангеллі і што высока цанілася з самага пачатку хрысціянства, - гэта адрачэнне, здзейсненае ў імя Валадарства Нябеснага (Мц 19, 10-12). Гэта ахвяраванне сябе Богу, але тым самым і людзям, каб служыць надыходу Яго Валадарства, а менавіта, пакласці пачатак яму ўжо тут, на зямлі. Бо - у Валадарстве тым «не будуць ані жаніцца, ані замуж выходзіць» (пар. Мц 22, 30). У гэтым святле трэба паглядзець таксама на цнатлівасць Найсвяцейшай Марыі Панны. Яна была цалкам адданая Богу і гатова служыць Яго збаўчым планам. Была гэта адданасць настолькі цалкавітая і настолькі поўнай была гатоўнасць служэння, наколькі Яна сама была вольная ад усялякага граху і нават ценю эгаізму. Яе словы: «Вось я - слуга Пана; няхай станецца мне па слову Твайму» (пар. Лк 1, 38) выяўляюць не толькі згоду стаць маці Збавіцеля, але і Яе прынцыповы, канчатковы давер Богу і Яго волі.

Аб'яўленне Панскае

Аб'яўленнем Панскім называецца ўрачыстасць, шырока вядомая як свята Трох Каралёў.

Літургія ў гэты дзень згадвае тры падзеі, апісаныя ў Евангеллі. Перш за ўсё - паклон гэтых трох каралёў, ці, дакладней, мудрацоў з Усходу, якія прыбылі ў Бэтлеем; пасля - хрышчэнне Пана Езуса ў Іардане, якое папярэднічала Яго публічнай настаўніцкай дзейнасці; і, урэшце, першы здзейснены Езусам цуд - цуд у Кане Галілейскай.

Усе тры падзеі прадстаўляюць Езуса як Збавіцеля свету. Пакланенне мудрацоў, пра якое распавядае Евангелле ад св. Мацвея, сведчыць, што Езус - гэта пасланы Богам Збавіцель не толькі ізраільскага народу, але ўсяго свету, а таксама і паганаў, якіх прадстаўлялі мудрацы. Калі Езус прымае хрышчэнне з рук Яна Хрысціцеля, стоячы побач з грэшнікамі, Бог-Айцец аб'яўляе, што Ён - Сын Яго ўмілаваны, а Ян абвяшчае, што Ён - Ягнё Божае, які згладжвае грахі свету. Сведчанне Яна спрыяе таму, што да Езуса далучаюцца Яго першыя вучні. Ператварэнне вады ў віно ў Кане Галілейскай аб'яўляе ім Божую магутнасць Езуса і абуджае ў іх веру ў Яго. Так падае гэта Евангелле ад св. Яна (пар. 2, 11). Аб'яўленне Панскае, г.зн. аб'яўленне Пана Езуса як пасланага Богам Збавіцеля чалавецтва, дазваляе заўважыць, што Божае Аб'яўленне мае вельмі канкрэтную і гістарычную форму. Божае Аб'яўленне носіць імя Езус. Не толькі Яго словы і ўчынкі, але сам Ён, падобны да нас ва ўсім, апроч граху, з'яўляецца аб'яўленнем Бога. Ён сказаў аднаму са сваіх апосталаў, а менавіта Піліпу: «Хто бачыў Мяне, бачыў Айца» (Ян 14, 9).

Аб'яўленне Панскае наказвае таксама заўважыць, што Бог аб'яўляецца, каб збавіць чалавека. Езус аб'яўляе Бога-Айца, які шукае страчанага чалавека, пасылаючы свайго Сына. Аб'яўляе, што вызваленне чалавека ад усіх яго цярпенняў і ад самой смерці заключаецца перш за ўсё ў вызваленні яго з граху, які з'яўляецца коранем усялякага зла. Аб'яўляе, што шлях да гэтага вызвалення, якім чалавек павінен пайсці, - вера: давер Яму і Таму, які Яго паслаў.

Хрышчэнне Яна

Ян Хрысціцель быў сынам Захарыі і Эльжбеты. Аб прадказанні яго прыйсця на свет і аб яго нараджэнні гаворыць Евангелле ад св. Лукі перш, чым распавядзе пра звеставанне Панне Марыі і пра нараджэнне Езуса (раздзел 1 і 2). Гэтаксама прарочае выступленне Яна, які заклікае да навяртання і ў знак яго ўдзяляе хрышчэнне, папярэднічае пазнейшаму выступленню Езуса, які перад набліжэннем Валадарства Божага, таксама будзе заклікаць да навяртання і накажа вучням хрысціць у імя сваё (пар., напр., Мц 3, 1-12; 4, 17; 28, 16-21).

Таму, на нейкі час перад выступленнем Езуса з'явіўся ў Пустыні над Іарданам Ян, заклікаючы да пакаяння і хрысцячы. «І хрысціліся ў яго ў Іардане, спавядаючыся з грахоў сваіх» (Мц 3, 6).

Абрад хрышчэння - абмыванне ў вадзе ў знак жадання ўнутранага ачышчэння і змены жыцця - невядомы ў Старым Запавеце. Аднак вядомыя шматлікія абрады абмывання, якія павінны былі выяўляць імкненне да маральнай чысціні, хоць часцей за ўсё з'яўляліся толькі рытуалам.

Ян удзяляў хрышчэнне, дамагаючыся маральнага навяртання. Насуперак фарысеям, такім чынам ён выражаў перакананне, што само паходжанне ад Абрагама яшчэ нікога не робіць мілым Богу: «…Бог можа з камянёў гэтых падняць дзяцей Абрагаму» (Мц 3, 9). У адносінах да Бога лічыцца толькі сапраўднае навяртанне. У той жа час ён прымаў і хрысціў зневажаных фарысеямі за негатыўны стыль жыцця мытнікаў і воінаў, патрабуючы ад іх не так пакінуць свой занятак, як выконваць яго сумленна і справядліва (пар. Лк 3, 10-14).

Як Янава навучанне было выразным прадказаннем Хрыстовага навучання, так хрышчэнне, якое ён удзяляў, было падрыхтоўкаю да пазнейшага сакрамэнту. Было яно, аднак, толькі падрыхтоўкаю. Ян гаварыў: «…ідзе за мною Дужэйшы за мяне, у Якога я не варты, нахіліўшыся, развязаць рэмень абутку Яго. Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым» (Мк 1, 7-8).

Хрышчэнне Езуса

Сінаптычныя Евангеллі (ад Мацвея, Марка, Лукі) гавораць, што перш чым Езус пачаў абвяшчаць надыход Валадарства Божага, Ён прыняў хрышчэнне з рук Яна Хрысціцеля. «І калі выходзіў з вады, тут жа ўгледзеў, як расчынілася неба і Дух, як галубіца, сышоў на Яго» (пар. Мк 1, 9-11; Мц 3, 13-17; Лк 3, 21-22).

Ян Хрысціцель папярэднічаў Пану Езусу - ён абвяшчаў блізкі надыход Валадарства Божага і заклікаў да навяртання, г.зн. да змены паводзін з дрэнных на добрыя. Абвяшчэнне Валадарства Божага ператваралася ў абвяшчэнне Таго, каторы прыйдзе пасля яго і ўвядзе Божае Валадарства. Хто паверыў Яну, той прымаў з ягоных рук хрышчэнне - абмыванне ў водах Іардана як знак імкнення да ўнутранага аднаўлення.

Сярод Янавых слухачоў быў Езус, каб, гэтаксама, як і шматлікія грэшнікі, прыняць з Янавых рук хрост навяртання. Ян адмаўляўся ўчыніць над Ім гэты абрад, паколькі Езус - нявіннае «Ягнё Божае», які сам «згладжвае грахі свету» (пар. Ян 1, 29), але, паддаючыся намаганням Езуса, саступіў. Хрыстус з самага пачатку свае місіі хацеў апынуцца на баку грэшнікаў, бо для іх навяртання і збаўлення Ён прыйшоў. Паколькі Ён збіраўся звяртацца да іх, навучаць, аздараўляць, садзіцца з імі за адзін стол, рабіць з іх сваіх вучняў, то хацеў апынуцца сярод іх ужо тады, калі на заклік Яна, чакаючы Валадарства Божага, яны прызнаваліся ў сваіх грахах і каяліся. Езус збіраўся ўзяць на сябе грахі ўсіх людзей, як прадказаны прарокам Ісаем, Слуга Яхвэ: «Вось Слуга мой, абраны мой, якога я ўмілаваў. Учыніў я, каб Дух мой спачыў на Ім» (пар. Іс 42, 1; Іс 53, 10-11). На гэта ўказвае пры хрышчэнні Езуса голас Айца і сыходжанне Духа Святога. Хрышчэнне Яна, якое прымалі многія, а сярод іх і Езус, не было, зразумела, тым самым, чым ёсць хрышчэнне, якое пазней запаведаваў усім сам Езус. Тое было сімвалам і прадказаннем, а гэтае з'яўляецца рэальнасцю. Тое адлюстроўвала прагу ачышчэння, а гэтае, як знак магутнасці Божай, сапраўды ачышчае. «Я хрышчу вас вадою, - гаварыў Ян, - Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём» (пар. Мц 3, 11).

Прарок

Езуса з Назарэту лічылі прарокам. Так адказалі апосталы на Хрыстова пытанне, за каго Яго людзі прымаюць. Лічаць Яго адным з прарокаў. Думка гэта ўзмацнялася па меры таго, як Езус чыніў цуды. Напрыклад, пасля ўваскрашэння юнака з места Наім «усіх агарнуў страх; і славілі Бога, кажучы: вялікі прарок паўстаў між намі, і Бог адведаў народ свой» (пар. Лк 7, 16).

У Святым Пісанні прарокам называюць таго, хто выступае ад імя Бога як выразнік Яго волі. Такую ролю выконвалі прарокі ў Ізраілі. Пакліканыя Богам, яны стаялі на варце саюзу, заключанага пры пасрэдніцтве Майсея паміж Ім і народам ізраільскім. Нястомна абвяшчалі абавязак ушанавання адзінага Бога, перамагаючы праявы культу бостваў у суседніх краінах. Асуджалі сацыяльную несправядлівасць, прыцясненне бедных, бо гэта супярэчыла волі і прыказанням Божым. Каб пацвердзіць сваю місію, часам рабілі цуды, а таксама прадказвалі будучыя падзеі, што датычылі лёсу Ізраіля, новага саюзу з Богам, прыходу Месіі і ўсеагульнага збаўлення. Прарокі, якія нагадвалі пра Божыя кары, а часта і пагражалі імі, трапілі ў канфлікт са сваім асяроддзем, асабліва з кіраўнікамі народу: з каралямі і святарамі. Цаною за выкананне іх місіі былі пераследаванні і нават смерць.

У Святым Пісанні Старога Запавету знаходзіцца шаснаццаць прарочых кніг. Чатыры сярод іх выдзяляюцца як аб'ёмам, так і значэннем. Гэта кнігі Ісаі, Ярэміі, Эзахіэля і Даніэля.

Езус лічыцца прарокам, але ў той жа час Ён выразна пераўзыходзіць межы, якімі акрэслівалася дзейнасць прарокаў Старога Запавету. Езус навучае аб Валадарстве Божым, патрабуе веры ў Бога-Айца, але і ў самога сябе, як Яго пасланніка. Хрыстова прыказанне любові да бліжняга ахоплівае ўсіх людзей, таксама і непрыяцеляў. Навучаючы, Ён спасылаецца на Айца, гэтак як прарокі спасылаліся на Бога, але адначасова навучае, «як той, хто мае ўладу» (Мц 7, 29). Ніводзін з прарокаў не ўчыняў такіх знакаў, як Ён.

Сярод люду Божага Новага Запавету няма індывідуальнага паклікання прароцтва, паколькі ўвесь народ, г.зн. усе хрысціяне, пакліканыя даваць сведчанне пра Хрыста і ўдзельнічаюць у Яго прарочай функцыі.

У Святым Пісанні Новага Запавету прарочаю кнігаю называецца Аб'яўленне св. Яна (Апакаліпсіс), кніга, якая паказвае барацьбу са злом і пераследаванне Касцёла на зямлі, а таксама канчатковую хвалу збаўленай супольнасці святых.

Валадарства Божае

Валадарства Божае - гэта значыць, валадаранне, Божае панаванне над усім, што ёсць, але асабліва над чалавекам, які дабравольна, з узаемнай любові паддаецца любові і волі Бога, свайго Стварыцеля і Айца. Надыход Валадарства Божага абвяшчаў Езус Хрыстус: «споўніўся час і наблізілася Царства Божае: пакайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 15).

Валадарства Божае не з гэтага свету (пар. Ян 18, 36). Гэта Валадарства праўды, справядлівасці, любові і міру, а значыць, тых каштоўнасцяў, што нясе з сабою Слова Божае, якое абвяшчаў Езус Хрыстус і якое рэалізуецца на свеце, дзякуючы таму, што чалавек прымае Слова Божае.

Валадарства Божае яшчэ павінна прыйсці, паколькі шатан, а потым чалавек спрацівіўся Богу, і так запанаваў грэх: няпраўда, гардыня, несправядлівасць, нянавісць… А як вынік граху прыйшла на свет смерць. Валадарства Божае прыходзіць не як сітуацыя, навязаная чалавеку, як неабходнасць, але як свабода чалавека. Да гэтай свабоды звяртаецца любоў Бога, аб'яўленая ў Езусе Хрысце. Чалавек, прымаючы гэту любоў, словам і ўчынкам пашырае праўду, справядлівасць, міласэрнасць і становіцца такім чынам сустваральнікам Валадарства Божага.

У Езусе Хрысце Валадарства Божае ўжо наступіла. Езус, абвяшчаючы Праўду і Любоў Божую, быў паслухмяны Айцу ажно да смерці; гэтаю цалкавітаю, абсалютнаю паслухмянасцю, з якою прыняў смерць, Ён знішчыў моц граху. Уваскрасаючы, перамог смерць.

Дзякуючы Яму, у меру сувязі кожнага чалавека з Ім праз веру і заангажаванасць кожнага на баку праўды і любові, Божае Валадарства (якое, дзякуючы Хрысту, ужо стала рэальнасцю) шырыцца і ўзрастае, супрацьпастаўляючыся граху, ажно да поўнай перамогі праўды, справядлівасці і любові. Станецца гэта напрыканцы чалавечай гісторыі разам з усеагульным змёртвыхпаўстаннем. Гэтага Валадарства мы чакаем, аб ім молімся і ствараем яго ў Хрысце.

Навяртанне

Абвяшчаючы Валадарства Божае, Езус заклікаў да навяртання: «пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае» (Мц 3, 2). Падобным чынам заклікалі да навяртання апосталы: «Пакайцеся, ды няхай кожны з вас ахрысціцца ў імя Езуса Хрыста дзеля адпушчэння грахоў; і вазьміце дар Духа Святога» (Дз 2, 38). Раней, пэўным чынам рыхтуючы Хрысту дарогу, заклікалі да навяртання сваіх суайчыннікаў прарокі і, асабліва, Ян Хрысціцель (пар. Мк 1, 4; Мц 3, 2; Лк 3, 3).

Такім чынам, навярнуцца, паводле Евангелля, значыць паверыць у абвешчанае Слова Божае і рашыцца змяніць свае паводзіны: з грэшных, эгаістычных - на добрыя, шчырыя, пранікнутыя клопатам пра іншых… Навяртанне ахоплівае ўсяго чалавека: не толькі яго перакананні (веру), але і ўсялякую дзейнасць. Перакананні, якія не праяўляюцца ва ўчынках, - несапраўдныя і слабыя. «Вера без учынкаў мёртвая» (Ян 2, 26). Хутчэй, учынкі чалавека сведчаць аб яго сапраўдных перакананнях, гэтак як дрэва пазнаецца па пладах (пар. Мц 7, 20). Хвіліна альбо працэс прыходу да веры тады заслугоўвае, каб называлі яго навяртаннем, калі ён паяднаны з рашэннем паводзіць сябе адпаведна веры.

Аднак навяртанне - гэта не толькі першая хвіліна, увераванне, гэта трывалая пазіцыя хрысціяніна, пастаяннае навяртанне. Вера ў Бога, якая выяўляецца ў перакананнях і ў паводзінах чалавека, патрабуе пастаяннага аднаўлення і паглыблення, бо яна заўсёды далёкая ад Хрыстовых патрабаванняў. Прычым, чалавек жыве ў часе, які азначае пастаянны рух і выклікае неабходнасць спраўляцца з новымі абставінамі, а значыць, нясе з сабою патрабаванне заўсёды новай рэалізацыі пазіцыі веры. Але і грэх, што супрацьстаіць веры, ніколі не будзе на гэтым свеце канчаткова пераможаны.

Цуды

Цуды, якія ў Евангеллі называюцца таксама «знакамі» - гэта незвычайныя з'явы, пра якія мы чытаем у Святым Пісанні, што здзяйсняюцца ў імя Бога Яго пасланцамі: Майсеем, прарокамі Старога Запавету і, перадусім, самім Езусам Хрыстом, а пасля - апосталамі.

Езус здзяйсняў шмат цудаў: аздараўляў хворых, вызваляў апантаных з-пад уплыву шатана, уваскрашаў памерлых, уцішыў буру на возеры, размножыў хлябы… Евангелісты не спыняюцца на апісанні паасобных здарэнняў, а гавораць увогуле, што будучы ў якімсьці месцы альбо ваколіцы «Ён аздаравіў многіх, што цярпелі ад розных хваробаў, і выгнаў духаў…» (Мк 1, 34).

Хоць сваёю цудоўнаю дзейнасцю Езус аказвае міласэрнасць многім людзям, усё ж яна перш за ўсё - знак моцы Божай, што нясе ў Хрысце збаўленне кожнаму чалавеку, знак канчатковага валадарання Божага над усімі і над усім, якое прыходзіць у Хрысце. «А калі Я Духам Божым, - кажа Езус, - выганяю нячыстых, то, значыць, прыйшло да вас Царства Божае» (Мц 12, 28).

Гэта не стане шляхам памнажэння цудаў. Цуды застаюцца толькі знакам, што ўказаны Езусам шлях любові і крыжа - сапраўды шлях да вызвалення з усялякага зла, шлях да Валадарства Божага. Тым самым цуды - гэта як быццам Божае пасведчанне для Езуса: у ім сапраўды дзейнічае Бог дзеля збаўлення людзей (пар. Дз 2, 22).

Тое самае датычыць цудаў, якія здзяйсняюцца па сённяшні дзень. Звычайна гэта аздараўленні, якіх нельга растлумачыць нейкім натуральным чынам. Часцей за ўсё яны звязаны з дзейнасцю святых, з месцамі асаблівага ўшанавання іх рэліквій альбо выяваў, з месцамі аб'яўленняў Божай Маці.

Усе цуды-знакі (і пададзеныя ў Святым Пісанні, і тыя, што адбываюцца сёння), прамаўляюць да людзей добрай волі, звяртаюцца да іх веры. Яны нікога не змушаюць да веры, бо вера - гэта справа свабоднага выбару.

Перамяненне Панскае

Гэта было таямнічае здарэнне, якое адбылося пад канец прарочай дзейнасці Езуса. Гавораць пра яго сінаптычныя Евангеллі (Мц 17, 1-13; Мк 9, 2-8; Лк 9, 28-36). Сведкамі перамянення былі тры апосталы: Пётр, Якуб і Ян - тыя, што сталі пазней сведкамі малітвы Езуса ў Садзе Аліўным. Завёў іх Езус на гару, якую хрысціянская традыцыя бачыць у гары Табор у Галілеі. Там Езус перамяніўся: «заззяла аблічча Яго, як сонца, адзежа ж Яго сталася белая, як святло» (Мц 17, 2). Поруч з Езусам сталі Майсей і Ілля - заканадаўца і прарок Старога Запавету, каб пэўным чынам засведчыць, што закон і прароцтвы спаўняюцца ў Езусе Хрысце. Ён - Месія, да прыходу якога рыхтаваў народ Стары Запавет. З воблака, што іх ахінула, пачуўся голас: «Гэты ёсць Сын Мой Улюбёны, якому спагадаю; Яго слухайце» (Мц 17, 5). Такім чынам, было гэта аб'яўленне Божае, якое гаварыла пра самую цесную сувязь Езуса з Айцом і пра выконваемае Ім месіянскае пасланніцтва.

Перамяненне Панскае ядналася з мукаю і смерцю Езуса, якая незадоўга мелася наступіць. Майсей і Ілля, паводле Евангелля ад св. Лукі «гаварылі аб адыходзе Яго, што меўся споўніць у Ерузалеме» (пар. Лк 9, 31). Евангеллі змяшчаюць перамяненне пасля Хрыстовага прадказання мукі, смерці і змёртвыхпаўстання. Сыходзячы з гары перамянення, Езус яшчэ наказвае вучням, каб перад Яго змёртвыхпаўстаннем нікому не казалі аб тым, што бачылі. Усё гэта ўказвае на тое, што перамяненне Езуса, якое было аб'яўленнем перад выбранымі апосталамі Яго Боскай хвалы, павінна было падрыхтаваць іх да блізкай смерці Езуса. Яны павінны былі развітацца са сваімі марамі аб Яго зямным валадаранні і ў пэўным сэнсе ўпэўніцца, што існуе іншае жыццё, іншае валадаранне, а менавіта - у Божай хвале.

Езус забараняе вучням расказваць аб сваім перамяненні перад змёртвыхпаўстаннем, гэтак, як раней забараняў абвяшчаць, што Ён - Месія. Абгрунтавана гэта было фальшывымі часовымі надзеямі, якія тагачасныя габрэі звязвалі са з'яўленнем чаканага Месіі.

Шмат католікаў ушаноўвае перамяненне Панскае, молячыся аб змене на лепшае ўласнага лёсу, аб павароце на добрае перажытых альбо грозячых няшчасцяў. Гэта слушная малітва, каб толькі верыць і давяраць Богу нават тады, калі лёс як быццам бы не змяняецца. Езус канчаткова ўвайшоў ў сваю хвалу праз муку і смерць.

Апошняя вячэра

Апошняя вячэра - гэта пасхальная вячэра, якую напярэдадні сваёй смерці спажыў Езус са сваімі самымі блізкімі вучнямі, апосталамі. Гавораць пра яе ўсе чатыры Евангеллі. Тры першыя, перадусім, падаюць, што Езус устанавіў у часе гэтай вячэры Эўхарыстыю (Мц 26, 17-35; Мк 14, 12-25; Лк 22, 7-38). Чацвёртае, ад св. Яна, гаворыць, што Езус у часе пасхальнай вячэры абмыў сваім вучням ногі, даў ім наказ узаемнай любові і абяцаў спаслаць Духа Суцяшальніка (Ян 13, 1-14, 31).

Езус благаслаўляў, ламаў і падаваў сваім вучням хлеб, кажучы, што гэта Цела Яго, якое за іх будзе выдана на смерць. Такім жа чынам падаваў ім келіх віна, кажучы, што гэта Кроў Яго, якая будзе пралітая дзеля адпушчэння грахоў усіх людзей.

У Старым Запавеце Богу складаліся ахвяры з жывёлы. З гэтага моманту ахвяраю будзе сам Езус.

Спажываючы штогод пасхальную вячэру, габрэі ўшаноўвалі памяць аб вызваленні іх продкаў з егіпецкай няволі. Новаю пасхальнаю вячэраю становіцца Эўхарыстыя, у якой пад выглядам хлеба і віна спажываецца Цела і Кроў Панская. Эўхарыстыя будзе штодзённым напамінкам пра смерць Езуса, дзякуючы якой, усе людзі былі вырваны з няволі шатана, граху і самой смерці.

Апошняя вячэра ўказвае і распачынае Касцёл, які нараджаецца ў смерці Хрыста, які збіраецца ў веры. Гэта смерць - збаўленне для свету. Касцёл у Эўхарыстыі спажывае Цела і Кроў Пана: праз гэта ўдзельнічае ў Яго смерці. Адначасова гэта пасілак братняй любові, які наказвае па прыкладзе Езуса аддаваць жыццё за братоў.

Усё гэта здзяйсняе спасланы Езусам Дух Святы. Яго моц перамяняе хлеб і віно ў Цела і Кроў Езуса і яднае ў любові Яго вучняў, каб, прымаючы Цела і Кроў Пана, станавіліся самі Яго адзіным Целам.

Смерць Езуса

Усе Евангеллі канцэнтруюцца на апісанні смерці Хрыста і Яго змёртвыхпаўстання.

Настаўніцкая дзейнасць Езуса працягвалася, напэўна, не больш як два гады. Нягледзячы на гэта, яна выклікала рэзкае супраціўленне рэлігійных кіраўнікоў - святароў і вучоных у Пісанні. Езус выступаў супраць іх чыста фармальнага разумення закону Божага і аблудных паводзінаў і рабіў гэта ад імя Бога, спасылаючыся на сваё Боскае сыноўства і атрыманую ад Бога-Айца місію. Найвышэйшая жыдоўская рада (sanhedryn) прызнала Езуса вінаватым у блюзнерстве і асудзіла на смерць. Аднак, паколькі жыды, што знаходзіліся пад уладаю рымлянаў, не мелі права выдаваць і выконваць смяротных прысудаў, то яны абвінавацілі Езуса перад рымскім пракуратарам Понціем Пілатам у тым, што Ён лічыў сябе царом жыдоўскім і тым самым выступаў супраць рымскага імператара. Пад націскам сінедрыёну і падбухторанага супраць Езуса натоўпу Пілат вынес Яму прысуд: смерць праз укрыжаванне. Быў гэта на той час распаўсюджаны і найбольш жорсткі спосаб выканання смяротнага пакарання.

Аднак смерць Езуса не закончыла Яго справы: Езус змёртвыхпаўстаў. Тады Яго вучні зразумелі сэнс гэтай смерці, якую Ён сам раней ім прадказваў: была гэта смерць за грахі свету, дзеля збаўлення ўсіх людзей.

Збаўленне праз смерць і змёртвыхпаўстанне Езуса становіцца Добраю Навіною, якую з таго часу Ягоныя вучні будуць абвяшчаць усім народам.

Смерць Езуса прыносіць збаўленне не таму, што Езус пралівае кроў і зносіць цярпенні, а таму, што праз смерць Ён праяўляе Сваю вернасць, паслухмянасць і любоў у адносінах да Айца і людзей - сваіх братоў. Езус да канца выканаў давераную Яму місію, абвяшчаючы надыход Валадарства Божага, валадарства праўды і любові, не адступаючы перад супраціўленнем і пагрозаю смерці. Прызнанне таго, што смерць Хрыста прыносіць збаўленне, значыць, што паслухмянасць і любоў Езуса, даведзеныя ажно да страты жыцця, прыносяць свету свой збаўчы плён.

Зышоў да адхлані

Так мы вызнаем у сімвале веры: «Укрыжаваны, памёр і быў пахаваны. Зышоў да адхлані. На трэці дзень змёртвыхпаўстаў…»

«Зышоў да адхлані» - не значыць, што сышоў у пекла, як мы разумеем факт асуджэння, але туды, куды трапляюць памерлыя. Паводле старажытных уяўленняў, як жыдоўскіх, так і паганскіх, чалавек пасля смерці ідзе ў краіну памерлых, якая знаходзіцца дзесьці пад зямлёю. Павінна б гэта быць краіна цемры, нерухомасці, забыцця… У Старым Запавеце на габрэйскай мове яна называецца шэол, у перакладзе на грэцкую і ў грэцкіх кнігах Святога Пісання - хадэс. У старажытнай польскай мове гэта слова гучала як «пеклы», але не «пекла». Цяпер яно тлумачыцца як «адхлань». Паколькі ў т.зв. Апостальскім Сімвале («Веру ў Бога») захаваліся старапольскія выразы, то гаворыцца «зышоў у пеклы».

Такім чынам, вызнанне, што Езус не толькі быў пахаваны, але таксама, што Ён зышоў да адхлані, у краіну памерлых, - гэта вызнанне веры ў Яго цалкам рэальную смерць. Ён раздзяліў чалавечы лёс у смерці, зышоў у краіну памерлых, Яго цела было пакладзена ў гроб - гэтаксама як дзяліў з намі ўсе беды людскія.

У пазнейшым развіцці хрысціянскай думкі «зыход да адхлані» атаясамліваецца з зыходам Езуса пасля смерці не ў агульна разуметую «краіну памерлых», але ў тое месца, дзе справядлівыя людзі, што жылі перад прышэсцем Хрыста, чакалі на здзейсненае Ім адкупленне і збаўленне. Тое месца называлі «адхланню айцоў», г.зн. патрыярхаў Ізраіля, як бы першых сярод справядлівых. Сярэднявечныя містэрыі і песні, а таксама песня «Вясёлы сёння дзень настаў», апавядаюць, як Езус пасля смерці паказаўся гэтым «айцам», каб ім абвясціць здзейсненае збаўленне і вывесці іх на волю, перш чым, як уваскрослы, аб'явіўся сваім вучням.

Змёртвыхпаўстанне Езуса

Змёртвыхпаўстанне Езуса - у пэўным сэнсе падзея гістарычная, аднак адначасова гэта і прадмет веры, і сутнасць Добрай Навіны, якую абвяшчае хрысціянства. Змёртвыхпаўстанне Езуса азначае, што Ён «на трэці дзень» пасля сваёй смерці паўстаў жывы ў хвале з гробу, і шмат разоў, перш чым узышоў на неба, паказваўся сваім вучням і прабываў з імі.

Сам факт змёртвыхпаўстання Езуса не з'яўляецца гістарычнаю падзеяй, бо ніхто не быў яго непасрэдным сведкам. Гістарычная падзея - глыбіннае перакананне першай хрысціянскай супольнасці ў тым, што гроб, у які пасля ўкрыжавання было пакладзена цела Езуса, аказаўся на трэці дзень пусты, а таксама, што Езус сапраўды ў сваім целе змёртвыхпаўстаў. Гісторыі належыць і нязломнае перакананне вучняў Езуса, што яны бачылі Яго і размаўлялі з Ім пасля Яго змёртвыхпаўстання. Сведчаць пра гэта Евангеллі, Дзеянні святых Апосталаў і апостальскія Лісты, асабліва Першы Ліст святога Паўла да Карынцянаў, у якім ёсць найбольш ранняе пісьмовае сведчанне веры ў змёртвыхпаўстанне Езуса. Усе гэтыя творы, якія складаюць Святое Пісанне Новага Запавету, незалежна ад таго, што з'яўляюцца сведчаннем веры, адначасова - гэта гістарычныя дакументы.

Прадмет веры - змёртвыхпаўстанне Езуса і яго збаўчае значэнне, абвешчанае як добрая Навіна для ўсіх людзей вучнямі Езуса - апосталамі (пар. Дз 3, 22-36; 1 Кар 15, 39). Езус Хрыстус адкупіў свет не адною толькі сваёю смерцю, але смерцю і змёртвыхпаўстаннем. Адкупленне - гэта вызваленне чалавека з няволі шатана, з няволі граху, да якога шатан давёў чалавека, і смерці, якая з'яўляецца вынікам граху. Дзякуючы паслухмянасці Езуса ажно да смерці і Яго змёртвыхпаўстанню, Бог перамог сваёю любоўю непаслухмянасць граху і цемру смерці і тым самым перамог шатана - крыніцу граху і смерці. Езус аддаў жыццё за грахі ўсіх людзей, каб вярнуць ім Божае, вечнае жыццё. Яно аб'явілася і адрадзіла свет чалавечы, дзякуючы змёртвыхпаўстанню Езуса Хрыста. У Ім, уваскрослым, усе ажывуць (пар. 1 Кар 15, 22).

Унебаўшэсце Езуса

У малітве «Веру ў Бога» мы вызнаем: «Узышоў на неба, сядзіць праваруч Бога Айца Усемагутнага…». Дзеянні святых Апосталаў расказваюць, як Езус, які на працягу сарака дзён пасля свайго змёртвыхпаўстання паказваўся апосталам, «узнёсся перад вачыма іхнімі, і хмара ўзяла Яго ад вачэй іх». Калі ж яны пільна ўглядаліся ў Яго, анёлы прадказалі ім, што «Гэты Езус, узяты ад вас на неба, прыйдзе гэтаксама, як бачылі вы Яго ўзыходзячым на неба» (Дз 1, 9-11).

Пра ўнебаўшэсце Езуса гаворыць таксама святы Марк у канцы свайго Евангелля: «Пан жа пасля гутаркі з імі (апосталамі) узнёсся на неба і сеў праваруч Бога. Яны ж, выйшаўшы, абвяшчалі ўсюды Евангелле з дапамогаю Пана, які пацвярджаў услед слова іхняе знакамі» (пар. Мк 16, 19-20).

Унебаўшэсце Езуса азначае канец стасункаў Яго вучняў са сваім уваскрослым Панам. З гэтага часу Ён для іх будзе нябачны, прысутны ў небе. Аднак гэта не значыць, што Ён іх пакінуў. Ён застанецца з імі (а гэта значыць таксама - з усімі сваімі вучнямі ў іх супольнасці, якою з'яўляецца Касцёл) ажно да канца свету праз свайго Духа, якога спашле на іх, каб ішлі і сведчылі аб Ім перад усімі народамі.

Вызнанне ўнебаўшэсця Езуса - гэта таксама праяўленне веры ў Яго канчатковую хвалу, якую Ён атрымаў ад Айца за сваю паслухмянасць ажно да смерці. Змёртвыхпаўстанне - гэта перамога над смерцю, гэта новае жыццё, крыніцаю і валадаром якога з'яўляецца Бог. Унебаўшэсце і сяданне «праваруч Бога» (быццам у старажытных дзяржавах сукіраўнікі поруч з каралём) азначае Боскую, роўную Айцу, хвалу і моц Езуса, Сына Божага.

Унебаўшэсце Езуса азначае таксама як бы адкрыццё неба як ясна бачнай для чалавека мэты: яго дому, яго айчыны. Жыццё чалавека, які, дзякуючы хрышчэнню, памёр і змёртвыхпаўстаў з Хрыстом, павінна быць цяпер з Ім разам «укрытае ў Богу». Чалавек павінен шукаць «таго, што ўгары, дзе прабывае Хрыстус, які сядзіць праваруч Бога» (Кал 3, 14).

Спасланне Духа Святога

Гэта падзея апісана ў Дзеяннях святых Апосталаў (2, 4-41). На пяцідзесяты дзень пасля свята Пасхі жыды адзначалі свята першага ўраджаю, якое лічылася таксама ўспамінам заключэння запавету, г.зн. атрымання Закону каля падножжа гары Сінай. У гэтае свята, на пяцідзесяты дзень пасля змёртвыхпаўстання Езуса, Дух Святы сышоў у шуме ветру і ў выглядзе вогненных языкоў на вучняў Езуса, што сабраліся з Яго Маці ў вячэрніку (месцы апошняй вячэры) і прабывалі на малітве. Адсюль свята Спаслання Духа Святога часам называюць гэтаксама як жыдоўскае свята - Пяцідзесятніцаю.

Прадказваючы апосталам спасланне Духа Святога, называў Яго Езус таксама Духам Суцяшальнікам і Духам Праўды, дзякуючы якому апосталы будуць сведчыць пра Хрыста перад усім светам (пар. напр. Ян 14, 25-26; 15, 26-27; Дз 1, 4-8). З хвіліны спаслання Духа Святога вучні, якія замкнуліся ў вячэрніку з боязі перад жыдамі, выходзяць да сабранага натоўпу і абвяшчаюць Таго, які быў бязвінна ўкрыжаваны, вернуты Богам да жыцця і ўстаноўлены Панам і Месіяй. Трэба ў Яго паверыць, г.зн. навярнуцца і прыняць хрышчэнне (пар. Дз 2, 14-41).

Спасланне Духа Святога ў дзень Пяцідзесятніцы - здарэнне не аднаразовае. Апостальскія Дзеянні сведчаць, што Дух Святы ўдзяляецца ўсім, хто паверыў, а, значыць, сыходзіць заўсёды на тых, хто, верачы, утварае Касцёл Хрыстовы (пар., напр., Дз 8, 14-24; 10, 44-48). Знак пастаяннага сыходжання Духа Святога на Касцёл - удзяленне кожнаму ахрышчанаму Сакрамэнту бежмавання.

Спасланне Духа Святога - гэта вынік смерці і ўшанавання Хрыста. Дзякуючы Яго паслухмянасці ажно да смерці, Айцец узлюбіў Яго і ўстанавіў Панам. Цяпер Ён можа збаўляць кожнага чалавека ў Духу Святым. «Лепш для вас, - кажа Езус сваім вучням, - каб Я адыйшоў; бо калі Я не пайду, Суцяшальнік не прыйдзе да вас, калі ж пайду, пашлю Яго да вас» (пар. Ян 16, 7). Пры гэтым Евангелле ад святога Яна ўжывае два выразы. Езус спасылае Духа ад Айца Святога ў імя Езуса, свайго Сына (14, 26). Такім чынам, Дух Святы, у якім дадзена нам збаўленне, спасылаецца адначасова праз Айца і Сына, Бог ёсць Айцец, Сын і Дух Святы: Айцец, які з любові даў нам Сына свайго Адзінароднага; Сын, які ў паслухмянасці Айцу ажно да смерці аддаў за нас жыццё; Дух, які сыходзіць ад Айца і Сына, і, дзякуючы якому мы яднаемся з Езусам, Сынам Божым, а праз Яго - з Айцом.

Пасхальная таямнщца

Тэрмін «пасхальная таямніца» ўбірае ў сябе смерць, змёртвыхпаўстанне і ўнебаўшэсце Езуса, а таксама спасланне Ім на сваіх вучняў Духа Святога. Смерць і змёртвыхпаўстанне Езуса адбыліся ў дні жыдоўскага свята Пасхі, якое штогод адзначаецца на ўспамін вызвалення з егіпецкай няволі. Гэта вызваленне звязвалася з запаветам, заключаным паміж Богам і ізраільскім народам, які, дзякуючы таму, што калектыўна перажыў магутную Божую апеку над сабою і прыняў Божы Закон на табліцах запаведзяў, вярнуў сабе ўсведамленне свае асобаснасці як народ, абраны Богам, асаблівая Яго ўласнасць, як народ запавету. Акрамя таго, выйсце з Егіпету звязвалася з абяцаннем зямлі, якая «сплывае малаком і мёдам» і якую ўратаваны народ павінен быў унаследаваць.

Супадзенне смерці і змёртвыхпаўстання Езуса з жыдоўскім святам Пасхі ўказвае на збаўчы характар гэтых падзеяў. Смерць і змёртвыхпаўстанне Езуса - гэта таксама вызваленне, але ўжо вызваленне ўсіх людзей з абсалютнай няволі: шатана, граху і смерці. Збаўчае значэнне смерці і змёртвыхпаўстання Езуса можа быць зразумета як новы і канчатковы запавет паміж Богам і чалавецтвам, у выніку якога ствараецца новы люд Божы - Касцёл, які імкнецца да зямлі абяцанай, г.зн. да жыцця вечнага, да «новага неба і новай зямлі» (Ап 21, 1).

Унебаўшэсце Езуса і спасланне Духа Святога, хоць і адбыліся, паводле Дзеянняў святых Апосталаў, праз дзесяць і пяцьдзесят дзён пасля змёртвыхпаўстання Хрыста, неразрыўна з ім звязаны, і таму таксама падпадаюць пад азначэнне «пасхальнай таямніцы». Унебаўшэсце Езуса разам з Яго змёртвыхпаўстаннем - непадзельны акт Яго ўмілавання Айцом. Спасланне Духа Святога, Яго жыватворнае і асвячальнае дзеянне ў Касцёле і ў кожным чалавеку - гэта Божае дзеянне, дзякуючы якому Езус Хрыстус, улюбёны Пан, рэалізуе ў гісторыі збавення свету, здзейсненае праз сваю смерць і змёртвыхпаўстанне.

Такім чынам, пасхальная таямніца - гэта не азначэнне падзеяў, якія мелі месца толькі ў мінулым. Гэта азначэнне таямніцы збаўлення, якая пастаянна рэалізоўваецца. Чалавек атрымлівае збаўленне, удзельнічаючы ў пасхальнай таямніцы Хрыста праз веру і сакрамэнты, каб разам са сваім укрыжаваным і ўваскрослым Панам кожную хвіліну паміраць для граху і паўставаць да новага жыцця, аддадзенага Богу і братам.

Слуга Панскі

Гэты выраз, узяты з Кнігі прарока Ісаі, у якой знаходзяцца чатыры песні пра будучага Збавіцеля, які менавіта так называецца ў раздзелах 42, 49, 50 і 52.

Слуга Панскі быў абраны Богам і найбольш цесна з Ім паяднаны, поўны Яго Духу і Ім пасланы, каб вучыць чалавека справядлівасці, каб навярнуць Ізраіль, асвяціць паганаў, каб Божае Збаўленне «дасягнула ажно краю зямлі» (пар. Іс 49, 4). Песні Ісаі гавораць аб адрынутасці Яго людзьмі. Будзе Ён імі зняважаны, замучаны, сцёрты ў прах…

«Пагарджаны і адрынуты людзьмі,
Муж болю, прывучаны да цярпення,
як хтосьці, перад кім твар закрываюць,
пагарджаны так, што мелі Яго за нішто»

(пар. Іс 53, 3).

Гэта людскія грахі прыгнялі Слугу Панскага.

«Усе мы заблукалі, як авечкі,
кожны з нас павярнуў на сваю дарогу,
а Пан узваліў на Яго
ўсе нашыя віны»

(пар. Іс 53, 6).

Аднак менавіта таму, «што ахвяраваў сябе на смерць і залічаны быў да злачынцаў» (пар. Іс 53, 12), Слуга Панскі апраўдае многіх, верне Богу мноства людзей, сам асягне хвалу і споўніцца праз Яго воля Пана.

Евангеллі і іншыя пісанні Новага Запавету неаднойчы выкарыстоўваюць словы з песні пра Слугу Панскага, гаворачы пра Езуса. Гэта Ён, намашчаны Духам, церпячы Слуга Панскі, які ўзяў на сябе грахі ўсіх людзей. Сам Езус гаворыць пра сябе словамі песні Ісаі, прадказваючы сваю муку і смерць: «Павінна споўніцца на Мне тое, што напісана: і да злачынцаў залічаны» (Лк 22, 37).

Песні пра Слугу Панскага абвяшчаюць, што Збавіцель возьме на сябе людскія грахі і цярпець будзе за грэшнікаў. Але гэта не Бог-Айцец асудзіў Яго на цярпенні і смерць, не Ён жадаў Яго крыві як адплаты за грахі. Бог паслаў свайго Слугу, каб абвяшчаў Яго любоў і заклікаў кожнага чалавека да навяртання, але аслепленыя грахамі людзі, выракшыся Яго, забілі Дарыцеля Жыцця.

Месія

Месія - гэта слова, узятае з габрэйскай мовы і азначае «памазанік». Адпаведнік гэтага азначэння, узяты з грэцкай мовы, - «Хрыстус». Такім чынам, «Месія» (з габрэйскай мовы) альбо «Хрыстус» (з грэцкай) азначае адно і тое ж, а менавіта «памазанік», г.зн. «намашчаны».

Перш чым азначэнне - Месія альбо Хрыстус - пачало служыць выключна Пану Езусу, так што стала як бы Яго ўласным імем, яно адносілася ў Старым Запавеце да каралёў Ізраіля. У Першай Кнізе Самуэля, напрыклад, знаходзім апісанне намашчэння каралёў Саула і Давіда (раздз. 10 і 16). Намасціў іх па Божым загадзе Самуэль, апошні «суддзя» гэтага народу. Намашчаліся таксама архісвятары, намашчанымі называлі сябе некаторыя прарокі (напр., Ісая 61, 1).

Чым бліжэй да часу Езуса, тым больш выразна звязвалася азначэнне «памазанік» з чаканым Збавіцелем. Тым больш, што не было ўжо каралёў і не з'яўляліся прарокі. Паняцце Памазанік-Месія станавілася найменнем чаканага Збавіцеля. Таму фарысеі пыталі ў Яна Хрысціцеля, ці не ён Месія. Пыталі яны пра гэта і ў Пана Езуса: «Калі Ты Месія, - скажы нам» (пар. Лк 22, 67).

Пан Езус аднёс да сябе словы прарока Ісаі:

«Дух Пана Бога нада мною,
бо Пан мяне намасціў.
Паслаў мяне, каб абвяшчаў Я
добрую навіну ўбогім…»

(пар. Іс 61, 1).

Ён быў унутрана намашчаны моцаю Духа Божага, які спачыў на Ім, як на кімсьці, хто быў пакліканы і пасланы Богам-Айцом як адзіны Валадар, Святар і Прарок новага люду Божага.

Аднак Езус пазбягаў, каб Яго называлі Месіяй і забараняў выказваць, што Ён ім ёсць.

Бо занадта распаўсюджанай сярод тагачасных жыдоў была думка, што Месія, калі прыйдзе, стане палітычным правадыром і выбавіцелем Ізраіля. Але пасля змёртвыхпаўстання Езуса апосталы абвяшчаюць, што менавіта Езус ёсць Пан і Месія (напр., Дз 2, 36). А на грэцкай мове, што Ён - Хрыстус. Гэта самае кароткае вызнанне веры - «Езус ёсць Хрыстус», - так укаранілася, што і вызнаўцаў Езуса ў хуткім часе пачалі называць хрысціянамі (пар. Дз 11, 26).

Збавіцель

Імя Езус па-габрэйску азначае «Пан збавіў» і ўказвае, што «не паслаў Бог Сына Свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго» (Ян 3, 17). Езус ёсць Збавіцель - гэта асноўны змест Евангелля і ўсяго Святога Пісання, не толькі Новага, але і Старога Запавету, што падрыхтаваў і прадказаў збаўленне, якое павінен быў рэалізаваць абяцаны Месія.

Праз сваю непаслухмянасць Богу чалавек трапіў у няволю граху, якая грозіць вечным асуджэннем, трапіў у няволю смерці, якую грэх пацягнуў за сабою, і ў няволю шатана, які спакусіў яго на грэх. Праз грэх і смерць шатан пануе над чалавекам.

Езус Хрыстус выбаўляе чалавека з гэтай шматаблічнай няволі.

Галоўны момант - пераадоленне панавання граху. І вось Езус прыходзіць як Сын, які ва ўсім, без астатку і да смерці, ажно да смерці крыжовай, паслухмяны Айцу. Ён заўсёды выконвае Яго волю. Ягнё без граху, улюбёны Сын Айца, аплочвае сваёю паслухмянасцю і адданасцю непаслухмянасць першага чалавека і ўсіх людзей. Дзякуючы гэтаму, Ён можа адпускаць ім грахі: вызваляе іх ад грахоў… Абвяшчаючы, што Бог - гэта поўны любові Айцец блудных дзяцей, Езус заклікае ўсіх вярнуцца да Яго дому.

Тых, што паверылі, праз хрост акунае ў сваёй смерці, г.зн. у сваёй паслухмянасці Айцу, каб, паяднаныя з Ім, супраціўляліся кожнай схільнасці да граху і адначасова ніколі не сумняваліся ў Божым прабачэнні.

Езус выбаўляе ад смерці і цярпенняў, якія як бы вядуць да смерці. «Паўстаў з мёртвых, як першы сярод тых, што памерлі» (пар. 1 Кар 15, 20). Калі Хрыстус уваскрос, то і мы ўваскрэснем. Калі мы яднаемся з Ім у смерці, то будзем паяднаныя і ў змёртвыхпаўстанні. Калі жыве ў нас Дух таго, які Езуса ўваскрасіў з мёртвых, то ажывіць Ён і нашыя смяротныя целы.

Гэта не толькі прадказанне збаўлення пасля смерці, гэта вызваленне нас ужо сёння ад жыцця ў перспектыве смерці, як чагосьці канчатковага, вызваленне ад рабскага страху перад ёю. Безумоўна, трэба прыняць цярпенні і смерць, але як паяднанне з Езусам-Збавіцелем, як шлях вяртання з няволі граху, які вядзе да жыцця, што не ведае смерці.

Калі ані грэх, ані смерць, якая з'яўляецца яго вынікам, не маюць ужо над чалавекам абсалютнай улады, то значыць, што і шатан, які вядзе чалавека да граху і смерці, пераможаны Збавіцелем.

Адкупленне

Адкупленнем Святое Пісанне называе тое, што ўчыніў для чалавека Хрыстус, і асабліва - значэнне Яго смерці на крыжы. Мы вызнаем, што Хрыстус сваёю смерцю адкупіў усіх людзей.

Майсееў Закон загадваў ізраільцянам выкупляць сваіх родных, якія з нястачы і бяды павінны былі прадаваць сябе ў няволю чужаземцам. Таксама трэба было ў святыні складаць выкуп за першародных, якія, паводле Закону, былі асабліваю ўласнасцю Бога, як знак удзячнасці за захаванне жыцця ізраільскім сынам у ноч выйсця з егіпецкай няволі.

Тою самаю моваю гаворыць Стары Запавет пра Бога, які вызваляе свой народ: Бог адкупіў Ізраіль з егіпецкай няволі, а пазней - з вавілонскай няволі. Ён - Адкупіцель, і тым самым набыў гэты народ сабе ва ўласнасць. І падобна Новы Запавет вызначае тое, што для ўсіх людзей учыніў Хрыстус. Ён аддаў сваё жыццё за адкупленне многіх (пар. Мц 20, 28), «даў Сябе за нас, каб выбавіць нас ад усялякага беззаконня і ачысціць Сабе народ выбраны, рупны аб добрых учынках» (Тыт 2, 14). «У Ім маем адкупленне крывёю Яго, адпушчэнне грахоў, паводле багацця ласкі Яго» (пар. Эф 1, 7).

Называючы тое, што Хрыстус учыніў для чалавека, адкупленнем, Святое Пісанне звяртае ўвагу на сітуацыю, у якой апынуўся б чалавек, калі б не Хрыстус. Было б гэта становішча няволі граху і смерці. Чалавек быў бы бездапаможны перад пануючым у ім грахом і перад немінуючаю смерцю - вынікам граху. Зрэшты, такую сітуацыю ў нейкай меры перажывае кожны чалавек, нават калі можа, дзякуючы Хрысту, жыць свабодна, як дзіця Божае, перамагаючы грэх і маючы надзею на змёртвыхпаўстанне.

Слова «адкупленне» ўказвае на тое, што чалавек знаходзіць паратунак і вызваленне па-за сабою: у Богу і пасланым Ім Сыне, Езусе Хрысце. Ён - Адкупіцель усіх.

Калі мы чытаем, што смерць Езуса была выкупам альбо цаною за вызваленне чалавека - гэта значыць, што каштавала яно Яму дорага - каштавала жыцця. Але гэта не азначае, што Езус каму-небудзь плаціў за вызваленне чалавека. Не плаціў Ён шатану, які сваім уплывам зняволіў чалавека. Як Сын Божы і адзіны Пан, Ён загадваў шатану і перамагаў яго. Не плаціў Езус таксама выкупу Богу-Айцу, паколькі гэта Ён са сваёй бясконцай любові паслаў Сына свайго на свет, каб Ён збавіў чалавека.

Запавет

Запавет - гэта адно з асноўных біблійных паняццяў, якое вызначае сувязь паміж Богам і чалавекам. Добра вядомыя выразы «Стары Запавет» і «Новы Запавет», а таксама Святое Пісанне Старога і Новага Запавету.

Стары Запавет - гэта дамова паміж Богам і ізраільскім народам, заключаная найперш Богам з Абрагамам, продкам ізраільскага народу, і канчаткова з усім народам праз пасрэдніцтва Майсея пасля цудоўнага выйсця з егіпецкай няволі каля падножжа гары Сінай (адсюль яе называюць яшчэ сінайскаю дамоваю). Бог, які дазволіў ізраільцянам адчуць сваю магутную апеку, робіць з іх сваю «асаблівую ўласнасць сярод усіх народаў», «валадарства святароў і народ святы». Такім чынам Ён абяцае ім сваю апеку і благаслаўленне, патрабуючы ўзамен веры і пашаны да свайго голасу. Ізраільскі народ прыняў абвешчаны Майсеем Божы Закон, заяўляючы: «Усё, што сказаў Пан, зробім і будзем паслухмяныя». У знак заключанай дамовы Майсей пакрапіў народ крывёю ахвяраў, складзеных з жывёліны (Вых 19 і 24). Усю пазнейшую гісторыю Ізраіля Святое Пісанне падае як гісторыю гэтай дамовы. Бог яму заўсёды верны, ніколі не забірае назад сваіх абяцанняў і не адмаўляе сваёй апекі. Ізраіль жа часта адступае ад вернасці Богу і Яго запаведзям; навяртаецца толькі пад націскам караючай рукі Божай.

Збаўленне, здзейсненае Богам у Езусе Хрысце, пададзена ў Новым Запавеце ў тых самых катэгорыях дамовы, на гэты раз - Новага Запавету. Бог заключае яе з усім чалавецтвам, аб'яўляючыся як Айцец і абяцаючы вечнае жыццё. Ён дамагаецца веры ў Сябе і ў Таго, якога паслаў, у Езуса Хрыста, а таксама паслухмянасці сваёй волі, якая зводзіцца да дзвюх запаведзяў любові: Бога і бліжняга, бо ўсе запаведзі ў іх змяшчаюцца. Сыноўняя любоў і паслухмянасць Езуса Хрыста ажно да смерці на крыжы былі адказам на аб'яўленне Божай Айцоўскай любові і актам прыняцця Яго волі ад імя ўсяго свету. Да гэтага акту далучаецца кожны веруючы, калі прагне аказаць Богу любоў і паслухмянасць. Пралітая на крыжы кроў Езуса стала, як калісьці кроў ахвярных жывёлаў, замацаваннем Новага Запавету. Такое значэнне маюць словы ўстанаўлення Эўхарыстыі, якія былі прамоўлены ў часе Апошняй Вячэры над віном і паўтараюцца ў часе святых абрадаў: «Гэта ёсць кроў Мая Новага Запавету» (Мц 26, 28).

Архісвятар

Архісвятаром называе Езуса Хрыста Ліст да Габрэяў (пар. Гбр 4, 14; 7, 28). Азначэнне гэтае вядома ў Старым Запавеце. Святарскую службу, якая заключалася ў справаванні культу і, галоўным чынам, у складанні ахвяраў, у Ізраілі выконвалі толькі нашчадкі Аарона, Майсеевага брата. Архісвятар, г.зн. самы старэйшы рангам, быў іхнім кіраўніком і толькі ён мог здзяйсняць найважнейшыя акты культу. У часы Езуса, калі Ізраіль не меў палітычнай незалежнасці, архісвятар фактычна быў самым высокім грамадска-палітычным аўтарытэтам і прадстаўніком жыдоўскага народу. Ліст да Габрэяў, г.зн. да хрысціянаў жыдоўскага паходжання, называе архісвятаром Езуса, каб наблізіць да іх Яго асобу і адначасова ўказаць на розніцу паміж хрысціянствам і Майсеевай рэлігіяй.

Езус не належаў да святарскага роду, і Ааронава святарства не павінна было працягвацца ў хрысціянстве. Езус быў пакліканы як архісвятар Новага Запавету непасрэдна Богам, згодна з прароцтвам псальму 110:

«Пан пакляўся і не пашкадуе:
Ты навекі святар на ўзор Мэльхізэдэка»

(пар. Пс 110, н).

Пра Мэльхізэдэка, як пра «святара Найвышэйшага Бога», згадвае Кніга Быцця. Яго вышэйшасць прызнаваў сам патрыярх Ізраіля, Абрагам. Таму Мэльхізэдэк, а не Аарон альбо жыдоўскія архісвятары - прадказанне Езуса-архісвятара.

Езус - святар нявінны, бязгрэшны, у той час, калі архісвятары Старога Запавету павінны былі найперш складаць ахвяры за ўласныя грахі і толькі пасля за грахі народу. Езус - адзіны святар, не так, як жыдоўскія архісвятары, якія, будучы смяротнымі, вымагалі ўстанаўлення сваіх наступнікаў. Езус змёртвыхпаўстаў, жыве і выконвае сваё святарства вечна. Езус, як архісвятар, склаў адзіную, бясконца дзейсную ахвяру са свайго жыцця. Яму няма патрэбы складаць шмат ахвяраў, як гэта рабілі жыдоўскія святары.

Вера ў адзінага архісвятара, у Езуса, не дазваляе гаварыць у Новым Запавеце ні пра якога іншага святара, акрамя Яго. Хто б у Касцёле ні справаваў святарства, не чыніць гэтага ад свайго ўласнага імя, але ад імя адзінага святара - Езуса Хрыста.

Новы ж Запавет называе святарамі ўсіх ахрышчаных, паколькі яны пакліканы, каб у еднасці з Езусам складаць Богу сябе саміх, як адзіную, мілую Яму, ахвяру (пар. 1 П 2, 5; Ап 1, 6).

Ахвяра

Муку і смерць Пана Езуса Новы Запавет называе ахвяраю. Робіць гэта па-рознаму, звязваючы з ахвярамі, што складалі жыды і што былі перапісаныя Законам Майсеевым.

Былі гэта шматлікія ахвяры, складаныя з жывёлы і дароў зямлі, а значыць з таго, што неабходна чалавеку для жыцця. У іх выражалася перакананне, што чалавек абавязаны сваім жыццём Богу і Богу павінен аддаваць яго, і як грэшнік, павінен сам памерці. Аднак часта гэтыя ахвяры набывалі характар выключна рытуальны, не выяўляючы ўжо ўнутранага і рэальнага аддання чалавека Богу. Прарокі рэзка асуджалі такі падыход да ахвяраў (пар., напр., Іс 1, 11-6).

Езус прыйшоў, «каб служыць і даць сваё жыццё на адкупленне многіх» (пар. Мк 10, 45). Яго кроў будзе праліта за многіх на адпушчэнне грахоў (пар. Мц 26, 28). Ён моліцца за вучняў: «За іх Я пасвячаю Сябе, каб і яны былі асвечаны праўдаю» (Ян 17, 19). Такім чынам, смерць Езуса - гэта ахвяра адплаты за людскія грахі. Супадзенне смерці Езуса са святам Пасхі наказвае нам бачыць яе прадказанне ў ахвяры з ягняці, якую складалі жыды ў ноч выхаду з егіпецкай няволі. Гэтак, як кроў ягняці ахоўвала ад смерці першародных, так і кроў Езуса ахоўвае, але ўжо кожнага чалавека, ад смерці вечнай. Езус называе таксама сваю кроў «Крывёю Новага Запавету» (пар. Мк 14, 24). Гэта, у сваю чаргу, напамін пра ахвяры, якія Майсей складаў Богу ў знак дамовы паміж ім і ізраільскім народам, акрапляючы ўвесь народ іх крывёю. Такім чынам, Езус лічыць сваю ўласную смерць ахвяраю, якая асвячае Новы Запавет, заключаны паміж Богам і ўсім родам чалавечым.

Ліст да Габрэяў абвяшчае, што смерць Езуса - гэта адзіная ахвяра, мілая Богу і бясконца дзейсная, а таму і непаўторная: яна згладжвае грахі ўсіх людзей, яднаючы іх паміж сабою і Айцом у небе. Яна аб'яўляе чалавеку адзіны шлях аддання Богу хвалы «ў Духу і Праўдзе» (Ян 4, 21-23). Не часовымі ахвярамі, што складаюцца з таго, чым чалавек валодае, але адданнем Богу самога сябе, разам з Езусам, у паслухмянасці ажно да смерці.

Хрыстус - Валадар

Новы Запавет гаворыць пра Езуса-Валадара ў сувязі з Яго смерцю і пакланеннем Яму.

Езус абвяшчае надыход валадарства, г.зн. панавання Божага, аднак не дазваляе абвясціць сябе каралём тым, што хацелі б бачыць у Ім часовага валадара (пар. Ян 6, 14-15). Нягледзячы на гэта, Езус быў абвінавачаны перад Пілатам, што аб'яўляў сябе жыдоўскім каралём, і такая назва Яго віны была змешчана на крыжы (пар. Ян 19, 12.19).

Езус з'яўляецца Валадаром як Месія, Божы пасланнік, дзякуючы якому надыходзіць Валадарства Божае: усеагульнае, канчатковае Божае панаванне над чалавекам і светам. Евангелле ад св. Мацвея, гаворачы аб вітанні Езуса ў Ерузалеме, бачыць у гэтым спаўненне прароцтва, што датычыць Месіі: «Скажыце Дачцы Сыёнавай: вось Кароль твой ідзе да цябе ціхі, седзячы на асляняці, жарабяці асліцы» (пар. Мц 21, 5). Гэтаксама перад Пілатам Езус кажа, што валадарства Яго не з гэтага свету, яно не грунтуецца на насіллі. Яго валадаранне заснавана на абвяшчэнні Праўды (пар. Ян 18, 23-37).

У Кнізе Апакаліпсіса св. Яна Езус - ушанаваны, Суддзя і Валадар усяго, называецца, як і сам Бог, Каралём. Ён, як Бог, «Валадар зямлі» (1, 5). «Кароль над каралямі і Пан над панамі» (19, 6). Гэта, зразумела, метафара, якая выяўляе абсалютную х в а л у і абсалютнае панаванне Божае над усім у Хрысце. У Ім Бог стварыў свет, праз Яго свет збаўляе, аддаючы грэшнага чалавека сваёй бясконцай любові. Абсалютнае і вечнае Божае панаванне, на якое ўказвае званне Караля, што адносіцца да Бога і да Хрыста, не мае ў сабе нічога ад насілля. Гэта панаванне любові над грэшным чалавекам, які аддаецца ёй цалкам добраахвотна і які вяртаецца да Бога так, як блудны сын вяртаўся да любячага бацькі.

Канчатковае і вечнае Божае валадаранне, распачатае ўцелаўленнем, а пасля смерцю і змёртвыхпаўстаннем Езуса Хрыста, развіваецца на працягу гісторыі так, як жыццё кожнага чалавека, і так, як развіваюцца адносіны паміж людзьмі, а значыць і грамадскія адносіны, што фармуюцца праўдаю, справядлівасцю, любоўю… Грамадская дзейнасць у гэтым кірунку - абавязак хрысціянаў, якія, дзякуючы хрышчэнню, удзельнічаюць у валадарскай місіі Хрыста. Паглыбленню свядомасці ў гэтым плане дапамагае ўведзенае Папам Піем ХІ у 1926 г. свята Хрыста Валадара, якое цяпер адзначаецца ў апошнюю нядзелю літургічнага года.

Спадарожніца Адкупіцеля

Спадарожніцаю Адкупіцеля называюць Найсвяцейшую Марыю Панну, Маці Езуса. З таго часу, як Яна нарадзіла Яго на свет, бачачы ў Ім прадказанага прарокамі Месію і Збавіцеля, Яна спадарожнічала Яму заўсёды сваёю вераю, надзеяю і любоўю, цалкавітым адданнем Сябе справе збаўлення свету, дзеля спаўнення якой прыйшоў Ён на зямлю.

У хвіліну ахвяравання Езуса ў святыні ерузалемскай прысутны там старац Сымэон прарочыў, што Езус - гэта «знак, якому працівіцца будуць», а душу Яго Маці «меч пранікне» (Лк 2, 34-35).

Евангелле ад св. Яна гаворыць аб прысутнасці Маці Хрыстовай пры Ім напачатку і ў канцы Яго публічнай дзейнасці. Яна была з Ім менавіта ў Кане Галілейскай, калі Ён здзейсніў першы цуд і калі «паверылі ў Яго Ягоныя вучні». Яна звярнулася да Езуса, калі заўважыла, што маладым не хапае віна, а вясельнай прыслузе параіла зрабіць тое, што скажа ім Езус (2, 2-11).

І была Яна пры Ім у часіну мукі і смерці, стоячы пад Крыжам, калі пакінулі Яго нават самыя блізкія Ягоныя вучні (19, 25-27).

Найсвяцейшая Панна Марыя спадарожнічала свайму Сыну не столькі самою прысутнасцю, колькі вераю, надзеяю і любоўю, прысвячаючы «самую сябе, як служабніцу Панскую, асобе і справе свайго Сына» (КК 56). Стоячы пад Крыжам, цярпела разам з Езусам, як ніхто іншы. Але перш за ўсё адна Яна, ва ўсялякім выпадку найлепш Яна, разумела сэнс мукі і смерці свайго Сына. Гэтаксама, як Езус паддаваўся волі свайго Айца, так Маці Езуса прымала смерць свайго Сына, як волю Божую. Самая блізкая сэрцу свайго Сына, Яна была найбольш цесна з'яднана з Ім у паслухмянасці і любові да Бога і ў любові да ўсіх людзей. Такім чынам, Маці супрацоўнічала са сваім Сынам, удзельнічаючы ў збаўленні свету, якое Ён здзяйсняў.

Яе супрацоўніцтва з Езусам працягваецца таксама і пасля Яе ўнебаўзяцця. Калі, як мы верым, святыя моляцца за нас у небе, то тым больш дзейсна заступаецца за ўсіх людзей Маці Езусава, каб здзейсненае Ім збаўленне канчаткова стала іх лёсам.

Толькі Езус, Сын Божы і Сын Чалавечы, з'яўляецца Адкупіцелем свету. Усе былі Ім адкуплены. Таксама і Яго Маці. Але Езус Хрыстус хоча збаўляць таксама праз тых, якія ў сваёй веры і любові цалкам Яму адданыя. Адносіцца гэта ўвогуле да вучняў Езуса, аднак перадусім і асаблівым чынам адносіцца гэта да Яго Маці.

 

Hosted by uCoz