Сакрамэнты

Сакрамэнты

Сакрамэнты - гэта асаблівыя хрысціянскія абрады, істотна адрозныя ад тых, што мы разумеем пад рэлігійнымі абрадамі. Бо калі пад рэлігійнымі абрадамі мы разумеем зборныя малітвы альбо ахвяры, складаныя Богу, каб такім чынам навязаць кантакты з Нябачным, то сакрамэнты - гэта перш за ўсё знак ініцыятывы і дзеяння Бога, які хоча збавіць чалавека. А паколькі збаўчае дзеянне Божае праявілася ў Езусе Хрысце, Сыне Божым, у Яго смерці і змёртвыхпаўстанні, то і сакрамэнты адносяцца непасрэдна да гэтых падзеяў.

Сакрамэнты паходзяць ад Езуса Хрыста. Для выяўлення свайго збаўчага пасланніцтва Ён карыстаўся знакамі - жэстам і словам. Ускладанне Езусам рук на хворага прыносіла яму здароўе, узяцце за руку і адно толькі «ўстань» вяртала да жыцця; «адпушчаюцца табе грахі», ці «сёння будзеш са мною ў раі» - апраўдвала грэшнікаў. Таксама Езус наказаў непасрэдна апосталам, каб ад Яго імя ўдзялялі хрышчэнне, г.зн. амыванне, якое выражае ўнутраную перамену чалавека, якую здзяйсняе Хрыстус моцаю свайго Духа. Наказваў таксама ў памяць аб сабе выконваць тое, што ўчыніў сам на апошняй, спажыванай з вучнямі вячэры, даючы ім пад постацямі хлеба і віна сваё Цела і Кроў - знак удзелу у Яго смерці і змёртвыхпаўстанні.

Калі хрысціяне збіраюцца, каб справаваць сакрамэнты, асабліва Эўхарыстыю, яны робяць гэта менавіта на знак збаўлення, здзейсненага Езусам Хрыстом, праз Яго смерць і змёртвыхпаўстанне. Каб Яго смерць і ўваскрэсенне вяртаць у памяць праз іх сілу, заўсёды збавенную для кожнага чалавека, каб рабіць іх уласнымі, удзельнічаць у іх, атрымліваючы такім чынам дадзенае ў Езусе Хрысце збаўленне. А таксама, каб супольна чакаць вяртання Пана ў хвале, згодна Яго абяцанню.

Дзякуючы сакрамэнтам, пасхальная таямніца Езуса, г.зн. Яго смерць і ўваскрэсенне, ахопліваюць усё жыццё чалавека ад нараджэння да смерці. Усё яно павінна быць, як гэта паказвае хрышчэнне, паміраннем з Езусам для граху і паўстаннем да новага жыцця для Бога і бліжніх. Усё яно павінна быць жыццём моцаю Духа Хрыстовага, Духа Праўды і Любові, а гэтаму служыць сакрамэнт бежмавання. Яно павінна быць, улічваючы чалавечую слабасць, пастаянным навяртаннем і паяднаннем з Богам і братамі праз сакрамэнт пакуты і паяднання. Сакрамэнт шлюбу павінен уводзіць у таямніцу смерці і ўваскрэсення Хрыста, у гэтую асаблівую рэальнасць любові і жыцця, якою з'яўляюцца шлюб і сям'я. Сакрамэнт намашчэння хворых уключае ў смерць і ўваскрэсенне Езуса старасць, хваробу і смерць чалавека.

Хрыстус - дарыцель сакрамэнтаў

Сакрамэнты - гэта галоўныя хрысціянскія абрады. Ёсць сем сакрамэнтаў: хрышчэнне, бежмаванне, Эўхарыстыя, пакаянне, намашчэнне хворых, святарства, шлюб. Паходзяць яны ад Хрыста і з самага пачатку выражаюць і фармуюць сувязь з Хрыстом не толькі кожнага з Яго вызнаўцаў, але і ўсяе іх супольнасці, г.зн. Касцёла. Яны ўтвараюць Касцёл і з'яўляюцца актамі яго веры. Удзяленне хрышчэння апосталы звязваюць непасрэдна з наказам Езуса: «Ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога…» (Мц 28, 19).

У часе апошняй вячэры Езус, даючы вучням сваё Цела і Кроў пад постацямі хлеба і віна, наказвае ім рабіць гэта на сваю памяць (напр., пар. Лк 22, 19).

Бежмаванне - знак сыходжання Духа Святога - звязваецца з перажытым самімі апосталамі сыходжаннем на іх абяцанага Езусам Духа Праўды (пар. Дз 2, 13-8).

Апосталы таксама ўсведамляюць атрыманую ад Хрыста сілу адпушчэння грахоў ад Яго імя: «Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны…» (Ян 20, 23).

Намашчэнне алеем хворых як знак аздараўлення, быў вядомы апосталам яшчэ пры жыцці Хрыста (пар. Мк 6, 13); пазней яго рэкамендуе ў сваім Лісце святы апостал Якуб (пар. Як 5, 14-15).

Святарства - знак даручэння пастырскай паслугі ў Касцёле - з'яўляецца ў той час, калі апосталы, выконваючы Хрыстовы наказ, абвяшчаюць Евангелле ўсяму свету і ажно да сканчэння свету, сталі перад неабходнасцю паклікання сваіх памочнікаў і наступнікаў, а таксама ўстанаўлення ў новых хрысціянскіх супольнасцях «старэйшых», якія б кіравалі гэтымі супольнасцямі (пар. Дз 6, 17; 14, 23).

Перад сужэнствам, якое заўсёды лічылася і лічыцца праяўленнем Божага намеру і рэлігійнаю падзеяй, Хрыстус паставіў вышэйшыя, чым у Майсеевым законе, маральныя патрабаванні: еднасць і непарыўнасць. Адсюль святы Павел бачыць у шлюбе рэалізацыю сувязі паміж Хрыстом і Касцёлам, сувязі адзінай і непарыўнай.

Вера і перакананне ў тым, што ўсе сакрамэнты паходзяць ад Хрыста, не азначае, што Хрыстус іх так назваў і што Ён акрэсліў іх абрадавую форму. Рабілі гэта апосталы, робіць Касцёл, улічваючы культуру, разуменне і светаадчуванне тых, хто ў дадзены час яго складае.

У той меры, у якой сакрамэнты з'яўляюцца абавязковымі для існавання і жыцця Касцёла, іх устанаўленне Езусам Хрыстом захоўваецца нават у самой Яго волі, каб ажно да сканчэння свету існавала супольнасць Яго вызнаўцаў.

Праз сакрамэнты дзейнічае Хрыстус

Пры сваім жыцці на зямлі, здзяйсняючы шматлікія аздараўленні, Езус паслугоўваўся знакам выцягнутай рукі, дакранання словам. Прызнаў знак амывання вадою - знак хрышчэння - знакам унутранага ачышчэння і адраджэння, не толькі прымаючы хрышчэнне з рук Яна, але перш за ўсё, надаючы яму новае значэнне і наказваючы вучням, каб хрысцілі тых, каго набудуць як вучняў (пар. Мц 28, 19). Хлеб і віно ў часе апошняй вячэры становяцца знакам рэальнай прысутнасці Цела і Крыві Езуса - Яго цела, выданага на смерць, і крыві, пралітай на крыжы. Таксама і ў тым выпадку Езус наказвае вучням, каб чынілі гэта на Яго памяць (пар. Кар 11, 24-25).

Хрышчэнне і Эўхарыстыя (гэтаксама і ўсе іншыя сакрамэнты) не павінны быць толькі знакам веры і пабожнасці вызнаўцаў Езуса, але перш за ўсё знакамі дзейнасці Яго самога. Евангелле і іншыя Пісанні Новага Запавету - гэта абвяшчэнне змёртвыхпаўстання і ўшанавання Езуса Хрыста. Ён жыве, каб больш не паміраць. Сядзіць праваруч Айца ў небе, дзе не толькі заступаецца за нас (пар. Гбр 7, 25), але спасылае адтуль Свайго Духа Праўды і Любові.

Ліст да Габрэяў падкрэслівае, што Езус - адзіны Архісвятар, каторы жыве вечна: «А Гэты праз тое, што вечна трывае, мае святарства непраходзячае» (пар. Гбр 7, 24). Апосталаў жа людзі павінны лічыць толькі «слугамі Хрыстовымі і дарыцелямі тайнаў Божых» (1 Кар 4, 1).

Папа Пій ХІІ згадвае веру айцоў Касцёла і гаворыць, што калі Касцёл хрысціць, то хрысціць Езус. Вучыць, што Езус Хрыстус сам удзяляе кожнаму, хто прымае сакрамэнты, тыя ласкі, якія хоча ўдзяліць яму праз гэтыя сакрамэнты ў дадзены момант (энц. пра містычнае цела Хрыста). Такім чынам, сакрамэнты не ўдзяляюць усім ідэнтычнай ласкі, не дзейнічаюць аўтаматычна, але з'яўляюцца знакамі ўздзеяння Хрыста, якое сыходзіць з любові на кожнага з Яго вызнаўцаў, з'яўляюцца знакам ўвядзення хрысціянаў самім Езусам у розных абставінах іх жыцця ў таямніцу Яго смерці і змёртвыхпаўстання.

Перакананне ў дзеянні ўмілаванага Пана праз справаваныя ў Касцёле абрады ляжыць у аснове азначэння іх як сакрамэнтаў. Узятае з лацінскай мовы слова «сакрамэнт» напачатку азначала проста таямніцу. Разам з тым гэта і перакананне ў адзінай і надзейнай дзейнасці гэтых абрадаў менавіта як знакаў дзеяння Езуса Хрыста, калі толькі не перашкаджае гэтаму недахоп веры з боку тых, хто прымае сакрамэнты.

Сакрамэнтальны характар

Катэхізмы гавораць, што тры сакрамэнты - хрышчэнне, бежмаванне і пасвячэнне (святарскае) - «адбіваюць у душы» «сакрамэнтальны характар».

Перакананне ў існаванні менавіта такога выніку трох сакрамэнтаў сыходзіць з таго, што сакрамэнты гэтыя ніколі не паўтараюцца. Калі хрысціянін адступіў ад веры, а пасля вяртаўся да яе і да Касцёла, прымаў сакрамэнт пакаяння, ён аднак ніколі паўторна не быў хрышчаны. Гэтаксама ніколі не паўтараецца сакрамэнт бежмавання, нават, калі б ён быў прыняты нягодна, г.зн. у граху, які выключае стан ласкі. Пасля таго, як хрысціянін адбыў бы сакрамэнт пакаяння, сакрамэнт бежмавання «аджыў» бы, даючы ўсе свае вынікі.

Таксама святар, які адышоў бы ад выканання сваіх функцый, а пасля ўсё ж навярнуўся і быў зноў да іх дапушчаны, не прымаў бы другі раз святарскага пасвячэння.

Аднойчы прынятае хрышчэнне, бежмаванне альбо святарства ніколі не губляюць свайго значэння, г.зн. даюць пэўны трывалы вынік, які не перакрэслівае нават грэх. Менавіта гэты вынік яшчэ ў старажытнасці быў названы «характарам».

Азначэнне «сакрамэнтальны характар» указвае толькі на адно: менавіта на тое, што ёсць гэта нязбытны вынік.

«Характар» - слова грэцкага паходжання, якое напачатку азначала ўсяго толькі «пляму», «непазбыўны знак», які выпальваўся, напрыклад, на целе нявольніка альбо салдата ў Рымскай імперыі. Аднак што ж такое сакрамэнтальны характар па сваёй сутнасці? - Гэта своеасаблівая ўлада ці, дакладней, - магчымасць пэўнай дзейнасці ў Касцёле.

Хрышчэнне ўводзіць чалавека ў супольнасць вызнаўцаў Хрыста. Бежмаванне даводзіць гэты ўдзел да асаблівай унутранай сталасці. Кожны з гэтых сакрамэнтаў дае адпаведным яму чынам магчымасць удзелу ў жыцці Касцёла, асабліва ў сакрамэнтальным жыцці. Пасвячэнне дыяканату, прэзбітарату і, перш за ўсё, пасвячэнне біскупаў, азначаюць пакліканне хрысціяніна да пастырскага клопату пра супольнасць Касцёла, даючы пасля таго магчымасць абвяшчэння Слова, справавання сакрамэнтаў (асабліва Эўхарыстыі) і кіравання жыццём супольнасці.

Сакрамэнтальны характар дае магчымасць пэўнай дзейнасці ў Касцёле. Іншая справа, што дзейнасць гэта павінна выконвацца годна і свята.

Хрышчэнне

Хрышчэнне - гэта першы з хрысціянскіх сакрамэнтаў, г.зн. знакаў Божай ласкі, што ўдзяляецца чалавеку.

Абмыванне як рэлігійны акт і сімвал духовага ачышчэння вядомае таксама па-за хрысціянствам. Вядомае яно было і ў Майсеевым законе. Непасрэдны папярэднік Хрыста, Ян Хрысціцель, атрымаў сваё імя таму, што, заклікаючы сваіх слухачоў да навяртання, хрысціў іх у водах Іардану на знак пакаяння.

Езус, пасылаючы сваіх вучняў-апосталаў як звестуноў збаўлення, якое прынесла яго смерць і ўваскрэсенне, наказваў, каб тых, што павераць, яны хрысцілі ў імя Айца і Сына, і Духа Святога.

Прыняцце хрышчэння - гэта праяўленне веры ў Езуса Хрыста і неад'емнай ад яе волі навяртання: пазбыццё грахоў, што грызуць сумленне, каб жыць для Бога, служыць людзям.

Аднак хрышчэнне - гэта не толькі праяўленне веры і добрай волі з боку чалавека. Гэта знак дзеяння ўмілаванага Пана, Езуса Хрыста, які праз свайго Духа атуляе чалавека сваёю ласкаю, прабачае яму грахі і, як Сын Божы, яднаючы з сабою, робіць чалавека дзіцем Божым. Хрышчэнне - гэта знак дзеяння Хрыста, каторы моцаю свайго Духа - Духа Святога, робіць чалавека ўдзельнікам свае смерці і змёртвыхпаўстання (Рым 6, 3-14). Удзел у Яго смерці за грахі ўсіх - гэта «паміранне для граху», іншымі словамі - адмаўленне ад граху, вызваленне ад яго. Удзел у Хрыстовым змёртвыхпаўстанні - гэта пастаяннае імкненне да новага жыцця - жыцця для Бога і для людзей.

Гэта не толькі вобразная фармулёўка, але таямнічая рэальнасць.

Смерць Езуса была актам абсалютнай паслухмянасці Богу Айцу. Была тым самым радыкальным супрацьпастаўленнем сябе граху, які з'яўляецца непаслухмянасцю і бунтам супраць Бога. Кожны, хто супрацьпастаўляе сябе граху, чыніць гэта моцаю Духа Святога, каторы ў пэўнай ступені ўводзіць у безаглядную паслухмянасць, а пасля ў смерць Езуса. Хвалебнае жыццё, якое Езус атрымаў праз змёртвыхпаўстанне, было вынікам Яго паслухмянасці да смерці. Ён атрымаў жыццё і стаў Жыццём і Змёртвыхпаўстаннем для ўсіх. Новае жыццё, якое становіцца наканаваннем кожнага, хто супрацьпастаўляе сябе граху, з'яўляецца моцаю Духа Святога, удзелам у змёртвыхпаўстанні Езуса.

Па-за Яго паслухмянасцю ажно да смерці няма свабоды ад граху. Па-за Яго змёртвыхпаўстаннем няма новага жыцця. Хрышчэнне, якое ачышчае ад граху і ўводзіць у новае жыццё, - гэта рэальнае пагружэнне ў смерць Езуса і ўдзел у Яго змёртвыхпаўстанні.

Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што ў старажытнасці хрышчэнне ўдзялялася перш за ўсё ў Пярэдадзень (Вігілію) Пасхі. Літургія Пасхальнай Вігіліі - гэта літургія пераходу Езуса са смерці да жыцця. Разам з тым яна з'яўляецца літургіяй хрышчэння і яго аднаўленнем.

Жаданне хрышчэння

Жаданне хрышчэння дае адказ на пытанне пра канчатковы лёс неахрышчаных.

«Хто паверыць і прыме хрышчэнне, будзе збаўлены», - чытаем у Евангеллі ад святога Марка (16, 16). Хрысціянская традыцыя абвяшчае, што хрышчэнне як праяўленне веры абавязковае для збаўлення. Хрышчэнне - гэта знак таго, што Хрыстус адпускае чалавеку грахі, бо нават нованароджанае дзіця не бязгрэшнае, яно наследуе грэх Адама і Евы. Хрышчэнне - гэта знак паяднання з Хрыстом, знак удзелу ў Яго смерці і змёртвыхпаўстанні, Хрыстус жа, каторы «быў выданы за грахі нашыя і ўваскрос дзеля апраўдання нашага» (Рым 4, 25), з'яўляецца адзіным Пасрэднікам паміж намі і Айцом.

Аднак агромністая большасць людзей не прымае хрышчэння, не ведае Хрыста і Яго Евангелля. Цяжка ўявіць, каб яны не мелі шанцу на збаўленне, паколькі Бог «хоча, каб усе людзі збавіліся і дайшлі да пазнання праўды» (пар. 1 Тым 2, 4).

У адказ на гэта пытанне хрысціянская традыцыя наказвае нам гаварыць аб жаданні хрышчэння. У хрысціянскай старажытнасці здаралася, што калі катэхумены, г.зн. людзі, якія паверылі, але яшчэ толькі рыхтаваліся да хрышчэння (падобна да таго, як сёння дзеці рыхтуюцца да першай Святой Камуніі), паміралі альбо гінулі ад пераследаванняў перш, чым былі ахрышчаныя, то заўсёды была ўпэўненасць, што дзякуючы сваёй веры і любові, яны былі збаўленыя. Ролю хрышчэння выконвала жаданне яго.

Калі чалавек сутыкнецца з хрысціянствам так, што пераканаецца ў яго праваце, тады ён абавязаны вызнаць сваю веру, далучаючыся да супольнасці вызнаўцаў Хрыста, і потым прыняць хрышчэнне. Зразумела, такога абавязку не мае той, хто ўвогуле не сутыкнуўся з хрысціянствам. У кожным разе, не сутыкнуўся настолькі, каб пакліканне да веры ў Хрыста стала справаю яго сумлення. Магчымасць збаўлення заключаецца тады (як, зрэшты, і заўсёды) у тым, каб чалавек шукаў Бога, хоць можа не называць Яго гэтым імем, каб шукаў Праўды і Дабра так, як у абставінах яго жыцця падказвае яму ўласнае сумленне. Вернасць сумленню, г.зн. таму, што сам чалавек шчыра лічыць сваім маральным абавязкам, з'яўляецца жаданнем здзяйснення таго, чаго жадае ад чалавека Бог - з'яўляецца шляхам збаўлення. Гэта вернасць называецца жаданнем хрышчэння.

Хрышчэнне дзяцей

Традыцыя хрышчэння малых дзяцей сягае да пачаткаў хрысціянства. Яе захоўваюць усе вялікія адгалінаванні хрысціянства, г.зн., акрамя Каталіцкага Касцёла, таксама праваслаўныя Цэрквы, евангелісцкія Цэрквы і абшчыны, за выключэннем Царквы баптыстаў. У асяроддзі, абыякавым да рэлігіі альбо атэістычным, можна сустрэцца з меркаваннем, што выбар веры ці бязвер'я трэба пакінуць за кожным асабіста, а таму не трэба дзяцей ані хрысціць, ані вучыць іх рэлігіі.

Хрышчэнне - заўсёды вынік веры, г.зн., што хрышчэнне прымаюць тады, калі вераць у Хрыста. Калі хрысцяць дзяцей, то хрысцяць іх, улічваючы веру іх бацькоў і Касцёла, веру якога яны падзяляюць. Бацькі даюць дзіцяці жыццё і ў сілу самой спадчыннасці, а таксама праз сваю ўласную прыналежнасць да пэўнай сям'і, сацыяльнага асяроддзя, народу, праз сваю культурную і матэрыяльную сітуацыю вызначаюць, кім будзе іх дзіця, а ў пэўнай ступені таксама і тое, як складзецца яго жыццё. Натуральна, што бацькі для свайго дзіцяці клапоцяцца пра ўсё тое, што лічаць добрым. Яны маюць права і абавязак перадаць яму таксама і тое, што для іх з'яўляецца асабліваю каштоўнасцю - першаснаю і канчатковаю - менавіта хрысціянскую веру. Робяць гэта, стараючыся ахрысціць дзіця, а пасля выхаваць яго ў веры.

Вера бацькоў, якія клапоцяцца пра хрышчэнне дзіцяці, - гэта штосьці больш значнае, чым проста жаданне, каб іх дзіця выхоўвалася ў той самай рэлігійнай традыцыі, у якой выраслі яны самі. Вера ў Езуса Хрыста азначае веру ў тое, што Ён - Збавіцель, каторы ўсіх людзей, якія прыходзяць на свет у стане граху, ачышчае сваёю моцаю і робіць дзецьмі Божымі. Праз хрышчэнне Хрыстус яднае чалавека з сабою і напаўняе сваім Духам, хоць бы чалавек яшчэ й не ўсведамляў сабе гэтага. Хрысціянскае выхаванне, якое наступае пасля хрышчэння, будзе паступовым уводам дзіцяці ў гэту таямнічую рэчаіснасць Хрыстовага збаўлення, якое ўжо пры хрышчэнні стала яго лёсам.

Аргумент на карысць ушанавання свабоды чалавека (каб не хрысціць і не вучыць дзяцей веры, пакідаючы ім самім выбар у больш сталым узросце), які здаецца на першы погляд слушным, на самой справе з'яўляецца формаю прымусу да атэістычнага выхавання. Бо калі бацькі не будуць выхоўваць дзіця ў веры, то гэтым самым будуць выхоўваць яго ў бязвер'і. Трэцяга не дадзена.

Бежмаванне

Бежмаванне - гэта сакрамэнт, праз які ахрышчаныя «яшчэ цясней яднаюцца з Касцёлам, атрымліваюць асаблівую моц Духа Святога і такім чынам яшчэ больш абавязаны як сапраўдныя сведкі Хрыста пашыраць веру словам і ўчынкам, а таксама абараняць яе» (КК 11).

Бежмаванне, пасля сакрамэнту хрышчэння - гэта знак далейшага, больш поўнага ўвядзення чалавека, які паверыў у Хрыста, у Яго пасхальную таямніцу. Смерць Езуса, Яго змёртвыхпаўстанне, а пазней спасланне на апосталаў ад Айца Духа Святога - гэта адна таямніца, таямніца пасхальная, г.зн. збаўчая. Езус яднае паміж сабою гэтыя падзеі, кажучы апосталам: «Калі Я не пайду, Суцяшыцель не прыйдзе да вас, калі ж пайду, пашлю Яго да вас» (Ян 16, 7). Гэтую таямніцу Касцёл перажывае як бы ў розныя моманты яе. Хрышчэнне - гэта пагружэнне ў смерць Хрыста і паўстанне разам з Ім да новага жыцця. Бежмаванне - удзел у спасланні Духа Святога. Касцёл ідзе тою дарогаю, якою прайшлі апосталы, будучы найперш сведкамі смерці і змёртвыхпаўстання Езуса, а потым удзельнікамі моцы Яго Духа.

Спасланне Духа Святога павінна было стаць лёсам для ўсіх, хто паверыў у Езуса. Дзеі Апосталаў гавораць не толькі аб спасланні Духа Святога на апосталаў у дзень Пяцідзесятніцы (раздзел 2), але таксама аб Яго сыходжанні на ўсіх вучняў Хрыстовых (4, 3-10), на ахрышчаных у Самарыі (8, 14-17), на паганіна Кармэлія і яго сям'ю… (10, 44). У працяг гэтых падзей, што апісаны ў Дзеях Апостальскіх, біскупы ўскладаюць на ахрышчаных свае рукі, удзяляючы ім Духа Святога, як бы ўмацоўваючы іх у іх веры і прымаючы іх у сваіх Касцёлах як сведкаў Хрыста.

Першапачатковая практыка ўдзялення бежмавання непасрэдна пасля хрышчэння з цягам часу змянілася. Хрысцяць найчасцей малых дзяцей, а біскупы не могуць прысутнічаць усюды, дзе адбываецца хрышчэнне. З гэтае прычыны ў рыма-каталіцкім Касцёле сакрамэнт бежмавання ўдзяляецца пазней. Аднак па сваёй прыродзе бежмаванне застаецца паяднаным з хрышчэннем, гэтак як сталасць чалавека з яго нараджэннем. Яно - знак больш поўнага ўдзелу ў Хрыстовай таямніцы збаўлення.

Эхарыстыя - гэта падзяка

Эўхарыстыя - адзін з сакрамэнтаў Касцёла, г.зн. адзін са знакаў дзейнасці Хрыста ў Касцёле. Эўхарыстыя з'яўляецца самым істотным з сакрамэнтаў і паўнатой хрысціянскага пасвячэння, распачатага хрышчэннем і бежмаваннем.

Цэнтральнае месца, якое ў жыцці Касцёла займае Эўхарыстыя, яднаецца з мноствам яе значэнняў і непасрэднаю сувяззю з пасхальнаю таямніцаю Хрыста. Усе сакрамэнты - гэта знакі ўдзелу тых, што паверылі ў Хрыста, у Яго смерць і змёртвыхпаўстанне. Усе сакрамэнты - знакі дзейнасці ўмілаванага Пана ў Касцёле - ва ўсёй супольнасці і ў кожным з яе членаў. Эўхарыстыя - гэта Яго Цела і Кроў, гэта прысутнасць Пана. Назва «эўхарыстыя» паходзіць з грэцкай мовы і азначае «падзяку». Яна ўказвае на сувязь паміж эўхарыстычнаю вячэраю і габрэйскаю пасхальнаю вячэраю.

Ізраільцяне штогод адзначалі свята Пасхі на ўспамін аб сваім вызваленні з егіпецкай няволі, здзейсненай моцаю Божаю. Гэта Бог разграміў тых, што іх прыгняталі. Бог адкрыў перад імі воды Чырвонага Мора. Вызваляючы, Бог учыніў іх Сваім народам, які правёў цяжкаю дарогаю праз пустыню да абяцанай зямлі. Цэнтральным момантам свята Пасхі была вячэра, якая прыпамінала выхад з Егіпту - з зямлі няволі. Была яна вячэраю падзякі за вялікія справы, якія ўчыніў Бог. За абарону ад смерці і абдараванне жыццём.

Езус спажываў апошнюю вячэру са сваімі вучнямі менавіта ў жыдоўскае свята Пасхі, як пасхальную вячэру. Перамяняючы хлеб і віно ў сваё Цела і Кроў, аддадзеныя на крыжы, Ён надаў старазапаветнай пасхальнай вячэры новае значэнне. Яго смерць і змёртвыхпаўстанне становяцца новым вызваленнем і вызваленнем усяго чалавецтва з няволі граху і смерці, каб усе маглі быць збаўленыя і жыць вечна ў змёртвыхпаўстанні.

Вячэра, якую спажываў Езус з вучнямі ў парэдадзень Яго смерці і змёртвыхпаўстання, становіцца па Яго волі напамінкам пра тое абсалютнае, канчатковае вызваленне чалавека Богам. Становіцца, як калісьці жыдоўская пасхальная вячэра - вячэраю падзякі. Ушанаваннем Бога за вялікія Яго справы, падзякаю Богу, што вызваліў нас праз смерць і змёртвыхпаўстанне свайго Сына, Езуса.

«Годна гэта і справядліва, слушна і збавенна, - так пачынаецца эўхарыстычная малітва, - каб мы заўсёды і ўсюды Табе падзяку складалі, Пане, Ойча Святы, Усемагутны Вечны Божа… праз Хрыста, Пана нашага…»

Эўхарыстыя - гэта ламанне хлеба

Паводле габрэйскіх звычаяў, ламанне хлеба распачынала супольны пасілак. Бацька сям'і прамаўляў благаславенне, ламаў хлеб і раздаваў удзельнікам пасілку. Так рабіў і Пан Езус, калі, напрыклад, карміў мноства людзей хлебам, Ім жа самім размножаным: «І ўзяўшы пяць хлябоў і дзве рыбы, глянуў на неба, паблагаславіў і, паламаўшы, даў хлеб вучням, а вучні - народу» (Мц 14, 19). Падобнае Ён учыніў і ў часе Апошняй Вячэры, калі «ўзяўшы хлеб і паблагаславіўшы, паламаў і даваў вучням, кажучы: бярыце і ешце, гэта ёсць Цела маё» (Мц 26, 26). З гэтага часу выраз «ламанне хлеба» становіцца сярод хрысціянаў адным з азначэнняў Эўхарыстыі. Дзеі Апостальскія гавораць, што першыя вызнаўцы Езуса «трывалі ў навуцы апосталаў, у супольнасці й ламанні хлеба, ды ў малітве» (2, 42).

Апісваючы ж побыт св. Паўла ў Траадзе, св. Лука, аўтар Дзеяў Апостальскіх, піша: «У першы дзень тыдня, калі вучні сабраліся на ламанні хлеба, Павел… вёў з імі гутарку…» (Дз 20, 7).

Традыцыйны жэст ламання хлеба ў сувязі з Эўхарыстыяй становіцца знакам значна больш істотнага паяднання ўсіх яе ўдзельнікаў. У Першым Лісце св. Паўла да Карынцянаў чытаем: «Хлеб, што ламаем, ці не ёсць супольнасць Цела Хрыстовага? Адзін хлеб, адно цела мы, многія; бо ўсе прычашчаемся ад аднаго хлеба» (10, 16-17).

Еднасць вучняў Хрыстовых з Ім самім і паміж сабою - гэта любоў, якою ёсць сам Бог. Езус моліцца да Айца за сваіх вучняў, «Каб любоў, якою Ты палюбіў Мяне, у іх была, і Я ў іх», «няхай будуць усе адно: як Ты, Айцец, ува Мне, і Я ў Табе, так і яны няхай будуць адно» (Ян 17, 26, 21).

Святы Ян, хоць і не апісвае ў сваім Евангеллі ўстанаўлення Эўхарыстыі, звязвае з апошняю вячэраю Хрыстову запаведзь узаемнай любові, любові такой, якою Ён сам іх палюбіў, гатовай аддаць жыццё за другаў сваіх (15, 12-13) і разам з тым такой, якая праяўляецца ў штодзённай службе. Прыклад яе Ён даў сваім вучням, абмываючы ім ногі (13, 1-11).

Удзел у Эўхарыстыі - у ламанні хлеба - згода на такую любоў. Гэты ўдзел павінен быць яе праяўленнем і крыніцаю. У процілеглым выпадку «няма спажывання вячэры Панскай» (пар. 1 Кар 11, 20).

Цела і Кроў Панская

«Цела і кроў Панская» - такое азначэнне даецца сакрамэнту Эўхарыстыі, маючы на ўвазе Святую Камунію, да якой абавязвае католікаў Касьцельнае права. Святая Камунія павінна быць прынята хоць бы раз на год у велікодны перыяд. Сёння найчасцей гаворка ідзе пра сакрамэнт Эўхарыстыі, г.зн. пра ўсю Эўхарыстычную літургію, істотнаю часткаю якой з'яўляецца Святая Камунія.

У часе апошняй вячэры, якую Езус спажываў са сваімі вучнямі, Ён паблагаславіў хлеб і віно, каб падаць іх вучням для спажывання. Такім чынам, па сваёй сутнасці Эўхарыстыя - гэта ежа і напой, але ўдзел у ёй без прыняцця Святой Камуніі, хоць і кампенсуе абавязак удзелу ў нядзельнай Святой Імшы, не з'яўляецца поўным удзелам.

У гэтым святле зразумела тое, што ў адноўленай пасля Другога Ватыканскага Сабору літургіі Святая Камунія прымаецца ў часе справавання Эўхарыстыі, г.зн. у часе Святой Імшы, а таксама Святая Камунія ўдзяляецца з гостый, што кансэкраваныя ў гэтай самай літургіі, а не з гостый, якія захоўваліся ў табэрнакулюме. Дзякуючы гэтаму, становіцца больш відочнаю сувязь кожнай эўхарыстычнай літургіі з Апошняю Вячэраю, у часе якой апосталы спажывалі хлеб, які прымалі з рук Езуса і які моцаю Яго слоў стаўся Яго Целам… «Езус узяў хлеб і, паблагаславіўшы, паламаў і даваў вучням, кажучы: бярыце, ешце, гэта ёсць Цела маё» (Мц 26, 26). Гэтаксама яны пілі віно з пададзенага ім Езусам келіха: «Піце з яго ўсе, бо гэта ёсць Кроў мая Новага Запавету» (Мц 26, 27-28).

Святая Камунія найчасцей прымаецца пад адным выглядам, пад выглядам хлеба. Практыка гэта ідзе ад самых ранніх часоў, калі хворым альбо зняволеным хрысціянам нельга было часам інакш занесці Эўхарыстыі. Пазней, па меры пашырэння хрысціянства, цяжка было інакш, чым пад адною постаццю, удзяляць Святую Камунію вялікаму мноству вернікаў. Але заўсёды была вера ў тое, што пад кожнаю з эўхарыстычных постацяў прысутнічае ўвесь Хрыстус. Аднак у часе многіх урачыстасцяў, калі гэта магчыма, Святая Камунія ўдзяляецца пад дзвюма постацямі.

Гэта практыка таксама набліжае ўдзельнікаў Эўхарыстыі да Апошняй Вячэры і робіць больш відавочным той факт, што Эўхарыстыя - гэта крыніца жыцця, якое дае не толькі ежа, але і напой, а таксама, што яна з'яўляецца ўдзелам у смерці Хрыста, знак якой - хлеб, Цела, выдадзенае на смерць, і віно - пралітая на крыжы Кроў.

За сталом Апошняй Вячэры сядзіць Хрыстус, які дае сваім вучням свае Цела і Кроў пад постацямі хлеба і віна. Езус - умілаваны Пан, які сядзіць праваруч Айца, праз паслугу біскупа альбо святара, які дзейнічае ад Яго імя, надалей падае сваім вучням пасілак і напой вечнага жыцця.

Эўхарыстыя - гэта ахвяра

Адзіная ахвяра, мілая Богу і збаўчая для чалавека, - гэта тая, якую склаў на крыжы Езус Хрыстус. Эўхарыстыю называюць ахвяраю таму, што яна з'яўляецца знакам і прысутнасцю тае адной адзінай Ахвяры Езуса.

Паганскія рэлігіі, а таксама рэлігія Старога Запавету ведалі шматлікія ахвяры, якія складаліся з пладоў зямлі і з жывёлы. Такім чынам выяўлялася залежнасць чалавека ад Бога, прызнаннем Яго Панам жыцця і смерці, а таксама перакананне, што сам чалавек у выніку ўчыненага зла заслугоўвае смерці.

Езус прадказваў, што «прыйдзе час, ды ён ужо прыйшоў, калі сапраўдныя паклоннікі будуць пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе… Бог ёсць Дух, і тыя, што пакланяюцца Яму, павінны пакланяцца ў духу і праўдзе» (Ян 4, 23-24). Смерць Езуса на крыжы была названа ў Лісце да Габрэяў ахвяраю не толькі таму, што Езус праліў сваю кроў, але таму, што адбылося гэта ў выніку Яго паслухмянасці Айцу. Гэта была ахвяра, складзеная ў духу і праўдзе. Езус аддаў Богу самога сябе, выконваючы ўсё жыццё Яго волю, хоць гэта і павінна было прывесці Яго да крыжовай смерці.

Напярэдадні свае мукі і смерці, у часе Апошняй Вячэры, Езус даваў сваім вучням хлеб, кажучы: «гэта ёсць Цела маё, якое за вас будзе выдана». Ён даваў ім таксама віно, кажучы, што гэта Яго Кроў, якая за ўсіх будзе праліта. Такім чынам Эўхарыстыя стала знакам, які прыпамінае ахвяру, якую Езус склаў Айцу з самога сябе. «Бо кожны раз, калі вы ясце хлеб гэты і п'яце чару гэтую, - піша св. Павел у Першым Лісце да Карынцянаў, - смерць Панскую абвяшчаеце…» (11, 26).

Трыдэнцкі Сабор, тлумачачы, чаму Святая Імша лічыцца ў Касцёле ахвяраю, прызнае, што Езус, які аддаў сябе Айцу на крыжы, сёння аддае Яму сябе праз паслугу Касцёла пад постацямі хлеба і віна. Святая Імша - гэта не ахвяра, падобная да тых, што складаліся ў паганскіх рэлігіях. Яна - прысутнасць смерці Езуса на крыжы. Прысутнасць Яго абсалютнай паслухмянасці і адданасці Айцу, якая прывяла Яго на крыж.

Удзельнічаць у Эўхарыстыі - гэта значыць, дзяліць з Езусам Яго сыноўнюю паслухмянасць і адданасць Богу-Айцу, каб такім чынам праз усё жыццё, на кожным кроку складаць Яму «духовыя ахвяры», ушаноўваць Яго «ў духу і праўдзе».

Эўхарыстыя - задатак вечнага жыцця

Выраз «задатак жыцця вечнага» літургія ўжывае адносна Эўхарыстыі. Аднак угрунтаваны ён у самым Евангеллі.

У Евангеллі ад св. Яна чытаем пра Езусава абяцанне: «Я - хлеб жывы, што сышоў з неба: хто есць хлеб гэты, жыць будзе вечна… Хто есць Цела маё і п'е Кроў маю, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень» (Ян 6, 51. 54). Такім чынам, тут не ідзе гаворка пра нейкую заслугу, ва ўзнагароду за якую чалавек можа атрымаць вечнае жыццё. Хто спажывае Цела і п'е Кроў Хрыстову, той ужо мае жыццё вечнае, г.зн., перш чым яго атрымае, ужо жыве ім, дзякуючы веры.

Каб ужо цяпер мець жыццё вечнае, трэба ўсведамляць, што жыццём вечным ёсць сам Езус Хрыстус. Ён не толькі даўца жыцця, але само жыццё. «Я ёсць уваскрэсенне і жыццё…» (Ян 11, 25). Езус - жыццё, паколькі Ён - Сын Божы. «Бо як Айцец мае жыццё ў Сабе, так і Сыну даў жыццё мець у Сабе» (Ян 5, 26). Жыццё гэтае атрымлівае кожны, хто ў Яго верыць: «Хто ў Мяне верыць, мае жыццё вечнае» (Ян 6, 47). Такім чынам, мець жыццё вечнае - гэта значыць, удзельнічаць у жыцці Бога, быць паяднаным з Богам-Айцом праз Яго Сына, Езуса. А быць паяднаным з Езусам, так, каб Яго жыццё станавілася нашым, - гэта верыць у Яго. Чаму ж звязвае Езус валоданне жыццём вечным з Эўхарыстыяй, г.зн. са спажываннем Яго Цела і Яго Крыві? А таму, што верыць у Езуса - значыць, быць паяднаным з Ім у Яго смерці і змёртвыхпаўстанні: у Яго выдадзеным на крыж Целе і ў Яго Крыві, пралітай за нашыя грахі. Той, хто памірае для граху, змагаючыся з ім у сабе, і хто штодзённа ўваскрасае, стараючыся жыць для Бога і братоў, той сапраўды верыць у Хрыста, каторы аддаў жыццё за нашыя грахі і змёртвыхпаўстаў для нашага апраўдання. Эўхарыстыя - гэта сакрамэнт нашага паяднання з Езусам, Сынам Божым, нашым Панам, які за нас аддаў жыццё і змёртвыхпаўстаў. Прымаючы Яго Цела, за нас выдадзенае, і п'ючы пралітую за нас Кроў - калі чынім гэта з вераю і згодна з ёю паводзім сябе - то жывем Яго жыццём, жыццём вечным.

Эўхарыстыя становіцца запаветам і пачаткам жыцця вечнага таксама таму, што з'яўляецца вячэраю, супольным пасілкам… Бо аб жыцці вечным Езус часцей за ўсё гаворыць, як аб вяселлі: «Валадарства нябеснае падобнае да караля, які справіў вяселле для сына свайго» (Мц 22, 2).

Перамяненне

Перамяненне - гэта адзіная ў сваім родзе цудоўная перамена ўсяе субстанцыі хлеба ў Цела, а ўсяе субстанцыі віна ў Кроў Езуса Хрыста, у той час, калі постаці хлеба і віна застаюцца без змены. Такім чынам Трыдэнцкі Сабор у 1551 годзе выразіў хрысціянскую веру ў перамену, якая адбываецца ў Эўхарыстыі. Гэта фармулёўка - не тлумачэнне перамены, а толькі як бы ўдакладненне прадмету веры. Гэта адказ на пытанне, у што мы верым, вызнаючы, што Эўхарыстыя - Цела і Кроў Панскія. Значыць, мы верым, што хлеб і віно перамяняюцца ў Цела і Кроў Езуса.

Што азначае перамяненне? Азначае перамену сутнасці (інакш: субстанцыі) хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста (…) Напрыклад, кожны чалавек змяняе свой выгляд, выконвае розныя функцыі, перажывае розныя сітуацыі, але па сваёй сутнасці заўсёды з'яўляецца тым самым чалавекам. Калі сутнасць рэчы падлягае змене, то толькі разам са сваім выглядам: адбываецца гэта тады, калі дадзеная рэч падлягае знішчэнню. Тым часам у Эўхарыстыі адбываецца перамена сутнасці (субстанцыі) хлеба і віна, але выгляд хлеба і віна застаюцца без зменаў. Гэта магчыма толькі дзякуючы Божай моцы. (…)

Езус Хрыстус у часе Апошняй Вячэры, даючы апосталам хлеб, гаварыў: «Гэта Цела маё». А падаючы ім віно, гаварыў: «Гэта келіх Крыві маёй». Нельга іначай разумець слоў Езуса, як толькі дакладна так: тое, што надалей мае постаць хлеба па сваёй сутнасці ўжо не з'яўляецца хлебам, а Целам Панскім, а тое, што надалей мае постаць віна, па сваёй сутнасці ўжо не ёсць віном, а Крывёю Панскаю. А таму, верачы ў Хрыстовыя словы, мы верым, што сутнасць хлеба і віна падлягае перамене ў Цела і Кроў Езуса, хоць самі постаці хлеба і віна застаюцца без змены. Такім чынам, як акрэсліў гэта Трыдэнцкі Сабор, наступае перамяненне.

Сакрамэнт паяднання і спакою

Трэба найперш растлумачыць саму гэту назву. Гаворка ідзе пра сакрамэнт, які звычайна называюць споведдзю. Аднак споведзь - вызнанне сваіх грахоў - толькі адзін з элементаў гэтага сакрамэнту, які абавязкова ўключае яшчэ жаль за грахі, пастанаўленне выправіцца, перапрашэнне і, зразумела, разграшэнне з боку спаведніка. Такім чынам, назва «споведзь» не падае нам гэтага сакрамэнту ва ўсёй паўнаце.

І таму мы кажам пра сакрамэнт пакаяння. У гэтым выпадку пакаянне азначае навяртанне, унутраную перамену чалавека. Яно праяўляецца і ў шкадаванні за грахі, і ў тым, што чалавек у іх прызнаецца, і ў ягоным цвёрдым рашэнні выправіцца, г.зн. змяніць жыццё і перапрасіць Бога і бліжніх за ўчыненае зло.

Гэты сакрамэнт з'яўляецца другім навяртаннем, паколькі першае навяртанне выражаецца ў сакрамэнце хрышчэння. Хоць бы гэта і было хрышчэнне малога дзіцяці, якое не можа яшчэ зразумець гэтага, у ім праз моц Хрыста здзяйсняецца істотная перамена: ачышчэнне ад першароднага граху і далучэння да жыцця Божага.

Таму сакрамэнт пакуты - гэта другое навяртанне: паўторны прыход да Хрыста, катораму чалавек пасля хрышчэння і, значыць, як хрысціянін, не збярог вернасці. Яшчэ дакладней можна сказаць, што сакрамэнт пакаяння вызначае шлях хрысціяніна як шлях пастаяннага навяртання. Хрысціянін, які ўсведамяле свае слабасці, шлях вернасці і паслухмянасці Хрысту павінен знаходзіць як бы штодня наноў. Адсюль і значэнне частай споведзі, як сакрамэнту навяртання.

З часу Сіноду Біскупаў у 1983 г. на тэму паяднання і пакаяння, а таксама з часу папскай адгартацыі на гэтую тэму ў 1984 г., сакрамэнт, пра які ідзе гаворка, называецца не толькі сакрамэнтам пакаяння, але і паяднання. Бо грэх - гэта парушэнне сувязяў любові, якія яднаюць чалавека з Богам і людзьмі. Адрачэнне ад граху і атрыманне адпушчэння грахоў - гэта паяднанне з Богам і з людзьмі. Гэта праяўленне волі жыцця ў любові да Бога і бліжніх, каб у еднасці з усімі вызнаўцамі Езуса Хрыста служыць справе паяднання ўсяе разбітай чалавечай сям'і.

Гэта вымярэнне сакрамэнту становіцца больш бачным, калі чалавек прымае яго супольна, у якойсьці большай групе. З гэтаю мэтаю прадугледжаны нават спецыяльны абрад «паяднання некалькіх пенітэнтаў з індывідуальнаю споведдзю і разграшэннем». Аднак такі абрад практыкуецца рэдка, звычайна ў арганізаваных супольнасцях.

Жаль за грахі, альбо скруха

Жаль за грахі - гэта адна з так званых умоваў сакрамэнту паяднання і пакаяння. Разам з цвёрдым рашэннем выправіцца, споведдзю і перапрашэннем ён складае пазіцыю хрысціяніна, які, усвядоміўшы свае грахі, навяртаецца. Жаль за грахі - гэта ўнутраны духовы смутак з прычыны ўчыненага зла і як бы адыход ад яго, паяднаны з рашэннем больш не грашыць.

Сутнасць гэтай пазіцыі лепш, чым слова «жаль» выяўляе даўняе азначэнне «скруха» альбо «скруха сэрца». Яно мацней акцэнтуе адчуванне ўчыненага зла, а таксама волю, каб больш гэтага зла не рабіць.

Аднак гаворка тут не ідзе пра незадаволенасць самім сабою, якую мы адчуваем, зрабіўшы штосьці злое. Такая незадаволенасць можа сыходзіць з несупадзення нашых учынкаў з добрым уяўленнем, якое мы маем пра саміх сябе, а таму яна можа быць актам любові да саміх сябе. Скруха - гэта смутак, які вынікае з ацэнкі сваіх паводзінаў як нядобрых, з пераканання альбо з вопыту, што гэтыя паводзіны пакрыўдзілі і засмуцілі іншых: людзей і Бога. Адсюль скруха, хоць яна і перажываецца на самоце, заўсёды скіравана да таго чалавека, якога трэба перапрасіць, у кожным разе - да Бога, катораму была аказана непаслухмянасць. Скруха заўсёды падштурхоўвае прызнаць віну і такім чынам як бы адкінуць яе, атрымаць прабачэнне.

Скруха, якую чалавек перажывае перад Богам, можа мець розныя матывы, падобна, як скруха непаслухмянага дзіцяці перад бацькамі. Яна можа сыходзіць з любові альбо са страху. З любові, калі чалавек павёў сябе дрэнна ў адносінах да тых, хто яго любіць, калі ён іх засмуціў. Са страху, калі ён баіцца вынікаў сваіх паводзінаў, баіцца кары за іх.

Скруха, альбо таксама жаль за грахі, паколькі сыходзіць з любові да Бога, называецца дасканалым жалем. Ён звязаны з прагаю як найхутчэйшай споведзі. Такі жаль згладжвае грахі перш, чым чалавек сапраўды прыступіць да сакрамэнту пакаяння. Бо любоў да Бога - гэта супрацьлегласць граху.

Жаль, у якім дамінуе страх перад караю альбо перад вынікамі ўчыненага зла, хоць і не згладжвае грахоў без сакрамэнту пакаяння, дастатковы, аднак, для атрымання адпушчэння грахоў у гэтым сакрамэнце. Ён, звычайна, з'яўляецца пачаткам дарогі да больш поўнай любові Бога.

Споведзь

Споведзь - гэта вызнаванне грахоў перад святаром, каб атрымаць іх адпушчэнне. Разам з жалем за грахі - гэта другая з так званых умоваў сакрамэнту паяднання і пакаяння, у якіх выражаецца навяртанне. Умова, якая выклікае найбольшае супраціўленне з прычыны цяжкасці, якую ўяўляе прызнанне свае віны.

Аднак споведзь - гэта абавязковая ўмова атрымання прабачэння грахоў. Таму толькі прызнанне ў сваіх правінах адкрывае ў кожнай чалавечай сітуацыі магчымасць атрымаць дараванне за ўчыненае зло…

Хрыстус дае апосталам уладу адпушчэння і затрымання грахоў (пар. Ян 20, 23), звязвання і развязвання (пар. Мц 18, 18). Таму яны павінны пазнаць стан сумлення чалавека, каб скарыстаць гэту ўладу. Аднак іх рашэнне не павінна кіравацца нічым іншым, акрамя скрухі чалавека з прычыны вызнаваных на споведзі грахоў і цвёрдага рашэння парваць з імі. Бо няма такога вялікага граху, якога апосталы не маглі б у імя Хрыста адпусціць чалавеку, калі ён у гэтым граху шчыра раскайваецца: «Усё, што развяжаце на зямлі, будзе развязана ў небе» (пар. Мц 18, 18) (…)

Споведзь павінна ахопліваць усё тое, што дыктуе чалавеку яго сумленне, што гэтае сумленне мучыць. Таму яна павінна ахопліваць усе смяротныя грахі так, як іх чалавек шчыра памятае. Частковае прызнанне свае віны і частковае яе ўтойванне не мае ніякага значэння як на споведзі, так і ў адносінах паміж людзьмі. Наадварот, яно толькі абцяжарвае сумленне чарговаю віною, віною няшчырасці.

У вельмі рэдкіх выпадках (напрыклад, пры небяспецы смерці, недахопу святароў у некаторых краінах), удзяляецца калектыўнае разграшэнне без папярэдняй споведзі, на якую проста не хапае часу. Аднак з грахоў, адпушчаных такім чынам, трэба паспавядацца, калі потым чалавек прыступае да сакрамэнту споведзі ў нармальных умовах.

Кампенсацыя (перапрашэнне)

Жаданне і добрая воля кампенсацыі за грахі - гэта, разам з жалем за іх і прызнаннем іх на споведзі, істотны элемент навяртання.

Прага кампенсацыі за ўчыненыя правіны - гэта штосьці вельмі зразумелае і натуральнае, як і жаль за грахі і іх вызнаванне. Калі чалавек зробіць камусьці крыўду, а пасля шкадуе, што так выйшла, то ён прагне якімсьці чынам гэту сітуацыю выправіць. Калі дзіця зробіць штосьці прыкрае сваім бацькам, то яно стараецца не толькі іх перапрасіць за гэта, але таксама кампенсаваць гэту прыкрасць сваімі лепшымі паводзінамі, альбо чымсьці для іх прыемным. Як правіла, так ёсць паміж людзьмі, якія любяць адно аднаго.

Гэтаксама і ў выпадку граху, які, калі і не з'яўляецца непасрэднаю, відавочнаю крыўдаю, нанесенаю іншым людзям, то заўсёды, прыніжаючы ўласны маральны ўзровень чалавека, пэўным чынам абцяжарвае і асяроддзе, у якім ён жыве. Грэх - гэта таксама непаслухмянасць і знявага ў адносінах да Бога. Адсюль, у залежнасці ад таго, наколькі сапраўднае навяртанне, а значыць, вера і любоў да Бога і людзей, чалавек прагне ім кампенсаваць за ўчыненае зло.

Гэта справа нялёгкая. Адносна простым здаецца вярнуць украдзеную альбо знішчаную рэч, але як выправіць, як згладзіць паклёп альбо нагавор? Калі нават вяртанне чыёйсьці ўласнасці не кампенсуе віны, то як у такім выпадку згладзіць прыкрасць альбо перажыванне, выкліканае яе стратаю? А віны занядбання? Адмовы ў дапамозе, у належным клопаце, у зычлівасці? Таму прага кампенсацыі людзям і Богу за ўчыненыя правіны праяўляецца ў добрых справах, у малітве, а таксама ў здзяйсненні актаў пакаяння і пакуты, каб нейкім чынам адцярпець за ўчыненае зло.

Пакута, якую задае святар у сакрамэнце споведзі, іграе важную ролю ў кампенсацыі. Яна мае сакрамэнтальную каштоўнасць: не з'яўляючыся матэрыяльна-прапарцыянальнаю да вынікаў учыненых правінаў, яна - дваякі знак. Знак добрай волі выканання ўсяго, чаго ў якасці кампенсацыі за грахі жадае Касцёл ад імя братоў і Хрыста, і таксама знак - у сілу свае непрапарцыянальнасці ў адносінах да правінаў, - што ўсе людскія грахі ўзяў на сябе Укрыжаваны. Ён ад іх збаўляе і Ён іх кампенсуе.

Аднак сакрамэнтальная пакута не робіць лішняю і марнаю шчырую кампенсацыю, да якой схіляе кожнага яго ўласнае сумленне, асабліва кампенсацыі ў форме ўсяго таго добрага, што чалавек з гэтага часу зробіць і таго дрэннага, што чалавек выцерпіць.

Намашчэнне хворых

«Намашчэнне хворых» - гэта з часу Другога Ватыканскага Сабору назва сакрамэнту, вядомага да таго моманту як «апошняе намашчэнне».

Пра намашчэнне хворых піша ў сваім Лісце св. Апостал Якуб. Паміж іншых указанняў для вернікаў, што трапляюць у розныя сітуацыі, ёсць і такое: «Занядужаў хто з вас? Пакліч прэзбітараў Касцёла, і няхай памоляцца над ім, памазаўшы яго алеем у імя Панскае, - і малітва веры вылечыць хворага, і Пан падымае яго; і калі ён грахі ўчыніў, будуць зняты з яго» (пар. 5, 14-15). З гэтых словаў ясна відаць, што тут ідзе гаворка не пра намашчэнне паміраючых, а пра намашчэнне хворых. У словах св. Якуба гучыць клопат Езуса пра хворых, на якіх Ён ускладаў рукі і якім вяртаў здароўе. Таксама Ён высылаў апосталаў, каб «абвяшчалі Валадарства Божае і аздараўлялі хворых» (пар. Лк 9, 2).

Гэта не значыць, што сакрамэнт намашчэння хворых не павінен удзяляцца ў небяспецы смерці і не павінен рыхтаваць да яе. Сакрамэнты - ад хрышчэння да намашчэння хворых - ахопліваюць жыццё чалавека ў яго ключавых і гранічных момантах, каб усё яго змясціць у пасхальную таямніцу Хрыста, г.зн. у таямніцу Яго смерці і змёртвыхпаўстання. Ахопліваюць яны таксама і смерць, каб яна стала ўдзелам у смерці Езуса, дапаўняючы недахоп у целе чалавека Яго мукаў… (пар. Кал 1, 24). Дзеецца гэта ўжо праз само хрышчэнне, дзякуючы якому ўсё чалавечае жыццё з'яўляецца паміраннем для граху (пар. Рым 6, 2); дзеецца гэта праз сакрамэнт Эўхарыстыі, у якім прымаецца Цела Панскае, выданае на смерць і Кроў, пралітую на крыжы; і дзеецца праз сакрамэнт намашчэння хворых, які чалавек прымае ў часе сур'ёзнай хваробы альбо ў старасці і які наказвае думаць пра смерць як пра хвіліну спаткання з Хрыстом і пра канчатковае адданне Яму свайго жыцця.

Сакрамэнт намашчэння хворых, як і ўсе сакрамэнты, - гэта справа ўсяго Касцёла - супольнасці вызнаўцаў Хрыста. Ксёндз, які ўдзяляе намашчэнне, з'яўляецца прадстаўніком і Хрыста, і Касцёла. Усе прысутныя, а гэта павінны быць найперш усе блізкія, моляцца за хворага; моляцца аб вяртанні яго да здароўя, каб мог і надалей жыць сярод іх, аб годным прыняцці цярпенняў, аб адпушчэнні яму ўсіх грахоў…

Сакрамэнт святарскага пасвячэння

Езус Хрыстус даверыў апосталам пастырскі клопат пра свой Касцёл, гэта значыць, пра супольнасць сваіх вызнаўцаў. Апосталы абвяшчаюць Хрыстову Добрую Навіну аб збаўленні, удзяляюць хрышчэнне тым, хто паверыў іх слову, справуюць у іх супольнасці Эўхарыстыю, а таксама кіруюць жыццём усяе супольнасці, вучаць захоўваць усё, што Ён ім наказаў (пар. Мц 28, 20).

«Калі колькасць вучняў узрасла», апосталы паклікалі сабе на дапамогу «сем дазнаных мужоў, поўных Духа Святога і мудрасці», і, «памаліўшыся, усклалі на іх рукі» (пар. Дз 6, 1-6). Гэты абрад малітвы і ўскладання рук з'яўляецца абрадам, праз які біскупы, наступнікі апосталаў, перадаюць з пакалення ў пакаленне пастырскую альбо святарскую ўладу ў Касцёле. Гэта - сакрамэнт пасвячэння альбо сакрамэнт святарства.

Існуюць тры ступені пастырскай улады ў Касцёле, а значыць, тры ступені пасвячэння. Паўнатою пастырскай улады валодаюць біскупы - наступнікі апосталаў. Уладу, ім падпарадкаваную, г.зн. дапаможную, маюць прэзбітэры, як называе іх Новы Запавет, інакш кажучы, - «старэйшыя». Найменшая сфера пастырскай паслугі носіць назву дыяканату (дыякан у перакладзе з грэцкай мовы - той, хто дапамагае). Гэта тры ступені сакрамэнту пасвячэння, але не тры розныя сакрамэнты.

Пасвячэнне можа ўдзяляць толькі біскуп, які апякуецца даверанай яму дыяцэзіяй, ад імя Найвышэйшага Пастыра - Хрыста, паколькі ўдзяленне пасвячэння звязана з пакліканнем на службу ў дадзенай дыяцэзіі. Біскуп удзяляе пасвячэнне прэзбітэру (часцей за ўсё гэты сакрамэнт называюць святарскім пасвячэннем) у прысутнасці як мага большай колькасці прэзбітэраў (святароў), якія пачаргова, пасля біскупа, ускладаюць рукі на галовы тых, хто прымае пасвячэнне. Такім чынам, як бы прымаюць іх у сваю святарскую сям'ю, у «прэзбітэрый» дадзенай дыяцэзіі.

Біскупскае пасвячэнне ўдзяляе кандыдату, пакліканаму Папам, біскуп разам з не менш як двума іншымі біскупамі. Гэта знак таго, што новы біскуп прымаецца да калегіі біскупаў, якая з'яўляецца працягам калегіі дванаццаці апосталаў.

Святарскае пасвячэнне ў Каталіцкім Касцёле можа прыняць толькі мужчына. Бо такая не толькі традыцыя, што бярэ свой пачатак з апостальскіх часоў, але і воля Езуса Хрыста, які сваімі апосталамі паклікаў толькі мужчынаў.

У рыма-каталіцкім Касцёле прыняцце пасвячэння звязана з абавязкам захавання цэлібату альбо бясшлюбнасці, каб святар мог як найпаўней прысвяціць сябе службе Хрысту і супольнасці Яго вызнаўцаў. Ва ўсходніх Цэрквах абавязак цэлібату распаўсюджваецца толькі на біскупаў.

Сакрамэнт сужэнства

Па волі Езуса Хрыста сужэнства хрысціянаў з'яўляецца сакрамэнтам. Гэта значыць, што яно - знак Яго збаўчай прысутнасці і ласкі. Гэта справа не толькі чалавечай любові і мае яно не толькі грамадскае значэнне, але разам з тым уплывае і на канчатковы лёс чалавека. Гэта - дарога збаўлення.

Езус абвяшчаў любоў, якая павінна яднаць людзей з іх супольным Айцом у небе і паміж сабою. Збаўленне і жыццё вечнае заснавана на любові. Бог - гэта любоў. Сужэнскае каханне не застаецца па-за гэтаю эканомікаю збаўлення.

Ва ўсведамленні абранага народу, народу Ізраіля, сужэнства - адзінае і непарыўнае, сыходзіць з волі Божай. Так абвяшчае Кніга Быцця (1, 27-28; 2, 24). Аднак Майсеева Права дазваляла ў пэўных выпадках «аддаленне жонкі». Хрыстус хацеў аздаравіць сужэнства, вяртаючы яму еднасць і непарыўнасць, якую Бог надаў яму напачатку. «Майсей дзеля жорсткасці сэрца вашага дазволіў вам разводзіцца з жонкамі вашымі, а спачатку не было гэтак… Вось жа, што Бог злучыў, таго чалавек няхай не разлучае» (Мц 19, 8.6).

Адсюль хрысціяне адносяцца да сужэнства, як да святой справы, што выяўляе Божую волю і ёй падпарадкуецца. Бачаць у сужэнстве (згодна з Лістом да Эфэсцаў (5, 21-33) знак любові, якая існуе паміж Хрыстом і Касцёлам. Знак любові без межаў, ажно да аддання жыцця з боку Хрыста і цалкавітай адданасці Касцёла свайму Збавіцелю і Абранніку.

Такі погляд на сужэнства мае працяг у тлумачэнні яго еднасці і непарыўнасці. Яны не звязаны адно толькі з самою прыродаю сужэнства і з яго грамадскаю роляю, але таксама з тым, што яно бярэ прыклад з любові Хрыста і Касцёла: абсалютнай і непазбыўнай.

Гэта сам сужэнскі саюз, а не благаслаўленне, удзеленае святаром, з'яўляецца сакрамэнтам. Святар выконвае ролю афіцыйнага сведкі, у нармальных умовах - абавязковага для сапраўднага заключэння шлюбу, але гэта самі маладажоны ўдзяляюць сабе гэты сакрамэнт. Іх воля, выказаная ў словах сужэнскай прысягі, утварае сужэнства і тым самым справуе сакрамэнт - таямніцу збаўлення, якая адбываецца і павінна адбывацца ў іх саюзе.

Касцёл - адзінае месца рэалізацыі сакрамэнтаў - акрэслівае ўмовы заключэння шлюбу ахрышчанымі, устанаўлівае форму яго заключэння і выносіць прысуд аб сапраўднасці альбо несапраўднасці заключанага саюзу. Інакш не можа быць, паколькі сужэнства ахрышчаных з'яўляецца сакрамэнтам.

Сужэнскі саюз

Выраз «сужэнскі саюз» быў ужыты Другім Ватыканскім Саборам як азначэнне акту заключэння сужэнства - «глыбокай супольнасці жыцця і любові» (КДК 18). Слова «саюз» указвае на а с а б о в ы (персаналістычны) і разам з тым рэлігійны характар сужэнскага саюзу.

Сужэнства - гэта саюз дзвюх асобаў, роўных у годнасці і правах, саюз, што вынікае з іх свабоднага рашэння, на падставе якога яны ўзаемна і беспаваротна адно аднаму сябе даручаюць. Такім чынам заключаюць саюз.

Аднак у Святым Пісанні выраз гэты мае таксама рэлігійнае значэнне. Святое Пісанне гаворыць не толькі пра саюз, што заключаецца паміж людзьмі, а перадусім - пра саюз паміж Богам і людзьмі. Бог заключае саюз з чалавекам з самага пачатку яго гісторыі, абяцаючы чалавеку жыццё і несмяротнасць, калі чалавек са свайго боку акажа Яму паслухмянасць. Потым Бог заключае саюз з абраным ізраільскім народам і, нарэшце, - саюз з усімі людзьмі ў Езусе Хрысце. Таму гаворачы пра сужэнскі саюз, мы прызнаем, што сужэнства па волі Божай мае сваё месца і сваю ролю ў рэалізацыі саюза Бога з чалавецтвам. Ідзе яно так ад пачатку, калі Бог, ствараючы чалавека на свой вобраз і прызываючы яго да супольнасці з самім сабою, стварыў чалавека як мужчыну і жанчыну. Абяцанні, якія Бог даў Абрагаму, ахопліваюць яго нашчадкаў, шматлікіх, як зоры на небе і як пясок на марскім беразе. Пазней Езус Хрыстус указвае і вяртае сужэнству яго першапачатковы, задуманы Богам ідэал: еднасць і непарыўнасць.

Сужэнства - гэта «глыбокая супольнасць жыцця і любові». Узаемная любоў паміж мужам і жонкаю ляжыць у аснове сужэнства і павінна быць уласцівым сужэнству дабром, якое рэалізуецца і развіваецца на працягу ўсяго часу існавання. Яна надае сэнс сужэнству нават тады, калі сям'я аказваецца бяздзетнаю. Па сваёй жа прыродзе сужэнская любоў скіравана на нараджэнне і выхаванне нашчадкаў і праз гэта мужчына і жанчына ўзаемна адно аднаму дапамагаюць і служаць, а таксама «спасцігаюць сэнс свае еднасці і дасягаюць яе ва ўсё больш поўнай меры» (КДК 48).

Непарыўнасць сужэнства

Сужэнскі саюз, заключаны паміж католікамі, непарыўны. Беручы шлюб, маладажоны прысягаюць, што застануцца верныя адно аднаму аж да смерці.

У прынцыпе кожнае сужэнства па сваёй прыродзе непарыўнае і да кожнага адносяцца словы з Кнігі Быцця, якая абвяшчае Божую волю еднасці і непарыўнасці сужэнства: «…мужчына пакідае бацьку свайго і маці сваю і яднаецца з жонкаю сваёю так цесна, што становяцца яны адным целам» (2, 24).

Сужэнства - гэта «супольнасць жыцця і любові» (КДК 48): яно ангажуе чалавека ва ўсёй яго існасці і павінна быць поўным адданнем сябе іншай асобе і адначасова прыняццем дару, які тая, іншая асоба, дае з сябе. Праяўляцца гэта будзе ва ўзаемным клопаце адно пра аднаго ў супольным жыцці, у долі і ў нядолі…

Натуральны плод сужэнскай любові - нараджэнне дзяцей і клопат пра іх выхаванне. І гэта заданне - бестэрміновае і займае ўсё жыццё бацькоў. Зразумела, што адпаведныя ўмовы выхавання стварае толькі добрае і трывалае сужэнства. Вялікае значэнне для дзяцей маюць адносіны бацькі і маці да іх уласных бацькоў, ад гэтага залежаць і адносіны дзяцей да дзядуляў і бабуляў…

Для хрысціянаў непарыўнасць сужэнства вынікае таксама з волі Езуса Хрыста. На пытанне, па якой прычыне, паводле Майсеевага закону, муж можа даць жонцы «развод», Езус адказвае словамі Кнігі Быцця, што муж і жонка становяцца адным целам (2, 24) і дадае: каб таго, што Бог злучыў, чалавек не разлучаў (пар. Мц 19, 5-6).

Святы Павел наказвае мужам і жонкам браць прыклад з узаемнае цалкавітай любові Хрыста і Касцёла. Такою поўнаю і абавязковаю павінна быць сужэнская любоў паміж хрысціянамі. Тады яна адлюструе ў сабе таямніцу збаўчай любові Хрыста да Касцёла і бескарыснай адданасці Касцёла Хрысту.

Ануляванне сужэнства

Часам людзі блытаюць дзве розныя рэчы: развод, якога каталіцкі Касцёл не прызнае, і ануляванне сужэнства, якое ў пэўных выпадках у Касцёле здараецца.

Пра развод ідзе гаворка тады, калі скасоўваецца шлюб, які лічыўся сапраўдным. Каталіцкі Касцёл, спасылаючыся на выразную волю Езуса Хрыста, пра якую гавораць Евангеллі, вучыць, што шлюб хрысіцянаў, які з'яўляецца сапраўдным, можа закрэсліць толькі смерць мужа альбо жонкі. Толькі ў такім выпадку адно з іх можа выйсці другі раз замуж.

Ануляванне сужэнства - гэта сцвярджэнне, што дадзены шлюб па пэўных прычынах ад самага пачатку быў па сваёй сутнасці несапраўдны.

Хто можа пацвердзіць несапраўднасць шлюбу? Гэтае права належыць біскупу дыяцэзіі, у якой маладыя бралі шлюб. У кожнай дыяцэзіі існуе зацверджаны біскупам касцёльны суд, які ад яго імя вырашае справы сужэнстваў, заяўленых як несапраўдныя. Такую заяву можа падаць толькі муж альбо жонка, абгрунтаваўшы яе пацвярджэннем несапраўднасці свайго шлюбу.

Якія аргументы сведчаць пра несапраўднасць шлюбу, а значыць, якія прычыны дазваляюць звярнуцца ў касцёльны суд па заключэнне аб несапраўднасці гэтага шлюбу?

Існуе цэлы шэраг такіх аргументаў і ў канкрэтным выпадку трэба звярнуцца па тлумачэнне ў біскупскі суд.

Важнымі перашкодамі для заключэння сужэнскага саюзу могуць быць, напрыклад, наступныя: няздольннасць да сужэнскага жыцця, якая не дазваляе зачаць дзіця; непаўналецце; рознасць рэлігій (г.зн. шлюб асобы ахрышчанай з няхрышчанаю); блізкае сваяцтва… Натуральна, што не могуць заключыць сужэнскі саюз асобы ўжо звязаныя шлюбам, рымска-каталіцкае духавенства альбо асобы, якія склалі законныя шлюбы: уступілі ў закон.

Рашэнне заключыць сужэнскі саюз павінна быць цалкам свабоднае. Таму несапраўдным з'яўляецца шлюб, узяты пад прымусам. Несапраўдны ён і ў тым выпадку, калі сужэнства трактуецца неадпаведна з каталіцкім вучэннем, напрыклад, як часовы саюз альбо саюз, які выключае патомства.

Калі справа датычыць формы заключэння сужэнскага саюзу, то ён павінен заключацца перад пробашчам (альбо дэлегаваным ім святаром) і ў прысутнасці двух сведкаў словамі прысягі, якія па чарзе прамаўляюць нарачоны і нарачоная.

Прычына магчымай несапраўднасці сужэнства павінна быць адпаведным чынам абгрунтавана перад біскупскім судом. Гэта заўсёды датычыць моманту заключэння сужэнскага саюзу. Рашэнне аб яго несапраўднасці нераўназначна разводу.

 

Hosted by uCoz