Анджэй Зубэрбір ЗМЕСТ
«Ці ведаю, у што веру» - кніга вельмі простая. Прынамсі, па задуме яе аўтара. Хрысціянскую веру мы вызнаем моваю, якою не паслугуемся ў паўсядзённым жыцці. Напрыклад, «зышоў да адхлані», альбо «беззаганна пачатая». А калі й ужываем якіясь азначэнні штодня, напрыклад, у малітве «Ойча наш» звяртаемся да Бога «Ойча», то вымаўляем гэта не ў паўсядзённым значэнні і задумваемся: што гэта слова значыць? Які сэнс мае гэты выраз? Кніга «Ці ведаю, у што веру» імкнецца растлумачыць або ўказаць значэнне слоў і выразаў, якія ўжываюцца для выяўлення хрысціянскай веры і якія мы чуем на лекцыях па рэлігіі, у казаннях, альбо чытаем у Святым Пісанні. Зразумела, гэта не тлумачэнне веры. Гэта толькі тлумачэнне слоў альбо зваротаў, якімі мы веру выяўляем. Па меры зразумення такіх слоў мы не спасцігнем веры (тое, у што мы верым, давяраючы Богу, заўсёды застаецца таямніцаю), але мы зможам зарыентавацца, што азначае гэта таямніца, у чым яна заключаецца. Не трэба імкнуцца прачытаць гэтую кнігу на адным дыханні, ад пачатку да канца. Але нават калі хто так і зробіць, няхай пасля паставіць яе дзесьці пад рукою. Пры неабходнасці, калі пачуе альбо прачытае якіясьці словы, звязаныя з вераю, і не зможа іх зразумець, то возьме кнігу «Ці ведаю, у што веру». Некалькі гадоў таму галоўны рэдактар «Gościa Niedzielnego», штотыднёвіка, які выдаецца ў Катавіцах, кс.Станіслаў Ткоч заахвоціў мяне да напісання такога сціслага тлумачэння слоў, якімі мы паслугуемся ў хрысціянстве. На працягу некалькіх гадоў (1985 - 1987) гэтыя тэксты публікаваліся ў «Gościu Niedzielnym» пад агульнаю назваю «Катэхізіс». Я ўдзячны кс.Станіславу Ткочу за яго ініцыятыву. Цяпер гэтыя тэксты, сабраныя, дапрацаваныя і дапоўненыя, змешчаны вось у гэтай кнізе «Ці ведаю, у што веру». |