МАЛІТВЫ СВЯТОЙ СЯСТРЫ ФАУСТЫНЫ

Малітва даверу

     Божа ласкавы, шукаю ратунку ў міласэрнасці Тваёй - толькі Ты адзін ёсць добры. Хоць вялікая нікчэмнасць мая і шматлікія правіны, аднак я давяраю міласэрнасці Тваёй, бо Ты — Бог міласэрнасці, і спрадвеку не здаралася і не памятае такога ні зямля, ні неба, каб душа, якая давярае міласэрнасці Тваёй, была падманута.

 

     О Божа літасцівы, Ты адзіны можаш мяне агіраўдаць і не вырачашся мяне ніколі, калі я ў скрусе прыходжу да міласэрнага Сэрца Твайго, якое нікому не адмовіла, хоць бы быў гэта самы вялікі грэшнік (1730).

 

Малітва аб ласцы аказваць міласэрнасць бліжнім

     Я жадаю цалкам перамяніцца ў міласэрнасць Тваю і быць жывым адлюстраваннем Цябе, о Пане; няхай гэтая найвялікшая ўласцівасць Бога — Яго бязмежная міласэрнасць, пройдзе праз сэрца і душу маю да бліжніх.

 

     Дапамажы мне, Пане, каб позірк мой быў міласэрным, каб я ніколі не глядзела на людзей з падазронасцю і не судзіла па знешнім выглядзе, але заўважала тое, што прыгожае ў душах бліжніх, і прыходзіла ім на дапамогу.

 

     Дапамажы мне, Пане, каб слых мой быў міласэрным, каб я адгукалася на патрэбы бліжніх, каб не была абыякаваю да болю і стогнаў бліжніх.

 

     Дапамажы мне, Пане, каб язык мой быў міласэрным, каб я ніколі не гаварыла дрэнна пра бліжніх, але для кожнага мела словы суцяшэння і прабачэння.

 

     Дапамажы мне, Пане, каб рукі мае былі міласэрнымі і поўнымі добрых учынкаў, каб я толькі ўмела рабіць дабро бліжняму і на сябе браць цяжэйшую працу.

 

     Дапамажы мне, Пане, каб ногі мае былі міласэрнымі, каб я заўсёды спяшалася на дапамогу бліжнім, перамагаючы сваю ўласную стомленасць. Сапраўдны мой адпачынак — у прыслужванні бліжнім.

 

     Дапамажы мне, Пане, каб сэрца маё было міласэрным, каб я спачувала ўсім мучэнням і пакутам бліжніх. Нікому не адмоўлю ў спагадзе. Буду шчыраю нават з тымі, пра каго ведаю, што яны будуць злоўжываць маёю дабрынёю, а сама ўкрыюся ў Найміласэрнейшым Сэрцы Езуса. Пра ўласныя пакуты буду маўчаць. Няхай адпачне міласэрнасць Твая ўва мне, о Пане мой (...) (163).

Ave Maria № 3 (155) 2008

 

Hosted by uCoz