Бог

Бог - істота невыказная

Бог - Стварыцель усіх рэчаў: «бачных і нябачных», Пан - адзіны Пан - усяго, асабліва чалавека. Яго Збавіцель.

Немагчыма сказаць, хто такі Бог. Калі мы намагаемся пра Яго гаварыць, то гаворым, хутчэй, кім Ён не ёсць, чым Хто і Які Ён ёсць. Мы прызнаем, што Ён - Дух, а гэта перш за ўсё азначае, што Ён - Істота нематэрыяльная і бесцялесная. Ён іншы, чым усё, што нас акружае. Мы прызнаем, што Ён - Мудрасць, але гэта перадусім азначае, што Ён мудры не ў тым сэнсе, у якім гаворыцца пра мудрага чалавека. Мы прызнаем, што Ён - вольны, бо робіць усё паводле свае волі і згодна са сваёю Мудрасцю і Любоўю. Але Ён вольны не ў тым сэнсе, у якім вольны чалавек, абмежаваны ў сваіх магчымасцях дзейнічаць як звонку, так і знутры… Але ж мы гаворым: Бог - гэта Мудрасць, Бог - Вольны, Бог - гэта Любоў… Прызнаем за Богам усё тое, што ў нас саміх лічым несумненна вартасным. Але Бог бясконца, неспасцігальна, невыказна Мудры, Вольны і Любячы!

Ён - Стварыцель: ад Яго паходзіць і дзякуючы Яму існуе ўсё, што ёсць. Ён - Адзіны, які ёсць. Усё іншае існуе, дзякуючы Яму. Таму Ён Бог і Пан не толькі адных хрысціян альбо людзей веруючых, але Бог і Пан усіх людзей, усяго свету, усяго, што толькі існуе…

Ён - Збавіцель. Ізраільскі народ, як сведчыць Святое Пісанне, пазнаваў Яго ў сваёй гісторыі як Таго, Хто ратаваў ад вынішчэння і выводзіў з самага вялікага няшчасця, караў за бязвер'е і несправядлівасць, але даводзіў да навяртання, любіў і прабачаў. Ён - Збавіцель усіх людзей у Езусе Хрысце: у Ім Ён аб'яўляе, што Ён - Любоў, у Яго змёртвыхпаўстанні вызваляе ўсіх ад смерці.

Бог - святы

Бог, які аб'яўляецца чалавеку, абуджае ў ім трывогу. Майсей пазначае ізраільцянам межы каля падножжа гары Сінай, на якой павінен аб'явіцца Бог, каб яны іх не пераступалі, «бо калі хто дакранецца гары, будзе пакараны смерцю». Уражаныя знакамі, якія суправаджаюць аб'яўленне Бога, яны просяць правадыра: «Гавары ты з намі, а мы будзем слухаць цябе! Але Бог няхай не прамаўляе да нас, каб мы не памёрлі» (Выйс 19, 12; 20,19). Бог - не толькі з іншага свету, але цалкам іншы, і н ш ы, чым ўсё, з чым чалавек сутыкаецца і што зведвае. Ён - трансцэндэнтны, г.зн. перавышае ўсё, Ён - над усім, што толькі існуе. Бог не належыць да гэтага свету, да гэтага сусвету, які з'яўляецца справаю Яго волі.

Менавіта тое, што Бог цалкам Іншы, чым усё, і што Ён над усім, што Ён трансцэндэнтны, у Бібліі выражае габрэйскае слова «qadosz» - святы.

Аднак імя «Святы» значыць больш. Бог, які аб'яўляецца, Іншы, Ён - па-над усё, што толькі існуе, але разам з тым Ён не далёкі ані ад свету, які стварыў, ані ад свайго выбранага народу. Хвала Яго перапаўняе ўсю зямлю, Ён - «Святы Ізраіля», які звяртаецца да Яго як да свайго Бога. У Ім шукае гэты народ дапамогі, ратунку, апекі, а галоўнае - прабачэння, і заўсёды іх знаходзіць.

Святы і нават тройчы Святы (пар. Іс 6, 3) не з'яўляецца адным з Божых азначэнняў, наадварот, гэта імя Божае. Чалавек, увесь Люд Божы павінен «асвячаць» імя Божае. «Святым будзь імя Тваё» - першая просьба, якая ўзносіцца ў малітве «Ойча наш». Асвячаць Яго імя, лічыць Яго святым - гэта значыць, верыць у Яго, адзінага праўдзівага Бога і Пана; г.зн., аддаваць належную Яму пашану, якая выражае веру і паслухмянасць Яго запаведзям, паколькі сапраўдныя паклоннікі аддаюць пашану Айцу ў Духу і ў праўдзе (Ян 4, 23).

Верачы ў Бога - Святога - і захоўваючы Яго запаведзі, чалавек сам асвячаецца, г.зн. набліжаецца да Бога і з Ім яднаецца. «Гавары да ўсяе супольнасці сыноў Ізраіля, - звяртаецца Бог да Майсея, - і скажы ім: «Будзьце Святымі, бо Я святы, Пан, Бог ваш» (Капл. 19, 2).

Бог - усюдыісны

Бог прысутнічае ўсюды, дзе толькі мы вымавілі «тут» і ў кожным іншым месцы. Як і ўсе азначэнні Бога, так і гэтае, хутчэй, гаворыць, якім Бог не з'яўляецца і якім не трэба Яго нам сабе ўяўляць, чым які Ён ёсць. Значыць, не трэба ўяўляць сабе Бога як істоту, якая пражывае ў небе (а неба як прастору для пражывання!) альбо замкнутую ў межах святыняў. «Ён, гаспадар неба й зямлі, не ў рукатворных храмах жыве» (Дз 17, 24). У процівагу нам, людзям, якія заўсёды павінны прабываць у дадзеным месцы, у процівагу ўсім іншым, вядомым нам, матэрыяльным рэчам, заўсёды акрэсленым прастораю, Бог неабмежаваны а ні прастораю, а ні месцам. Ён прысутнічае ўсюды, на кожным месцы. Мы так верым, але гэта пераўзыходзіць межы нашага ўяўлення.

Усюдыісны - прысутны на кожным месцы, - але не як рэч, не мёртва і не пасіўна. Ён - усюды Бог: Стварыцель, Пан, Збавіцель, Айцец… Даўца існасці і жыцця, Ён усё дарэшты пранікае і ведае, усюды аб'яўляецца чалавеку як Любоў, якая прызывае і ставіць патрабаванні…

Бог - усюдыісны, але Яго прысутнасць мае розныя адценні ў адносінах да розных Яго стварэнняў. Для чалавека ўсюдыіснасць Бога азначае, што Ён заўсёды знаходзіцца блізка, гэтак як бацька блізка каля сваіх дзяцей. Так святы Павел абвяшчаў афінянам: мы шукаем Бога як бы навобмацак, «хоць Ён і недалёка ад кожнага з нас: бо ў Ім жывем і рухаемся, і існуем» (Дз 17, 27-28). Ён блізка, на кожным кроку, прыходзіць на першы покліч, як клапатлівы, любячы бацька. Ад Яго немагчыма ўцячы альбо схавацца.

Ён не толькі блізка, як бы поруч з намі, Ён - у нас саміх. Езус сказаў: «Хто любіць Мяне, той спаўняе слова Маё; і Айцец Мой палюбіць яго; і Мы прыйдзем да яго і зробім сялібу ў яго» (Ян 14, 23).

Бог - усёведны

Беручы па-людску, Бог ведае ўсё, што было, ёсць, будзе і магло б быць. Але такі падыход не мае вялікага сэнсу ў адносінах да Божага пазнання, паколькі Бог існуе ў вечнасці, а не ў паслядоўнасці часу, якая патрабуе ад нас разрозніваць мінулае і будучае. Аднак існуе больш прынцыповая розніца паміж пазнаннем чалавечым і пазнаннем Божым. Бо чалавек здабывае веды, паступова пазнаючы навакольны свет і самога сябе. Пан Бог нічога не павінен пазнаваць і ні аб чым не павінен даведвацца. Ён адвечна ўсё ведае. Як жа магло б быць іначай, калі Ён - Бог, адзіная істота, ад Якой залежыць усё і Якая не залежыць, і не можа залежаць ад нічога. Трэба было б сказаць, што Пан Бог не глядзіць на свет, каб штосьці даведацца, гэта свет такі, якім яго Пан Бог пазнае. Значыць, трэба было б пазнанне Бога параўноўваць не з пазнаннем вучонага, а з пазнаннем творцы, які ведае свой твор раней, чым ён з'явіцца. Аднак зноў жа: творца чэрпае з гатовага «матэрыялу» (хоць бы было ім слова) і таму павінен у сваёй творчасці дастасоўвацца да яго абмежаванняў. Таксама творца часта не здольны цалкам зрэалізаваць сваіх задумаў. Гэтыя цяжкасці мы павінны адкінуць, калі думаем пра Бога - Стварыцеля, Які стварае з нічога.

139-ы Псальм (варта прачытаць яго) выражае перакананне ў Божым усёведанні і захапленне яго таямніцаю:

«Пане, Ты мяне выпрабаваў і Ты мяне ведаеш…
Ты ведаеш, калі я сядаю й калі я ўстаю;
Ды здалёк разумееш думкі мае.
Ці я хаджу, ці ляжу, - Ты пры мне,
Усе дарогі мае Табе ведамы.
Бо няма йшчэ слова на маім языку,
А Ты, Пане, усё добра ведаеш»

(Пс 1-39, 1-4).

Такім чынам, ці ахоплівае Божае пазнанне таксама чалавека ў яго свядомай і вольнай дзейнасці? Ці ведае чалавечыя думкі, словы і ўчынкі раней, чым яны здзейсняцца? Мы павінны верыць у гэта. Бог ведае ўсё: і тое, што дзеецца па якойсьці неабходнасьці, і тое, што з'яўляецца вынікам вольнага выбару чалавека.

Бог - усемагутны

Вера ў Божую ўсемагутнасць мае, як указвае Святое Пісанне, некалькі крыніцаў. Першая - гэта вера ў стварэнне. Усё, што чалавека акружае, на што ён глядзіць і што яго ўражвае, - усё гэта тварэнне Божае. У добра вядомым тэксце пра стварэнне свету, які знаходзіцца ў першым раздзеле Кнігі Быцця, па чарзе называюцца неба і зямля, сонца, месяц і зоркі, суша і моры, рыбы, птушкі і звяры, урэшце - чалавек, каб выказаць захапленне абсалютнаю ўсемагутнасцю Бога, які ўсё стварае адным сваім словам.

Вера ў Божую ўсемагутнасць сыходзіць таксама з вопыту гісторыі. Для Ізраіля - гэта вопыт яго ўласнай гісторыі. Гаворка тут ідзе пра «вялікую справу Бога», які ратуе выбраны Ім народ. Ізраільцяне ніколі не пераставалі захапляцца выратаваннем сваіх продкаў ад няволі егіпецкай, дзякуючы цудоўнаму пераходу праз Чырвонае Мора. Датычыць гэта таксама гісторыі асобных людзей. Так Бог прызывае слабых і простых людзей да вялікіх спраў. Абуджае жыццё там, дзе, па-чалавечы беручы, не павінна б яно ўзнікнуць. «Бо ў Бога ніводнае слова не будзе немагчымым», як звяставаў анёл Найсвяцейшай Марыі Панне (Лк 1, 37).

Ёсць і трэцяя крыніца веры ў Божую ўсемагутнасць: Бог змяняе чалавека, паварочваючы яго да Сябе і адпускаючы яму грахі. Так навучаюць прарокі, заклікаючы да навяртання: «Хоць бы вашыя грахі былі як шкарлат, як снег выбялеюць, хоць бы чырвоныя былі, як пурпур, стануць як воўна» (Іс 1, 18).

Унутраная перамена чалавека, не раз адчутая ў кантакце з іншымі, але найперш вядомая з уласнага вопыту, перамена, звязаная з перакананнем, што чалавек заслугоўвае адпушчэння віны, пераконвае ў Божай усемагутнасці. Бог асвятляе цемру граху, нясе радасць і жыццё там, дзе панаваў смутак і смерць. «Хто можа дараваць грахі, апрача аднаго Бога?» (Мк 2, 7).

Дык што ж такое Божая ўсемагутнасць? Гэта стваральная сіла, якая фарміруе чалавечую гісторыю, каб была яна гісторыяй людскога збаўлення; гэта прабачэнне правінаў, якое адраджае чалавека.

Бог - верны

Бог - верны. Ён верны ўсяму, што стварыў. Бо Ён не толькі ўсё стварыў, але й пра ўсё, што стварыў, клапоціцца, усім апякуецца і вядзе да паўнаты развіцця. Ён нічога не знішчае. Святое Пісанне абвяшчае, што і канец свету не будзе знішчэннем, а толькі аднаўленнем… Бог верны чалавеку. Ён аб'явіў яму спачатку сваю Айцоўскую любоў, учыніў сваім дзіцем і спадчыннікам жыцця вечнага. Нягледзячы на тое, што чалавек не адказаў Яму ўзаемнаю любоўю, а праз непаслухмянасць стаў блудным сынам, Бог не адступіў ад свае да яго любові. Ён выбраў Абрагама, які Яму даверыўся і паслухаў Божае волі, і ўчыніў Яго айцом народу, з якім заключыў дамову. Абяцаючы сваю нястомную апеку, Бог дамагаўся ад гэтага народу веры, якую меў Абрагам, і паслухмянасці сваім запаведзям. Нягледзячы на шматлікія выпадкі нявернасці з боку гэтага народу, не пазбавіў яго Свае Божае апекі. Караючы за нявернасць, абуджаў у ім наноў жаль за грахі і веру, пакуль з гэтага народу не прыйшоў на свет Езус Хрыстус.

Езус - адвечны Сын Божы, пасланы Айцом, каб сваім жыццём, смерцю і змёртвыхпаўстаннем аб'явіў і ў пэўным сэнсе даказаў усім людзям канчатковую і настойлівую Божую любоў. Бог - Айцец, які любіць усіх, без выключэння, нават сваіх блудных сыноў. Бог любіць верна: як Айцец аддае свайго адзінароднага Сына, каб кожны, хто ў Яго ўверуе, меў жыццё вечнае; як Сын, аддае сваё жыццё за ўсіх, а ніхто ж не мае любові большай, чым той, хто аддае сваё жыццё за іншых. Бог - верны самому сабе: сваёй любові, з якое стварыў свет і чалавека, якую аб'явіў чалавеку, учыняючы яго сваім дзіцем, якую праявіў, аддаючы свайго Сына, Езуса. Ён верны, бо шукае загубленага чалавека. Кожны, хто да Яго звернецца і паверыць Яму, знойдзе прабачэнне і жыццё.

Бог - справядлівы

Бог справядлівы. Ён карае за зло, зробленае чалавекам, і ўзнагароджвае за добрыя ўчынкі. Ён - суддзя справядлівы. Калі чалавек бачыць страшэнны недахоп справядлівасці ў адносінах паміж людзьмі, беспакаранасць зла і крыўду невінаватых, то вера ў канчатковую Божую справядлівасць, перад якою нічога не можа схавацца, становіцца апораю пераканання ў сэнсе чалавечага жыцця.

Аднак такое разуменне Божай справядлівасці недастатковае і грозіць тым, што мы часам на Бога пераносім прагу справядлівасці, якой патрабуем ад людзей, альбо нават робім з Бога выканаўцу прысудаў, якія выносім адны другім па ўласным перанананні. Тым часам, Бог Стварыцель, Пан і Збавіцель, справядлівы толькі Яму ўласцівым, адзіным і абсалютным чынам.

Бог - Стварыцель і Пан усяго, што толькі існуе, таксама, зразумела, і чалавека. Ён нічога нікому не павінен. Ён у сваёй любові да ўсяго, што стварае, - абсалютны Даўца. Паводле Езусавай прыпавесці, прызывае і ўзнагароджвае «апошніх» так як і «першых», рэалізуючы такім чынам і сваю справядлівасць і сваю дабрыню (пар. Мц 20, 1-6).

Бог з любові стварыў чалавека і заклікаў яго да збаўлення, гэта значыць, да шчаслівага паяднання з сабою назаўсёды. У гэтым крыецца мера Божае справядлівасці. Ён, у пэўнай ступені, ставіць патрабаванні перад самім сабою. Паколькі хоча даць чалавеку жыццё і давесці яго да збаўлення, застаецца гэтаму заўсёды верны, нават тады, калі чалавек, грэшачы, адкідвае Яго пакліканні і дары. Бог не хоча смерці грэшніка, Ён хоча толькі, каб той навярнуўся і жыў (пар. Эз 18, 23). Спяшае з дапамогаю ўсім людзям, каб Яго шукалі і знайшлі. Пан Бог шматразова заключае з людзьмі дамову, навучае іх праз прарокаў, урэшце спасылае свайго Сына і праз Яго - Духа Святога. Гэту Божую вернасць уласнай волі збаўлення чалавека і разам з тым дадзенаму чалавеку абяцанню збаўлення, гэту Божую вернасць чалавеку Святое Пісанне называе Божаю справядлівасцю. Тою справядлівасцю, якая аб'яўляецца ў Езусе Хрысце і ўчыняе справядлівымі ўсіх, хто ў Яго верыць (пар. Рым 3, 21-26). Божая справядлівасць надзвычай блізкая да Яго міласэрнасці.

Бог - міласэрны

Бог - міласэрны. Гэта значыць, што Бог ёсць Любоў, якая ахоплівае ўсіх і ўсё, што Ён стварыў. Яго любоў асабліва праяўляецца да слабых, нешчаслівых, убогіх, і перш за ўсё - да грэшнікаў. Перакананне ў Божай Міласэрнасці і вера ў яе, якія так часта настойліва падкрэсліваюцца ў Святым Пісанні, маюць за аснову ў Старым Запавеце вопыт ізраільскага народу, які адчуваў Божую апеку і Божае прабачэнне, нягледзячы на ўласную слабасць і на ўчыненую віну. У Новым Запавеце Езус Хрыстус перш за ўсё аб'яўляе міласэрнасць Айца, які ёсць у небе. Ён як айцец блуднага сына, які з любоўю чакае ягонага вяртання. Само прыйсце Езуса - Сына Божага, Яго адносіны з грэшнікамі і смерць на крыжы дзеля збаўлення ўсіх людзей - сведчанне любові Бога, які аддаў «Сына Свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верць у Яго, не згінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3,16). Асабліва важны той факт, што не грэшнік першы звяртаецца да Бога. Ініцыятыва навяртання і збаўлення грэшніка належыць Богу, які шукае і кліча загубленага, як добры пастух шукае згубленае авечкі.

Божая міласэрнасць мае патрэбу ва ўзаемнай міласэрнасці людзей адзін да аднаго і ў іхняй міласэрнасці выяўляецца. Чалавек, які ўсведамляе Божую апеку над сабою, павінен аказваць міласэрнасць да ўсіх, хто ў гэтым мае патрэбу: слабых, убогіх, хворых, пераследаваных… Як Збавіцель, Езус адносіць да сябе самога ўсё тое добрае, што чалавек учыніць для сваіх «найменшых», гэта значыць, для тых сваіх братоў, хто найбольш таго патрабуе (пар. Мц 25, 31-46). Яшчэ больш важна тое, што атрыманне ад Бога адпушчэння грахоў залежыць ад аднае ўмовы: адпушчэння віны тым, хто правініўся перад намі. Такім чынам, Божая міласэрнасць пашыраецца сярод людзей, патрабуючы ад іх саміх міласэрнасці, якая б была і рэалізацыяй і знакам Божае міласэрнасці. Таму на пытанне, чаму, нягледзячы на ўсемагутнасць Божае міласэрнасці, гэтулькі існуе ўсялякіх бедаў і няшчасцяў сярод людзей, адказваць трэба пытаннем: у якой ступені мы, людзі, праяўляем міласэрнасць адзін да аднаго? Святое Пісанне звяртае нашу думку таксама і на жыццё будучае. Бо тады менавіта выявіцца, наколькі абсалютнаю і надзейнаю была Божая міласэрнасць і Божая апека над усімі «ўбогімі» (пар., напр., Пс 37 і Мц 5, 3-12).

Бог Айцец

Святое Пісанне Старога Запавету часам называе Бога айцом абранага Ім народу ізраільскага. Гэта азначае, што Бог так любіць свой народ і апякуецца ім на кожным кроку, як бацька любіць сына. Таксама, як айцец, - карае яго за правіны, але і прабачае, калі ягоны люд зноў звяртаецца да Яго.

Для Езуса імя Айца - найбольш адпаведнае Імя Божае. Бог - Айцец і не толькі адзінага народу, але ўсіх людзей. Яго айцоўская любоў перш за ўсё выяўляецца ў прабачэнні правінаў тым блудным сынам, якія да Яго вяртаюцца. І гэта Ён сам адкрывае ім шлях вяртання, выбаўляючы іх з няволі шатана, граху і смерці праз свайго Адзінароднага Сына, Езуса Хрыста.

Езус вучыць звяртацца да Бога як да айца: «Ойча наш, каторы ёсць у небе…» І сам гаворыць да Яго «Абба, Ойча» і называе Яго сваім Айцом. Аднак Евангеллі сведчаць, што Езус ніколі не звяртаецца да Бога такім чынам разам з вучнямі. Бог з'яўляецца Яго Айцом выключным і адзіным чынам. Езус - Яго Адзінародны і Умілаваны Сын. «Ніхто не знае Сына, апрача Айца; і Айца не знае ніхто, апрача Сына, і каму Сын хоча адкрыць» (Мц 11, 27). Езус як Сын - адно з Айцом: «Я і Айцец - адно» (Ян 10, 30). Але гэта значыць, што Ён Сын Божы спрадвеку, Сын, які ў пэўны момант нашай гісторыі прыняў чалавечую натуру з Панны Марыі.

Гэта значыць таксама, што Бог з'яўляецца айцом не толькі адзіна ў адносінах да людзей. У таямніцы свайго боства Ён - Айцец Сына Божага, з якім Ён адно, але які з'яўляецца іншаю Асобаю. Айцец нараджае Яго, даючы Яму поўнасцю сваё боства, так, што Сын ёсць «ззяннем хвалы і ўзорам постаці Яго» (Гбр 1, 3).

Езус, аб'яўляючы Бога як свайго Айца, разам з тым аб'яўляе, кім на самой справе ёсць Бог у таямніцы свайго жыцця. Аб'яўляючы, што Бог - Айцец усіх людзей, Хрыстус указвае, што сваім адвечным айцоўствам у адносінах да Адзінароднага Сына, Ён атуляе ўсіх тых, каго Сын, дзякуючы Уцелаўленню, учыніў сваімі братамі.

Сын Божы

Сын Божы Езус Хрыстус абвяшчаў, што Бог - Айцец усіх людзей, якіх хоча бачыць сваімі дзецьмі. Аднак надзвычайным і непаўторным чынам Бог - Ягоны Айцец. Святы Павел называе Сына Божага, Езуса, «першародным паміж многімі братамі» (Рым 8, 29); святы Ян называе Яго Адзінародным (пар. Ян 3, 16); сінаптычныя Евангеллі - умілаваным Сынам, якога па волі Божай усе павінны слухаць (пар. Мц 3, 17; 17, 5). Езус называе Бога сваім Айцом і звяртаецца да Яго як да Айца, аднак ніколі не робіць гэтага разам з вучнямі, хоць і ім наказвае маліцца «Ойча наш…» Езус, хоць і пасланы Айцом і ва ўсім паслушны Яму, адчувае сябе не толькі роўным Айцу, але й адчувае, што Яны - адно: «Я і Айцец - адно» (Ян 10, 30). Паводзіны Езуса, Яго навучанне і цуды, якія Ён чыніў, наказвалі апосталам і ўсяму Яго акружэнню пытаць, Хто Ён такі. Але толькі змёртвыхпаўстанне Хрыста і сустрэча з Уваскрослым абудзілі ў іх веру ў Езуса як у спрадвечнага Божага Сына, які стаўся чалавекам. Такім чынам Езус Хрыстус аб'яўляе нам Бога як Айца, аб'яўляючы, што Сам Ён - Сын Божы, Сын спрадвечны, ва ўсім роўны Айцу, які разам з Айцом у Духу Святым ёсць адным Богам.

Сімвал веры Нікейскага Сабору (325 г.), які па сённяшні дзень чытаецца ў літургіі, абвяшчае, што Сын Божы - гэта «Бог з Бога, святло са святла, Бог праўдзівы з Бога праўдзівага, народжаны, а не створаны, адзінасутны Айцу» і што «праз Яго ўсё сталася…» Гэта значыць, што Сын Божы не належыць да створанага Богам свету, але што сам Ён разам з Айцом у Духу Святым - адзіны Бог і Стварыцель.

Ён - спрадвечны Сын Божы, Боская Асоба, адрозная ад Бога-Айца, якая ад Яго паходзіць. Бог-Айцец адвечна нараджае свайго Сына, даючы Яму самога сябе, сваю натуру альбо сваю сутнасць. Таму Сын Божы мае адну і тую ж натуру, сутнасць, што і Бог-Айцец. Менавіта гэта азначаюць словы Сабору, у якіх гаворыцца, што Сын адзінасутны Айцу. Ён з Айцом і Духам Святым ёсць адным адзіным Богам у Трох Асобах.

Гэты бясконцы, няствораны, спрадвечны Сын Божы, спрадвечна роджаны Богам-Айцом, стаўся, у вызначаны Богам момант нашай гісторыі, чалавекам. Ён ні ў якім разе не перастаў быць з Богам-Айцом і з Духам Святым адзіным Богам, не перастаў быць адвечна роджаным Айцом Сынам Божым. Але прыняў чалавечую натуру: «Чалавечымі рукамі працаваў, чалавечым розумам, чалавечаю воляю дзейнічаў, чалавечым сэрцам любіў, народжаны з Марыі Панны, стаў сапраўды адным з нас…» (КДК 22).

Дух Святы

Паводле Кнігі Быцця, калі Бог стварыў неба і зямлю, цемра была над паверхняю бязмежжа вады, а «Дух Божы ўзносіўся над вадою» (1, 2). Цемра тут - сімвал бязладдзя, бясформеннасці, тленнасці, у той час, як Дух Божы азначае ўзыходзячую моц Божую: святло, лад, існасць. Аднак кнігі Старога Запавету гавораць пра Дух Святы перш за ўсё тады, калі ўказваюць на дзейнасць выбраных і пакліканых Богам людзей для выканання нейкага запланаванага Ім задання: для ацалення выбранага народу Давідам, якога апанаваў Дух Божы (1 Сам 16, 13), для абвяшчэння добрай навіны прарокам Ісаем, якога намасціў Дух Пана (Іс 61, 1). А на будучым Месіі спачыў Дух Божы (Іс 11, 2; 42, 1). Прарокі Старога Запавету таксама прарочаць выліванне Духа Святога на ўвесь народ. У дзень Спаслання Духа Святога святы Пётр спасылаецца на прарока Іаіля, абвяшчаючы, што вось спаўняецца ягонае прадказанне: «І будзе ў апошнія дні, - кажа Бог: вылью Духа Майго на кожнае цела; і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі…» (Дз 2, 14-17).

Езус - аб'яўлены Месія і Слуга Яхвэ, пачаўся з Духа Святога (Мц 1, 20; Лк 1, 35). Ён быў намашчаны Духам Святым, які спачыў на Ім у хвіліну прыняцця з рук Яна хросту ў Іардане (Мц 3, 16). На крыжы «Духам Святым прынёс Сябе беззаганнага Богу» (Гбр 9, 14). Хрыстус абяцаў сваім вучням, што ў выніку свае смерці і змёртвыхпаўстання спашле ім Духа Суцяшальніка, які застанецца з імі назаўсёды (Ян 14, 16), Духа Праўды, які навучыць іх усялякай праўдзе і прыгадае ім усё, што Ён ім сказаў (Ян 14, 26).

Жыццё ўсяго Касцёла і кожнага хрысціяніна, заснаванае на веры, надзеі і любові, развіваецца сілаю Духа Святога. Такая вера Касцёла. Яна абвяшчаецца ва ўсіх пісаннях Новага Запавету.

Дух Святы - гэта Божая Асоба, гэта любоў Айца і Сына, якая сыходзіць ад Іх абодвух у еднасці Святой Тройцы. Але знаходзіць Яго трэба ў сабе самім. Верыць у Духа Святога - гэта значыць, верыць не толькі ў тое, што Бог ёсць у Трох Асобах: Айцец, Сын і Дух Святы, але і ў тое, што чалавек створаны Божаю любоўю, што ён заўсёды атулены ёю і што яна ў ім - крыніца любові да Бога і да бліжняга.

Святая Тройца

Святая Тройца - гэта вызначэнне Бога з увагі на тое, што Бог у Трох Асобах: Айцец, Сын і Дух Святы.

Бог - адзін адзіны. Ён аб'явіўся ізраільскаму народу, патрабуючы веры ў сябе, адзінага Бога і Пана, і належнай да сябе пашаны. Першая запаведзь дэкалогу гучыць так: «Не май чужых Багоў, апроч Мяне» і проціпастаўляецца мнагабоству рэлігіі язычнікаў, сярод якіх жылі ізраільцяне. Слугою і пасланнікам гэтага адзінага Бога мянуецца Езус Хрыстус, які жадае веры ў Яго і любові з усяго сэрца і з усяе сілы. Хрысціяне, насуперак паганскаму культу шматлікіх бостваў у Грэцыі і Рыме, абвяшчалі, што адзін ёсць Бог, Стварыцель і Пан неба і зямлі.

Аднак разам з тым Езус Хрыстус называе сам сябе Сынам Божым, а Бога - сваім Айцом. Езус, як абвяшчае Евангелле, Адзінародны, умілаваны Сын Божы, які «дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўлення сышоў з неба і праз Духа Святога прыняў цела з Марыі Панны і стаўся чалавекам…» («Вызнанне веры»). Езус, Сын Божы, дамагаўся веры ў Бога-Айца, які Яго паслаў, і ў Сябе, як пасланага Айцом Сына Божага.

Перад сваім унебаўшэсцем Езус абяцае вучням - апосталам, што спашле ім Духа Святога. Гэта Дух Суцяшальнік, які застанецца з імі назаўсёды; гэта Дух Праўды, які навучыць іх усялякай праўдзе і прыгадае ім усё, што Езус сказаў ім; гэта Дух, які ад Айца паходзіць, якога пашле Айцец у імя Езуса і разам з тым сам Езус, Сын Божы, пашле Яго ад Айца (пар. Ян 14, 15-15, 27). Усведамляючы сыходжанне на іх Духа Святога, Яго прысутнасць, Яго дзеянне ў тых, хто верыць, і ўдзяленне Духам Святым дароў, апосталы з самага пачатку вызнаюць, што адзін адзіны Бог - гэта Айцец, Сын Божы і Дух Святы. Хросту - знаку веры, яны ўдзяляюць ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Святы Павел вітае вернікаў у Карынце такімі словамі: «Ласка Пана нашага Езуса Хрыста, міласць Бога і дар еднасці ў Духу Святым няхай будуць з усімі вамі» (2 Кар 13, 13).

Сама назва «Святая Тройца» з'явілася і была прынятая ва ўсім хрысціянстве ў канцы ІІ стагоддзя.

Вера ў Святую Тройцу азначае, што адзін адзіны па сваёй прыродзе Бог з'яўляецца трыма Асобамі: Айцом, Сынам і Духам Святым. Гэтыя Асобы, з'яўляючыся адным адзіным Богам, розняцца паміж сабою толькі ўзаемным паходжаннем: Сын Божы паходзіць ад Айца, Дух Святы паходзіць ад Айца і Сына. Айцец нараджае Сына, Айцец і Сын дыхаюць Духам Святым. Так гаворыць пра таямніцу Бога Святое Пісанне, такою моваю паслугуецца вера Касцёла.

Бог аб'яўляе, што Ён - Айцец, Сын і Дух Святы. Бог Айцец, спасылаючы Духа Святога, чыніць людзей у сваім Адзіным Сыне, дзякуючы Яго ўцелаўленню і смерці на крыжы, сваімі прыёмнымі дзецьмі. Таямніца Святой Тройцы выражае не толькі веру ў Бога, але таксама - веру ў жыццё чалавека ў Богу.

Стварыцель

Бог - Стварыцель і Пан усяго існага. Так абвяшчае святое Пісанне, такая ёсць хрысціянская вера (…).

Ствараць - значыць выклікаць да існавання штосьці, чаго ні ў якім выпадку не было. Паводле распаўсюджанага выразу: рабіць штосьці з нічога. Таму стварэнне істотна адрозніваецца ад тварэння альбо вырабу якойсьці рэчы з ужо існуючага матэрыялу. Адрозніваецца яно, зразумела, і ад паходжання жывых істотаў. Бацькі даюць жыццё дзіцяці, нараджаюць яго, але не ствараюць.

Першая біблійная кніга, Кніга Быцця, падае два апісанні стварэння свету. Старэйшае з іх, больш выразнае і канкрэтнае, адною фразаю гаворыць пра стварэнне зямлі і неба, засяроджваючы пасля ўвагу на стварэнні чалавека - мужчыны і жанчыны (Быц 2, 4-25). Другое апісанне - гэта добра вядомы аповед пра стварэнне свету і чалавека на працягу шасці дзён (Быц 1,1-2,3). Гэтыя шэсць дзён стварэння ўяўляюць сабою літаратурныя рамкі апісання, як бы строфы, у якіх пералічваюцца ўсе існуючыя рэчы, паводле тагачасных ведаў пра свет. Таму першыя тры страфы гавораць пра «нерухомыя» элементы свету: пра святло, ваду, пра нябеснае скляпенне і зямлю з усёю тою расліннасцю, якая яе пакрывае. У наступных трох строфах пералічваюцца ўсе тыя рэчы, што рухаюцца па нябесным скляпенні, - сонца, месяц і зоркі; у вадзе і паветры пад нябесным скляпеннем - рыбы і птушкі; урэшце, на зямлі - звяры і чалавек. Такім чынам, Кніга Быцця пераконвае: усё, што чалавека акружае, у тым ліку і яго самога, стварыў Бог.

Бог - Стварыцель абсалютна адрозны ад створанага Ім свету. Ён - Усемагутны і дзейнічае зусім іначай, чым чалавек. Ён стварае адным словам, адным актам сваёй волі. І ўсё, што стварае - добрае: добры - увесь бачны свет прыроды, добры - чалавек, створаны па вобразе Божым. Бог - Стварыцель з'яўляецца Мудрасцю, бо ствараючы свет, надае яму гармонію і лад, у якім усе элементы звязаны паміж сабою і адзін аднаму служаць. Падзел апавядання пра стварэнне Богам усяго існага на шэсць дзён мае пры гэтым дыдактычную мэту. Здзейсніўшы сваю справу, на сёмы дзень Бог адпачываў «і паблагаславіў дзень сёмы і асвяціў яго» (Быц 2, 3). Гэта своеасаблівая навука, што наказ святкаваць кожны сёмы дзень паходзіць ад Бога.

Такім чынам, біблійнае апавяданне пра стварэнне абвяшчае, што ўсё існае было створана асабіста Усемагутным Богам. Такім чынам, Ён - Пан свету і чалавека, Яго неабходна ўшаноўваць, асабліва ў святы, сёмы дзень тыдня.

Анёл

Святое Пісанне гаворыць пра анёлаў. Часам датычыць гэта асобы, у якой аб'яўляецца сам Бог. Так было, калі Абрагам прыняў трох таямнічых вандроўнікаў, ці калі Якуб змагаўся з анёлам (пар. Быц 18; 35, 25-30). Аднак, як правіла, анёламі называюцца незямныя разумныя істоты, створаныя Богам. Іх існуе бясконцае мноства. Святое Пісанне называе іх па-рознаму: серафімы, херувімы, сілы… Гэта збаўленыя істоты, якія знаходзяцца ў небе, у прысутнасці Бога.

Святое Пісанне, якое з'яўляецца кнігаю пра збаўленне чалавека, гаворыць пра анёлаў як пра ўдзельнікаў чалавечай гісторыі збаўлення. Бог менавіта і паслугуецца імі як сваімі пасланнікамі. Назва «анёл», якая паходзіць з грэцкай мовы, азначае «пасланнік». Бог пасылае анёлаў, каб яны абвяшчалі чалавеку Яго волю, аберагалі чалавека ці дапамагалі яму.

Трох анёлаў, якія называюцца архаанёламі, Святое Пісанне называе па імёнах. Арханёл Габрыэль абвяшчае Захарыю зачацце сына, Яна Хрысціцеля, а Найсвяцейшай Марыі Панне - зачацце Езуса (пар. Лк 1). Архаанёл Рафал, паводле старазапаветнай кнігі Тобія, суправаджае ў далёкім і небяспечным падарожжы яго сына. Арханёл Міхал змагаецца са злымі анёламі, з шатанам, абараняючы Народ Божы (пар. Дан 10; Ап 12). Анёлы служаць Езусу (пар. Мц 4, 11), анёл умацоўвае Езуса ў часе Яго цярпення ў Садзе Аліўным (пар. Лк 22, 43).

Святое Пісанне гаворыць пра анёлаў як пра істотаў цалкам адрозных ад Бога, створаных Ім так, як створаны свет і чалавек, хоць у той жа час анёлы непараўнальна больш магутныя за чалавека.

Наследуючы гэта, Касцёл вучыць, што Бог стварыў тры віды быцця: істотаў чыста духовых, г.зн., менавіта анёлаў, матэрыяльны свет і, урэшце, чалавека, які з'яўляецца адначасова істотаю духоваю і цялеснаю.

Як істоты разумныя і вольныя, анёлы былі створаны па-за станам вечнага шчасця, па-за небам. Яны павінны былі дасягнуць іх, гэтаксама як і чалавек, дзякуючы сваёй веры і любові да Бога. Тыя, што паверылі Богу і ўзлюбілі Яго, апынуліся ў небе. Гаворачы сёння пра анёлаў, мы маем на ўвазе менавіта іх. Тыя ж, што не паверылі, загубілі сябе, апынуліся ў пекле. Іх мы называем «злымі анёламі», а часцей - шатанамі ці д'ябламі.

У хрысціянскай літургіі (прынамсі, у каталіцкай і праваслаўнай) мы молімся разам з анёламі і да анёлаў, гэтак як да святых, просячы іх дапамогі і заступніцтва перад Богам. Асабліва мы молімся да анёлаў апекуноў, верачы, што не толькі ўсё чалавецтва на сваім шляху да Бога, не толькі Касцёл, але кожны чалавек карыстаецца дапамогаю анёлаў і мае свайго анёла апекуна. Езус, перасцерагаючы ад спакушэння «малых», якія ў Яго вераць, гаворыць, што «анёлы іх на небе заўсёды бачаць аблічча Айца Майго нябеснага» (Мц 18, 10).

Шатан

Шатан, якога называюць таксама д'яблам, злым духам, злым ці паўшым анёлам, па сваёй прыродзе, як і анёл, - незямная духоўная істота. Гэтаксама, як усе анёлы, быў створаны Богам як добрая істота. Праз веру і любоў да Бога ён павінен быў заслужыць на ўдзел у надзвычайным шчасці Бога, г.зн., апынуцца ў небе. Аднак, адмаўляючы Богу ў веры і любові, асудзіў сябе на загубу і праз гэта стаўся кімсьці злым. Не па самой сваёй прыродзе, але па сваёй волі, па сваіх дзеяннях. Стаў шатанам ці, у перакладзе з грэцкай мовы, - праціўнікам. Гэтак, як анёлы служаць чалавеку на шляху да збаўлення, так шатан, схіляючы чалавека да злога, становіцца праціўнікам яго збаўлення.

Святое Пісанне неаднаразова гаворыць пра згубную дзейнасць шатана. Шатану ў абліччы вужа-спакушальніка Кніга Быцця прыпісвае намаўленне першых людзей да граху (пар. Быц 3), а праз гэта ўсё чалавецтва трапіла ў яго няволю. Езус Хрыстус, Сын Божы, прыйшоў на свет, каб усталяваць Валадарства Божае і знішчыць панаванне шатана. Таксама і Евангеллі гавораць, што Езус тройчы перамагае спакусу шатана (пар. Мц 4, 1-11), у сваёй навуцы Ён перасцерагае ад шатана (пар. Мц 12, 43-45), аздараўляе шмат людзей апанаваных злым духам. Хрыстус пярэчыць супраць абвінавачванняў вучоных у Пісанні, што сам карыстаецца ўплывам злых сілаў: «І калі злы дух злога духа выганяе, то ён раздзяліўся сам у сабе: як можа ўстаяць царства яго?.. А калі Я Духам Божым выганяю нячыстых, то, значыць, прыйшло да вас Валадарства Божае» (Мц 12, 26-28). Мука і смерць Езуса - гэта час «панавання цемры», г.зн. шатана (Лк 22, 53), але разам з тым - хвіліна «суду над гэтым светам», у якую «князь гэтага свету», г.зн. шатан, «выгнаны будзе вон» (Ян 12, 31). Сваёю смерцю і змёртвыхпаўстаннем Езус Хрыстус вызваліў чалавецтва з няволі шатана, граху, на які д'ябал спакусіў чалавека, і смерці, якая з'яўляецца вынікам граху, і якая «ўвайшла ў свет праз зайздрасць д'ябла» (пар. Мудр 2, 24).

Гэта не азначае, што шатан, пераможаны Езусам-Збавіцелем, ужо не дзейнічае ў гэтым свеце. Апакаліпсіс св. Яна падае вобраз гісторыі Касцёла і свету як барацьбу з шатанам, уяўленым цмокам і вужом (Ап 12), хоць, дзякуючы Хрысту, барацьба гэта канчаткова пераможная. Гэтак сама і ў жыцці кожнага чалавека. Св. Павел заклікае вернікаў у Эфэзе, каб былі «моцныя ў Пану»: «апранецеся ва ўсю зброю Божую, каб здолелі ўстаяць супраць хітрыкаў д'ябальскіх». А Божая зброя - гэта праўда, справядлівасць, гатоўнасць абвяшчаць добрую навіну аб міры і, перш за ўсё, - вера. Дзякуючы ёй, «зможаце затушыць усе распаленыя стрэлы крывадушніка» (Эф 6, 10-16).

Провід Божы

Вера ў Провід Божы спалучаецца з вераю у сэнс чалавечага жыцця і чалавечай гісторыі.

Верыць у Божы Провід - значыць прызнаваць, што Бог не толькі стварыў свет і чалавека, але таксама ахінае ўсё сваёю любоўю і клопатам, што ўсё вядзе да вызначанай Ім самім мэты - да вызвалення ад усялякага зла і да вечнага шчасця. Вера ў Провід азначае таксама перакананне, што нават тыя падзеі і цярпенне, сэнсу якіх чалавек не можа сабе вытлумачыць, не толькі не перашкаджаюць споўніцца Божаму плану збаўлення, але спрыяюць яго рэалізацыі. Нават чалавечыя правіны, дзякуючы Божай Айцоўскай любові, становяцца аказіяй для праяўлення дабра. Вера ў Божы Провід, якая кіруе светам і вядзе да Валадарства Божага, дзе Бог «абатрэ ўсялякую слязу з вачэй іхніх, і смерці ўжо не будзе, і не будзе ўжо ані плачу, ані жалобы, ані труду…» (пар. Ап 21, 4), загадвае жывіць заўсёды і ў любых абставінах непарушны давер да Бога.

Евангелле абвяшчае, што Бог упрыгожвае палявыя лілеі і корміць птушак, а найперш апякуецца чалавекам. «Калі ж траву палявую, якая сёння ёсць, а заўтра будзе ўкінута ў печ, Бог гэтак адзявае, дык ці не больш таго вас, малаверныя?» (Мц 6, 30). Гэта Божая апека становіцца асабліва відавочная, калі браць пад увагу цалкам чалавечае жыццё і ўсю гісторыю чалавецтва. Сведчыць пра гэта гісторыя патрыярхаў, асабліва лёс Юзафа, якога браты прадалі ў Егіпет, сведчыць уся гісторыя збаўлення, прадстаўленая ў Святым Пісанні Старога і Новага Запаветаў. Калі чалавек зграшыў, Бог прадказвае Збавіцеля. Паступова рыхтуе чалавецтва да Яго прыходу.

Прызывае Абрагама, чыя вера становіцца асноваю абрання народу, што паходзіў з яго нашчадкаў. Бог вызваляе гэты народ з егіпецкай няволі, вядзе ў зямлю абяцаную і, нягледзячы на шматлікія здрады, захоўвае яго ў веры. З гэтага народу на свет прыходзіць Збавіцель. І зноў тое, што здавалася бядою і парушэннем Божых планаў, - смерць Езуса на крыжы - становіцца іх здзяйсненнем. «Ці ж не так і трэба было цярпець Хрысту і ўвайсці ў славу сваю?» (Лк 24, 26).

Святое Пісанне ўказвае таксама, што Провід Божы не дзейнічае шляхам цудоўных інтэрвенцый, але праз дзеянне ўсіх створаных Богам існасцяў, таксама праз вольнае дзеянне чалавека. Таму вера дазваляе бачыць Божы Провід там, дзе гаворыцца адно толькі пра «збег акалічнасцяў», пра «выпадак» альбо аб рашэннях людзей.

Прызначэнне

Насуперак выказванню пра немінучасць таго, што чалавеку суджана, прызначэнне не з'яўляецца сляпым лёсам, які спаўняўся б, незалежна ад таго, што чалавек робіць. Аб прызначэнні мы чытаем у Лістах св. Паўла. Апостал у Лісце да Рымлянаў гаворыць, што Бог «каго Ён наперад пазнаў, тым наперад і прызначыў быць падобнымі да вобразу Сына Свайго… а каго паклікаў, тых і апраўдаў…» (Рым 8, 29-30). У Лісце да Эфэсцаў св.Павел таксама гаворыць аб тым, што Бог выбраў нас у Хрысце перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Яго абліччам. З любові прызначыў нас для сябе як выбраных Езусам Хрыстом сыноў, згодна волі Сваёй… (пар. Эф 1, 4-11).

У сваёй апостальскай працы св. Павел пастаянна сустракаецца з тым, што ў той час, калі шмат хто не верыў словам Евангелля, іншыя горача прымалі яго. Чаму так адбывалася, што кіравала тымі, хто прымаў Слова? Св. Павел, сам навернуты Хрыстом, бачыць у гэтым Божае дзеянне: вераць тыя, хто быў абраны Богам. Так св. Лука, прыяцель Паўла, гаворыць аб навернутых у Антыохіі Пісідскай: «ды ўверавалі ўсе, прызначаныя да жыцця вечнага» (Дз 13, 48). У Карынце св. Павел меў візію, у часе якой Пан сказаў яму: «Прамаўляй і не маўчы… бо багата ў Мяне народу ў месце гэтым» (пар. Дз 18, 9-10).

Такім чынам, прызначэнне азначае тут адвечнае абранне Богам тых, хто з вераю прымае Хрыстова Евангелле, каб у выніку стаць падобнымі да Хрыста, Сына Божага, і асягнуць жыццё вечнае.

Адвечны выбар Божы залежыць толькі ад волі і любові самога Бога. Аднак ён ні ў чым не выключае і не абмяжоўвае свабоды і рашэнняў тых, што вераць. Наадварот, воля і любоў Стварыцеля чыняць так, што чалавек з усёю свабодаю і любоўю прымае Яго Слова. А перакананасць у абранні Божым дае ўпэўненасць і падтрымку для веры. Верачы, мы абапіраемся не на сябе, а на Бога, які нас ад вякоў пазнаў, прызначыў і паклікаў.

Разам з перакананнем ва ўласным абранніцтве, мы ўпэўнены таксама, што Бог прагне, каб усе людзі былі збаўленыя і дайшлі да пазнання праўды (пар. 1 Тым 2, 4) і таксама сярод тых, што імя Хрыстовага ведаць не могуць, мае Ён шмат свайго народу.

Зло

Калі чалавек становіцца тварам у твар з крыўдаю альбо няшчасцем, з яго вуснаў часта вырываецца пытанне: як добры і ўсемагутны Бог мог гэта дазволіць? Гэта пытанне аб крыніцы і сэнсе зла, бо цярпенне мы ўсведамляем як зло альбо вынік зла.

Адказ атэістаў, што Бога няма, - спакуслівы, аднак ён нічога не вырашае. Іншым, таксама на першы погляд лягчэйшым, з'яўляецца сцвярджэнне, што зло вынікае з самой сутнасці створанага свету, а значыць, што ў нейкім сэнсе сам Бог - стварыцель і дабра, і зла. Святое Пісанне дае адказ больш няпросты, але ў выніку больш праўдзівы, які больш задавальняе. Бог стварыў добры свет. Зло з'явілася ў гэтым свеце ў выніку злоўжывання разумнымі стварэннямі свабоды, дадзенай ім Богам. Зло - гэта адхіленне вольнымі істотамі парадку стварэння, «не», сказанае Богу і яго любові. Як мы чытаем у Кнізе Мудрасці, спакушаныя шатанам, першыя бацькі пажадалі быць мераю зла і дабра, захацелі заняць месца Бога ў свеце. Яны адкінулі парадак, нададзены Богам іх жыццю. Цярпенне, нянавісць і смерць - гэта вынікі таго адхілення, тае адвернутасці ад Бога. Кніга Мудрасці так гаворыць: «Смерці Бог не ўчыніў… бо справядлівасць не падлягае смерці… Смерць прыйшла ў свет праз зайздрасць д'ябла і зведваюць яе тыя, што да яго належаць» (1, 13. 15; 2, 23).

Чаму Бог дазволіў чалавеку зграшыць? Тут мы сустракаем таямніцу чалавечай свабоды. Абдараваўшы чалавека вольнаю воляю, Бог стаў перад ім як бы «бяссільны». Каб змушаў яго да вернасці Сабе, то пазбавіў бы гэтага найвялікшага дару. Бог не хацеў падпарадкавання бяздумных механізмаў, Ён хацеў паслухмянасці любячых дзяцей, паслухмянасці, якая з'яўляецца актам вольнай волі, немагчымым без гэтае свабоды.

Аднак Бог не пакінуў чалавека ў граху, пад панаваннем зла. Ён выбавіў чалавека з граху, знішчыў сілу зла, не адбіраючы свабоды, але аддаючы Свайго Адзінароднага Сына вынікам людскога граху: нянавісці, цярпенню, смерці. Гэта праз пасхальную таямніцу, таямніцу любові ажно да канца, перамог Бог грэх і ўсялякае зло, якое з яго выходзіць. Прабываючы ў еднасці з укрыжаваным і ўваскрослым Хрыстом, чалавек вызваляецца ад граху, а ў выніку вызваляецца таксама ад цярпення, калі напрыканцы часаў «абатрэ Бог з вачэй людскіх усялякую слязу; і смерці ўжо не будзе» (пар. Ап 21, 4).

 

Hosted by uCoz