Догмат аб Беззаганным Зачацці ў  Апостальскім лісце                                Папы Пія IX «INEFFABILIS DEUS»

Догмат аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі быў абвешчаны Папам Піем IX у Апостальскім лісце (буле) Ineffabilis Deus («Невымоўны Бог») ад 8 снежня 1854 г. У гэтым дакуменце прыведзены бясспрэчныя доказы веры Касцёла ў беззаганнасць Найсвяцейшай Панны ва ўсе часы, а таксама пераканаўча гаворыцца аб тым, што Яна — тая, каго Бог выбраў для здзяйснення свайго спрадвечнага плану збаўлення чалавека і такім чынам бязмерна ўзвысіў Яе над усім стварэннем.

«Невымоўны Бог, чые шляхі — гэта міласэрнасць і праўда, чыя воля — усемагутнасць, а мудрасць уладарна прасякае ўсё ад канца да канца і лагодна ўсім кіруе, спрадвеку прадбачыўшы найсумнейшае падзенне ўсяго роду чалавечага, якое стала наступствам граху Адама, у схаванай адвеку таямніцы вырашыў першую справу сваёй міласэрнасці здзейсніць яшчэ больш таямнічым цудам праз Уцелаўленне Слова. (...) Таму ад самага пачатку і спрадвеку выбраў Бог і прызначыў свайму Сыну Маці, з якой той павінен быў нарадзіцца ў шчаслівай паўнаце часу. І палюбіў Яе Бог любоўю найвышэйшаю, чым усе іншыя стварэнні, так, што ў Ёй адной найбольш упадабаў сябе з надзвычайнай прыхільнасцю. А таму больш за ўсіх Анёлаў і ўсіх іншых нябесных духаў адарыў Яе паўнатою дароў са скарбніцы боства такім цудоўным чынам, што сама Яна заўсёды была некранутай ніякай плямай граху, а цалкам прыгожая і дасканалая ззяла такой вялікай цнатлівасцю і святасцю, якой ні ў каго іншага пасля Бога немагчыма нават уявіць, і якой ніхто, акрамя Бога, нават розумам асягнуць не можа. (...)»

Напачатку звярнуўшы ўвагу на асаблівае прызначэнне Марыі ў гісторыі збаўлення, Святы Айцец далей гаворыць пра Традыцыю, якая з гэтага вынікае, адносна праўды аб Беззаганным Зачацці, што здаўна існавала паўсюдна ў Касцёле.

«Каталіцкі Касцёл (...) рознымі спосабамі і красамоўнымі дзеяннямі з дня на дзень ніколі не пераставаў тлумачыць, навучаць і абгрунтоўваць вучэнне аб першапачатковай цнатлівасці гэтай велічнай Дзевы, якая з’яўляецца неад’емнаю ад Яе дзівоснай святасці і ўзнёслай годнасці Багародзіцы. Касцёл лічыў гэтую навуку атрыманай ім ад Бога і заключанай у дэпазіце нябеснага Аб’яўлення. Гэтае вучэнне прызнавалася з найстаражытнейшых часоў і глыбока ўкаранілася ў розумах вернікаў, а намаганнямі біскупаў Касцёла распаўсюдзілася ва ўсім каталіцкім свеце, паколькі сам святы Касцёл найвыразней аб ім сведчыў, без ваганняў прапануючы вернікам публічна ўшаноўваць і праслаўляць Зачацце гэтай жа Дзевы. Такая красамоўная практыка прадстаўляла Зачацце гэтай Дзевы як штосьці надзвычайнае, цудоўнае, што цалкам адрозніваецца ад зачацця ўсіх іншых людзей. Гэтае Зачацце лічылася святым, бо Касцёл адзначае толькі ўрачыстасці святых. (...) Рымскі Касцёл імкнуўся толькі да таго, каб найбольш яскрава само Беззаганнае Зачацце як культ і вучэнне абвяшчаць, захоўваць, распаўсюджваць і абараняць. (...)»

Гаворачы аб асаблівай ролі ў гэтай справе сваіх Папярэднікаў, Папа адзначае, што імі былі ўведзеныя спецыяльныя малітвы для святароў і фармуляр Святой Імшы, у якіх падкрэсліваецца некранутасць Багародзіцы плямаю першароднага граху. Папярэднія Папы прыхільна ставіліся да ўсіх тых, хто тытулам Беззаганнага Зачацця называў кляштары, шпіталі, алтары і касцёлы. Нарэшце, свята Беззаганнага Зачацця было абвешчана ва ўсім Касцёле адной з найбольшых урачыстасцяў. Ніжэй гаворка ідзе пра тое, што Рымскія Першасвятары заўсёды імкнуліся як мага больш дакладна выкладаць вучэнне аб Беззаганным Зачацці і абараняць яго ад розных памылковых трактаванняў. Дзеля большай нагляднасці тут прыводзяцца словы Папы Аляксандра VII:

«(...) “Сапраўды, вельмі старадаўняй з’яўляецца пабожнасць веруючых у Хрыста, якая выяўляецца ў перакананні, што душа Дзевы Марыі, Яго Маці, у першую ж хвіліну стварэння і злучэння з целам была захавана некранутай першародным грахом дзеля заслугаў Езуса Хрыста — Яе Сына і Адкупіцеля роду чалавечага; менавіта ў гэтым сэнсе яны адзначаюць урачыстасць і ўшаноўваюць Зачацце”. (...)»

Папа Пій IX далей піша, што гэтае вучэнне, якое, як вынікае з вышэйсказанага, выяўлялася ў літургіі, знаходзіла падтрымку і ў найбольш аўтарытэтных колах Касцёла і нават было пацверджана на Трыдэнцкім Саборы:

«(...) Усім вядома, з якой адданасцю вучэнне аб Беззаганным Зачацці Багародзіцы Дзевы выкладалася, абгрунтоўвалася і абаранялася найбольш значнымі законнымі супольнасцямі і найслаўнейшымі тэалагічнымі акадэміямі, а таксама найлепшымі навукоўцамі ў галіне тэалогіі. Усе таксама ведаюць, як старанна клапаціліся біскупы адкрыта і публічна, нават на сінодах, вызнаваць праўду, што Найсвяцейшая Багародзіца Дзева Марыя дзеля прадбачаных заслугаў Хрыста Пана Адкупіцеля ніколі не была падуладнай першароднаму граху (...).

Да ўсяго гэтага далучаецца бясспрэчна найбольш важкі і найважнейшы аргумент: Трыдэнцкі Сабор, выдаючы дагматычны дэкрэт аб першародным граху, згодна са Святым Пісаннем, сведчаннямі Айцоў і найбольш значных сінодаў, хоць пастанавіў і вызначыў, што ўсе людзі нараджаюцца ў першародным граху, аднак урачыста абвясціў, што не было мэтаю гэтага дэкрэту ўключыць сюды Благаслаўлёную і Беззаганную Дзеву Багародзіцу Марыю. У гэтай заяве Айцы Трыдэнцкага Сабору дастаткова пераканальна для тых часоў і ўмоваў выказаліся, што Найсвяцейшая Дзева вольная ад першароднага граху, абгрунтоўваючы гэта тым, што ні са Святога Пісання, ні з Традыцыі, ані са сведчанняў Айцоў Касцёла немагчыма прывесці пераканаўчых аргументаў, якія б нейкім чынам аспрэчвалі гэты вялікі прывілей Найсвяцейшай Дзевы. (...)»

Далей Папа піша, што вучэнне аб Беззаганным Зачацці знаходзіла пацвярджэнне таксама ў працах Айцоў і пісьменнікаў Касцёла, якія імкнуліся зрабіць яго больш відавочным, ясным і выразным, чэрпаючы гэтую праўду з боганатхнёных крыніцаў. Першым іх аргументам стаў тэкст з кнігі Быцця (Быц 3, 15), які называюць Протаевангеллем.

«(...) Усе Айцы і пісьменнікі Касцёла прыводзілі наступныя аргументы: Пан Бог на пачатку існавання свету, прадказваючы сродкі, падрыхтаваныя з Яго дабрыні для аднаўлення чалавецтва, скрышыў дзёрзкасць хлуслівага змея і цудоўна ўзняў надзею нашага роду, кажучы: “Пакладу варожасць паміж табою і жанчынай і паміж семенем тваім і семенем яе”. У гэтым Божым прароцтве быў ясна і выразна прадказаны міласэрны Адкупіцель чалавечага роду, а менавіта Адзінародны Сын Божы Хрыстус Езус, была абазначана Яго Найсвяцейшая Маці Дзева Марыя, а таксама найбольш выразна выяўлена непрыязнасць абодвух у адносінах да сатаны. А таму як Хрыстус, пасрэднік паміж Богам і людзьмі, што прыняў чалавечую натуру і, знішчаючы прысуд, які быў супраць нас, пераможна прыбіў яго да крыжа, так і Найсвяцейшая Дзева, з’яднаная з Ім найшчыльнейшай і непарыўнай повяззю, разам з Ім і праз Яго супрацьстаючы ядавітаму змею, цалкам перамогшы яго, беззаганнаю нагою раструшчыла яму галаву. (...)»

Нямала вобразаў — прататыпаў Беззаганнай Панны – убачылі Айцы і пісьменнікі Касцёла ў кнігах Старога Запавету, у пісаннях прарокаў і на старонках Евангелля.

«(...) Айцы і пісьменнікі Касцёла, разважаючы над словамі Анёла Габрыэля, які звеставаў Найсвяцейшай Дзеве найвышэйшую годнасць Маці Божай, “поўная ласкі”, заўважалі, што гэтае асаблівае і ўрачыстае прывітанне, якое было выказана ад імя Бога і акрамя гэтага адзінага выпадку нідзе больш не сустракаецца, прадстаўляе Багародзіцу як асяродак усіх Божых ласкаў, аздобленую ўсімі дарамі Духа Святога (...)».

З усіх біблійных доказаў беззаганнасці Панны Марыі, якія знайшлі адлюстраванне ў буле, асаблівае месца займае супастаўленне Панны Марыі з Евай.

«(...) Абараняючы з гэтага пункту гледжання першародную чысціню Багародзіцы і Яе праведнасць, гэтыя Айцы не спыняліся толькі на параўнанні Яе з Евай — яшчэ ў дзявоцтве, нявіннай, несапсаванай і яшчэ не падманутай згубнай падступнасцю здрадлівага змея — але ставілі Яе вышэй за тую Еву (...)».

Для праслаўлення Марыі часта выкарыстоўваліся словы і вобразы, узятыя з тэкстаў Святога Пісання. Але ўсе гэтыя выразы часта здаваліся недастатковымі, бо:

«(...) найбольш адпавядала, каб Адзінародны, як на небе мае Айца, якога серафімы, праслаўляючы, тройчы называюць святым, так і на зямлі меў Маці, якая ззяе нязгасным бляскам святасці.

Гэтае вучэнне да такой ступені паглынула розумы і душы папярэдніх пакаленняў, што ў іх асяроддзі ўзнік асаблівы і цудоўны спосаб маўлення, у якім Багародзіцу вельмі часта называлі Беззаганнай, прычым Беззаганнай з усіх пунктаў гледжання; цнатлівай і найцнатлівейшай; непарушнай, прычым у найвышэйшай ступені; святой і недасяжнай для ўсялякага грахоўнага бруду; прыгажэйшай за прыгажосць; прывабнейшай за прывабнасць; свяцейшай за святасць і адзіна святой; найчысцейшаю душою і целам. (...)»

Падсумоўваючы ўсё сказанае вышэй, Папа Пій IX сцвярджае, што прыйшоў час унесці канчатковую яснасць у пытанне аб Беззаганным Зачацці Панны Марыі.

« (...) Няма нічога дзіўнага ў тым, што пастыры Касцёла і вернікі з вялікай пабожнасцю, рэлігійнасцю і любоўю з дня на дзень усё шырэй вызнавалі вучэнне аб Беззаганным Зачацці Багародзіцы Дзевы, якое, на думку Айцоў, знаходзіцца ў Святым Пісанні, перададзена праз іхнія найбольш важныя сведчанні, выказана і ўшанавана ў шматлікіх выдатных помніках шаноўнай старажытнасці, а таксама выкладзена і пацверджана ў афіцыйным і аўтарытэтным навучанні Касцёла. (...) Таму ўжо з даўніх часоў біскупы, святары, законнікі і нават імператары і каралі настойліва прасілі Апостальскую Сталіцу, каб Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Багародзіцы было прызнана ў якасці догмату. (...) З гэтаю мэтаю Мы склікалі спецыяльную Кангрэгацыю, складзеную з шаноўных Нашых Братоў Кардыналаў Рымскага Касцёла, якія вызначаюцца пабожнасцю, разважлівасцю і тэалагічнымі ведамі. Да таго ж мы абралі святароў з дыяцэзіяльнага і законнага духавенства, якія маюць адукацыю ў галіне тэалогіі, каб усё, што датычыць Беззаганнага Зачацця Дзевы, як мага дакладней даследавалі і даслалі Нам сваё меркаванне пра гэта. (...)»

Акрамя таго, быў таксама праведзены так званы «карэспандэнцыйны Сабор», дзякуючы якому ўсе біскупы змаглі пісьмова выказаць свае адносіны да абвяшчэння догмату, пра што таксама ўзгадваецца ў буле, прычым адзначаецца аднадушная падтрымка біскупаў справы, што была пададзена на іх разгляд. І вось нарэшце Папа абвяшчае сваю волю:

«Таму, цалкам давяраючы Пану ў тым, што прыйшоў найбольш спрыяльны час для вызначэння Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Багародзіцы Дзевы Марыі, пра што сведчаць боганатхнёныя Кнігі, шаноўная Традыцыя, нязменнае перакананне Касцёла, асаблівае аднадумства ў гэтай справе каталіцкіх біскупаў і вернікаў, а таксама векапомныя Пастановы і Канстытуцыі Нашых Папярэднікаў, уважліва ўзважыўшы ўсе акалічнасці і ўзнёсшы да Бога гарачыя і нястомныя малітвы, Мы прыйшлі да высновы, што павінны без прамаруджання пастанавіць і вызначыць Нашай найвышэйшай уладаю Беззаганнае Зачацце Дзевы. (...)»

Ніжэй прыводзіцца сама фармуліроўка догмату, якая гучыць так:

«Абвяшчаем, пастанаўляем і вызначаем, што вучэнне, згодна з якім Найсвяцейшая Дзева Марыя ў першы момант свайго Зачацця асабліваю ласкаю і прывілеем Усемагутнага Бога, дзякуючы прадбачаным заслугам Езуса Хрыста, Збаўцы роду чалавечага, была захавана некранутаю ніякай плямаю першароднага граху, было аб’яўлена Богам, а таму ўсе вернікі павінны з непахіснай верай заўсёды яго вызнаваць».

Згодна з булаю, кожны, хто адважыцца не прызнаць ці аспрэчыць гэтае вучэнне, сам сябе такім чынам выключае з супольнасці Касцёла.

У заключнай частцы дакумента Папа выказвае шчырую радасць з нагоды абвяшчэння новага догмату, а таксама ў найбольш узнёслых словах праслаўляе Панну Марыю, з надзеяй і даверам даручаючы Ёй у апеку святы Касцёл і патрэбы ўсіх людзей.

На заканчэнне Святы Айцец Пій IX звяртаецца да ўсіх вернікаў з наступным заклікам:

«(...) Няхай усе дарагія Нам сыны Каталіцкага Касцёла пачуюць гэтыя Нашыя словы і з яшчэ большай адданасцю ў пабожнасці, рэлігійнасці і любові ўшаноўваюць, заклікаюць і просяць Найсвяцейшую Маці Божую Дзеву Марыю, без граху першароднага зачатую. Няхай у кожнай небяспецы, уціску, патрэбе, у складаных і пагрозлівых становішчах з поўным даверам уцякаюць да гэтай наймілейшай Маці міласэрнасці і ласкі. Няма чаго баяцца, няма і падставаў для роспачы, калі Яна вядзе, Яна раіць, Яна спрыяе, Яна абараняе, бо для нас Яна адкрывае сваё мацярынскае сэрца і, стараючыся дзеля нашага збаўлення, клапоціцца пра ўвесь чалавечы род. Пан устанавіў Яе Валадаркаю неба і зямлі, і, узнесеная вышэй за ўсе хоры Анёлаў і за ўсіх святых, стоячы праваруч свайго Адзінароднага Сына, нашага Пана Езуса Хрыста, Яна найбольш дзейсна выпрошвае ўсё сваімі матчынымі малітвамі, і тое, аб чым просіць, атрымлівае, а значыць, ніколі не ашуквае. (...)»

«Ave Maria» №12(115) 2004

Глядзі таксама

Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі


Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

 

Hosted by uCoz