Аб'яўленне Бог аб'яўляецца чалавеку, г.зн. звяртаецца да чалавека як да істоты, здольнай Яго зразумець і адказаць на Яго заклік, значыць, паверыць Яму. Бог аб'явіўся чалавеку з самага пачатку яго гісторыі, каб учыніць яго сваім дзіцем, прыяцелем і паклікаць да жыцця вечнага (так званае першапачатковае аб'яўленне). Чалавеку, які трапіў у няволю граху і смерці, Бог аб'яўляецца, каб яго збавіць (гістарычнае аб'яўленне). Так Ён аб'явіўся патрыярхам абранага Ім ізраільскага народу, ствараючы люд Старога, альбо дакладней, Першага Запавету, носьбіта абяцання збаўлення ўсяго чалавецтва. Ён выбаўляе гэты народ з егіпецкай няволі, а пасля ад мноства пагрозаў, - так аб'яўляючы сваю збаўчую волю і моц. Пасля Бог прамаўляў да гэтага народу праз прарокаў, якія заклікалі да веры ў адзінага Бога, Пана і Збавіцеля і да выканання Яго запаведзяў, асабліва да захавання справядлівасці ў адносінах паміж людзьмі. Калі прыйшла вызначаная Богам «поўня часу», Ён спаслаў свайго Сына, Езуса Хрыста, народжанага з Марыі Панны. Езус абвяшчаў Добрую Навіну аб збаўленні, памёр на крыжы і паўстаў з мёртвых, аб'яўляючы такім чынам Божую, Айцоўскую любоў да чалавека і Сваю волю вызвалення яго з граху і смерці. Аднак не толькі словы і ўчынкі Езуса, але сам Ён стаў аб'яўленнем Айца: Ён - адно з Айцом і хто Яго бачыў - бачыў Айца. Заклікаючы ўсіх да веры ў Сябе і ў Таго, Хто Яго спаслаў, Езус творыць Люд Божы Новага, Другога Запавету. Люд гэты - Касцёл Хрыстовы, тыя, што паверылі. Аднак усе людзі пакліканы да гэтага новага Люду Божага, бо ўсіх Бог хоча збавіць і давесці да пазнання праўды. Божае Аб'яўленне перадавалася тымі, хто паверыў, з пакалення ў пакаленне, найперш сярод ізраільскага народу, а пасля ў Касцёле. Таму ў сувязі з Аб'яўленнем гаворыцца пра Традыцыю. Аб'яўленне, што перадавалася з пакалення ў пакаленне, было апісана ў кнігах, якія Традыцыя прызнае як натхнёныя Богам. Яны склалі Святое Пісанне. Традыцыя - выраз добра вядомы ў мове і ў культуры. Традыцыя - гэта і перадача пэўных каштоўнасцяў з пакалення ў пакаленне, і самі перададзеныя каштоўнасці: перакананні, стыль паводзінаў і г.д. У хрысціянскай веры Традыцыя - перадача Божага Аб'яўлення ад яго першых прапаведнікаў, галоўным чынам ад Езуса Хрыста і апосталаў да сённяшняга дня. І разам з тым - гэта перададзенае Божае Аб'яўленне, як у сваёй паўнаце, так і ў паасобных элементах. Крыніца так зразуметай Традыцыі - сам Бог, які аб'яўляецца абраным Ім людзям, а тыя, у сваю чаргу, абавязаны перадаваць Божае Аб'яўленне тым, каму яно адрасавана: у Старым Запавеце - ізраільскаму народу, у Новым - усім людзям. Таму перадача Аб'яўлення мае грамадскі характар і разам з тым фарміруе рэлігійнае жыццё, як грамадскае. Творыць Касцёл. Калі Традыцыяй мы называем паўнату Божага Аб'яўлення, якое спачатку перадаецца з пакалення ў пакаленне ў ізраільскім народзе, а потым - ад Хрыста і апосталаў праз вякі - у Касцёле, то Святое Пісанне належыць да Традыцыі. Таму на пытанне: дзе можна знайсці сведчанне габрэйскай і хрысціянскай традыцый, трэба адказваць, што сведчанне гэтае - Святое Пісанне Старога і Новага Запаветаў. З-за свайго пісьмовага, г.зн. аб'ектыўнага і трывалага характару, і адначасова ў сілу прысутнай у Ізраілі і ў Касцёле веры ва ўзнікненне Святога Пісання, дзякуючы натхненню Духа Святога, яно не толькі карыстаецца пашанай, належнай Божаму Аб'яўленню і Божаму Слову, але з'яўляецца нормаю ўсяе Традыцыі, а значыць, нормаю веры. Часам Святое Пісанне разрозніваюць з Традыцыяй, кажучы, напрыклад, што «Святая Традыцыя і Святое Пісанне складаюць адзін святы дэпазіт Божага Слова, давераны Касцёлу» («Канстытуцыя пра Аб'яўленне», 10). Але гэта не значыць, што Святое Пісанне і Традыцыя - дзве розныя крыніцы Божага Аб'яўлення. Проста Святое Пісанне выяўляе ранейшую за яго Традыцыю ва ўсім тым, што для яе істотнае, і адначасова, дзякуючы ёй, распазнае і прызнае як Божае Слова. Традыцыя як Божае Аб'яўленне, што перадаецца ў Касцёле, называецца апостальскаю. Чаму? Божае Аб'яўленне, якое развівалася ў гісторыі выбранага ізраільскага народу, дасягнула свае паўнаты ў Езусе Хрысце, Сыне Божым. Сведкамі Яго жыцця, смерці і асабліва змёртвыхпаўстання, сведкамі Яго збаўчага пасланніцтва былі апосталы. Пакліканыя паймённа Езусам, яны былі з Ім праз увесь час, «пачынаючы ад Янавага хрышчэння, ажно да дня, калі Ён быў узяты ад нас» (Дз 1, 22). Паслаў Ён іх на ўвесь свет, каб навучалі ўсе народы, вучачы іх захоўваць усё, што ім сам наказаў (пар. Мц 28, 19-20). Новы Запавет - гэта выяўленне апостальскага сведчання пра Езуса. Сведчанне, якое перадавалася апосталамі, г.зн. апостальская традыцыя, выяўляецца не толькі ў абвяшчэнні, што збаўленне здзейснілася праз смерць і змёртвыхпаўстанне Езуса Хрыста, але таксама і ў фарміраванні першых супольнасцяў Ягоных вызнаўцаў, згодна з усведамленнем волі Езуса, якое мелі апосталы. Гэтая апостальская традыцыя - тое, чаму яны навучалі і што здзяйснялі - абавязковая і канчатковая норма веры і жыцця хрысціян. Гэта не значыць, што апостальская традыцыя, у якой выражана здзейсненая ў Хрысце паўната Божага Аб'яўлення, не павінна ў Касцёле развівацца. Яе разуменне ўзрастае, дзякуючы сведчанню, якое дае Касцёл у кожным часе кожнаму пакаленню, што Езус - адзіны пасланы Богам Збавіцель усіх людзей. Так, як чынілі гэта найперш апосталы. Гэта развіццё апостальскай традыцыі здзяйсняецца, як мы верым, пад апекаю таго самага Духа Святога, які напачатку быў спасланы на апосталаў. Апостальская традыцыя - жывая традыцыя. Ад апостальскай традыцыі - нарматыўнай і заўсёды абавязковай - трэба адрозніваць традыцыі розных хрысціянскіх і розных мясцовых Цэркваў. Такія традыцыі, хоць бы і натхнёныя Евангеллем, шматвяковыя і важныя для хрысціянскага жыцця, - нпр.: спосаб справавання літургіі, форма тэалогіі, законнае жыццё і яго формы, духоўны цэлібат, арганізацыя царкоўнага жыцця і г.д., - могуць паміж сабою адрознівацца і змяняцца. Рэлігійная габрэйская традыцыя сягае сваімі каранямі ХІІІ стагоддзя да нараджэння Хрыста, г.зн. часоў Майсея, а можа нават ХІХ стагоддзя - гэта значыць, часоў Абрагама. Яна перадавалася і ўзбагачалася праз пакаленні і несла веру ў Бога - Стварыцеля свету, які выбраў сабе ізраільскі народ як выключную ўласнасць, заключыўшы з ім дамову і даўшы абяцанне збавення ў прадказаным Месіі. Гэта традыцыя паступова ў розных формах апісвалася, дапаўнялася і складвалася ў кнігі. Кнігі гэтыя (іх 45), якія паўсюль прызнаваліся як святыя і чыталіся ў рэлігійных абшчынах, а пасля ў дамах малітвы - сінагогах, утварылі Збор, што атрымаў назву Святога Пісання (Бібліі). Хрысціяне назвалі яго Святым Пісаннем Старога Запавету. Падобным чынам, хоць за значна карацейшы адрэзак часу - за некалькі дзесяткаў гадоў - з'явілася Святое Пісанне Новага Запавету. Яно таксама ўяўляе сабою запісаную Традыцыю - пераказ аб'яўлення, здзейсненага Езусам Хрыстом, і разам з тым сведчання, якое ў сваім вучэнні давалі аб Ім апосталы. І Святое Пісанне Новага Запавету звязана з гісторыяй Люду Божага - новага Люду Божага, пакліканага Богам з усіх народаў зямлі да веры ў Езуса як Месію, г.зн. з першапачатковаю гісторыяй і з фарміраваннем Касцёла. Гэтыя 27 кніг Новага Запавету - часта невялікіх па памеры - таксама былі прызнаныя ў першапачатковым Касцёле аўтэнтычнымі і натхнёнымі Богам. Разам з кнігамі Святога Пісання Старога Запавету таксама і іх чытанне сталася істотнаю часткаю літургіі, Эўхарыстыі, як Святога Пісання Новага Запавету. Яно абвяшчае, што месіянскія абяцанні Старога Запавету споўніліся ў Хрысце. Габрэйская традыцыя дзеліць біблійныя кнігі на Закон (Пяцікніжжа Майсеева), Прарокаў і Пісанні (рознага роду павучальныя кнігі, кнігі «мудрасці», уключаючы таксама і псальмы). У хрысціянстве з часоў сярэднявечча прыняты падзел кніг Старога і Новага Запавету на гістарычныя, дыдактычныя (г.зн. павучальныя) і прарочыя. Гістарычныя кнігі Новага Запавету - Евангелле і Дзеянні святых Апосталаў, дыдактычныя - Лісты св. Паўла і іншых апосталаў, а прарочая кніга - гэта Апакаліпсіс св. Яна. Калі гаворка ідзе пра канон кніг Святога Пісання і пра іх кананічнасць (г.зн. пра іх прыналежнасць да канону Святога Пісання), тады маецца на ўвазе факт, што менавіта гэтыя, а не іншыя кнігі альбо пісанні прызнаныя былі як натхнёныя Богам і ўвайшлі ў склад Бібліі, з'яўляючыся тым самым законам веры і маральнасці (слова «канон» азначае тое ж, што й «закон» альбо «норма»). Бо як і ў гісторыі ізраільскага народу, так і напачатку хрысціянства з'яўлялася шмат рэлігійных пісанняў, якія спасылаліся на ўяўнае аўтарства прызнаных рэлігійных аўтарытэтаў - прарокаў альбо апосталаў. Напрыклад, акрамя чатырох вядомых Евангелляў, існуюць яшчэ псеўда-Евангеллі, падпісаныя імёнамі розных апосталаў. Яны не былі прызнаныя за натхнёныя. Гэта так званыя апокрыфы. Адсюль відаць, што рашаючым крытэрыем прызнання дадзеных пісанняў за натхнёныя Богам, за святыя пісанні, была іх аўтэнтычнасць. Кнігі Новага Запавету - сапраўды творы апосталаў альбо іх вучняў, імёны якіх яны носяць, ва ўсякім выпадку, змест гэтых Кніг паходзіць ад названых аўтараў, калі нават яны і былі напісаны альбо адрэдагаваны пазней кімсьці іншым. Хто прызнаваў біблійныя кнігі за кананічныя? Хто іх «залічваў» да Святога Пісання? Для Старога Запавету гэта была габрэйская традыцыя, для Новага - хрысціянская традыцыя, г.зн. перакананне, якое існавала ў першапачатковым Касцёле і якое сягала да апостальскіх часоў. Яно выражана ў пісаннях першых айцоў Касцёла, некаторыя з якіх былі яшчэ вучнямі апосталаў. Калі ўзнікалі сумненні, то тады збіраліся сіноды (IV-V ст.), а пасля, у сувязі з пазіцыяй рэфармацыі - Трыдэнцкі Сабор. Гэта апошняя праблема звязана з гісторыяй канону кніг Старога Запавету. Габрэі, якія жылі ў старажытнасці ў дыяспары, г.зн. раскідана, па-за межамі Палестыны, абапіраючыся на грэцкі пераклад Бібліі з ІІІ ст. да нараджэння Хрыста (так званую сэптуагінту), прызнавалі на некалькі кніг больш, чым палестынскія габрэі. Датычыла гэта галоўным чынам кніг, якія альбо напісаныя па-грэцку, альбо вядомыя пазней з грэцкага варыянту (Toбія, Юдыты, Мудрасці, Сіраха, Баруха, дзве Макабэйскія і фрагменты кніг Эстэры і Даніэля). Кнігі гэтыя былі названыя дэўтэраканічнымі, як бы другарадна залічанымі да канону. Хрысціяне ўзялі за аснову сэптуагінту, грэцкі пераклад, значыць, прызналі ўсе гэтыя кнігі за натхнёныя. Аднак, калі пратэстанты ў ХVІ стагоддзі перакладалі Святое Пісанне на нацыянальныя мовы з арыгінальных тэкстаў, яны ўзялі за аснову габрэйскую Біблію, не беручы пад увагу другарадныя кананічныя кнігі. Адсюль узнікла розніца паміж каталіцкаю і пратэстанцкаю Бібліяй. Святы Павел і Святы Пётр з пашанаю гавораць пра Святое Пісанне як пра натхнёнае Богам (2 Тым 3, 16). «Бо ніколі прароцтва не выказвалася воляю чалавечай, але выказвалі яго святыя Людзі Божыя, ведзеныя Духам Святым» (2 П 1, 21). Упэўненасць, што Святое Пісанне ўзнікла з натхнення Божага, не значыць, што аўтары біблійных кніг заставаліся пасіўнымі прыладамі, якія пісалі пад дыктоўку Духа Святога. Бог, уздзейнічаючы на чалавека, не знішчае яго свядомасці і свабоды, якія яму даў. Наадварот - робіць іх больш актыўнымі і развітымі. З'яўленне кожнай з кніг Святога Пісання было звязана з відавочнаю для іх аўтараў патрэбаю спачатку ізраільскага народу, а пазней - новага люду Божага, Касцёла. Гэтыя аўтары стараліся як найбліжэй да ісціны падаць тыя падзеі альбо павучэнні, пра якія пісалі. Гэтак, як святы Лука, які ў першых фразах свайго Евангелля прызнаецца, што вырашыў «пільна разведаўшы аб усім… як след апісаць», каб хрысціянскі чытач «даведаўся праўду аб тых словах», якія яму былі дадзены (Лк 1, 3-4). Таму аўтарам кожнай кнігі Святога Пісання з'яўляецца Бог. Гэта нязменнае Слова Божае. Разам з тым кожная такая кніга нясе адбітак свайго чалавечага аўтара. Слова чалавечае становіцца Словам Божым. Гістарычна-літаратурныя даследванні біблійных кніг, дазваляючы адкрыць думку іх аўтараў-людзей, адначасова вядуць да адкрыцця думкі Божай. Аднак дзеянне Духа Святога ў прадстаўленай у Бібліі гісторыі збаўлення ранейшае за яе апісанне. Дух Божы кіруе выбранымі людзьмі ў іх істотным для гэтай гісторыі дзеянні, такімі як Абрагам, Майсей, як многія іншыя і найперш сам Езус, на Якога Ён сышоў (Лк 3, 22). А пасля - апосталы, на якіх Езусам, іх умілаваным Панам, Ён быў спасланы (Дз 2, 1-4). Дух Святы наказвае гаварыць прарокам, загадвае апосталам абвяшчаць Евангелле, перш чым іх павучэнні і заклікі будуць апісаныя. Адсюль можна казаць пра Божае натхненне на пэўную дзейнасць, пра натхненне абвяшчаць Слова Божае і натхненне апісваць падзеі святой гісторы і словы, абвешчаныя ў імя Божае. Біблійнае натхненне - гэта адзін з момантаў рэалізаванай Богам (і пакорнымі яму людзьмі) гісторыі збаўлення свету. «Біблійныя кнігі дакладна, праўдзіва і беспамылкова падаюць ісціну, якая па волі Божай у Святым Пісанні была зафіксавана для нашага збаўлення». Так вучыць Другі Ватыканскі Сабор у Канстытуцыі пра Аб'яўленне (КА, 11). Вера ў тое, што Святое Пісанне падае праўду пра Бога-Збавіцеля і пра збаўленага ім чалавека, вынікае з пераканання, што яно натхнёнае Богам. Бо калі яно з'явілася, дзякуючы натхненню Духа Святога, то гэта значыць, што Сам Бог - яго незвычайны аўтар, што яно - Слова Ягонае, да нас скіраванае. А паколькі Бог - гэта Праўда, то Святое Пісанне - гэта Слова Праўды. Святое Пісанне нясе праўду аб збаўленні чалавека Богам. Яно расказвае пра збавенную волю Божую і збавенныя падзеі, пачынаючы ад паклікання Абрагама, праайца выбранага народу ізраільскага, праз гісторыю гэтага народу, пачынаючы ад выхаду з няволі егіпецкай, ажно да Езуса Хрыста, Яго смерці і змёртвыхпаўстання і далей - да гісторыі першых супольнасцяў Хрыстовых вызнаўцаў, сабраных словам апосталаў. Яно тлумачыць лёс чалавечы - ад стваральных планаў Божых і граху, які прыйшоў на свет, ажно да візіі «новага неба і новай зямлі», дзе прабывае справядлівасць. Яно паказвае чалавечую гісторыю як гісторыю збаўлення. Робіцца гэта ў рознай форме, бо розныя самі кнігі, якія складаюць Святое Пісанне. Гістарычныя кнігі Старога Запавету расказваюць пра гісторыю Ізраіля, але не дзеля самой гэтай гісторыі, а каб паказаць, як кіруе ёю Бог, благаслаўляючы чалавека, альбо караючы яго за нядобрыя ўчынкі і праводзячы праз цярпенне дзеля вяртання да самога сябе. Майсеевы кнігі, так званае Права, уяўляюць сабою асноўныя маральныя і культавыя наказы як Права Божае. Прарочыя кнігі - гэта збор пазначаных імем Бога павучэнняў, заклікаў да веры і слоў надзеі ў хвіліны няшчасцяў і сумненняў… Евангеллі расказваюць пра жыццё, смерць і змёртвыхпаўстанне Езуса, але евангелісты не хацелі пісаць Яго «біяграфію». Яны абвяшчаюць, што Ён ёсць Панам і Збавіцелям… Хто пытае аб праўдзе Святога Пісання, ці, дакладней, нейкай з яго кніг, той павінен задаць сабе пытанне: што хацеў сказаць яе аўтар. Уводзіны альбо каментарыі да паасобных біблійных кніг могуць дапамагчы знайсці адказ на так пастаўленае пытанне. Аднак разам з тым трэба проста чытаць Святое Пісанне, верачы, што гэта скіраванае да кожнага з нас жывое Божае Слова. Вера вяртае чалавека да Бога. Чалавек аддае Яму сябе, абсалютна перакананы, што знаходзіць у Ім бясконцую Праўду і надзейную Любоў. Чалавек верыць у Бога і ў Яго Аб'яўленне, паколькі Ён - Праўда і Любоў, а не дзеля таго, каб Бог і Яго збаўчае дзеянне сталіся чымсьці рэальным і зразумелым. І ўсё ж, нягледзячы на гэта, вера патрабуе разумных адносін. Тут можна спаслацца на веру, якая існуе ў адносінах паміж людзьмі. Вельмі шмат навінаў мы чуем ад людзей, якім верым. Часцей за ўсё нічога з пачутага не правяраем, бо, практычна, гэтага й нельга праверыць. Мы верым іншаму чалавеку, распачынаючы з ім нейкую важную справу, тым больш, заводзячы з кімсьці сяброўства, альбо рашаючыся на сумеснае жыццё ў шлюбе. Тады сапраўды чалавек давярае сябе іншаму, аддае свой лёс у яго рукі. Ці разумнае такое рашэнне? Калі чалавек давяраецца камусьці годнаму веры, то так. Калі ж давяраецца камусьці не годнаму веры, то гэта неразумна і наіўна. Бог - абсалютная Праўда і надзейная Любоў. Але Ён аб'яўляецца чалавеку праз пасрэдніцтва людзей. «Бог, які шматразова і рознымі спосабамі прамаўляў здаўна… праз прарокаў, у апошнія гэтыя дні прамовіў да нас праз Сына» (Гбр 1, 1-2). Перакананне, што калі чалавек верыць, то паступае сэнсоўна, сыходзіць не з сапраўднасці Бога (яна не можа быць спраўджана), але з сапраўднасці пасланнікаў Божых, праз якіх Яго Аб'яўленне даходзіць да іншых людзей. Адны з іх - гэта аўтары біблійных кніг і тыя, пра якіх яны гавораць - Майсей, прарокі, мудрацы Старога Запавету і перш за ўсё - Сам Езус Хрыстус і Яго вучні; другія - гэта нашы папярэднікі ў веры (альбо Касцёл), якія перадавалі веру наступным пакаленням ажно да нашага часу. Яшчэ іншыя - гэта тыя, якіх мы самі ведаем: сённяшні Касцёл. Сярод іх і тыя, якія сваім сведчаннем фарміруюць нашу веру… Божае Аб'яўленне, аб якім пішацца ў Святым Пісанні, даступнае таксама і ў Касцёле. Касцёл абвяшчае Аб'яўленне, тлумачыць яго і аберагае ад памылковага разумення. Божае Аб'яўленне не было дадзена кожнаму чалавеку асобна, але чалавечай супольнасці: спачатку ізраільскаму народу, Люду Божаму Старога Запавету, а пасля - вызнаўцам Хрыста, Люду Божаму Новага Запавету. Сведкамі і тымі, хто пераказваў Аб'яўленне ў Старым Запавеце, былі патрыярхі, прарокі, мудрацы, а ў Новым - Сам Сын Божы, Езус Хрыстус, сведкамі і вешчунамі Якога сталі Яго вучні, а пасля і ўсе, хто, дзякуючы іх сведчанню, паверыў у Хрыста. Як у народзе ізраільскім, так і пазней у Касцёле, Аб'яўленню і Слову Божаму перш навучалі вусна. Толькі з цягам часу было гэта апісана. У супольнасці ізраільскага народу такім чынам з'явілася Біблія, Святое Пісанне Старога Запавету, а ў супольнасці Касцёла - Евангелле, Дзеі святых Апосталаў, Лісты Апосталаў… - Святое Пісанне Новага Запавету. Таму Касцёл мае натуральнае права на навучанне і тлумачэнне Святога Пісання, гэтак як і кожны аўтар мае права растлумачваць тое, што ён сам напісаў. Аднак тое, што абвяшчалі прарокі, а пазней - апосталы, не сыходзіла ад іх саміх: яны абвяшчалі Божае Аб'яўленне. Прарокі абвяшчалі тое, што ім наказваў Бог, апосталы - тое, што бачылі і чулі ад Езуса Хрыста. Было тое, як верым, апісана пад натхненнем Духа Святога. Таму гэта не толькі слова чалавечае, але перш за ўсё - Божае, пісьмова захаванае Божае Аб'яўленне. З гэтае прычыны, навучаючы і тлумачачы Святое Пісанне, Касцёл імкнецца цалкам яму падпарадкоўвацца, ім кіравацца, не адступаючы ні на йоту ад яго сэнсу, разумеючы, што гэта дэпазіт, даручаны яму Богам. Дух Святы, дзякуючы Якому Слова Божае праўдзіва абвяшчалася, а пазней было запісана, сёння чувае над яго праўдзівым навучаннем і тлумачэннем праз Касцёл. Касцёл утвараюць усе вызнаўцы Езуса Хрыста. Усе яны, наколькі хапае іх веры, словам і жыццём сведчаць аб Ім. Рашаючая роля ў гэтым выпадае біскупам, якія як пастыры ў Касцёле і наступнікі апосталаў - адзіныя аўтарытэтныя настаўнікі веры. Сярод іх асаблівае месца займае біскуп Рыму, Папа, як наступнік св. Пятра. На св. Пятры, як на скале, Хрыстус збудаваў свой Касцёл (Мц 16, 18) і св. Пятру наказваў умацоўваць у веры сваіх братоў (Лк 22, 32). |